Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
выя імпэрыялістычныя даляры, якія Савецкая ўлада нехаця канвэртавала ў пару матацыклаў, і радыёпрыёмнік, забраўшы сабе неблагую рэшту. Прадзед пусьціў там карані, і хто яго ведае: калі я вучыўся ў школе й гадаваў валасы, да мяне, памятаю, падышоў неяк сябра з кружэлкай «Creedence Clearwater Revival» і запытаўся, ці няма ў мяне сваякоў у Амэрыцы — іхны гітарыст быў рыхтык я, адно што з густой рудаватай барадой...
I вось я стаю на капітанскім мосьціку агромністага параходамузэя, правобраза майго першага ІСЕ, і мне здаецца, я трымаю яго ў руках: я сьціскаю пальцы, і зараз у ягоным нутры весела й страшна заскрыгоча, і ён рушыць уніз па рацэ — а потым далей, далей, туды, дзе сыходзяцца прыватныя амэрыкі ўсіх вар’ятаў.
* * ♦
Амэрыка. Нібы герой кароткага, няздарна напісанага апавяданьня, адным жнівеньскім надвячоркам тры гады таму я выйшаў са сьмярдзючага аўтобуса ў пыльным, нічым не прыкметным гарадку на радзіме. Была нядзеля, азэрбайджанцы на аўтастанцыі зачынялі шапікі, аглухлыя птушкі, звыклыя да скрыгату, блыталіся ў іх пад нагамі; п’яныя славяне, якія пачалі свой выходны на лаўцы ў цяньку і цяпер ужо ня мелі сілаў, каб уцячы з санцапёку, тупа глядзелі, як я закідваю на сьпіну заплечнік і крочу на галоўную вуліцу. Назаўтрая мусіў выступіць перад мясцовымі школьнікамі — дагэтуль не разумею, навошта і што наогул прымушала мяне калісьці пакідаць пекла сталіцы і бадзяцца па бясконцых райцэнтрах сваёй радзімы. Школьнікаў я ненавідзеў, а ў міжгародніх аўтобусах мяне кожны раз нудзіла.
Мяне пасялілі ў нейкім інтэрнаце; маімі суседзямі па пакоі аказаліся трое ці то будаўнікоў, ці то аграномаў: гэта былі гадоў на дзесяць маладзейшыя за мяне хлопцы, родам з такога ж райцэнтру, толькі ў іншай вобласьці. Яны прынялі мяне даволі прыязна: пачаставалі яблыкамі — куча антонавак, па-
добных да высушаных сонцам чарапоў, была рассыпаная па стале, — і выдзелілі мне ложак, каля якога на тумбачцы стаяла адзіная тут настольная лямпа. Аднак я адчуваў, што лішні ў іхнай кампаніі і што яны зь нецярпеньнем чакаюць заўтрашняга дня, калі я нарэшце зьеду ў сваю сталіцу. Мэбля ў пакоі была самая звычайная, хіба што на шафе стаяў невялікі глёбус, забыты, відаць, нейкім географам-самавукам.
Гаварыць нам не было пра што, ды і суседзі мае не імкнуліся да размовы: у аднаго зь іх меўся пашарпаны ноўтбук, і яны ўтрох сядзелі на ложку, хуліганячы ў нейкім чаце. Я дастаў кніжку і выцягнуўся на ложку. Раз-пораз уладальнік ноўтбука паглядваў на мяне, я адчуваў гэта — адначасова насьцярожаны, пагардлівы, гідлівы і зацікаўлены позірк на сваёй кніжцы, нібы ў мяне з грудзей вытыркаўся вільготны й валасаты рог. Яны ўспрымалі кніжку як частку майго цела; гэта было прыкра, але і трохі прыемна.
Дзень сканчаўся, мае суседзі выпілі трохі і закусілі, не выключаючы кампутар, я спытаў, ці можна мне пакурыць ля вакна, і адзін зь іх моўчкі падсунуў мне абгарэлую попельніцу. Сьцямнела, я запаліў лямпу, і яны ад нечаканасьці здрыгануліся, забыўшы, напэўна, што ў пакоі ёсьць нехта яшчэ. Яшчэ адна цыгарэта, глыток цёплага спрайту. Я з жалем перагарнуў апошнюю старонку кнігі і адчуў, што засынаю.
