Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
мемуаРнаЯ бібліятэка
Мінск «Лімарыус» 2018
УДК 94(476)(093)
ББК 63.3(4Бен)
М99
Серыя заснавана ў 2011 годзе
Укладанне, прадмова, каментары Ганна Запартыка
Навукова-рэдакцыйная рада: Валянцін Голубеў, Ганна Запартыка, Аляксей Каўка, Вітаўт Кіпель, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Лявон Юрэвіч
Фота на вокладцы: Паўліна Мядзёлка. 1922 г.
ISBN 978-985-6968-69-6
© Запартыка Г., прадмова, падрыхтоўка тэксту, каментары, 2018
© ТАА «Лімарыус», 2018
«Снілася дзяўчыне квецістае поле...»
Пра Паўліну Мядзёлку сказана і напісана дастаткова: яна стала гераіняй рамана, п’есы, дакументальных фільмаў, а многія факты яе біяграфіі — аб’ектам даследавання гісторыкаў беларускага тэатра і літаратуры. Доўгі час у большасці выпадкаў яе імя згадвалася, калі гаворка вялася пра ранні перыяд жыцця і творчасці Янкі Купалы. I не маючы дастаткова ясных крыніц, аўтары многае ў яе жыцці і вобразе дадумвалі, вылучалі гіпотэзы, якія нічога агульнага з яе асобай не мелі. У 1974 г. пабачыла свет кніга яе ўспамінаў «Сцежкі жыцця», і з таго часу ўсё, што звязана з яе жыццём і яе дзейнасцю, чэрпаецца менавіта з гэтага выдання. Але... Калі выдаваліся ўспаміны, панавала эпоха вялікай цэнзуры: цэнзар дыктаваў, размяркоўваў ролі гульні, у якой пацярпелым заўсёды заставаўся аўтар. А да таго ж унутры кожнага, хто браўся за асадку, з’яўляўся, як пільны ахоўнік, свой уласны цэнзар. Былі такія цэнзары і ў Паўліны Мядзёлкі. I як яна не змагалася за кожны выкраслены эпізод і нават радок, названая кніга выйшла ў вельмі скарочаным варыянце. I вось шчаслівы выпадак. Аднойчы стала вядома, што захаваўся самы першы, рукапісны варыянт успамінаў Паўліны Мядзёлкі. Хоць і прайшоўся па ім аловак цэнзара, але ж гэта самы першы, а значыць, ад сэрца і думак аўтара. Напісала П. Мядзёлка і працяг выдадзеных «Сцежак жыцця» з аўтарскай пазнакай «Другая кніга», якая вядзе аповед да 1950-х гг., а ў дадатак — «Беглыя нататкі для памяці. Факты, якія не могуць і не павінны быць апублікаваны». У 1993 г. усё гэта было надрукавана ў часопісе «Полымя» з непераўзыдзенай па глыбіні адчування прадмовай Уладзіміра Калесніка, дзе ён сказаў пра Паўліну Мядзёлку як пра выдатную дзяячку беларускага адраджэння.
Паўліна Мядзёлка нарадзілася 12 (па новым стылі 24) верасня 1893 г. у мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці). Хоць і пісала ў свой час, што паходзіць з сялян, але пры гэтым засведчыла, што бацька, Вінцэнт Зыгмунтавіч, у маладосці быў
настройшчыкам арганаў і раяляў, пазней рабочым на заводзе, прадаўцом у кааператыве. Маці, Францішка, была хатняй гаспадыняй. У сям’і, акрамя Паўліны, гадавалася трое сыноў: Казімір, Зыгмусь і Станіслаў. У 1898 г. сям’я Мядзёлкаў пераехала ў Глыбокае, магчыма, гэта было звязана з новым месцам працы бацькі. У будслаўскім доме застаўся дзед Зыгмусь, і менавіта туды ў 1947 г. вернецца Паўліна Вінцэнтаўна, каб рэшту жыцця пражыць на роднай зямлі.
