Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Неўзабаве пасля майго першага дэбюту ў гуртку моладзі польскай народавай дэмакратыі да мяне звярнулася другая старшакласніца Мадзя Розенберг і таксама прапанавала далучыцца ўжо да іншага нелегальнага гуртка. Апёкшыся ў гуртку Пяркоўскага, я пачала фукаць і на ўсе іншыя гурткі. 3 абурэннем расказала Мадзі, як мяне сустрэлі ў Пяркоўскіх.
— А калі ваш гурток адзін з такіх, якімі кіруе набожная пані з Антокаля, дык дзякую за ласку. Мне гэта не патрэбна.
Мадзя не здзівілася, што так да мяне аднесліся ў Пяркоўскіх, бо ў гурткі «польскай народовой дэмакратыі», як у скарачэнні называюць іх «эндэкаў», уваходзіць моладзь буйной буржуазіі і памешчыкаў, а гурток, да якога належыць Мадзя, па сваім напрамку — поўная процілегласць эндэкам і знаходзіцца з імі ў варожых адносінах. Называецца гэты гурток «М+odziezy роstQpowo-niepodlegtosciowej»115, г. зн. прагрэсіўна-незалежніцкай моладзі. I хаця там заняткі вядуцца на польскай мове, бо большасць удзельнікаў — польская моладзь, але нават у назве гуртка няма слова «польскай» моладзі, каб не закрываць доступу для моладзі іншай нацыянальнасці. Яны разумеюць і паважаюць імкненні кожнага народа. Па сваім напрамку гэты гурток — сацыялістычны. У адносінах да рэлігіі гурток прытрымліваецца прынцыпу вольнага сумлення кожнага чалавека, хаця большасць гурткоўцаў — атэісты, і ў іх часта бываюць даклады на антырэлігійныя тэмы.
Усё гэта мяне зацікавіла. Я згадзілася пабываць у іх, паслухаць і, калі спадабаецца, прымкну да іх.
Дзеля канспірацыі гурток збіраўся малымі групкамі кожны раз у іншым месцы на прыватнай кватэры, найчасцей у беднай кватэрцы швачкі Кабылінскай, дачка якой была актыўнай удзельніцай гэтага гуртка. Часамі паасобныя гурткі збіраліся на агульны сход у вялікім пакоі якойсь установы, каб паслухаць лекцыі ці прамовы болып паважнага дзеяча. Кіраваў гуртком гімназіст старшых класаў Мечыслаў Недзялкоўскі, сын гарадскога галавы, той самы Недзялкоўскі, які пазней быў вядомым дзеячам ППС, рэдактарам газеты «Работнік»116 і паслом у польскі сойм. Загінуў ён ад кулі гестапаўцаў у часе Варшаўскага
паўстання, калі, стоячы перад мікрафонам на радыёстанцыі, прамаўляў да паўстанцаў і спяваў «Варшавянку», якая лунала па ўсіх вуліцах, падымаючы дух паўстанцаў117.
У гэтых гуртках вывучалася ў першую чаргу палітэканомія, гісторыя сацыялістычнага руху, папулярызавалася вучэнне Маркса і Энгельса, гісторыя філасофіі, слухалі лекцыі Рушчыца па гісторыі мастацтва і інш. Многае з гэтага было затрудным для майго тады разумення, але разам з тым і цікавым, і, бадай, ніводнага сабрання не прапусціла. Мне таксама даручалася рабіць даклады. Першым з іх быў даклад аб Французскай рэвалюцыі 1792—1793 гг.118. Што і казаць, трудненька мне было разабрацца ў жырандыстах і якабінцах, але сорамна было прызнацца ў сваёй няздольнасці, давялося шмат часу і сіл патраціць на падрыхтоўку, але-ткі даклад зрабіла. Іншыя даклады ўжо лягчэй даваліся.
Падчас большых сходаў, на якія сыходзіліся некалькі паасобных гурткоў, на перакрэстках бліжэйшых вуліц выстаўлялася варта, каб у час папярэдзіць, калі б, пранюхаўшы аб нашым сходзе, уздумала награнуць паліцыя. Раз, яшчэ ў самым пачатку сходу, калі меліся паслухаць аднаго вядомага прамоўцу, калі не мыляюся, адваката Урублеўскага, зазваніў тэлефон.
— Разыходзьцеся па адным, па два! — скамандаваў Недзялкоўскі, выслухаўшы праз трубку кароткага папярэджання. — Паліцыя напала на след і ўжо знаходзіцца праз два кварталы ад нас.
Паспелі разбегчыся, і паліцыя прыйшла ў апусцелы пакой.
