Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
У Рызе Марыя Рэўкоўская арганізавала для Паўліны поўны расклад заняткаў па арыфметыцы, нямецкай і рускай мовах, гісторыі і геаграфіі, знайшла настаўнікаў. I ўсё гэта рабіла за свой кошт ці дамаўлялася аб бязвыплатнай падрыхтоўцы. Толькі вось «на трамвай грошай не было, і я бегала пешкі. Спачатку так балелі ногі, што храмаць пачала, але з часам звыклася і развіла такую шпаркасць, што ледзь не ўровень з трамваем бегала», — напісала Паўліна Вінцэнтаўна ва ўспамінах. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, найбольш матэрыяльнага характару, было адчуванне вялікай асабістай падзеі: «Душа поўнілася пачуццём такога бязмежнага шчасця, такія гімны радасці гучалі ў ёй, што ні холаду, ні голаду, ні болю памарожаных рук і ног не адчувала. Вечарамі, вяртаючыся з урокаў на сваю кватэру, я часта ўголас спявала. Здавалася, якіясь магутныя крыллі ўзнімаюць мяне па-над дахамі высокіх дамоў, пад самыя зоркі ясныя, і адтуль хацелася ўвесь свет абняць, цалаваць, усіх людзей да грудзей сваіх прытуліць». Дзякуючы так добра арганізаванай падрыхтоўцы і самааданай працы Паўліна Мядзёлка недзе на пачатку 1909 г. змагла паступіць на прыватныя вячэрнія чатырохгадовыя курсы адразу на другі курс. Што гэта былі за курсы — яна не назвала, сказала толькі, што былі яны арганізаваны накшталт пазнейшых савецкіх рабфакаў і што там рыхтавалі да экзаменаў на атэстат сталасці. Адначасова дзяўчына брала ўрокі музыкі ў адной студэнткі кансерваторыі, якая сябравала з дачкой яе гаспадароў
Рэўкоўскіх. I так цягам 4 месяцаў, пакуль не пакінула Рыгу яе настаўніца. Дарэчы, у Рызе, у доме Будзькі, Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася з Вацлавам Ластоўскім і яго жонкай Марыяй, літоўскай пісьменніцай.
Курсы, відавочна, Паўліна не скончыла. Пасля некалькіх месяцаў навучання, вясной 1909 г., яна выехала дамоў у Глыбокае. I зноў пытанне: што рабіць далей? Вярнулася да думкі аб аптэкарскай працы і прапанове Аўгустоўскага. Аптэкар даў ёй ліст да віленскага студэнта па прозвішчы Фаертаг, які быў яго сваяком, каб той дапамог ёй у справе здачы належных экзаменаў. Усё лета рыхтавалася і ўвосень паехала ў Вільню. Спынілася ў Душэўскіх.
Экзамены прымала спецыяльная камісія пры Віленскай вучэбнай акрузе. Першымі здала алгебру і арыфметыку. Калі прыйшла здаваць геаграфію, ёй сказалі, што яна не дапушчана, бо па алгебры атрымала адзінку. Але ж яна рашыла ўсё правільна, і Фаертаг тое пацвердзіў. Ёй нараілі абскардзіць адзнаку ў папячыцеля вучэбнай акругі. I тут пачула:
«— А вы, девочка, русская?
— Нет, белоруска, — адказваю.
— Веронсповедання православного?
— Рнмско-католнческого.
— А-а-а, — усміхнуўся. — Поезжайте домой, нечего вам здесь делать».
Паўліна зразумела, што не алгебра вінавата ў яе правале. Яе планы цярпелі паразу: «Вяртацца ні з чым дамоў? Гэта значыць — назаўсёды расстацца з думкай аб вучобе. Зноў няньчыць малодшых братоў, займацца хатняй гаспадаркай, вучыцца шыць і слухаць вечныя папрокі за сваю няздатнасць да ўсіх гэтых работ. He! Што б там ні было, але дамоў не вярнуся». I яна дамоў не паехала.
Сям’я Рэўкоўскіх гэтым жа годам з Рыгі перабралася ў Вільню. Паўліна Мядзёлка часта іх адведвала, прасіла дапамагчы знайсці якую працу, гаварыла, што трэба шукаць кватэру, бо ў Душэўскіх няма як далей заствацца. I аднойчы гаспадыня дому сказала: «Пераходзь да нас, чым маем, тым і падзелімся, бяднейшымі ад гэтага не станем. А там што-небудзь прыдумаем». У тую ж восень 1909 г. Паўліна пераехала на Юнкерскі завулак да Рэўкоўскіх.
