Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
У гэтым жа годзе Паўліна Мядзёлка паступіла на Вышэйшыя камерцыйныя курсы ў Пецярбургу. Відавочна, што арганізацыю
яе паступлення, саму ідэю паступлення, а затым і аплату вучобы нехта павінен быў ажыццяўляць. На вялікі жаль, сама аўтарка ўспамінаў пра гэта змаўчала, і, мажліва, таму, што за гэтым усім стаялі Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі ці яшчэ нехта з беларускіх дзеячаў, імёны якіх не прынята было згадваць, калі пісаліся ўспаміны. Яна нават не дае дакладную назву курсаў, на якіх вучылася. Гэта маглі быць Вышэйшыя камерцыйныя курсы М. В. Пабядзінскага пры таварыстве па распаўсюдзе камерцыйных ведаў. Курсы мелі статус вышэйшай навучальнай установы, былі платнымі, мелі аддзелы камерцыйны, рахункаводаў, чыгуначны. Тэрмін навучання — два гады, студэнты праходзілі практыку на фабрыках, заводах, складах. Але заняткі на курсах Паўліна Мядзёлка, мажліва, перапыняла, бо ў асабовым лістку па ўліку кадраў, які ўласнаручна запаўняла ў 1942 г., яна запісала год заканчэння курсаў 1915. Ва ўспамінах жа напісала спачатку, што «вясной 1913 г. выехала ў Вільню і там паступіла на патрэбную для практыкі работу» ў бухгалтарскі аддзел складоў Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, дзе кіраўніком на той час быў якраз Вацлаў Іваноўскі, а пасля — што была да лета 1914 г. прынята В. Іваноўскім на сталую працу. У Пецярбургу яна часта і моцна хварэла: «Непасільная праца, дрэннае харчаванне і веснавыя туманы настолькі знясілілі мяне, што дактары загадалі неадкладна пакінуць гэты горад».
Пецярбург у біяграфію Паўліны Мядзёлкі ўлучыў самы вядомы факт яе творчага жыцця. Згадваючы падзеі 1913 г., яна вельмі каларытна апісала «суботнікі» на кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы, вакол якога гуртавалася ў сталіцы значная частка беларускай моладзі. На адным з такіх суботнікаў Яўген Хлябцэвіч, у той час студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, прапанаваў арганізаваць беларускую студэнцкую касу, як гэта рабілі іншыя зямляцтвы. Выбралі праўленне, і каб закласці матэрыяльны фундамент, рашылі наладзіць беларускую вечарынку. Янка Купала прачытаў п’есу «Паўлінка», і моладзь загарэлася жаданнем яе паставіць. За арганізацыю вечарыны ўзяўся брат гаспадара кватэры Уладзіслаў Эпімах-Шыпіла. Ролю Паўлінкі, як вядома, даручылі Паўліне Мядзёлцы. Так яна стане першай выканаўцай ролі ў пецярбургскай пастаноўцы, а доўгі час будзе лічыцца ўвогуле першай артысткай, якая выканала гэтую ролю. Пазней стане вядома, што ў 1913 г.
прэм’ера «Паўлінкі» спачатку адбылася ў пастаноўцы Першага беларускага драматычнага таварыства ў Вільні 27 студзеня 1913 г. і ролю Паўлінкі выканала артыстка Сафія Маркевіч (Маркевічанка). Прэм’ера Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў у Пецярбургу, дзе ролю Паўлінкі і выканала Паўліна Мядзёлка, адбылася 9 лютага 1913 г. Гэта быў самы незабыўны і рамантычны дзень яе жыцця. 3 гэтай прэм’еры яе імя і імя Янкі Купалы будуць стаяць побач, а біёграфы будуць бясконца ладзіць здагадкі пра іх нязбытнае, але такое сімвалічнае для маладых рамантыкаў каханне. Паўліна Мядзёлка не адмаўляла факту асаблівага стаўлення да яе паэта, сама ва ўспамінах запісала, што кахала іншага, але хто быў гэты іншы — не прызналася. Праз многія гады ў лісце да Зоські Верас, згадваючы сваю маладосць, напісала, што героем яе дзявочых мараў быў у той час Іван Луцкевіч.
