Сцебуракаў лёс
Гісторыя роду
Усевалад Сцебурака, Анатоль Сцебурака
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 300с.
Мінск 2022
Бічы шкоды людзям не рабілі, а малечы былі добрымі сябрамі. Мой сын Мікола распавядаў што, калі кампанія падшыванцаў аднойчы прыбеглаўіхневялікі лагер, малыхдапусцілі гуляць і глядзець, што і як. Адзін з такіх бічоў запытаўся ў Міколы: «Ты хто?» Той адказаў: «Беларус». I тут жа пачуў у працяг: «То прынясі мне тры бульбіны!» Ён сказаў гэта так упэўнена, бы дакладна ведаў што папрошанае абавязкова будзе прынесена. Міколка пабег да бабулі і ў чыгунку сапраўды знайшоў тое, што прасіў дзядзька, — свежазвараную бульбу. Яна была тут жа расцёртая, перамяшаная з глінай і выкарыстаная на прыкорм—у канале добра лавілася рыба...
Такія групкі бадзягаў адносна спакойна туляліся па ўскраінах Саюза, не трапляючы пад увагу органаў. Удалечыні ад сталіц і буйных гарадоў бічы, выкінутыя сацыялістычным ладам наўзбочыну магістральнага шляхуў светлую будучыню, ціха жылі як дзівоснае племя выгнаннікаў і валацугаў. Яны ў коле сабе падобных дэкламавалі Ясеніна, Мандэльштама, спявалі Галіча, Вярцінскага і іншых «няправільных» паэтаў, нешта спявалі пад гітару ля агню і проста жылі на свеце ў сваё
сціплае задавальненне, што ў той час само па сабе лічылася ўпадніцкім і амаральным. Ужывалі віно, гарэлку, часта былі нападпітку. Гэта быў своеасаблівы пратэст супраць камуністычнага ладу жыцця.
Тут варта сказаць, што, нягледзячы на змяшэнне народаў і звычаяў, грамадскі парадак у нас быў узорны, прынамсі зладзеяў і бандытаў ніхто не бачыў. Hi з хатаў, ні з падворкаў нічога не знікала. А часам і з нічыйнай вуліцы.
Аднойчы я троху нападпітку позна вечарам на матацыкле вяртаўся з райцэнтра — вёз мех мукі. Пасля дажджу дарога моцна раскісла, матацыкл захрас у каляіне на ўскрайку паселішча, аднаму было рады не даць, мінакоў не было, a грукаць па хатах у пошуках дапамогі не хацелася. Я ўзлаваўся, кінуў свой цяжкі «Іж-49» у каляіне і пайшоў дахаты спаць. Раніцай вярнуўся назад, каб агледзець стан рэчаў і
• Анатоль Сцебурака і Арнаутаў каля «Іж-49». 1954 г.
прыступіць да выратавальнай аперацыі, і пабачыў матацыкл у поўным парадку наўзбочыне дарогі, выцягнуты з каляіны. Упоперак на бензабаку ляжаў некрануты мех мукі.
Крымінальныя выпадкі, што мне прыгадваюцца, збольшага камічныя. Была гісторыя, як малады небарака-немец, згаладаўшыся, залез праз акно ў краму, схапіў там бохан хлебаівыскачыўвонкі. Заімпабеглі. Злодзейвыбегучыстае поле, рвануў па сцежцы, але, убачыўшы пагоню, сеў і пачаў кавалкамі глытаць хлеб. Пакуль дабеглі і схапілі, бохан быў ужо з’едзены.
Беларусы
Але вернемся да беларусаў. Усе мы жылі досыць кампактна — у трох суседніхраёнах: Джэтысайскім, Пахтааральскім, Кіраўскім. Жылі побач, але ў параўнанні з іншымі нацыянальнымі суполкамі жылі не тое каб дружна, ці, можа, мне так падавалася?..
Пінскія трымаліся асобна, вялейска-пастаўскія — сваім колам, валожынска-маладэчанскія — сваім. Былі пінчукі з прозвішчамі Казлякоўскі, Казадой, Казубоўскі, Кахнюк, Мініч, Шаламіцкі, Пратасавіцкі, Кучанюк, Якубчык. Мы з гумарам звалі іх «пінскай шляхтай». Больш за ўсё даставалася Пратасавіцкаму, чыё прозвішча мы жартам перайначвалі на Проціўсавецкі. Мясцовыя не разумелі гульні словаў і вельмі здзіўляліся, пачуўшы. Былідокшыцкія — Зямчонак, Глінскі, з Глыбоччыны — Стахоўскі (адзіны не земляроб, а гандляр), з Вялейшчыны—Дуровічы, Нарэйкі, Матошкі, Кавалевічы...
