Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
♦ ♦ ♦
Натуральна, Вераніка заняла месца побач зь Ім, натуральна, яна глядзела толькі на Яго, натуральна, яна імкнулася рабіць гэта такім чынам, каб ніхто не заўважыў, натуральна, усе гэта бачылі. Была дзясятая раніцы, панядзелак, і яны сабраліся, адно за адным, у кабінэце Чэслава, кожны ведаў, што можна прыйсьці зь невялічкім спазьненьнем пасьля абеду, але на гэтыя нарады трэба зьяўляцца своечасова. Але Чэслаў забег, скінуў паліто ды папрасіў пачакаць, красамоўна паказаўшы пальцам на столь, — ды пабег туды, на адміністрацыйнае неба. А яны засталіся сядзець, намагаючыся канчаткова прачнуц-
ца, сярэдзіна восені ня церпіць бадзёрых... Апошняй увайшла Ала, звычайна каля Яго сядзела менавіта яна, паводле нейкіх няпісаных правілаў, але ж няпісаных — і Вераніка зласьліва пасьміхнулася Але, пастукаўшы асадкай па вуснах. Практыкантка глядзелася ў люстэрка, Ларыса гартала сьвежую газэту начальніка, асьцярожна высунуўшы яе з-пад філіжанкі з каваю... А Вераніка ўпотай любавалася Ім. Ен быў сёньня нешта не ў гуморы, перакочваў у роце ці то жуйку, ці то яшчэ што, ня вельмі смачнае, па ўсёй бачнасьці... А можа, у яго балелі зубы, думала з заміраньнем сэрца Вераніка, і шкадавала, што яна не стаматоляг. Ен быў у новым, чорным пінжаку, накінутым на белую футболку, сярэбраная завушніца дрыжэла зусім блізка ад хітрага вока Веранікі, пальцы Ягоныя выбівалі энэргічны раззлаваны дроб па стале, і на вуснах зрэдку лопаўся сымпатычны гук, адзначаючы зьмену барабаннай тэмы... Але: смурныя бровы, беспакойны нос, стомленыя вочы, сьветлыя валаскі на руках незадаволена тырчаць, напружаныя плечы, адно зь якіх ледзь не дакраналася Веранікі...
Яна часта лавіла сябе на тым, што думае пра Ягоны, зусім не спароднены пакуль зь ёй арганізм без усялякае заканамернае, здавалася б, агіды. Вось настолькі я... Яго... — думала Вераніка на трывожна-прыемным удыху, і не знаходзіла, чым запоўніць пустоты між сваімі марамі. Так, сапраўды, яна ўяўляла сабе ўсё цудоўна й ведала з дакладнасьцю: калі б Яго зараз званітавала, ці калі б ён раптам высмаркаўся проста на стол, ці калі б у яго пайшла носам кроў, ці калі б з носу ягонага паказаліся чорныя мокрыя валаскі, ці калі б яшчэ якім-небудзь чынам Ягонае недаступнае ёй пакуль запаветнае цела праявіла свае фізыялягічныя, груба-ўнутраныя, непрыстойнажывыя якасьці, Вераніка б і носам не павяла, прыняла б усё з такім жа захапленьнем, выцерла 6, памяняла б бялізну, запусьціла б пальцы ў гэты дасканалы, несапсаваны яшчэ ўзор мужчыны, толькі пры наяўнасьці такіх пачуцьцяў і можна казаць пра каханьне; яна б хацела, каб аднойчы Ён стаў на хвілінку хлопчыкам, зусім маленькім, вось тады яна б наталілася, націскалася, нагулялася, але толькі на
хвіліну, бо ўсё ж болей Вераніцы хацелася самой стаць цацкай у ягоных руках, пацеркамі на ягонай шыі, дзе-небудзь на далёкім жоўтым пляжы ў кайданках марское лязуры... I каб усе, хто ведаў іх Дваіх, стаялі, глядзелі, але не маглі наблізіцца, разьбіваючы сабе ў кроў ілбы аб нябачны бар’ер.
