Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Асабліва памятаю экзамен па прыродазнаўстве. Як ні дзіўна, але сярод прадметаў, па якіх экзаменавалі на званне
аптэкарскага вучня, не было прыродазнаўства. А ў гімназіі ўвесь курс заканчваўся ў 5-м класе, і адзнака, атрыманая на экзамене пры пераходзе ў 6-ы клас, заносілася ў атэстат пры заканчэнні гімназіі. Праграма была вялікая. Трэ было асвоіць матэрыял 4 падручнікаў: дзве тоўстыя кнігі батанікі і заалогіі і дзве, крыху меншыя, — мінералогіі і анатоміі чалавека. Выкладаў гэтыя прадметы зяць начальніцы, немец Рэйсмілер і, як казалі гімназісткі, вельмі строга вымагаў глыбокіх ведаў свайго прадмета. Я вельмі баялася гэтага экзамену.
За сталом некалькі чалавек экзаменацыйнай камісіі. На паркеце ля сцяны прытулілася вялікая колькасць розных табліц, якіх я дагэтуль ні разу не бачыла. Выходзяць дзяўчаты адказваць па білеце, і амаль кожная з іх атрымлівае вымоўку, што не падрыхтавала табліц, па якіх трэба адказваць. Я пільна разглядаю са сваёй лаўкі табліцы і дзіўлюся: «Вось дурніцы! Гэта ж па табліцы куды лягчэй адказваць. Там усё як на далоні: глядзі і гавары аб тым, што бачыш».
Выклікаюць і мяне. Выцягваю 21-ы білет. Гляджу ў праграму: 1) бярозы, 2) тыгр, 3) нягашаная вапна і 4) кровазварот. Адразу падыходжу да табліц і выбіраю з усёй кучы патрэбныя. Пакуль іх разглядала, падышла мая чарга адказваць.
Хто з нас не знае нашу беларускую бярозку? Нічога лягчэйшага, як аб ёй расказаць. Памятаю, што і ад сябе дабавіла, чаго ў сухім падручніку не было. Сказала, як прысады бяроз упрыгожваюць нашы шляхі-дарогі, як яны бялеюць сваімі стваламі і шэпчуцца каля доміка, як прыемна пахнуць яе маладзенькія, кволенькія светла-зялёныя лісточкі. Мяне не спынялі і неяк асабліва ўважна слухалі і часам пераглядаліся паміж сабой.
Нягашаная вапна. Пхі! Аб гэтым не варта было траціць час на чытанне падручніка. Побач з нашым домам у Глыбокім перабудоўваўся касцёл, і я кожны дзень назірала, як гасяць вапну. He раз бывала і ў вапнярцы, дзе выпальваюць вапнякі. Таму ўвесь працэс выпальвання і гашэння вапны расказала, бадай, лепш, як па падручніку.
А аб тыгру крыху прызадумалася: з якога канца пачаць яго апісваць — з галавы ці з хваста? Успомніла прымаўку: «3 гала-
вы — цвёрда, а з хваста — смярдзіць» — і ўсміхнулася. Рашыла пачаць з галавы, хоць і цвёрда. Ну, апісаць словамі тыгра — таксама не трудная справа. Гэта ж той самы кот, толькі вялікі. А ці мала ў нашым доме катоў гадавалася?
А вось з кровазваротам... справа зусім дрэнь. Нічагусенькі я не зразумела ні з падручніка, ні з табліцы. Наматаны, накручаны каля сэрца нейкія сінія і чырвоныя жылы, а што да чаго — аніруш не ведаю. На маё шчасце, я, мабыць, надакучыла камісіі, бо як толькі паставіла перад сабой табліцу з гэтымі жыламі і глыбока ўздыхнула, замахалі рукамі: «Даволі ўжо, даволі!» Зірнула я на руку начальніцы, якая побач з пяцёркай паставіла крыжычак, і кроў шуганула мне ў твар ад радасці. Выскачыла, як шалёная, з класа ў залу. Праз хвіліну выйшаў з класа і сам Рэйсмілер, закурыў папяросу і падазваў мяне.
— Скажыце, дзевачка, хто вас рыхтаваў па прыродазнаўстве?
— Ніхто. Я сама рыхтавалася.
— Як гэта сама?
— Атак, сама, бо ў мяне няма сродкаў, каб наймаць вучыцеля.
— А колькі часу вы рыхтаваліся па гэтым прадмеце?
Я крыху задумалася, прыпамінаючы.
— Экзамен гісторыі, — кажу, — у нас быў 2 мая, а сягоння 8-е, — пачала лічыць на пальцах, — шэсць дзён.
— Дык гэта ад аднаго экзамену да другога 6 дзён. А наогул калі вы пачалі вывучаць прыродазнаўства?
