Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
3 таго часу ў доме Рэўкоўскіх цукар сталі называць «прынцыпам»: «Падайце мне прынцыпу», «Прынцып ужо канчаецца, трэба заўтра купіць».
Да Рэўкоўскіх часам заходзілі іх старыя знаёмыя Малецкія, якія мелі свой магазін «Оптыка» на Вялікай вуліцы. Сам Малецкі быў хворы, жонка збіралася павезці яго кудысь на лячэнне і папрасіла, каб на час яе адсутнасці я жыла ў іх і даглядала
за дзецьмі і служанкай. У іх я прабыла амаль усю зіму. Кватэра вялікая, добра абсталяваная. У адным пакоі жыў кватарант, нейкі інжынер, які амаль кожны вечар вельмі прыгожа іграў на скрыпцы. Як толькі пачынаў ён іграць, я выходзіла ў калідор і, стоячы пад яго дзвярамі, слухала з прыемнасцю. Быў у Малецкіх і грамафон з багатай калекцыяй пласцінак пераважна класічнай музыкі. Пачуваючы сябе гаспадыняй у чужым доме, я не баялася часта заводзіць грамафон і слухаць музыку, запамінаючы назвы музычных твораў і кампазітараў. Пазней часта то той, то другі давалі мне білеты ў канцэртную гарадскую залу. Там я слухала праслаўленага ва ўсім свеце чэшскага скрыпача Кубэліка, піяніста Слівінскага, праф. Аўэра, слухала канцэрты сімфанічнай музыкі. Асабліва дапамагло мне разумець музыку наведванне музычнага лекторыя, арганізаванага кампазітарамі Галкоўскім і Рагоўскім. Праслухала 10 лекцый на тэму «Як трэба слухаць і разумець музыку» з падрабязным разборам санат Бетховена і музычнымі ілюстрацыямі розных іншых кампазітараў.
Такім чынам музыка з юнацкіх гадоў заняла паважнае месца ў маіх жыццёвых інтарэсах.
Вясной вярнуліся Малецкія, і я зноў перабралася да Рэўкоўскіх. Сям’я іх была цяпер меншая, чымся ў Рызе. Дынька з мужам і дзецьмі засталася ў Рызе, Гэля выйшла замуж і кудысьці выехала далёка, Адась са сваёй сям’ёй жыў у Вільні асобна. Дома, апрача старыкоў, была самая малодшая дачка Маня, якая працавала настаўніцай у пачатковай школе. Маню я вельмі любіла. Яна і па выгляду, і па характары была амаль копіяй маткі. Яе прагрэсіўны светапогляд, варожасць да віленскага мяшчанства, эстэтычныя ўпадабанні — усё гэта шмат паспрыяла майму агульнаму развіццю. Яна кіравала маім чытаннем, хадзіла са мной на канцэрты, на выстаўкі выяўленчага мастацтва, і аб усім пасля вяліся доўгія гутаркі73.
Яшчэ ў Рызе, у доме Будзькі я пазнаёмілася з Вацлавам Ластоўскім і яго жонкай, літоўскай пісьменніцай Марыяй
Ластоўскай. Ластоўскі — малады мужчына са светлымі валасамі, блакітнымі вачыма, румянашчокі, з круглай, велічынёй з грош, рыжаватай мышкай на правай шчацэ. Мяккі, прыглушаны, быццам пад сурдынку, голас. Гаварыў, злёгку прышапётваючы і заікаючыся на зычным гуку «с»74.
Марыя Ластоўская з дома Іваноўскіх, 35-гадовая жанчына, выглядала значна старэйшай за свае гады. Гэта была худзенькая, крыху згорбленая, відаць, змучаная жыццём, кабеціна, з завостранымі рысамі твару, гладка зачасанымі валасамі, густа пасрэбранымі сівізной. Лагодныя, добрыя вочы, якія цяплом абдавалі таго, на каго гляне75.
Увесь вечар гутарка ішла аб беларускай мове, розных гаворках, аб літаратуры, а найбольш аб гісторыі Беларусі. Ластоўскі працаваў у якойсь вялікай бібліятэцы76 і, як відаць, цікавіўся найбольш гісторыяй77. Я ўважна прыслухоўвалася да іх гутаркі, але не ўмешвалася — для мяне ўсё гэта было новым і цікавым. Даведаўшыся, што я з Глыбокага, Ластоўскі сказаў, што мы з ім землякі, бо яго бацькаўшчына — наш павятовы горад Дзісна.
