Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Але ж я маю на кніжцы свае заробленыя 40 руб., — настойваю.
— Ды як жа пусціць цябе ў людзі, голую ды босую? — не здаецца маці. — Чаравікі трэба справіць? Сукенку і якоесь пальцішка трэба? Хустку трэба? Ці ж хопіць на ўсё тваіх грошай? I думаць нелыа! Выкінь з дурной галавы глупства і лепш вось шыць вучыся.
Аднаго дня пасля чарговага пісьма ад Эдзі Будзькі я на каленях маліла маму адпусціць мяне, і абедзве заліваліся слязамі. На гэту сцэну прыйшоў наш былы сусед Стафан Душэўскі42. Яго дом быў побач з нашым, але не так даўно прадаў яго і з усёй сям’ёй перабраўся ў Вільню, каб даць адукацыю сваім дзецям. Там ён выбіўся неяк у купецкі стан і як падрадчык прыехаў у Глыбокае прыняць заказ на будову шашы.
— Што гэта ў вас здарылася? — пытае здзіўлена.
Мама пачала расказваць і жаліцца на мяне.
— Ну, раз яна так хоча вучыцца, дык трэба ўсё зрабіць, каб скарыстаць такі выпадак, калі людзі хочуць дапамагчы. Трэба паслаць яе... — рашуча заяўляе43.
— Скуль жа грошы ўзяць?
— Вось што, — падумаўшы, кажа Душэўскі. — Цяпер я не маю з сабой патрэбных грошай, але вярнуся ў Вільню і праз некалькі дзён прышлю вам колькі змагу.
— Ці ж мы зможам калі вярнуць вам гэты доўг?
— А я і не вам даю гэтыя грошы, а ёй, — паказвае на мяне. — Выйдзе ў людзі, стане на свае ногі — а я веру, што яна свайго даб’ецца, — і верне мне гэты доўг. А калі не мне, дык маім дзецям, а не маім дзецям, дык другім, такім, як цяпер яна, дапаможа вучыцца. Згода? — звяртаецца ўжо да мяне.
Я кінулася яму рукі цалаваць...
Праз тыдзень прыйшоў ад яго паштовы перавод на 50 рублёў і пісьмо, у якім настойліва раіў адправіць мяне ў Рыгу. Радасць мая была бязмежнай! Пачалі рыхтаваць мяне ў людзі. Справілі чаравікі (шавец нават без дадатковай аплаты пашыў іх «са скрыпам»), пашылі сіні баваўняны касцюмчык, такога ж колеру башлык. На якоесь пальцішка на ваце ўжо нельга было траціцца. Бацька папрасіў знаёмага кавдуктара, каб ён заапекаваўся мной пры перасадцы ў Свянцянах на рыжскі цягнік. I вось, узяўшы пад паху гітару, купленую за свае ўласныя грошы, вузялок бялізны і яды на дарогу, я, не чуючы пад сабой ног ад радасці, пайшла з бацькам на станцыю44.
— He баішся адна ў чужы горад ехаць і да чужых людзей? — пытае, падсеўшы да мяне ў вагоне, знаёмы кандуктар.
— Ані трошкі не баюся, — бадзёра адказваю.
— А роднага дома, бацькоў пакідаць не шкада?
— Тату шкада, — крыху памаўчаўшы, кажу.
— Толькі тату? — здзівіўся мой апякун.
Я змаўчала і задумалася. Чаму толькі тату? Успомніўся адзін эпізод. Мне ішоў, мабыць, шосты год. Была, як казалі, даволі прыгожай дзяўчынкай, з густымі валасамі, якія залатымі пярсцёнкамі закручваліся, з вялікімі сінімі шырока адкрытымі вачыма. На сваё няшчасце, вельмі я спадабалася жонцы прыстава, у якой не было дзяцей. Яна некалькі разоў прасіла бацькоў аддаць ёй мяне за дачку. Яна, маўляў, будзе пекна адзяваць мяне, як паненку, дасць мне добрую адукацыю, і я буду багатай і шчаслівай. Бацькі, ведама, і слухаць аб гэтым не хацелі. I вось аднае раніцы яна падпільнавала мяне, калі я гуляла на прыгорку каля касцёла, завабіла да сябе і, пасадзіўшы побач з сабой у брычку, сказала, што мы паедзем на машыне цягніком у горад. Мне даўно ўжо хацелася паехаць на машыне, і я з радасцю згадзілася. Праязджаючы праз рынак, я ўбачыла бацьку.
— Возьмем і тату з сабой на машыну, — кажу і пачала зваць: — Тата, тата, хадзі скарэй, паедзем на машыне ў горад!
Прыставіха загадала фурману шпарчэй гнаць каня, усімі спосабамі старалася адвярнуць маю ўвагу ад бацькі, але я расплакалася і на ўвесь рынак крычала і звала тату. Звярнулі ўвагу
на мой крык людзі, пачуў і бацька і бегма памчаўся за брычкай. Мусілі спыніць каня.