— Я ж кажу вам — з 2 мая. Да гэтага я паняцця не мела, што такое батаніка, заалогія. Першы раз гэтыя кнігі я ў рукі ўзяла 2 мая.
— I ўсе чатыры кнігі вы паспелі вывучыць за 6 дзён? — недаверліва зноў пытае.
— Ага, паспела. — I памкнулася было сказаць, што ў анатоміі я не ўсё зразумела, ды ўкусілася за язык, спужаўшыся, што магу гэтым прызнаннем сапсаваць сваю пяцёрку.
Рэйсмілер неяк крыва ўхмыльнуўся — відаць, не паверыў — і адвярнуўся.
3 гэтага дня пачалі наведваць мяне дзяўчаты, мае будучыя падружкі па гімназіі: Марыля Давякоўская, Марыся Федаровіч
і Зоська Вітвінская. Прыходзілі днём і, рэч вядомая, перашкаджалі мне рыхтавацца да чарговага экзамену. Добра, што на дварэ было ўжо цёпла, таму я з раніцы, забраўшы пад паху кнігі, уцякала з дома на Лютэранскія могілкі, што на Малой Пагулянцы, і, зашыўшыся ў кусты, займалася да вечара. Пазней мне Марыля прызналася, што іх пасылала начальніца праверыць, хто я, у якіх умовах жыву і вучуся. У маю адсутнасць яны распытваліся аба мне ў п. Рэўкоўскай.
Кончыліся экзамены. Па ўсіх прадметах сказалі мне ацэнкі, з якіх большасць была пяцёрак і ніводнай тройкі, толькі па рускай мове не назвалі ніякай ацэнкі, а параілі летам пазаймацца дыктоўкамі. Трэба думаць, двойку схапіла, але не хацелі мяне адпужваць. Як ні прасіла-маліла выдаць мне паперку з пячаткай аб тым, што здала экзамены за 5 класаў гімназіі, ніякай паперкі мне не далі, толькі сказалі, што я прынята ў 6-ы клас і каб прыязджала да пачатку заняткаў у жніўні.
3 лёгкай душой, не маючы сіл ад стомленасці думаць аб будучыні, я выехала дамоў у Глыбокае. А прыехаўшы, як завалілася спаць, дык спала цэлых два тыдні без просыпу. Падаіўшы карову, мама прыпадыме мяне з падушкі і сонную напоіць цёплым малаком. He адкрываючы вачэй, не прыходзячы да свядомасці, інстынктыўна глытала малако і спала, спала... Нарэшце бацькі спужаліся: дакуль жа яна будзе спаць? Мама звярнулася да доктара па параду. Доктар сказаў, каб не даваць мне спаць больш нормы. Параіў вадзіць мяне ў поле, лес, на возера, змушаць хадзіць, бегаць, у лодцы за вёслы пасадзіць, словам, усялякімі спосабамі раскатурхаць, ажывіць мяне, бо інакш можа дрэнна кончыцца.
I вось падымаюць мяне сонную, адзяваюць і, узяўшы з двух бакоў пад рукі, бацька і старшы брат Казя вядуць мяне па вуліцы за мястэчка. Вочы закрыты, ногі падгінаюцца, ледзь можна разабраць, як невыразна, быццам п’яная, бармачу:
— Пусціце мяне, не мучайце!..
А ззаду за намі збіраецца цэлая працэсія дзетвары і цікавых дарослых. Выводзяць мяне за мястэчка на шашу і пачынаюць перакідаць мяне з рук у рукі, як валейбольны мячык. Шпурнуць
да аднаго, а як толькі пачынаю падаць, той падхопіць і шпургае другому. Бацька, Казя, Клаўдысь Душэўскі са сваім таварышам, якія прыехалі на канікулы, з дня ў дзень так гулялі мной, як мячыкам, пакуль не дабіліся, што-ткі я мала-памалу ачуняла і пачала ўжо самастойна трымацца на нагах.
Гэтым летам я пазнаёмілася ў Глыбокім з аднэй дзяўчынай, з якой звязала нас моцная дружба. Гэта дружба сыграла пэўную ролю ў маім жыцці: яна і падтрымлівала мае сілы ў цяжкім змаганні з жыццём, яна і шкодна ўплывала на некаторыя мае погляды. У далейшым хачу сказаць, як гэта моцная дружба паступова гасла аж да таго, што мы сталі зусім чужымі, болып таго, апынуліся ў двух варожых лагерах.
