Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
...Праз раскрытыя дзверы відаць клас сельскай школы. Такі падобны да таго, у якім я калісь сядзела ў Глыбокім. Ля парога, абапёршыся на палку, стаіць русавалосы хлопчык. На ім парваная, стлеўшая сярмяжка, праз дзіркі на рукавах прасвечвае голае цела, белыя портачкі таксама парваны. На нагах стаптаныя лапці, а на плячах дзве торбачкі з зажабраваным хлебам. Ён з зайздрасцю глядзіць на дзяцей, якія, седзячы за партамі, пільна
нахіліўшы галоўкі, не то пішуць штосьці, не то чытаюць. I яму ж хочацца сядзець разам з дзецьмі і вучыцца, але не для ўсіх даступна нават такая школа, у якой вучацца вясковыя дзеці52. Як мне зразумелы пачуцці гэтага хлопчыка! Ці ж не нагадвае ён і маю долю? Праўда, я не жабравала, я скончыла вось такую школу, але дзверы школ, дзе вучацца дзеці багатых бацькоў, для мяне зачынены. Мне і то пашанцавала — знайшліся добрыя людзі, якія дапамагаюць мне набыць веды...
Жаль і смутак ад таго, што выслізнулася з маіх рук гэта паштоўка, паволі заціхаў, і ў душы наступіў супакой. На месцы малюнка пабачыла добрыя вочы п. Рэўкоўскай, пачула ласкавы дотык яе рукі да маёй галавы, быццам хваліла мяне, што паслухала яе і еду ў трамваі. Прыемная дрымота закрывала мае вочы. He заўважала, колькі часу я еду, не сачыла за астаноўкамі. Ачнулася я ад голасу кандуктара над маім вухам:
— Ну, выхадзіце!
Я здзіўлена ўскочыла. Трамвай стаіць, усе пасажыры выйшлі, я адна ў вагоне. Чаму пусты вагон? Дзе я? Куды заехала?
— Гэта Пецярбургскае шасэ? — пытаю ў кандуктара.
— Куды там! — адказвае. — На Пецярбургскае шасэ вам трэба было сесці на першы нумар, а гэта трамвайная лінія двойкі.
— Як жа мне дабрацца да сваёй астаноўкі?
— Едзьце назад да цэнтра, а там перасядзеце.
— А можна з гэтым білетам даехаць да места?
— He, трэба і цяпер узяць новы білет, і на першым нумары зноў заплаціць.
Вось табе і на! Гадзіннік на апошняй трамвайнай станцыі паказваў без 5 мінут 12. На ўскраіне горада цёмна. Вяртацца пешшу да цэнтра і адтуль зноў такую даль да дома — гэтак і ўсю ноч праблукаеш. А ад сцюжы і рукі, і ногі, і ўся я ўжо скалела.
— А ці нельга як бліжэй мне дабрацца да дома?
— Можна, але трэба прайсці вось гэты могільнік, а там далей спытайцеся, і вам пакажуць дарогу.
Няма рады, рушыла па паказанай сцежцы праз могільнік. Снег глыбокі, сцежка ледзь прыкметна, навокал ні жывой душы, толькі нямыя магілы, крыжы, помнікі. Мёртвая цішыня. Бягу
як мага, вытарашчыўшы ад страху вочы і пільна ўглядаючыся, каб не згубіць сцежкі. Раптам штосьці як стукне ў скронь, што іскры пасыпаліся з вачэй, і я звалілася на нейкую магілу ў снег. Шум, звон у галаве. Што гэта было? Ці то хто абледзянелым комам снегу пульгануў у мяне, ці мо на нейкі сук наткнулася, — я і цяпер не ведаю. Дый разважаць аб гэтым і шукаць прычыны нельга было. Страх гнаў наперад. Хутчэй, хутчэй выбрацца з гэтага пустыннага месца, з абдымкаў мерцвякоў!
Зусім зняможаная, дабралася дадому ўжо каля 3 гадзін ночы і кінулася ў пасцель. Ляжу і думаю: бач ты, якая прыгода мяне спаткала! I гэта толькі за адну думку ўтаіць праўду і спатрэбіць гэтыя 5 капеек на сваю прыхаць. А што было б, каб я не перамагла сваёй спакусы?