— Ну, ваша шчасце, — кажа прыставіха да бацькі. — Каб вас не спаткалі, дык вы бачылі б яе, як свае вушы. Я ўжо не думала варочацца ў Глыбокае, а праз якісь час муж узяў бы перавод у другое месца, і вы ніколі б нас не знайшлі.
...Вось і цяпер мне шкада пакідаць тату. Ну а маму?.. Сорамна прызнацца, але маткі пакідаць мне не шкада было. Дзесьці глыбока затаілася дзіцячая крыўда. Я адчувала, што ў сям’і я была найменш любімым дзіцем. Часта, бачачы, як мама песціць маіх малодшых братоў, я падыходзіла і прытулялася да цёплага пляча мамы. Але зараз жа і мама, і цётка пачыналі стыдзіць мяне:
— Стыдна, стыдна, такая вялікая і лезе песціцца!
I я адыходзіла, хаваючы вочы, каб не бачылі ў іх слёз. А гэтай «вялікай» было 6—7 год...
A то, бывала, пасварымся з братам, паб’емся нават, — ведама, як дзеці ў вялікай сям’і, — а мама, не разбіраючыся, хто з нас вінаваты, заўсёды станавілася ў абарону брата, крычала на мяне, а яго вучыла, што мне казаць. I ён, па наказу мамы, надуўшы губы, казаў:
— Пацакай, пацакай, як выласту, дык не буду цябе калміць сваім хлебам.
Ён, можа, і не разумеў, што значыць «карміць сваім хлебам», але я ўжо гэта разумела, і горкая крыўда болем сціскала сэрца.
«Яшчэ пабачым, хто чый хлеб будзе есці!» — думала пра сябе, і з кожным разам узмагалася рашучасць як найхутчэй вырвацца з дома, каб свой уласны хлеб есці.
А колькі сораму і ўніжэння я выцерпела, калі, паставіўшы мяне перад чужымі людзьмі, мама пачынала жаліцца на мяне, стыдзіць, пералічваючы ўсе мае вольныя і нявольныя правіны, усе мае недахопы!
— He было з цябе чалавека і ніколі не будзе! — тысячы разоў гэта ўбівалася мне ў галаву.
Так, матчынай ласкі я ніколі не бачыла, не адчувала ў дзіцячых гадах. А як жа я хацела яе! Як прагнула, каб мяне хто
прыгарнуў да грудзей, пагладзіў па галоўцы, пацалаваў... Я і цяпер, на старасці гадоў, не магу без слёз успомніць, як сільна я жадала цяпла сардэчнага і ласкі. I знайшла я гэта ўсё ў чужых людзях, якія сталі для мяне радней роднай маткі45.
Праца будзённая, цяжкая, ўпартая... Ператвару яе ў свята сваё жыватворнае46.
Г. Ібсен
У Рызе мяне спаткаў на вакзале Эдзя. Hi я яго, ні ён мяне не памяталі, бо наша сям’я выехала з Будслава ў Глыбокае ў 1898 г., калі мне ішоў пяты год. Пазналі мы адзін аднаго па ўмоўленым у лістах знаку. Ішла я па вуліцах горада з шырока раскрытымі вачыма. Жартачкі, такія велізарныя дамы, а ў шырокіх вокнах столькі розных дзіваў! Лялькі велічынёй з дарослага чалавека, рознакаляровыя бліскучыя кулі, а вялікія ж, як гарбузы! А колькі розных цацак, карцін, кніг! Хацелася ля кожнага вакна пастаяць, паглядзець, папытаць, што гэта і да чаго, для каго, але трэба паспяваць за сваім апекуном47.
Пасілкаваўшыся крыху і адпачыўшы, Эдзя павёў мяне да Рэўкоўскіх, да тых, якія настойвалі выклікаць мяне з Глыбокага. Вельмі ласкава спаткала мяне высокая жанчына гадоў 40, шыракаплечая, сільная, з шырокім мужным тварам і шэрымі добрымі вачыма. Гэта была сама пані Марыя Рэўкоўская. Вясёлым прывітальным воклічам азваўся яе муж, прыгожы мужчына з тыповым носам польскага шляхціца, у коратка падстрыжанай бародцы якога, вусах і валасах іскрылася срэбра сівізны. 3 другога пакоя выйшлі ўжо дарослыя дочкі — Гэля і замужняя Ядвіня, такія ж высокія, як і матка, і жывыя, вясёлыя, як бацька. За імі дзеці Ядвіні — 6-гадовы Жук і 3-гадовы Стэфак. Спачатку вельмі нясмелая, я хутка асвоілася, адчуўшы сардэчнае цяпло, шчырасць, свабоднае абыходжанне ўсёй сям’і. Хлапчукі адразу неяк прыльнулі да мяне, пачалі шчабятаць, апавядаць мне свае дзіцячыя прыгоды, паказваць цацкі48. Здавалася, што я не ўпершыню сюды прыйшла, а заўсёды жыла з імі.
