Сарока на шыбеніцы
Альгерд Бахарэвіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 354с.
Мінск 2009
Яна распраналася — яна здымала ня ўсё, на ёй заставалася спадніца, майткі ды гольфы, зноў жа такі на ўсякі пажарны: яе заўсёды можна было прыняць за чалавека, якога засьпелі за тым, як ён пераапранаецца пасьля школы — нічога падазронага, няёмка хутчэй таму, хто зайшоў, а не таму, хто стаіць ля шафы. Вераніка была гатовая за сэкунду ператварыцца ў чалавека, які пераапранаецца, ёй ужо давялося аднойчы патрэніравацца, калі зманлівы шоргат на лесьвіцы неяк прымусіў яе ўскочыць ды стаць у нявінную позу. Такія шоргаты заміналі расслабіцца, але неўзабаве яна навучылася адрозьніваць людзей на лесьвіцы па кроках. Яна клалася на свой прахалодны ложак і ўяўляла сабе, што ў гэтым цьмяным пакоі яна не адна, што ў прачыненыя дзьверы нехта зазірае. Той самы незнаёмы ёй хлопец, побач зь якім яна аднойчы ехала да сястры ў тралейбусе. Але ня ўсё было так проста. У гэтым мужчыну жылі яшчэ некалькі чалавек: быў там адзін за-
гарэлы, смуглявы, які ішоў міма яе неяк па марскім пляжы, гэтая паездка ў Крым адбылася так даўно, а Вераніка чамусьці не магла яго забыць... I яшчэ адзін, практыкант, які выкладаў у іху першай чвэрці гісторыю... I яшчэ адзін: Вераніка не магла ўспомніць, дзе яго бачыла, але ён існаваў, існаваў, і цяпер прыйшоў паглядзець, чым займаецца Вераніка, калі вяртаецца са школы. Веранікаў таксама станавілася некалькі: самая важная, самая цёплая й блізкая Вераніка ня мусіла ведаць нічога пра гэтых гасьцей, пра іхную маўклівую, зацікаўленую прысутнасьць, а астатнія ня мусілі гэтай Вераніцы ні ў чым прызнавацца, яны сачылі за гукамі на пляцоўцы, сачылі, пяшчотна абвіваючыся адна вакол адной, выцягвалі галовы, глядзелі скрозь сьцены. А потым — потым гэты няголены глядач падыходзіў да Веранікі, якая ляжала з заплюшчанымі вачыма, і дакранаўся да яе шыі... Накрухмалены край коўдры апынаўся між яе ног і пачынаў ціхенька ўздрыгваць. Вераніка цягнулася да падушкі вуснамі, перад вачыма струменілі маленькія фіялетавыя сонцы.
Вераніка ведала, што брат, які ў адзіноце бавіў дома раніцы, займаўся прыкладна тым самым. Ей было надзвычай цікава, чым ён карыстаецца і як ён наогул гэта робіць: ну ня можа ж быць, каб проста вось так, як ёй распавядалі пра хлопцаў у школе. Нейкае выцісканьне маянэзу... Верагодна, у яго ёсьць свае таямніцы, свой набор джэнтльмэнаў пакоі. Неяк Вераніка наважылася зрабіць вобшук: адзіным і бясспрэчным доказам стала парнаграфічная гуляльная карта, брыдота, гразь, знойдзеная, сьмешна сказаць, унутры трэснутай братавай гітары, на якой ён ня ўмеў граць і якую яму нібыта падарылі пры загадкавых абставінах... Больш нічога — Вераніка трымала ў руках простыя, без намінкі на грэх, братавы рэчы ды спрабавала высьветліць іх патаемнае прызначэньне. Марна. «Напэўна, мне проста не хапае ведаў або фантазіі», — уздыхнула тады Вераніка ды акуратна расставіла ўсё па месцах, толькі замест гульлівай гуляльнай карты, якая была потым прадэманстраваная самым блізкім з аднаклясьніцаў і
спаленая ў лесе, засунула ў схоў звычайную даму з бацькавай пакамечанай калоды. Яна ўявіла сабе пачуцьці абодвух мужчын, і ёй стала весела.