Яна задумалася так глыбока, што страціла пільнасьць, і калі зразумела, што глядзіць неадрыўна на Ягоныя рашучыя скулы, было позна. Ён няўтульна адчуваў сябе пад яе позіркам, яна гэта пабачыла. Дурніца, пачаў правяраць, ці ўсё ў яго нармальна з тварам, ці не запэцкаўся, ці не парэзаўся, голячыся... «Волас у роце, fuck», — сказаў Ён Вераніцы ўрэшце, даволі жаласьліва й нібы апраўдваючыся. На шчасьце, іх ніхто ня чуў — жанчынам зь іхнага аддзелу надакучыла глядзець на пакуты Веранікі, і яны заняліся дабрадушнымі зьдзекамі з практыканткі. « Давайце я дапамагу», — прашаптала Вераніка. Ён зьдзіўлена адсунуўся, але ўсьміхнуўся. «Адкрыйце рот», — сказала яна й ня здолела надаць голасу неабходнае нэўтральнасьці. «Людзі ж навокал», — запярэчыў Ен, але потым наблізіў да яе свой твар, які аказаўся вельмі чыстым, Вераніка рэдка бачыла такія чыстыя мужчынскія твары. Яна ўпершыню знаходзілася да яго так блізка. Ён падміргнуў ёй: «Няхай гэта будзе наша маленькая аплявуха грамадзтву», заплюшчыў вочы ды высунуў сьветлы кончык языка. «Ня бачу нічога, пачакайце», — яна пяшчотна паднесла вочы да гэтага падарунку, «Ён, напэўна, глыбей, паспрабуйце высунуць далей язык...». Ён закрыў рот, зглынуў сьліну ды не расплюшчваючы вачэй зрабіў новую спробу. «Знайшла», — прашаптала Вераніка ды не сьпяшаючыся, супыніўшы дыханьне, вырашыўшы зьняць усе пенкі з гэтага імгненьня, асьцярожна ўзяла пазногцямі зь непаслухмянагаязыка доўгі белы жаночы волас. «Ваша?»
Ён расплюшчыў вочы ды разгублена ўтаропіўся ў стол, a потым зарагатаў, закрываючы рот. Вераніка азірнулася, усе, уключна з Чэславам, які стаяў у пройме дзьвярэй, неадрыўна ды ўважліва глядзелі на яе ды Яго. Вераніка навобмацак правяла пальцам па ножцы стала, і волас застаўся там. Дзіўна,
яна зусім не адчувала зьбянтэжанасьці. Пагатоў Чэслаў ужо сьмяяўся, хіхікала Ларыса, непрыгожа крывілася практыкантка, і хутка ўжо рагаталі ўсе, разам зь Веранікай, якая ніяк не магла выдыхнуць.
♦ ♦ *
Любіла аблізваць паштовыя маркі: пабачыла аднойчы, як гэта робіць маці, ды з таго часу заўсёды прасіла браць яе з сабой на пошту. Вераніцы было восем, яшчэ маладыя бацькі жылі даволі бесклапотна, нягледзячы на тое, што бацька зарабляў няшмат: кожныя выходныя зь сябрамі хадзілі ў лес на шашлыкі, езьдзілі на бліжэйшае вадасховішча, Вераніка добра запомніла з таго часу рыльцы бутэлек, закапаных па горла ў прыбярэжны пясок, яны тырчалі з вады, бы пэрыскопы субмарынаў... I ліставаліся — маці, напрыклад, перапісвалася амаль з усімі колішнімі аднагрупніцамі, раскіданымі цяпер паўсім абшары імпэрыі, пісала ў Жданаў, Уладзівасток, Кашын, Падмаскоўе, Рыгу...
Пошта месьцілася на першым паверсе вялікага будынку недалёка ад унівэрсаму, зусім маленькае, цеснае аддзяленьне, на другім паверсе была ашчадная каса, з другога боку — міліцыя. Пакуль маці набывала капэрты ды маркі, Вераніка сядзела на халодным скураным крэсьле й чытала, варушачы вуснамі, дзіўныя назвы: Андыжан, Архангельск, Ашхабад, Жданаў, Куйбышаў... Глуха грукаў недзе напамажаны штэмпель, памахвала ад скразьняку агромністымі, дагледжанымі, сакавітымі лістамі пальма ў кадушцы, больіп наведнікаў не было, але чаканьне зацягвалася, маці любіла пагаварыць з супрацоўніцамі: пра нежанатых чыгуначнікаў, пра ўтанулую нядаўна школьніцу, пра новую прычоску Пугачовай... Вераніка зь цярплівым уздыхам злазіла з крэсла ды пачынала разглядваць сьвяточныя паштоўкі, уяўляючы, як яна віншуе кагосьці зь першым, дзявятым або яшчэ якім-небудзь траўня, як дасылае віншаваньні з нараджэньнем унука або вось гэтае, загадкавае: «Скорбнм вместе...».