Вырашылася і пытанне з працай. Знаёмыя Рэўкоўскіх Малецкія павінны былі пакінуць на доўгі тэрмін дом і Вільню і запрасілі Паўліну «даглядаць за дзецьмі і служанкай». Яна згадвала, якая ў Малецкіх была вялікая і добра абсталяваная кватэра і што там быў грамафон з багатай калекцыяй пласцінак пераважна класічнай музыкі. «Пачуваючы сябе гаспадыняй у чужым доме, я не баялася часта заводзіць грамафон і слухаць музыку, запамінаючы назвы музычных твораў і кампазітараў», — успамінала яна. Наведвала ў тую зіму і канцэртную гарадскую залу, слухала вядомага чэшскага скрыпача Кубэліка, піяніста Слівінскага, канцэрты сімфанічнай музыкі. Наведвала музычны лекторый, які арганізавалі кампазітары Галкоўскі і Рагоўскі, праслухала 10 лекцый на тэму «Як трэба слухаць і разумець музыку» з падрабязным разборам санат Бетховена і музычнымі ілюстрацыямі розных іншых кампазітараў. Усё гэта спрыяла фарміраванню яе эстэтычных густаў, выводзіла яе музычныя захапленні на іншы ўзровень. У той жа час яна моцна пасябравала з Маняй Рэўкоўскай — дачкой гаспадароў дому на Юнкерскім завулку. Маня «кіравала чытаннем» Паўліны, хадзіла з ёй на канцэрты, на мастацкія выстаўкі, што абавязкова пасля абмяркоўвалі.
У гэты ж час, гэта магло быць восенню 1909 года, яна ўпершыню ў кватэры Ластоўскіх, якія толькі што перабраліся з Рыгі ў Вільню, сустрэлася з Янкам Купалам. Ва ўспамінах Паўліна Мядзёлка перадала свае першыя ўражанні ад сустрэчы з ужо тады вядомым паэтам вельмі маляўніча і з вялікай доляй іроніі, чым выклікала пасля пратэст рэдактара, і гэтая частка ўспамінаў у друк не пайшла.
На ўсё жыццё запомніўся Паўліне Мядзёлцы і дзень 12 лютага 1910 г., калі яе запрасілі ў залу клуба чыгуначнікаў на Херсонскай вуліцы на першую ў Вільні беларускую вечарынку. На сяброўскай сустрэчы ў гонар Першай беларускай вечарынкі, куды таксама была запрошана, яна пазнаёмілася з арганізатарамі і ўдзельнікамі спектакля і хору, з А. Бурбісам, I. Буйніцкім, Ядвігіным Ш., Цёткай, Змітраком Бядулем. Як сама запісала, «з таго часу я была сваім чалавекам сярод нашаніўцаў, далучылася да хору і пачала часта наведваць Беларускую хатку на Віленскай вуліцы і рэдакцыю “Нашай Нівы”».
Так прайшла вельмі памятная для Паўліны Мядзёлкі зіма 1909— 1910 гг.
А далей зноў пошукі працы. Яна часта праглядала аб’явы газет, дзе друкаваліся абвесткі аб вакансіях, і аднойчы натрапіла на аб’яву аб прыёмных экзаменах у жаночыя гімназіі. Вырашыла паспрабаваць: «I не таму, каб паступіць вучыцца ў гімназіі. Аб такім шчасці я не магла марыць, бо ў казённую гімназію мяне б не прынялі па тэй самай прычыне, па якой не дапусцілі да экзаменаў пры вучэбнай акрузе, а на прыватную гімназію патрэбны сродкі і на аплату за права вучобы, і на падручнікі, ну, і жыць жа неяк трэба. He магла я даўжэй быць цяжарам для Рэўкоўскіх, хоць яны ніколі і нічым не далі мне гэтага адчуць. Мне патрэбна была хаця б маленькая паперка аб тым, што я здала экзамены за якісь там клас, каб магла дамоў з ёй вярнуцца, каб якісь платны ўрок знайсці, бо хто ж адважыцца даручыць падрыхтоўку свайго дзіцяці нават у 1 клас, калі ты нідзе нічога не скончыла, калі невядома, якія маеш веды». На другі ж дзень дзяўчына адправілася на Вастрабрамскую, 29, дзе па ўказаным у газеце адрасе знаходзілася Прыватная жаночая гімназія К. П. Няздзюравай і Н. I. Рэйсмілер.