Пачалася сямейная нарада, што і як са мной рабіць. Першнаперш п. Рэўкоўская сказала, каб я з гэтага ж дня кожны дзень прыходзіла да іх абедаць. Пасля зрабілі расклад заняткаў: Ядвіня будзе даваць урокі арыфметыкі, Гэля — нямецкай мовы; на ўрокі рускай мовы буду хадзіць да панны Яневіч, гісторыю і геаграфію даручылі яшчэ аднэй паненцы. Усе мае вучыцельніцы былі або студэнткамі, або супрацоўніцамі тых ці іншых устаноў. Усе яны жылі даволі далёка адна ад аднэй — у розных канцах горада. I вось пачалася мая вучоба, з 3 гадзін дня бегатня па ўсёй Рызе на абеды і ўрокі. Трэ было спяшацца, каб не спазніцца на вызначаную гадзіну. На трамвай грошай не было, і я бегала пешкі49. Спачатку так балелі ногі, што храмаць пачала, але з часам звыклася і развіла такую шпаркасць, што ледзь не ўровень з трамваем бегала.
Зіма гэтага 1907/8 года была суровая. Маразы даходзілі да —30 градусаў. Жакецік у мяне быў без ваты, ні галошаў, ні цёплага абутку не было. Як на бяду, я пачала быстра расці, рукавы жакета сталі кароткімі — у іх не схаваеш ад сцюжы рук у лёгкіх і кароткіх рукавічках. У выніку гэтага і рукі, і ногі да ран памарозіла. А тут новая бяда: чаравікі распаўзліся. Аднойчы бягу з усіх ног, аж раптам адарваўся абцас разам з падноскам больш чымся напалавіну. Шлёпае, падла, і не дае ходу. Што тут рабіць? Затулілася пад нейкай брамай і думаю, як параіць бядзе. На шчасце, угледзела пад брамай на зямлі нейкі шнурочак. Ура! Выхад ёсць! Падняла вяровачку, абматала чаравік, прымацавала абцас з падноскам і айда далей!
Рэўкоўская, крыштальнай душы чалавек, выхоўвала сваіх дзяцей і ўнукаў, і мяне ў тым ліку, каб жылі ў праўдзе, каб ніколі і ні ў якім выпадку не гаварылі няпраўды. I думкі, і ўчынкі чалавека павінны быць чыстымі. Трэба так жыць, каб ты мог, смела гледзячы людзям у вочы, сказаць: так, я гэта зрабіў, я так сказаў, я так думаў. Калі не можаш так сказаць, калі сорамна табе прызнацца ў сваіх думках і ўчынках, дык гані вон з галавы такія думкі, не рабі таго, што мусіш скрываць ад людзей. Усё, чаму мяне навучыла п. Рэўкоўская, было для мяне святым
законам. I здарылася аднойчы так, што я ледзь было не парушыла гэта правіла жыцця50.
Раз неяк пасля абеду і ўрокаў у Гэлі і Ядвіні я правяла цэлы вечар у іх сям’і і заседзелася да познага часу. Было ўжо бліз 11 гадзін. А мароз на дварэ сціснуў усё жывое. Казалі, што дайшло да —25 градусаў.
— Як жа ты пойдзеш у такую сцюжу? — кажа з трывогай п. Рэўкоўская і дае мне 5 капеек, каб я абавязкова трамваем ехала. Як я ні баранілася, аднак загад быў цвёрды. Сціснуўшы ў кулак мядзяк, я выйшла на вуліцу. I тут падступіла да мяне спакуса.
Справа ў тым, што я вельмі захаплялася рэпрадукцыямі мастацкіх карцін на паштоўках. Як толькі пазваляў час, я падоўгу выстойвала перад вітрынамі магазінаў, у якіх былі выстаўлены паштоўкі з мастацкімі малюнкамі. Ад аднэй з іх я проста воч не магла адарваць. А каштавала яна 5 капеек. I вось у маёй жмені ляжаць гэтыя 5 кап. А што станецца, калі я ўсё ж такі пайду пешшу, а за гэтыя грошы куплю сабе аблюбаваную паштоўку? Гм... Але ж мне далі гэтыя грошы на трамвай, а не на паштоўку. Што, калі заўтра спытае ў мяне п. Рэўкоўская, як я даехала? Што я скажу? Як гляну ў вочы? Зманіць? Нельга. I праўды сказаць нельга. Што ж рабіць? У вялікай задуме, рашаючы такую складаную праблему, з барацьбой у душы паміж гарачым жаданнем набыць любімы малюнак і пачуццём абавязку і праўды, не чуючы праз гэта жорсткіх абдымкаў марозу51, я паволі прайшла ўсю Грузінскую вуліцу і выйшла на галоўную Аляксандраўскую. Акурат падышоў трамвай. I, амаль зажмурыўшы вочы, каб хутчэй уцячы ад спакусы, рынулася ў вагон трамвая. Цяжка ўздыхнуўшы, падала кандуктару свой мядзяк. Села ў куточак. Перад вачыма стаяў вобраз малюнка на паштоўцы.