Глыбокае, як і Будслаў, куды яна ў дзяцінстве часта наязджала да дзеда, былі тымі сакральнымі мясцінамі, дзе фарміраваўся яе светапогляд, дзе ўпершыню заслухалася класічнай музыкай і народнай песняй, дзе, зачараваная родным словам, акрыленая марай аб шчаслівай будучыні свайго народа, адчула сваё прадвызначэнне. Яшчэ зусім юнай зразумела, што толькі праз навуку і шчырую працу можна дасягнуць жаданых вынікаў. Успамінала, што спачатку вучылася чытаць па-польску і першым яе «лемантаром» была «Gazeta swi^teczna», якую выпісваў бацька. Праз нейкі час бацька купіў дзяўчынцы сапраўдны лемантар вядомага польскага дзеяча асветы, пісьменніка і выдаўца Промыка (Конрада Прушынскага) «Elemetarz na ktorym nauczsz czytac w 5 albo 8 tygodni». A далей было Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча з трохгадовым навучаннем. Яе прынялі ў 1-ю групу I аддзела, таму што па-руску на той час зусім не ўмела чытаць. Вось як успамінала сама Паўліна Вінцэнтаўна: «Праз тыдні два перавялі ў 2-ю групу, праз месяц — у II аддзел, а яшчэ праз месяцы два — у апошні, III аддзел. Так за адну зіму я закончыла ўвесь “курс” царкоўнапрыходскага вучылішча, на што звычайна адводзілася 3 гады, а былі хлопйы, якія хадзілі ўжо 5-ы год». Гэты факт гаворыць як пра незвычайныя здольнасці вучаніцы, так і пра яе вялікую прыхільнасць да навукі.
Яе моцна падтрымліваў бацька, а часам і спаборнічаў, калі сам пажадаў заняцца навукай матэматыкі. Вось толькі з маці здараліся непаразуменні. Францішка намагалася выхаваць дачку добрай гаспадыняй, што ў яе ўяўленнях несумненна гарантавала для дачкі ўдалае замужжа. А пасля цётка Анэля, бацькава сястра, якая жыла з імі разам, скажа сваім знаёмым: «От, да ніякай хатняй работы не здатна. Цэлымі днямі не расстаецца з кніжкай. А колькі яна ўжо перачытала за зіму, дык, мабыць, і на трох вазах не ўмесціш. Матка адбірае кнігі, хавае, часам у злосці і ў печку кідае. Ну, ве-
дама, пасля гэтага ў хаце плач, лямант». А Паўліна нават сябровак выбірала сабе з тых дзяўчат, што любілі кнігі. Так пасябравала з Ядвіняй Яноўскай, у доме якой была бібліятэка з рускімі выданнямі і якая дапамагала ёй авалодаць рускай мовай. Брала таксама кнігі ў пазыку за плату ў некалькі капеек у прыватнай бібліятэцы аднаго глыбокаўскага крамніка. I, як сама прызнавалася, «не выпускала з хаты ніводнай новай кнігі, пакуль сама не прачытаю». Вывучала і далей польскую мову. У Глыбокім жылі Юлія і Стэфанія Красоўскія. Адна з іх, панна Юлія, даведаўшыся, што Паўліна хоча далей вучыцца, запрапанавала бясплатныя ўрокі па польскай мове, гісторыі і геаграфіі, каталіцкаму Закону Божаму. Вучыла дзяўчынку спяваць польскія патрыятычныя песні. Бацька Паўліны, які, па яе сведчаннях, у часе апошняга перапісу запісаўся беларусам, не звяртаў на гэта ўвагі і не пратэставаў, калі «з ласкі панны Юліі» дзяўчынка спявала: «Jestem Polka, Polka mate». Але, калі панна Юлія прапанавала ёй удзел у навагоднім балі для дзяцей і тая пагадзілася дэкламаваць «Альпугару» Адама Міцкевіча, бацька ўсё ж нараіў лепш прачытаць вершы Мацея Бурачка, што дзяўчына і зрабіла, меўшы нечаканы поспех у сваіх аднавяскоўцаў.
Рана ўсвядоміла, што жыццё сваё, не толькі духоўнае, але і матэрыяльнае, павінна ўладкоўваць самастойна, не быць нахлебніцай нават у сваіх бацькоў. Як толькі надарылася магчымасць зарабіць свае самастойныя грошы, яна з адвагай узялася за працу і, будучы ўсяго толькі дванаццацігадовай дзяўчынкай, пачала вучыць мясцовых дзетак асновам граматы. 3 гонарам магла сказаць, што зарабляе нароўні з бацькам, a то і больш: «Нешта накшталт нелегальнай школы было ў нашым доме. 10—12 дзяцей прыходзіла да нас, і я вучыла іх чытаць і пісаць. Плацілі мне па 1 рублю ў месяц, а да дваіх, багацейшых, я хадзіла на дом і атрымлівала 3 рублі. Такім чынам, я ў месяц мела 13—15 рублёў, бацькава ж зарплата выносіла 5 руб., а разам з пабочным прырабаткам — не больш 15 руб.».
У гэты ж час Паўлінай Мядзёлкай авалодвала чароўная стыхія музыкі. Пасябравала са старой жыхаркай Глыбокага паняй Чарняўскай, у якой было фартэпіяна. Навучылася іграць, сама падбірала мелодыі, зацікавілася творамі класічнай музыкі і народнымі спевамі. Пазней пані Чарняўская падарыла Паўліне тое фартэпіяна.