Неяк маці дазволіла Вераніцы самой напісаць віншаваньне, атрымалася няблага, праўда, напісаўшы прыгожымі літарамі «Поздравляю с», Вераніка зразумела, што больш месца на паштоўцы не засталося, а трэба ж было вывесьці там яшчэ бог ведае колькі: «десятілетіем совместной жізні, жслаю успехов в работе і семейного счастья», маці ня бачыла Веранічынай праблемы, і трэба было выкручвацца, і Вераніка ўрэшце справілася, дапісаўшы ўсё гэтае Праздравленіе збоку, малюпасенькімі літарамі, але ж дарослыя не дурныя, каб не здагадацца павярнуць паштоўку неабходным бокам, «Прачытаюць», — падумала Вераніка ды была вельмі засмучаная, калі маці забракавала плён яе напружанай працы. Аднак вось маці ўжо йшла да ўшчэнт сьпісанага хуліганамі драўлянага століка, ставіла на яго вільготную зьнізу торбу, спрытна рассоўвала лісты па капэртах і, на імгненьне задумаўшыся, шпарка выводзіла адрэсы й падносіла ўжо маркі да густа нафарбаваных вуснаў, але тут Вераніка гучна прамаўляла з дакорам: «Мама!», і маці аддавала маркі ёй. Потым задаволеная Вераніка, успамінаючы ўрокі танцаў, штомоцы цягнулася на мысках да сіняй аблупленай паштовай скрыні, ламіла ў руках, на языку быў саладжавы прысмак клею, і лісты нячутна падалі туды, адкуль ім ужо не было вяртаньня, страшны момант, адзін з самых загадкавых у яе дзяцінстве, бо адкуль было Вераніцы ведаць, што часам адрасаты «выбываюць» — быццам бы нехта перадумаў стаяць у занадта доўгай чарзе.
♦ * ♦
I гэта таксама было ўжо так даўно... Яшчэ зусім нявопытная Вераніка шукала хлопчыка па прозьвішчы Кулік, яна спытала ў настаўніцкай, і ёй адказалі: так, ёсьць такі, ён у гуртку юных тэхнікаў, паглядзі па раскладзе, калі й дзе яны займаюцца. Яна пабегла праз гулкія калідоры ды прысыпаныя тынкам лесьвіцы (у цэнтры якраз быў рамонт, але й заняткі не перапыняліся) да раскладу ў фае, яна тады наогул шмат бегала, не магла сабе дазволіць як малады, яшчэ не абстраляны, не загартаваны
спэцыяліст хадзіць не сьпяшаючыся, ёй здавалася, што яна ня мае права губляць каштоўныя сэкунды, што на яе ўсе глядзяць, ацэньваючы ногі й здольнасьці. Задыханая, успацелая, правяла па раскладзе пазногцем, шукаючы патрэбнае скрыжаваньне. Яе палец спыніўся раптам на аркушы ў лінейку, вырваным са звычайнага вучнёўскага сшытка й прымацаваным скотчам да фанеры. Вераніка не магла не зірнуць на ліст і потым ажно закашлялася ад ганьбы...
На аркушыку невядомым навучэнцам мастацкага гуртка была намаляваная яна, у цалкам карыкатурным стылі, але вельмі пазнавальная... Вядома ж, на пярэднім пляне былі яе вушы, ды гэта б яна сьцярпела з нэрвовай усьмешачкай, жахлівейшым было іншае... Вераніка стаяла й з усяе моцы прымушала сябе паставіцца да малюнку як дарослы чалавек, проста сарваць і пайсьці да дырэктаркі або ў прыбіральню... Аднак у тым і справа, што яна не была дарослым чалавекам у сапраўдным сэнсе гэтага слова, яна толькі некалькі месяцаў таму атрымала сваю запаветную, доўгачаканую вышэйшую адукацыю й была ўсяго толькі маладым спэцыялістам (колькі разоў ёй давялося за гэты час вымавіць і пачуць гэтае паскуднае словазлучэньне!..). I таму яна ня кінулася ў гістэрыцы да кабінэту, патрабуючы бязьлітаснага суду, і ня скардзілася калегам, і не цягала за вушы крыўдзіцеля, якога можна было адшукаць, калі захацець, і не выклікала бацькоў... He, яна сарвала лісток, пайшла ў цёмную актавую залю ды там, ціха павіскваючы, плачучы асьцярожна, абачліва, каб нанесьці твару толькі нязначньія, лёгкавыпраўляльныя чорныя раны, пакутліва думала: ну што я ім зрабіла, ну што ж я пасьпела ім зрабіць, ніводнага канфлікту, зь некаторымі нават падабенства сяброўства, яе ж ужо нават на хакей запрашалі хлопчыкі з адпаведнага гуртка...