Гадзіне а другой ночы я раптам адплюшчыў вочы. Двое аграномаў, або будаўнікоў, або сантэхнікаў, усё яшчэ сядзелі, схіліўшыся над ноўтбукам, трэці стаяў каля адчыненага акна і задуменна паліў. «Спаць трэба, — сказаў ён, пазяхнуўшы, — ноч. Увесь сьвет сьпіць». Я перавярнуўся на жывот, канчаткова прачнуўся і зірнуў у акно. Цяжкая, густая, вязкая, страшная, дзіўна бяззорная айчынная ноч панавала там. Асьвятленьнем райцэнтр быў не разбэшчаны, яно папросту не працавала ні тут, каля будаўнічага камбінату, ні на галоўнай вуліцы, гарадок ляжаў у такой цемры, ад якой можна было асьлепнуць; сапраўды здавалася, што мая ўсё яшчэ ўключаная настольная лямпа і іхны ноўтбук былі адзінымі на сьвеце
крыніцамі сьвятла. Недзе паблізу, за рыпучымі драўлянымі дамамі, пранізьліва вылі ці то ваўкі, ці то мясцовыя школьнікі, якім я неўзабаве мусіў распавесьці нешта такое, пра што не прачытаеш у падручніках, і раз-пораз раўлі пад вакном ахрыплыя горлы нябачных, таямнічых грузавікоў. Мне ні з таго ні зь сяго захацелася пагаварыць.
— Ну, ня ўвесь сьвет сьпіць, — далікатна, але гучна сказаў я. — У Амэрыцы ж, відаць, самы разгар працоўнага дня.
Mae суседзі пераглянуліся. Той, што стаяў ля акна, усьміхнуўся:
— Табе фільмаў трэба паменей глядзець... Разгар працоўнага дня...
— У блядзей і бандытаў цяпер паўсюль разгар працоўнага дня, — падаў голас уладальнік ноўтбука. — Што ў нас, што ў Амэрыцы. Гэта нам а сёмай падымацца. А блядзі амэрыканскія дамоў у гэты час патупаюць.
— Падмыюцца і ў люлю, — прамовіў трэці летуценна. — Глядзеў гэты фільм? He памятаю, як называецца.
Ягоныя сябры міжволі наморшчылі лбы.
— Я толькі хацеў сказаць, што ў нас ноч, а ў Амэрыцы цяпер дзень, — асьцярожна зазначыўя. Размова відавочна ішла ня ў тое рэчышча.
Яны зноў пераглянуліся. Цяпер мае суседзі сядзелі ў рад на ложку, проста перада мной, і чамусьці стомлена, падсьлепавата вывучалі мой твар.
— Ты акуляры пратры і ў акно зірні, — сказаў адзін зь іх. — Ноч там. Дзьве гадзіны ночы. Які нафіг дзень?
— Ен жартуе, але ж нам нясьмешна, — сказаў уладальнік ноўтбука і выключыў сваю машынку.
— Можа, амэрыкашкі і думаюць, што ім ноч пофігу, — прысланіўся сьпінай да сьцяны другі будаўнік. — Але цяпер дзьве гадзіны ночы, гэта факт. Што б яны там у сваім Галівудзе ні здымалі.
— Амэрыка... — працягнуў зьдзекліва яшчэ адзін аграном. — Ты яшчэ нам пра Гары Потэра скажы. Гумарыст.
— Але там і праўда дзень цяпер, — дрыжачым, як у Джардана Бруна, голасам, прамовіў я і сеў на ложку. — Ня ведаю, колькі дакладна, але... Ну, гадзіны дзьве дня...
Яны зноў пераглянуліся і раптам засьмяяліся — усе разам, злавесным, белазубым хорам.
— Ну ты сатырык! — гучна сказаў, выцершы рот, уладальнік ноўтбука, і ў сьценку пагрукалі. — Першы раз такога бачу. У Амэрыцы, значыцца, дзень, толькі ў нас, мудакоў, ноч! Ну-ну, раскажы нам яшчэ якую казачку перад сном.
— Запомні, брат, — зусім ужо сур’ёзна сказаў другі будаўнік, падняўся, падышоў да акна і паманіў мяне пальцам. — Вунь там (ён паказаў на будынак будкамбінату) — там Расея. А там — Польшча. А мы тут. I паўсюль ноч. I няма чаго тут больш... Такія справы, брат.
— А за Польшчай што? — задыхаючыся ад крыўды, спытаў я.
— А хер яго ведае, — махнуў рукой аграном. — Якая розьніца.
— Амэрыка, напэўна, — усьміхнуўся той, што з ноўтбукам, і яны зноў заржалі.
— Я ў Польшчы быў, — павярнуўшыся да сваіх, сказаў той, што стаяў ля акна. — Курыца ня пціца.
— А гадзіньнік ты там што, не пераводзіў на гадзіну назад? — помсьліва кінуў я яму проста ў твар.
— Ну, пераводзіў, — зьдзівіўся ён. — Ну і што? Я і зараз магу перавесьці, сьвятлей на двары ня стане.