Успамінаючы праз шэсць гадоў гэтую зіму, п. Рэўкоўская казала, што кожны дзень з трывогай глядзела на мяне, баючыся, што вось-вось зваліць і даканае мяне прастуда. Аднак я не толькі жывая засталася, але, бадай, не было на свеце шчаслівейшага чалавека за мяне. Душа поўнілася пачуццём такога бязмежнага шчасця, такія гімны радасці гучалі ў ёй, што ні холаду, ні голаду, ні болю памарожаных рук і ног не адчувала. Вечарамі, вяртаючыся з урокаў на сваю кватэру, я часта ўголас спявала. Здавалася, якіясь магутныя крыллі ўзнімаюць мяне па-над дахамі высокіх дамоў, пад самыя зоркі ясныя і адтуль хацелася ўвесь свет абняць, цалаваць, усіх людзей да грудзей сваіх прытуліць.
— Ці ты бачыш сонцаўдушы маёй? — хацелася спытаць кожнага сустрэчнага. — Паглядзі, дык і ты засмяешся ад радасці, сагрэешся цяплом майго сэрца. He хочаш зазірнуць? Абыякава праходзіш міма? Ну і не трэба! Такой бяды. Шукай сам свайго сонца.
Гэй!
Няхай мароз мне шчыпле нос — Смяюся я з яго!
Няхай кусае рукі мне —
Смяюся я з яго!
Ты не кусайся, злы мароз,
Я не баюсь тваіх пагроз! Спявайма песню ўсе, Хоць віхар сцюжай дзьме!
Так перакладаючы на свой лад вядомую польскую песню на мелодыю Шуберта («Choc burza huczy wkolo nas»), спявала на ўвесь голас. Вось цяпер дык аглядаліся на мяне прахожыя53.
Пасля Новага года мяне ўстроілі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы тыпу нашых пазнейшых рабфакаў. За 4 гады на гэтых курсах падрыхтоўвалі да экзаменаў на атэстат спеласці. Наведвала гэтыя курсы рабочая моладзь. Сярод іх я была самая малодшая. Прынялі мяне на 2-і курс, што адпавядала прыблізна 3—4-му класу гімназіі. Па большасці прадметаў я не была падрыхтавана. Прыйшлося самой наганяць пройдзенае па праграме і паспяваць за новым матэрыялам. Цяжкавата было, што і казаць! Атут яшчэ пачаліся ўрокі музыкі.
Вярнулася з вучобы самая малодшая дачка Рэўкоўскіх — Маня. Аднойчы забрала мяне з сабой да сваёй падружкі. Там было фартэпіяна. Я папрасіла дазволу пайграць. Як жа яны здзівілася, калі я сыграла «Лявоніху», «Украінскую думку»54 і якісь лёгкі вальсок.
— Калі і хто цябе навучыў?
Я сказала, што ў Глыбокім жыла адна старая пані Чарняўская, у якой было фартэпіяна. Я часам заходзіла да яе і так крыху прывучылася, а рэшту сама падбірала. Перад смерцю яна аддала нам фартэпіяна.
— Можа, і ноты ведаеш?
— Крыху ведаю55.
Тут жа адна студэнтка-кансерваторка запрапанавала даваць мне ўрокі музыкі. Ішло ўсё гладка. Мая вучыцелька была задаволена. Аднак нядоўга я вучылася музыцы — мабыць, месяцы 3—4. Мая вучыцелька кудысьці выехала з Рыгі, а прытым і часу не хапала ў мяне на такую раскошу, як музыка.
Аднойчы хтосьці даў мне білет на канцэрт, прысвечаны памяці Чайкоўскага. Да гэтага я ні разу не была ні ў тэатры, ні на канцэртах. Баязліва спынілася перад уваходам. Праз шкляныя дзверы бачыла, якія важныя асобы ў багатых вопратках тоўпіліся
каля раздзявальні. Аднак асмелілася і ўвайшла. Апынуўшыся сярод пахучага натоўпу, я разгубілася. Мяне таўхалі, усім я перашкаджала і не ведала, куды мне ісці далей. Білет трымала ў руцэ на віду, каб усе бачылі, што я па праву зайшла сюды, і гэта крыху дадавала мне адвагі. Пабачыўшы, як кручуся туды і сюды, уступаючы дарогу панам, падышоў да мяне нейкі важны генерал у сінім мундзіры з бліскучымі гузікамі і са шнуркамі на грудзях56, паглядзеў на мой білет і запрапанаваў раздзецца. Я ўжо заўважыла, што за вешалку плоцяць, а ў мяне ні капейкі не было, у чым і прызналася генералу. (Пазней я даведалася, што гэты «генерал» быў звычайны капельдынер, які правярае білеты.) Ён заклапочана пакруціў галавой, агледзеў мяне з ног да галавы і павёў кудысь наверх па сходах. Там перадаў мяне другому «генералу». Паказалі мне маё месца на балконе. Села на кончык крэсла і баялася чхнуць, баялася кашлянуць.