Гэтыя суполкі канкуравалі міжсобку і не асабліва сябравалі. Пры гэтымусе беларусы былі аднолькава працавітымі і тэхнічна адукаванымі. Беларусы высока цаніліся мясцовым начальствам як здольныя і надзейныя людзі. Таму многія прэстыжныя і адказныя пасады займаліся менавіта выхадцамі з Беларусі.
Вось пара прыкладаў, якія добра ілюструюць гэтае сцвярджэнне. Аднойчы беларусы грамадой паехалі ў госці ў суседні пладавінсаўгас імя Кірава. Добра там пагулялі і вярталіся на навюткімГАЗ-51, дзеўкузаве быліўсталяваныя лавы дляпасажыраў. Шафёр быў таксама нападпітку. На нейкім павароце машына з’ехала ў кювет і перакулілася. Ніхто не пацярпеў, але новы самаход памяўся ды падрапаўся. Неяк агульнымі высілкамі далі рады яго вярнуць на дарогу і даехаць да гаража. Трохі расчухаўшыся, мужыкі ўзяліся за тэрміновы рамонт, бо ведалі, што разбіральніцтвы за пашкоджанне сацмаёмасці не прымусяць сябе чакаць. Ноччу кіпела праца. Раніцай на мехдвары з’явіўся дырэктар саўгаса, якомудобразычліўцы ўжо паведамілі пра здарэнне. Пашыхтаваўшы ўсіх работнікаў, ён запатрабаваў паказаць біты аўтамабіль — яму прад’явілі той самы ГАЗ, але ў цалкам адноўленым выглядзе, пафарбаваны і чысты. Прыемна здзіўлены дырэктар змяніў гнеў на міласць і, даведаўшыся, хто кіраваў работамі, тут жа прызначыў увішнага майстра новым начальнікам гаража.
Яшчэ адна гісторыя, якая падвысіла аўтарытэт беларускай грамады, адбылася, калі згарэла дызельная электрастанцыя С-80 (генератар на трыццаць пяць кілават) і ўвесь пасёлак застаўся без асвятлення. Гэта без пераболыпвання было здарэнне раённага маштабу. Для рамонту трэба было немаведама колькі чакаць аварыйную брыгаду з цэнтра. А пакуль тое, пра паўнавартасную працу ўстановаў можна было забыцца.
Тады мы з братам Яўціхіем вызваліся адрамантаваць генератар. Да нашай прапановы паставіліся досыць прахалодна, бо ніхто не верыўу поспех саматужных спецыялістаў. Запатрабаваўшы неабходны мінімум матэрыялаў, мы ўзяліся за працу. Памятаю, працавалі суткі без сну і адпачынку і ў выніку ажывілі такі апарат — святло вярнулася. Дырэктар МТС Табіеў, пасля таго выпадку на адной з нарадаў казаў: «За аднаго беларуса даю трох грэкаў».
I выпадак з генератарам быў не адзіным. Усё, што было сапсаванае ці выйшла са строю ў мясцовага насельніцтва ў апошнія гады,—матацыклы, лямпавыя прыёмнікі, швейныя машынкі, стрэльбы і іншыя прылады — было хутка адрамантаванае і наладжанае прыбылымі ў высылку майстравітымі беларусамі.
Акрамя нас, раскулачаных, другой невялікай групай беларусаў былі рэпатрыянты з Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, якія выехалі на заробкі за мяжу з Другой Рэчы Паспалітай. У час хрушчоўскай адлігі ў канцы 1950-х пад моцным уздзеяннем камуністычнай прапаганды пра добрае жыццё ў СССР яны вырашылі вярнуцца на Радзіму. Тых, хто здуру вярнуўся, спецслужбы сустракалі на мяжы і праводзілі, але не да родных мясцінаў, а ў аддаленыя раёны краіны саветаў, дзе ім і было літасціва дазволена пасяліцца. Побач з намі жыла адна з такіх сем’яў — Аблажэвічы, якія, як і мы, апынуліся ў Казахстане не па сваёй волі. Да гэтага яны каля трыццаці год жыліўАргенціне, дзе мелі сваё ранча. Там яны гадавалі быдла і хоць цяжка працавалі, але жылі ў дабрабыце.