А далей была вайна, якая ўварвалася ў лёсы людзей вялікімі асабістымі трагедыямі: бежанствам, стратай родных і блізкіх, разбурэннем гаспадарак, знішчэннем цэлых вёсак. Падняла, сарвала з абжытага месца няўмольная хваля вайны і сям’ю Мядзёлкаў. Вясной 1915 г. вымушаны былі пераехаць у Даўгінава, куды ў хуткім часе да іх вярнулася і Паўліна. А ў верасні стала зразумелым, што і ў Даўгінаве далей заставацца нельга: «навакол усе вёскі спалены, прадуктаў няма, у вочы заглядае голад». Вось і рашылі, што Паўліна з малодшымі братамі паедзе ў Царыцын, дзе дзядзька Тамаш, бацькаў брат, працаваў на гарматным заводзе. Меркавалася, што як толькі Паўліна знойдзе ў Царыцыне сабе працу, прыедуць туды і бацькі. У Царыцыне вырашыла падаць заяву ў Польскі камітэт дапамогі бежанцам з просьбай прыняць братоў у школьны інтэрнат, а там ёй прапанавалі пайсці працаваць выхавацелькай у дзіцячы прытулак. Педагогам-выхавацелем у прытулку працавала з кастрычніка 1915 г. да лета 1916 г., а пасля была накіраваная на педагагічныя курсы і некалькі месяцаў, да лістапада 1916 г., працавала настаўніцай пачатковай школы ў Яльцы. У лістападзе 1916 г. Паўліна Мядзёлка выехала ў Петраград, куды была запрошана на працу адказным сакратаром Беларускага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны. Гэты факт сведчыць пра тое, што яна не была бежанкай, адарванай ад роднага кутка і нацыянальных спраў, а трымала кантакты з беларускімі дзеячамі, у тым ліку з тымі, хто ў той час жыў і працаваў у Петраградзе.
У Петраградзе адбылося яе знаёмства з вядомым грамадска-палітычным дзеячам Іванам Краскоўскім, з якім Паўліну Мядзёлку многія гады будзе звязваць супольная праца, сяброўства з яго сям’ёй і з якім урэшце падзеліць лёс выгнанніка. А пасля перажыве вялікую крыўду на свайго апекуна і не даруе яму правіны, што спарадзіла сістэма, у якой яны абое апынуліся. Ва ўспамінах яна дэталёва апавядае пра мэту прыезду Івана Краскоўскага ў Петраград. Даручыў Паўліне Мядзёлцы склікаць сяброў Петраградскага камітэта, зрабіў даклад пра палітычнае становішча Расіі і прапанаваў: «Трэба і нам, беларусам, арганізавана спаткаць грозныя падзеі. А дзеля гэтага трэба склікаць з’езд прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацый. Але дзе і як? Легальна цяпер нельга гэтага зрабіць: за самую думку аб гэтым пападзеш у лапы царскіх жандараў. Таму ён прапануе нелегальна склікаць з’езд у Кіеве пад флагам Саюза гарадоў, у якім служыць камісарам. Паўстала пытанне, якім спосабам склікаць з’езд. Вайна параскідала беларусаў па ўсіх прасторах матухны Расіі. Дзе-нідзе яны арганізаваліся ў Камітэты дапамогі ахвярам вайны, існуюць нелегальныя палітычныя арганізацыі. Апавяшчаць лістамі аб з’ездзе тых, каго мы ведаем, нельга: ваенная цэнзура праглядае ўсе лісты. Трэба паслаць свайго чалавека ў аб’езд па ўсіх гарадах, дзе могуць быць калоніі беларусаў». «Сваім чалавекам у аб’езд па ўсіх гарадах» I. Краскоўскі намовіў стаць Паўліне Мядзёлцы. I праз дзень яна ўжо ехала з ім цягніком у Кіеў.
У Кіеве Паўліну Мядзёлку ўладкавалі на працу ў Саюз гарадоў з фармулёўкай абавязкаў «арганізацыя дзіцячых прытулкаў», а ў хуткім часе яна адправілася ў нялёгкую вандроўку з камандзіровачным пасведчаннем ад Саюза гарадоў з мэтай «закупкі лёну». Спачатку прыбыла ў Мінск, дзе вырашылі стварыць арганізацыйны камітэт з’езда і абмеркавалі парадак дня. Пасля былі Магілёў, Віцебск, Полацк, Масква, Яраслаў, Казань, Арол. У дарозе яна даведалася, што адбылася Лютаўская рэвалюцыя, у выніку якой стала магчымым правесці падрыхтаваны з’езд легальна. I яна вяртаецца ў Мінск. Ва ўспамінах Паўліна Мядзёлка толькі згадвае пра з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбыўся вясной 1917 г. у Мінску. Вядома, што на ім прысутнічала каля 150 дэлегатаў, асноўнае пытанне з’езда — выпрацоўка праграмы беларускага нацыянальнага руху. На з’ездзе быў абраны
Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта. Менавіта асоба Рамана Скірмунта выклікала ў Мядзёлкі (маюцца на ўвазе ўспаміны) найбольшае абурэнне, а ўсё, што адбывалася на з’ездзе, — поўнае расчараванне і прыкрасць ад таго, што ініцыятары і арганізатары з’езда «засталіся ў старане, а з’езд захапіла ў свае рукі адкрыта буржуазная групоўка». На з’ездзе, акрамя ўсяго, былі ўтвораны камісіі агітацыйна-палітычная, этнаграфічная, фінансавая, друку, земская, школьная. П. Мядзёлка была абраная ў склад сяброў этнаграфічнай каміссі і камісіі па друку, сакратаром першай стаў Б. Тарашкевіч, другой — 3. Жылуновіч. У такім выпадку яна павінна была быць дэлегаткай з’езда, хоць і адмаўляе гэты факт ва ўспамінах. Менавіта школьным аддзелам Беларускага нацыянальнага камітэта, утворанага на з’ездзе, было арганізаванае ёй запрашэнне ад імя Магдалены Радзівіл на працу ў створаную беларускую школу ў Жорнаўцы. Трэба сказаць, што на гэтым з’ездзе яна ўпершыню сустрэлася з Тамашом Грыбам.