Дуня Мірман — дачка даволі багатага лесапрамыслоўца. 3 першага спаткання яна зрабіла на мяне ўражанне сваёй незвычайнасцю. Яна не падобна была да ніводнай з дзяўчат, якіх я ведала. Гады на два старэйшая за мяне, высокая, стройная, прыгожая, заўсёды акуратна, але строга апранутая, без прэтэнзіі на моды, яна здзіўляла мяне сваім свабодным, смелым абыходжаннем з людзьмі, сваёй начытанасцю, глыбокімі думкамі. Словам, разумная была дзяўчына. Пры другім спатканні яна запрасіла мяне да сябе. У доме бацькоў сваіх яна займала асобны пакойчык. У ім усё акуратна прыбрана, чысценька. На полках і на стале кнігі, на сценах рэпрадукцыі мастацкіх малюнкаў. Ува ўсім — ні ценю таго мяшчанскага густу, які зазвычай бывае характэрным для местачковых дзеячаў. Над сталом я ўбачыла рэпрадукцыю вобраза Хрыста.
— Ты ў Хрыста верыш? — здзіўлена пытаю.
— Я атэістка, — адказвае, — не веру ні ў бога, ні ў чорта, але Хрыстос быў першым рэвалюцыянерам, і таму я яго паважаю.
— А вось мой бацька вычытаў у кнігах, што Хрыстос наогул не існаваў, што гэта толькі казкі аб ім, такія ж казкі, як міфы ў грэкаў аб Зеўсе і Апалоне, як і ў іншых народаў казкі аб багах.
— А мне ўсё роўна, ці ён запраўды існаваў у жыцці, ці толькі ў марах-летуценнях народа. Хай сабе і казка, але яна выражае рэвалюцыйныя думкі і настроі паднявольнага люду таго часу.
— А што твае бацькі на гэта кажуць, што ты Хрыста ў сябе завяла? Яны ж, напэўна, прытрымліваюцца старога закону?
— Я сябе паставіла так, што бацькі не ўмешваюцца ў маё асабістае жыццё, — сказала і, дастаўшы з прыгожага партсігара папяросу, закурыла.
— Ты курыш? — з яшчэ большым здзіўленнем спытала, бо да гэтага часу не сустракала жанчын, а тым больш дзяўчат, якія б курылі.
— Ведаеш, у мяне цяпер ёсць толькі адзін верны друг. Усе мяне намаўлялі пакінуць яго, але я не згадзілася, бо ўсе сябры, прыяцелі могуць выехаць, пакінуць мяне, а гэты — ніколі! А ведаеш, хто гэта? Папяроска. Ты смяешся? Але ж гэта праўда! Аднак ты не куры, не трэба! Хай табе будзе радасна і весела ў жыцці без папярос.
Вось гэта яе самастойнасць, незалежнасць ад рэлігійных і нацыянальных забабонаў бацькоў сваіх, ад людскіх перасудаў, яе рэвалюцыйныя настроі заімпанавалі мне і звязалі цеснай дружбай. Дня не праходзіла, каб мы не імкнуліся адна да аднэй. Найчасцей у яе пакойчыку, дзе нам ніхто не перашкаджаў, скулімся, бывала, на канапе, падкурчыўшы ногі, прытулімся, і канца не было нашым гутаркам. Колькі там думак было выказана, колькі агністых слоў, маладога парыву! Колькі цёплай, сардэчнай ласкі ад яе бачыла!
Яна мне расказала аб сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці ў 1905—1906 гадах, аб падпольнай рабоце ў Вільні, аб дакладах, спрэчках на тайных сходах, аб тым, як пераносіла цяжкі шрыфт для падпольнай друкарні і абдурвала паліцыю, як разносіла і расклейвала на сценах лістоўкі і пракламацыі. Яна шмат перажыла, перацярпела, была ў самым віхры жыцця, крыллі яе рваліся да лёту ўвысь. Але вось пачаліся правалы, арышты, шмат хто з яе сяброў апынуўся за кратамі турмы, на ссылцы, пачаліся спрэчкі паміж уцалелымі, партыйныя рознагалоссі. Яна належала да тэй групы моладзі, якая не прызнавала праграмных рамак, а жыццё і падзеі вымагалі, каб кожны належаў да тэй ці іншай партыі і падпарадкоўваўся партыйнай дысцыпліне.
Значна пазней я зразумела, што яна не была запраўднай прынцыповай рэвалюцыянеркай, а толькі часовай спадарожніцай рэвалюцыі. Спачатку яе захапіла рамантыка падпольнай дзейнасці, стыхійны рэвалюцыйны рух, але калі пачалася рэакцыя, калі яе таварышы адзін за адным аказаліся ў царскіх турмах, яна, не маючы глыбокіх перакананняў, разгубілася, расчаравалася ды, праўду кажучы, напалохалася і адышла ад рэвалюцыйнай дзейнасці, дазволіла напалоханаму бацьку забраць яе з горада дамоў і зашылася, як салтыкоўскі пяскар, у глыбоцкую зацішную норку.