Усё ішло сваім шляхам, пакуль не пачала нагадваць пра сябе краіна саветаў. I, канешне, гутарка пойдзе ізноў пра лепшую ў свеце агітацыю. Па ўспамінах старога Аблажэвіча, іх за акіянам спакушалі адмысловымі агітфільмамі пра тое, як цудоўна жывецца ў СССР Пранікшыся даверам, Аблажэвіч пачаў адкрыта выказваць сімпатыі савецкаму ладу. Мясцовая ўлада папрасіла яго ці супакоіцца, ці ехаць туды, дзе так добра. Падумаўшы, аргенцінскі беларус сабраў скарб і сям’ю ды паехаў на радзіму.
Заакіянскія беларусы вельмі вылучаліся сярод мясцовых. Шыкоўна апраналіся — мелі касцюмы-тройкі, модныя капелюшы... Аблажэвіч ездзіў на ровары з адмысловым прыстасаваннем — раменьчыкамі на калашыне, каб тканіна не траплялаўланцуг. Памятаю, што яны быліўсполаху і скрусе ад таго, куды патрапілі, зрабіўшы свой выбар...
Праз некалькі гадоў нашую МТС ліквідавалі і людзям, якія жылі пры ёй, прапанавалі ехаць на іншае месца. Новае паселішча, куды перабраліся многія, і мы ў тым ліку, афіцыйна звалася «Цэнтральная сядзіба саўгаса “Бальшавік”». Гаспадарка гэтая спецыялізавалася на вырошчванні бавоўны. Адметнасцю было тое, што землі нашага раёна былі прадметам спрэчак — за кароткі час яны паспелі пабыць і ў Паўднёва-Казахстанскай вобласці Казахскай ССР, і ў Сырдар’інскай вобласці Узбекскай ССР, і потым зноўу Казахскай ССР, але ўжо ў складзе іншай, Чымкенцкай вобласці. Наш раён быў самай паўднёвай кропкай Казахстана.
Пасёлак «Бальшавік»
Само паселішча ўзнікла літаральна на пустым месцы, сярод урадлівых паліўн ых земляў. Глебы там былі гліністыя, часам лёсавыя. На паўднёвым цёплым сонцы — вельмі ўраджайныя. Усё залежала там, як і паўсюль, толькі ад вады — крыві зямлі, як казалі ў Сярэдняй Азіі. Без вады гэтая зямля была пустэльняй, а з вадой рабілася скарбніцай.
«Бальшавік» быў закладзены ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад асноўнага канала, што браў свой пачатак ад Сырдар’і. Той вялікі канал нёс свае воды ў засмяглы стэп і дзяліўся на каналы другога і трэцяга парадку. Ад дробных каналаў ішлі арыкі, што арашалі палеткі бавоўніку, рысавыя чэкі, бахчы і гароды. Увесну і летам пасадкі патрабавалі тры-чатыры палівы, каб забяспечыць добры ўраджай. Лішкі вады з палеткаў адводзіліся ў скідныя каналы, што зноў гналі ваду ў Сырдар’ю.
Паліўное земляробства давала добры эфект, але і несла пагрозу. У тых мясцінах празмерны паліў зямлі выклікаў распусканне мінеральных соляў у глыбокіх пластах глебы. Солі падымаліся на паверхню і стваралі саланчакі — зямлю, цалкам непрыдатную не толькі для вядзення гаспадаркі,
але і для жыцця як такога. У нашай мясцовасці гаспадаркі, што былі арганізаваныя ў 1930-х гг., за тры дзясяткі год гаспадарання прывялі свае землі ў поўную непрыдатнасць праз засольванне глебаў. Даводзілася кідаць усё і пачынаць на новым месцы. На закінутых палетках заставалася рэдкая расліннасць — салянка і ёй падобныя унікумы, што маглі выжыць у саланчаку.
Непасрэдны пачатак нашаму паселішчу паклаў беларус з вёскі Порплішча Докшыцкага раёна Венька Глінскі, што на сваімтрактарыТ-100 рэзаўарыкіўчыстым полі. Коўш ягонай машыны зрабіў першую яміну на цаліку бязмежнага стэпу. Пасля ад арыкаў намецілі вуліцы, пазначылі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва. У сярэдзіне 1950-хбудаўнічыя брыгады вахтавым метадам адбудавалі спачатку невялікі інтэрнат, сталоўку, краму, лазню, кантору, рамонтныя майстэрні і некалькі дамкоў. Потым пачалі з’яўляцца навасёлы. Некага пасялілі ў інтэрнат і пабудаваныя дамкі, а бальшыня капала сабе зямлянкі і пачынала будавацца самастойна.
Нам, як спецыялістам, выдзелілі свежапабудаваны фінскі домік.