Адразу пасля з’езда Паўліна Мядзёлка паехала ў Царыцын адведаць бацькоў, пасля вярнулася ў Кіеў, бо яе чакала праца па арганізацыі дзіцячых прытулкаў у Саюзе гарадоў. Па просьбе I. Краскоўскага прыняла ўдзел у якасці госці ў Першым усеўкраінскім ваенным з’ездзе 5—8 мая 1917 г., на якім прысутнічала больш за 900 дэлегатаў. Пакінула кароткі запіс пра гэтую падзею ва ўспамінах.
Напрыканцы лета 1917 г. на кіеўскі адрас Паўліны Мядзёлкі прыйшоў ліст «ад самой княгіні Радзівіл». У лісце паведамлялася, што яна, Магдалена Радзівіл, хоча ў адным са сваіх маёнткаў адкрыць беларускую нацыянальную школу і ёй параілі звярнуцца ў гэтай справе да Паўліны Мядзёлкі. Пра абставіны свайго ад’езду з Кіева ў сувязі з гэтай прапановай аўтарка напіша: «Я параілася са сваімі сябрамі-беларусамі, якіх нямала было ў той час у Кіеве. Беларускіх нацыянальных школ яшчэ не было ў Беларусі: ні часовы ўрад Керанскага, ні земствы і не думалі аб гэтым, каб беларускія дзеці навучаліся ў сваёй роднай мове. А трэба пачынаць гэтую справу. Усе сябры настойліва раілі мне прыняць прапанову княгіні. Што рабіць? Ведала, што немалыя труднасці будуць на маім шляху. Але пачуццё абавязку перад сваім народам перамагло, і я рашыла паспрабаваць свае сілы і здольнасці. Саюз гарадоў адмовіўся звольніць мяне з працы, і я проста
дэзерціравала: выехала ціхачом у Мінск, не атрымаўшы разліку». Пасля кароткай сустрэчы і абмеркавання арганізацыйных пытанняў з Магдаленай Радзівіл Паўліна Мядзёлка скіравалася да месца працы ў Жорнаўку.
Магдалене Радзівіл і працы ў Жорнаўцы аўтарка прысвяціла цэлы раздзел успамінаў, назваўшы яго ў адносінах да мецэнаткі адкрыта зняважліва: «Шалёная Магдаленка». Узнікае пытанне: з якіх прычын Паўліна Мядзёлка выводзіць такім непрывабным і цалкам адмоўным вобраз Магдалены Радзівіл? Сёння імя гэтай жанчыны, фундатаркі многіх беларускіх спраў на пачатку XX ст., шырока вядомае і яе заслугі годна ацэнены. I ўспаміны Паўліны Мядзёлкі пра Магдалену Радзівіл на гэтым фоне выглядаюць супярэчнасйю, выкліканай нейкімі вельмі глыбокімі асабістымі крыўдамі. I ці ўспрымала княгіню менавіта такой тады, калі сустракалася з ёй непасрэдна і працавала ў жорнаўскай школе? Трэба памятапь, што ўспаміны пісаліся праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля падзей, пісаліся ў тых грамадска-палітычных варунках, пры якіх вобраз магнаткі, якую б добрую нацыянальную справу яна ні рабіла, не павінен быў быць станоўчым. I Паўліна Мядзёлка ва ўнісон савецкай «буржуафобіі» выцягнула са сваёй памяці ўвесь адмоўны «фальклор» пра Магдалену Радзівіл, пачуты ў Жорнаўцы і яго ваколіцах, не выказаўшы ёй і кроплі ўдзячнасці. Але думаецца, што яе непрыязныя адносіны да такіх асобаў, як Раман Скірмунт, Магдалена Радзівіл, гэта яшчэ і водгулле ўзаемаадносінаў паміж дзеячамі той бурлівай і супярэчлівай эпохі, барацьбы паміж партыямі і рознымі групоўкамі ўнутры іх. Многае ў ацэнках, адмаўленнях, наўмыснай недасказанасці Паўліны Мядзёлкі можна зразумець, пагартаўшы працы па гісторыі Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, зазірнуўшы ў палітычныя біяграфіі тых, хто ўплываў на яе прыярытэты.