Выступалі піяніст, скрыпач, спяваўхор. Праграмы я не мела. Хто іграў і што — не ведала. Класічную музыку я ўпершыню слухала, і, апрача паасобных урыўкаў, якія даходзілі да мяне, рэшта злівалася ў незразумелы хаос гукаў57.
3 таго часу прайшло некалькі гадоў. Я ўжо часта хадзіла на канцэрты і асвоілася з публікай у тэатральных і канцэртных залах. На адным з канцэртаў прафесар Аўэр выконваў скрыпічны канцэрт Чайкоўскага. I раптам падчас гэтай музыкі агарнуў мяне нейкі дзіўны настрой, пачуццё скаванасці, баязлівасці, адзіноцтва. Я азірнулася навокал, шукаючы прычыны такога незвычайнага стану, і нічога незвычайнага не пабачыла. Прыкрыла рукой вочы і... убачыла сябе ў канцэртнай зале ў Рызе, дзе я першы раз у жыцці была. Узняла вочы на эстраду і пазнала старычка, які тады іграў на скрыпцы. Тады я зразумела, што гэта той самы прафесар Аўэр і выконвае той самы канцэрт Чайкоўскага, што і тады. Такім чынам цудоўныя гукі музыкі, якія ў той час не даходзілі да маёй свядомасці, цяпер выклікалі гэта даўнейшае пачуццё няпэўнасці, адзіноцтва сярод чужога натоўпу58.
«Асадзі назад»
Якуб Колас
Прыйшла вясна 1908 г. Кончыліся заняткі на курсах, і я вярнулася дамоў, у Глыбокае. Яшчэ да майго ад’езду ў Рыгу глыбоцкі аптэкар Аўгустоўскі раіў мне падрыхтавацца і здаць экзамены на аптэкарскую вучаніцу. Гэта быў адзіны спосаб стаць як найхутчэй на шлях самастойнага жыцця. Здаўшы такі экзамен, я магла атрымаць працу ў яго аптэцы. Заробак быў нядрэнны: 5 руб. у месяц, кватэра і поўнае ўтрыманне, а калі на сваім утрыманні і кватэры — 25 руб. у месяц. Работа пазменная з другім вучнем ці аптэкарскім памочнікам. Такім чынам заставалася шмат часу, які можна скарыстаць для далейшай вучобы, рыхтуючыся да экзаменаў ці то па лініі фармацэўтыкі, ці на атэстат спеласці.
Дабыўшы праграму і падрыхтаваўшыся па ёй, увосень паехала ў Вільню і спынілася ў Душэўскіх59. Аптэкар Аўгустоўскі даў мне пісьмо да свайго сваяка студэнта Фаертага, каб ён праверыў мае веды і дапамог, калі будзе патрэба. Фаертаг меў цэлую школу па прыватнай падрыхтоўцы да розных экзаменаў і не адмовіўся мне дапамагчы бясплатна.
Наступіў час экзаменаў, якія прымала спецыяльная камісія пры Віленскай вучэбнай акрузе. Першы экзамен — алгебра. Матэматыку я вельмі любіла, і яна давалася мне лёгка. Задачу на раўнаванне з двума невядомымі я ўмомант рашыла, напісала тлумачэнне і здала адна з першых, паспеўшы зрабіць і копію сваёй работы. Зразу ж пабегла да Фаертага праверыць. Усё было правільна. Другім экзаменам была арыфметыка. Гэту работу зрабіла таксама без памылак60. Прыйшла на трэці экзамен — па геаграфіі. Пры ўваходзе ў экзаменацыйную залу мяне затрымліваюць і — гром з яснага неба! — заяўляюць, што я не дапушчана да далейшых экзаменаў, бо па алгебры атрымала адзінку.
— Што-о-о? Быць не можа! Гэта нейкае непаразуменне, — кажу, аглушаная такім ударам. — Я правільна рашыла. Адзін студэнт правяраў — правільна!
Прашу-малю дапусціць хоць на сённяшні экзамен, пасля выясніцца, я ўпэўнена ў гэтым. Нічога не дапамагае. Экзамен ужо пачаўся, а я засталася за дзвярыма, думаючы, што гэта толькі страшны сон. На жаль, гэта быў не сон. Прыгнечаная да атупення так, што і слёз не было ў сухіх вачах, паплялася са сваім горам да Фаертага. Ён параіў зараз жа ісці да самога папячыцеля вучэбнай акругі, прасіць яго выясніць памылку і дапусціць да далейшых экзаменаў.