Другі раз я пабачыла Ластоўскіх ужо ў доме Рэўкоўскіх у Вільні, куды і яны ў гэтым годзе пераехалі. Аказваецца, з Рэўкоўскімі яны былі знаёмы яшчэ ў Рызе. Мне асабліва падабалася Марыя Ластоўская, і я, карыстаючыся з яе запросін, пачала часта бываць у іх. Жылі яны ў вузенькім завулку, што вядзе ад Бернардынаў на Зарэчча, у паўпадвальнай вільготнай кватэры, якая складалася з вялікага пакоя і куханькі. Цэлымі днямі з усходу сонца і да поўнай ночы Ластоўская карпела, сагнуўшыся, над работай, вышываючы блёсткамі і бісерам па цюлі розныя шалі і балёвыя сукенкі. Работу на дом брала з вялікага магазіна Альшванга. Плацілі ёй капейкі за гэту цяжкую работу, якая слепіць вочы, а прадавалі ў магазіне за вялікія грошы. Сваёй працай яна ўтрымлівала ўсю сям’ю: мужа і дзвюх нялетніх дачок. Ластоўскі нідзе не служыў, ён дома пісаў гісторыю беларускага народа78. Часта, бывала, я прыходзіла да іх апоўдні. Муж яшчэ спіць. Ластоўская сядзіць ля акна, сагнутая над рамай, нацягнутай чорным цюлем, з нізкай блёстак або драбнюсенькіх пацерак у аднэй руцэ і шыдэлкам у другой.
Мы прыцішаным голасам гутарым з ёй. Але вось прачнуўся гісторык. Жонка ўстае, разагравае каву і падае яму ў ложак за фіранкай. Паснедаўшы ў пасцелі, «вучоны муж» апранаецца і выходзіць у рэдакцыю «Нашай Нівы»79. Пасля абеду садзіцца пісаць сваю працу.
Рэўкоўскія страшэнна абураліся на такі ўклад іх жыцця.
— Паразіт, — казала аб Ластоўскім п. Рэўкоўская. — Сам малады, здаровы, як вол, а жыве сокамі беднай, змучанай жанчыны: ён, бачыце, «вучоны», «грамадскі дзеяч», — іранічна заканчвала.
Аднаго разу, калі я зранку прыйшла да Ластоўскіх, дзверы адчыніў мне якісь малады мужчына. Ён быў толькі ў камізэльцы, рукавы белай кашулі яшчэ закасаны, высокі цвёрды белы каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак; светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прылізаны; пад носам нейкая павязка з цюлю, зачэпленая шнурочкамі за вушы80. Упусціўшы мяне, ён застаўся ў першым, кухонным пакоі.
— Хто гэта такі? — пытаю ў Ластоўскай.
— Янка Купала, — адказвае. — Учора прыехаў.
— Ку-па-ла? — здзівілася я. — Я ж зусім інакш сабе яго ўяўляла. А чаму ён у нейкім намордніку? Што, у яго вусны пакалечаны?
— Ды не! Гэта такі бінт, які прыціскае вусы, каб яны ўгору тырчэлі, — адказвае, смеючыся, Ластоўская.
— Фі, паскудства нейкае!
— Што, не спадабаўся?
— He, — цвёрда адказала.
Праз хвіліну ўвайшоў Купала ўжо прыадзеты і без намордніка. Светлыя невялічкія вусікі тырчэлі кверху востра закручанымі канцамі81.
Пазнаёміліся. Пачалася якаясь пустая гутарка. Купала жартаваў, пытаўся, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Мне было крыўдна, што ён прыняў мяне за дзяўчыну, якая можа лёгка падацца на заляйанкі. Насупіўшыся, я ўвесь час маўчала. Я ўяўляла сабе яго значна старэйшым, паважным мужчынам. Гэта ж чалавек, якому прадракалі вялікую будучыню, паэт,
вершы якога так глыбока пранікалі ў душу, захаплялі. А тут раптам — звычайны хлапец, легкадумны, які так дбае аб сваіх вусіках і гаворыць толькі аб дзяўчатах82.
Хутка яны з Ластоўскім пайшлі ў рэдакцыю «Нашай Нівы».