Час ішоў, і Паўліна пастаянна задавала сабе пытанне: «Што ж далей рабіць? Дзе і як вучыцца?». Яна ўжо ведала пра існаванне
беларускіх выданняў, захаплялася творамі Францішкі Багушэвіча, чытала «Нашу Ніву». Запісала ва ўспамінах: «Жыла ў марах-летуценнях, уяўляючы сябе то рыцарам, які змагаецца з варожымі сіламі ў абароне абяздоленага народа, то ўладальніцай шапкіневідзімкі. О, тады б я ўвесь свет перамяніла! Перш-наперш скінула б цара-зладзея і яго міністраў, выпусціла б з турмаў усіх змагароў за долю народную, злых, нягодных людзей, гультаёў карала б, а добрым, бедным памагала». I тым не менш разумела, што каб мець магчымасць вучыцца — «трэба станавіцца на самастойны шлях». Глыбокаўскі аптэкар па прозвішчы Аўгустоўскі раіў падрыхтавацца і здаць экзамены на аптэкарскую вучаніцу. Гэта быў нядрэнны спосаб як найхутчэй стаць матэрыяльна незалежнай, бо Аўгустоўскі ў выніку абяцаў працу ў сваёй аптэцы, а гэта «5 руб. у месяц, кватэра і поўнае ўтрыманне, а калі на сваім утрыманні і кватэры — 25 руб. у месяц». Ды і часу заставалася б шмат для падрыхтоўкі ў гімназію ці якую-небудзь вучэльню.
На шляху галоўнай мэты вучыцца, як бачым, стаяла вялікая перашкода, дакладней, дзве — гэта незайздроснае матэрыяльнае становішча сям’і і неразуменне маці, якая хацела бачыць дачку не за кнігай, а за прасніцай. I паміж маці і дачкой часта ўзнікалі адкрытыя сваркі. Была вельмі ўдзячнай бацьку, які падтрымліваў яе імкненні, разумеў вялікую ролю кнігі, асветы, навукі ў жыцці чалавека і амаль заўсёды прымаў бок сваёй дачкі. I тут здарыўся выпадак, які нечакана змяніў жыццё чатырнаццацігадовай дзяўчынкі. Паўліна Вінцэнтаўна да канца свайго жыцця будзе ўспамінаць усіх, хто спрычыніўся да ажыццяўлення яе мары вучыцца. Яна з вялікай сардэчнасцю напіша пра вядомага беларускага дзеяча Эдварда Будзьку і сям’ю Стафана Душэўскага — бацькі Клаўдзія Дуж-Душэўскага, упамінанне пра якіх цэнзар у рукапісе «Сцежак жыцця» выкрасліць, а пасля пратэстаў аўтаркі дазволіць безадноснае «наш былы сусед і бацькаў таварыш Будзька» і «наш былы сусед Стафан Душэўскі». Эдвард Будзька паспрыяў яе прыезду на вучобу ў Рыгу, сустрэў, уладкаваў яе жыццё ў незнаёмым горадзе, Стафан Душэўскі дапамог бязвыплатна пэўнай сумай грошай. «I вось, узяўшы пад паху гітару, купленую за свае ўласныя грошы, вузялок бялізны і яды на дарогу, я, не чуючы пад сабой ног ад радасці, пайшла з бацькам на станцыю». А ўсё пачалося з пытання Эдварда Будзькі да Паўлінінай цёткі Анэлі пра сямейнае жыццё
свайго сябра Вінцуся. Вось тут ён і пачуў пра яго «няўдалую дачку». Па прыездзе ў Рыгу ён расказаў пра здольную дзяўчынку сваім знаёмым Рэўкоўскім. I на шляху Паўліны Мядзёлкі з’явіцца жанчына Марыя Рэўкоўская, якую яна будзе ўважаць за сваю другую маці. Менавіта Марыя скажа Э. Будзьку: «А вы напішыце ім, хай прысылаюць яе ў Рыгу, шкада, каб марнавалася, калі запраўды здольная і хоча вучыцца». 3 вялікай удзячнасцю і хваляваннем праз многа гадоў Паўліна Мядзёлка напіша: «I вось атрымлівае мой бацька адзін за другім лісты, каб адпраўлялі мяне ў Рыгу... Аднаго дня пасля чарговага пісьма ад Эдзі Будзькі я на каленях маліла маму адпусціць мяне, і абедзве заліваліся слязамі. На гэту сцэну прыйшоў наш былы сусед Стафан Душэўскі. Праз тыдзень прыйшоў ад яго паштовы перавод на 50 рублёў і пісьмо, у якім настойліва раіў адправіць мяне ў Рыгу. Радасць мая была бязмежнай!».