Але брат цяпер сядзеў у школе, і на яго крычалі маладыя настаўніцы, мары фізрукоў, ваенрукоў і старшаклясьнікаў. A Вераніка ляжала на сваім ложку й рыхтавалася, сьцяўшы вусны, акунуцца у сваю ціхую радасьць. У маім жыцьці так мала радасьцяў, думала яна журботна, магу я сабе дазволіць... I яна дазваляла. Неўпрыкмет надыходзіла чарга прышчэпак. Вераніка ўжо не зусім валодала сабой, калі іхныя плястмасавыя сківіцы змыкаліся на яе зусім ружовых, зь лёгкім адценьнем аранжавага смочках, і пагойдваліся на іх, цягнучы смочкі ў розныя бакі. Кожны рух Веранікі адгукаўся ў смочках салодкім болем, напаўпрыдушаны сыгнал якога адразу ж з гатоўнасьцю прымаўся ўнізе й рассыпаўся там на тысячы бясконца прыемных паколваньняў. Час раптам пачынаў рухацца скачкамі, простыя радасьці танчылі вакол Веранікі, і паступова, асьцярожна, каб не расчараваць яе, бляклі, — так, каб толькі не параніць крохкае Веранічына каханьне, так, каб сысьці годна і непрыкметна. Сьвята сканчалася, рэчы зноў станавіліся самімі сабой, і іх ня трэба было хаваць ні ў якія гітары. Вераніка мыла рукі ды йшла разаграваць суп.
♦ ♦ ♦
I тады яна зразумела, што зараз можа адбыцца нешта важнае. He, вонкава ўсё засталося як было: яна піла гарбату й насьмешліва паглядвала на Лёньку, які на каленях стаяў перад магнітафонам. Ен горда ўключаў адну са сваіх не падлеглых разуменьню, зубадрабільных песьняў, і азіраўся на Вераніку, раўніва сочачы за тым, як яна рэагуе. Вераніка глядзела, уважліва ды са смутнай нянавісьцю, на сямейны здымак, што вісеў на сьцяне, і не рэагавала ніяк. Тады Лёнька горка ўздыхаў, спыняў песьню на паўдарозе, шчоўкаў кнопкай і ставіў наступную. Ён шчыра засмучаўся й ніяк ня мог зразумець, чаму ж ягоныя ўлюбёныя запілы ды крыкі пакідаюць Вераніку абы-
якавай. «Цяжкая музыка, — казаўЛёнька з захапленьнем, — сола, дысторшн, хэдлайнэр». «Чаму ў цябе дома, Лёнечка, ніколі няма чакаляду?» — адказвала Вераніка. «I на гарбаце твая мама відавочна эканоміць».
Лёнька ня крыўдзіўся. Ен проста маркотна й трохі летуценна пацепваў плячыма ды сьмешна запускаў руку ў свае нямытыя валасы: правяраў, наколькі блізка яны прасунуліся ў накірунку да грывы. Ягоны гоблінскі твар выглядаў так наіўна ды па-дзіцячаму, што Вераніцы хацелася што-небудзь насунуць яму на галаву. Яны сядзелі ў залі, якая служыла таксама бацькоўскай спальняй. За вакном сьцямнела, Лёнькавы бацькі недзе на другім канцы гораду віншавалі кагосьці, Лёнька распавядаў ёй каго, але яна, натуральна, ня слухала. Вераніцы вельмі хацелася пакінуць гэтую кватэру да іх вяртаньня. Да Сьвету дабірацца было доўга, і насьпяваў час разьвітвацца — але на двары раставаў кіслы, слотны, непрытульны лістападаўскі вечар, зь ветрам і лужынамі, і пры адной думцы пра дарогу да прыпынку ў гэтым жахлівым новым мікрараёне, дарозе, якая нібыта ўсыпаная паколатым каменьнем, у Вераніцы зьнікала жаданьне жыць. I таму яна сядзела й ніяк не магла дапіць гарбату.
А яшчэ Вераніка не разумела, чаму яна сюды прыехала. Ну так, з пачуцьця абавязку. Аднак Лёнькава нага ўжо загаілася, костка цудоўным чынам зраслася, гіпс даўно зьняты. Заставалася смутнае пачуцьцё віны й гордасьці. Вось жа, з-за яе, Веранікі, нехта выкінуўся з акна. Ня кожны зможа, а гэты здолеў. I таму Вераніка паспрабавала надаць твару больш добразычлівы выраз.
«Я зараз пагляджу!» — сказаў раптам Лёнька ды адчыніў да краёў поўны парцалянавых адбіткаў сэкрэтэр. «Праўда, тут усё бацькоўскае... Разумееш?». Ён неяк сарамліва пачаў вывучаць зьмесьціва маленькага бару. Вераніка зь цікавасьцю зірнула з-за Лёнькавага пляча. Бліснулі бутэлькі зь віном і шампанскім, і нешта ў фальзе, і нешта ў файнай плеценай упакоўцы. «Чакаляду няма, здаецца...» — прамовіў Лёнька, пераступаю-
чы з нагі на нагу. Вераніцы надзвычай не спадабаўся гэты жаласны Лёнькаў голас, якім ён сказаў пра «бацькоўскае». Яна дык брала гарэлку з бацькавых запасаў і давала часам суседу Юру, і нічога, ніхто й не заўважыў. I таму, калі Лёнька нерашуча застыў ля адчыненай скарбніцы, яна прымружыла вейкі ды абыякава кінула:
— А давай мы з табой, Лёнечка, вып’ем віна...