Да Ластоўскіх часта прыязджала яе сястра, таксама літоўская пісьменніца Пэледа. На выгляд гэта была простая вясковая жанчына і апраналася не па-гарадскому. Выглядала яна значна маладзейшай і здаравейшай за сваю сястру. Ластоўская была болын мяккай, лірычнай, а Пэледа — болып энергічнай, бойкай жанчынай. Ластоўская рэдка смяялася, хоць лагодная ўсмешка заўсёды вітала на яе твары, і смех яе быў ціхі, прыглушаны. А Пэледа смяялася ад душы, раскаціста, звонка. Нягледзячы на такую розніцу ў характарах, абедзве сястры ўмела спалучалі сваю літаратурную творчасць, шмат твораў на літоўскай мове былі напісаны імі супольна, чаго не хапала ў аднэй — дапаўняла другая. Цікавая і рэдкая з’ява ў літаратурным жыцці — такая супольная творчасць дзвюх розных натур.
Неяк вясной гэтага ж 1909 года мне далі білет на першую ў Вільні беларускую вечарыну, якая мелася адбыцца, калі не мыляюся ў дакладнай даце, 9 сакавіка ў зале Палескага чыгуначнага клуба83. Пайшла туды адна. Народу была такая процьма, што я ледзь праціснулася да свайго месца на правым балконе непадалёк ад сцэны. Білеты даўно ўжо былі распраданы, пускалі ўжо безбілетную публіку, якая запоўніла ўсё фае, усе праходы паміж крэсламі ў зале, тоўпілася на сходах, што вялі ў залу, а хто не змог уціснуцца ў будынак, натоўпам стаялі на вуліцы пад вокнамі залы.
Трэці званок. Раскрываецца заслона. На сцэне сярод дэкарацый лесу вялікі хор у беларускіх нацыянальных касцюмах. Дзяўчаты ў саматканых андараках, у вытканых нацыянальнымі ўзорамі белых кужэльных кашулях, рознакаляровых гарсэціках і вытканых такімі ж узорамі фартушках. Мужчыны — у белых з ценкай ваўнянай тканіны касцюмах: белыя нагавіцы запраўлены ў боты, верхняя белая вопратка, доўгая да калень, пашытая да стану, з чырвонымі выпусткамі па каўняры, ускос па
кішэнях і па бартах, падпаясаная шырокім чырвоным поясам, канцы якога звісаюць па баках; каўняры белых кашуль завязаны чырвонай жычкай. Асвечаны яркім святлом хор выглядае надзвычай маляўніча сярод зелені дэкарацыі.
Выходзіць у чорным фраку кіраўнік хору кампазітар Рагоўскі. Узнімае рукі і...
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
Пры першых магутных, урачыстых гуках гэтай песні, напісанай Рагоўскім на словы Янкі Купалы, песні, якой суджана да 1917 года стаць гімнам беларускага народа84, увесь зал затаіў дух.
А што яны нясуць на худых плячах, На руках ў крыві, на нагах у лапцях? — Сваю крыўду.
У зале пачуўся ўздых, адзін магутны ўздых з соцень грудзей... Здаецца, сцены ўздыхнулі85.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю, А куды ж нясуць на паказ сваю? — На свет цэлы.
Хтосьці ўсхліпнуў. Быццам каласы на жытнім полі пад подыхамветру, пахілілісядолу галовы. Белымі матылькамі замільгалі хустачкі, узнімаючыся да вачэй.
А чаго ж, чаго захацелась ім, Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца.
Туга скручанай спружынай раптам узняўся плач, які ўжо нельга было стрымаць. Замест воплескаў, уся зала наўзрыд плакала, не скрываючы ўжо сваіх слёз. Побач са мной сядзелі якіясь старычкі — муж з жонкай — у гарадской вопратцы. Плечы іх з нізка апушчанай галавой сутаргава трасліся ад нястрымнага плачу ўголас86.
Даўно заслона закрылася, на сцэне паспелі перамяніць дэкарацыю, і зноў заслона адкрыла канцылярыю воласці. На падлозе сядзіць валасны стораж і перакідвае пальцам на шчотах костачкі: «Цок сюды, цок туды...» А публіка ўсё не можа супакоіцца: то ў адным месцы, то ў другім яшчэ чуваць затухаючыя ўсхліпы.
На сцэне ідзе «Па рэвізіі», камедыя Крапіўніцкага ў перакладзе на беларускую мову.
Стоража іграў Алесь Бурбіс, пісара — Чэсь Родзевіч, бабу — Карольця (прозвішча яе не памятаю)87. П’еса, напісаная ўкраінскім драматургам і перанесеная на беларускую сцэну, адлюстроўвала аднолькавы быт і ўкраінскага народа, і беларускага.