Паводле «Памятных кніжак Віленскай губ.», у 1905—1911 гг. у Вільні існавала Віленскае сямікласнае прыватнае жаночае камерцыйнае вучылішча Кацярыны Платонаўны Няздзюравай, дзе выкладчыкамі працавалі К. П. Няздзюрава і, некаторы час, дзве яе дачкі Наталля Іванаўна і Марыя Іванаўна Няздзюравы. У 1910—1911 гг. у кніжках значыцца адначасова з Віленскім сямікласным прыватным жаночым камерцыйным вучылішчам К. П. Няздзюравай Прыватная жаночая гімназія К. П. Няздзюравай і Н. I. Рэйсмілер з правамі для навучэнцаў, з 1911/12 навучальнага года — Прыватная з правамі ўрадавых жаночая гімназія К. П. Няздзюравай і Н. I. Рэйсмілер. Абедзве навучальныя ўстановы знаходзілася на Вастрабрамскай, 29. Заснаванне К. П. Няздзюравай жаночай гімназіі, відавочна, стала магчымым пасля вяртання ў Вільню Наталлі Іванаўны Няздзюравай-Рэйсмілер, якая, закончыўшы Санкт-Пецярбургскі універсітэт, стала дырэктарам і выкладчыкам французскай мовы ў гімназіі. Яе муж, Эрых Фёдаравіч Рэйсмілер, ад 1909 г. быў выкладчыкам, а пазней выконваў абавязкі дырэктара камерцыйнага вучылішча, адначасова выкладаючы і ў гімназіі. Гімназія праіснавала да 1917 г. Такім чынам, Паўліна Мядзёлка, відавочна, трапіла ў самы першы набор на-
вучальнай установы, якая ў год яе паступлення ўзнікла на змену камерцыйнаму вучылішчу. Рыхтавалася да экзаменаў з вялікім энтузіязмам, часам да непрытомнасці. Большасць экзаменаў здала на выдатна, і толькі па рускай мове адзнаку не паставілі — параілі летам займацца самастойна. I як ні прасіла дзяўчына выдаць ёй дакумент, што здала экзамены за пяць класаў гімназіі, каб мець права «на платны ўрок», ёй адмовілі і цвёрда сказалі, што яна прынята ў шосты клас і што павінна з’явіцца да пачатку заняткаў.
Паўліна Мядзёлка вельмі падрабязна апісала ва ўспамінах гады вучобы ў гімназіі. Гэта быў час яе сталення, час вялікіх выпрабаванняў безграшоўем, беспрытульнасцю, вялікай школай выжывання. Яна не раз згадвала добрым словам «начальніцу» Кацярыну Платонаўну Няздзюраву, сваіх сябровак, настаўнікаў. 3 многімі падтрымлівала сувязь праз доўгія гады жыцця. У гэты ж перыяд фарміравалася яе грамадска-палітычная пазіцыя, акрэслівалася роля ў нацыянальным адраджэнні. Зусім юнай яна адчула на сабе пагардлівыя адносіны да свайго народа і смела адстойвала сваю нацыянальную годнасць. Спроба сябровак залучыць яе ў польскі гурток «Mlodziezy postqpowo-niepodleglosciowej» скончылася поўным адмаўленнем, як толькі Паўліна пачула: «Беларусінка? Вы не жартуеце? Пані запраўды лічыць сябе беларусінкай?.. Ну, што за глупства! Якія зноў там беларусіны завяліся?.. Цяпер мода пайшла на розных беларусінаў, ліцвінаў. Паявіліся розныя ідыёты-правадыры, знайшлі нейкага пастуха Купалу, які крэмзае вершыкі на мужыцкай мове, і носяцца з ім, як курыца з яйкам. Каб гэты парабак быў у маім маёнтку, дык загадаў бы ўрадніку адсвенціць яго бізунамі і выбіў бы дур з яго галавы». Гэта сталася для яе вялікай асабістай абразай, і далей знаходзіцца ў таварыстве польскай моладзі яна ўжо не магла.
Навучанне ў гімназіі закончыла ў 1912 г., і толькі намнога пазней Кацярына Платонаўна Няздзюрава ёй прызналася, што плату за яе вучобу таемна ўносіла сям’я сяброўкі-аднакласніцы Лёлі Мушнікавай. Аў гімназічныя гады, даведаўшыся, што Лёля — дачка генерала і што яны маюць у Вільні свой двухпавярховы асабняк, аддалілася ад яе, сказаўшы аднойчы: «А што я за кампанія для цябе?.. Гліняны гаршчок генеральскаму катлу не пара».