Ен спалохана азірнуўся. Вераніка глядзела на яго без усялякае літасьці. Ня тое, каб яна хацела віна, яна яго амаль і не піла, але гэтыя прыніжаныя ноткі, гэты страх, гэтыя бацькі, якія хаваюць у сэкрэтэры найлепшае, а для гасьцей ды роднага сына шкадуюць, купляюць, відаць, танныя падробкі.
— Разумееш, Веранічка, — заскуголіў ён, — гэта бацьку адзін знаёмы з Гішпаніі прывёз. Заб’юць. Давай мы як-небудзь з табой, калі я разбагацею, у рэстарацыю, давай?
Лёнька ўжо даўно, задоўга да свайго гераічнага скачка, распавядаў ёй, што яго бяруць у нейкую фірму, і ў размове зь Веранікай гэта падавалася як ужо вырашаная справа, аднак грошы ў Лёнькі як раней ніколі не вадзіліся, так і цяпер.
— Люблю гішпанскае віно, — правуркатала Вераніка і аблізнулася. Гэта дабіла яе зьбянтэжанага прыхільніка. I хутка ўжо Вераніка, нагбом выпіўшы цэлы келіх (Лёнька з жарсьцю сачыў за тым, як рухаюцца яе вінна-нявіннага колеру вусны) і са зьдзіўленьнем адчуўшы ўнутры прыемнае нахабства, заявіла з усьмешкай:
— А цяпер даставай чакаляд. Я бачыла, там ёсьць.
Лёнька ад разгубленасьці выпіў адзін за другім два келіхі й выцер далоньню рэдкія вусікі.
— Няма! Няма, клянуся! Слухай! Там жа ў лядоўні згушчонка ёсьць! Якжа гэта я забыў... Хочаш? Ты ж любіш згушчонку, — дадаў ён, прыгадаўшы іхны нядаўні абед у двары бальніцы: Вераніка тады й сапраўды прывезла яму блінцоў са згушчонкай, звычайнай, у фірмовай сіняй бляшанцы.
— Добра, цягні, — сказала яна літасьціва, падумаўшы. I пакуль з кухні чуўся трэск і грукат адкрывалкі, яна нечакана па-
казала сямейнаму фатаздымку на сьцяне язык. Лёнька зьявіўся на парозе зь белым нарэзаным хлебам і бляшанкаю, у якой танула не зусім чыстая лыжачка, і гэта было прыгожа на выгляд. А неўзабаве Вераніка ўжо нэрвова рагатала, сьціскаючы калені, каб цягучая маса не папаўзла ўніз па калготках. «Я вытру, я зараз», — Лёнька замітусіўся вакол, шукаючы ручнік, але ўсе ручнікі былі неверагодна далёка, у кухні, і ён схіліўся над яе каленямі, рукамі зачарпнуўшы жаўтаватае малако — паднёс да твару і потым радасна зірнуў на Вераніку, бы прапануючы ёй нейкі дарунак. «Табе... табе трэба...» — і ён стаў сьцягваць зь яс калготкі, адначасова зарываючыся ў ногі тварам. Вераніка млява супраціўлялася. Было падобна на тое, што гісторыя паўтаралася, толькі цяпер замест сутаргі сыходзіла на вычышчаны Лёнькавай маці дыван згушчонка. «Ты чаго, калека?» — усё яшчэ сьмяялася яна, прыгадваючы той дзіўны выпадак, пасьля якога Лёнька калісьці стаў лічыць сябе яе законным хлопцам, і адганяючы Лёньку, які нечакана выпрастаўся над ёй і стаў расшпільваць джынсы. I Вераніка, душачы ў сабе агромністы інтарэс і жаданьне, каб Лёнькавы бацькі напіліся сёньня да бяспамяцтва, пачала паволі выбірацца з крэсла, наступаючы голымі пяткамі на жоўтыя клейкія плямы. Ен замружыў вочы й паваліў яе назад, асьцярожна так, але рашуча. I зноў стаў перад ёй, апасьліва зірнуў ёй у вочы ды выцягнуў з джынсаў ужо знаёмае Вераніцы прыстасаваньне.