Адчуваючы, як гараць мае шчокі, я ўскочыў з ложка і схапіў настольную лямпу. Твары маіх суседзяў па пакоі пацямнелі. «Ну, бля, падсялілі кадра», — сур’ёзна прамовіў адзін з будаўнікоў і схаваў ноўтбук пад ложак. Другой рукой я, ледзь дацягнуўшыся, зьняў з шафы глёбус і ў такой позе, на ланцугу провада, зь пенай на вуснах, пачаў сваю лекцыю.
Я круціў вакол сваёй восі стары, выцьвілы мячык, і ён ціха парыпваў пад занадта яркім сьвятлом лямпы. Аграномы змрочна слухалі, а я гаварыў, гаварыў, гаварыў, сьпяшаючыся, каб мяне не
перапынілі; мая астраномія была ўбогай, баюся, цяпер я нават ня здаў бы школьнага іспыту, але яна была слушнай, гэта я ведаў; і ўсё ж у нсйкі момант я засумняваўся: надта ўжо патыхала нейкай містыкай гэтая дзея, недаверлівыя твары маіх суседзяў, мой усхваляваны голас, брудны дыван на дашчанай, пафарбаванай у бардовы колер падлозе, ноч, цяжкае, пагрозьлівае дыханьне ў паўзмроку, і слова «сонца», якое я ўсё паўтараў і паўтараў... А ці напраўду я маю тут рацыю? I, каб адкінуць сумненьні, я загаварыў яшчэ гучней і яшчэ больш апантана.
— Нават тут, за Полынчай, ужо іншы час! — сказаў я і тыцнуў пальцам у першае, што трапілася на глёбусе «за Польшчай»: у месца, дзе знаходзіцца адзін паўночны, дажджлівы партовы горад. — У нас палова на трэцюю, а там толькі палова на другую!
Глёбус нечакана саскочыў са сваёй хісткай ножкі і паляцеў на падлогу: сапраўдныя «ўцёкі Зямлі». Было добра чуваць, як ён пакаціўся па падлозе — я зрабіў крок наперад, каб спыніць яго, і наступіў у цемры на ўласную плянэту. Пад нагой храснула. Я нахіліўся над падлогай, і лямпа ў маёй руцэ адразу ж згасла. У сьценку зноў загрукалі.
— Аадна, — сказаў адзін з маладых аграномаў. — Спаць трэба. Ноч даўно. Заўтра падымацца рана.
Яны моўчкі і хутка ўлегліся і неўзабаве ўжо храплі. А я доўга ня мог заснуць, варочаўся, усё ацэньваючы самога сябе, спрабуючы зразумець, як я выглядаў на гэтай сцэне, узгадваў цэлыя кавалкі свайго маналёгу. Здолеў я ім нешта давесьці або ня здолеў? I наогул: здольны я даводзіць нешта людзям або мяне ніхто ніколі не паслухае, ня зьверне на мяне ўвагі? I ці сапраўды існуе яна, Амэрыка далёкіх, паўночных, партовых гарадоў, дзе вечна ідзе дождж?
Калі я прачнуўся, пакой быў пусты. Ножка глёбуса і ён сам, праломлены, але горды, ляжалі на стале, як часткі таямнічага прыстасаваньня. Я схадзіў умыўся, сабраў сумку і спусьціўся ўніз. Трэба было недзе пасьнедаць. I тут мяне паклікалі па імені.
Я павярнуўся. 3 фатэля падняўся ўсьмешлівы хлопец у белай кашулі.
— Як вы сябе адчуваеце? — спытаў ён замест прывітаньня.
— Нічога... Нармальна, — адказаў я. Як заўсёды, я губляюся перад незнаёмымі, і адказ прагучаў даволі жаласна.
— Пацаны тут сказалі, вы ўначы скардзіліся на здароўе, — скрушна пахітаў маладзён галавой. — Можа, я праводжу вас да доктара, гэта тут недалёка.
— Ды не, са мной добра ўсё, — сказаў я трывожна. — I ў мяне лекцыя ў школе, праз гадзіну...
Чамусьці я стаў корпацца ў пінжаку, шукаючы сваё запрашэньне.
— А вось лекцыю давядзецца перанесьці, — спачувальна прамовіў хлопец. — Ведаеце што: яжджайце лспш дамоў, адасьпіцеся, прыміце лекі. Схадзіце ў кіно. Вам відавочна трэба адпачыць. Наступны аўтобус а дзясятай сорак. Якраз пасьпееце. Сёньня панядзелак, у паўпустым паедзеце, зайздрошчу. Усё зразумела?
Ён усьміхнуўся мне і стрымгалоў выйшаў. Я падняўся да сябе ў пакой, каб сабраць заплечнік. Дзьверы былі адчыненыя, незнаёмая мне жанчына, прыўстаўшы на мыскі ног, ставіла на шафу новы глёбус.