A то сабраліся было ў адным доме на глухой вуліцы Сніпішак. На стале для віду паставілі шклянкі з гарбатай, самавар, пару бутэлек віна, кілішкі, быццам бы звычайная вечарынка. Слухалі даклад гімназіста Ваявудскага на антырэлігійную тэму «Аб непамылковасці рымскага папы». Даклад ужо падыходзіў да канца, калі прыбег ганец: «Паліцыя ўжо блізка!» Кінуліся праз чорны ход у агароды, трапілі ў нейкі вялікі сад, абгароджаны высокім плотам. На двары цямнюсенька, хоць коль вока! Куды дзецца? Як знайсці выхад з гэтага саду, каб не трапіць у рукі паліцыі?
— Хлопцы, не пакідайце дзяўчат, — гукнуў прыцішаным голасам Недзялкоўскі.
Каля мяне апынуўся Ваявудскі, схапіў мяне ўполы і падсадзіў на плот.
— Чапляйся!
Я павісла на руках, грэбаючы нагамі і дарэмна шукаючы для іх апоры. За мной ускочыў на плот Ваявудскі і памог узглабацца і спусціцца на другі бок плота. Узяўшыся за рукі, зноў пабеглі ўпоцемку праз нейкія лехі, барозны, чапляючыся нагамі за якіясь карэнні-паленні, штохвіліны падаючы ў мокрую пасля дажджу зямлю. А калі выбраліся на другую, ужо асвечаную ліхтарамі, вуліцу і глянулі адзін на аднаго, — пакаціліся са смеху. Ну і выгляд жа быў у нас! Замызганыя, запэцканыя, у гразі рукі, твар, вопратка, ласкуты абарваных шынеляў, жакетаў, спадніц боўталіся на нас. Як жа ісці праз горад у такім выглядзе? Ну, але што ты зробіш? Па адным, да два, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-ткі дамоў.
На ўроку хіміі я спыталася ў вучыцеля, што гэта за камень, які вылечвае чалавека, укушанага шалёным сабакам. Вучыцель ніколі не чуў аб такім камяні і пасмяяўся з мяне, што веру ў недарэчныя забабоны. Як відаць, ён расказаў аб маім пытанні ў вучыцельскай. Неўзабаве мяне выклікаў немец Рэйсмілер, выкладчык прыродазнаўства, і пачаў распытвацца, дзе я чула аб гэтым камяні, і я расказала яго гісторыю.
У мінулым стагодцзі, калі царская ўлада разганяла каталіцкія кляштары, у Будславе ліквідаваўся кляштар дамініканаў. Адзін манах пры ад’ездзе даў памешчыцы Аскерчыне нейкі камень велічынёй з пудэлка ад запалак (можа, і іншай формы, чымся пудэлка), каб яна ім лячыла людзей, укушаных шалёнай жывёлай. Аскерчына не захацела вазіцца з лячэннем людзей і аддала гэты камень майму прадзеду Тамашу, свайму прыгоннаму селяніну. Ад прадзеда гэты камень перайшоў да майго дзеда. Дзед якісь час займаўся лячэннем, а пасля разрэзаў яго на роўныя 4 часткі і адну частку прадаў за 10 залатых рублёў, а рэшту падзяліў сваім дзецям. Адзін такі кусочак дастаўся
і майму бацьку. Велічынёй ён быў прыблізна 1,5—2 кв. см, колеру бронзы з зялёна-залатым адценкам, значна лягчэйшы ад такой жа велічыні звычайнага каменя.
He помню ўжо, у якім годзе (мне тады было, мабыць, 9—10 гадоў) адзін селянін з нейкай далёкай вёскі, дачуўшыся, што ў майго бацькі ёсць камень, які вылечвае шаленства, прывёз да нас свайго сына, 15-гадовага хлопца, якога ўкусіў шалёны сабака за кісць левай рукі. Бацька мой і слухаць не хацеў, каб узяцца за лячэнне, бо ведаў з газет, што ўжо лечаць людзей пастэраўскімі прышчэпкамі. Аднак такія прышчэпкі рабіліся ў той час толькі ў Маскве і ў Варшаве. Селянін жа і падумаць не мог, каб павезці сына ў такую даль. На гэта немалыя грошы патрэбны. А скуль іх узяць бедняку?
— Раз вы адмаўляецеся ратаваць майго сына, — кажа прыезджы, — дык асуджаеце яго на пэўную гібель. Калі так, дык няхай жа ў вас ён гіне, пакідаю яго на ваша сумленне, — і, выкінуўшы з калёс торбачку з салам і булкай хлеба, сеў на каня і ад’ехаў. Хлопец астаўся на нашым дзядзінцы.
Бацька мой кінуўся да доктара — той толькі рукамі развёў бязрадна. Сунуўся да прыстава — там пасмяяліся з бацькі, што нажыў падкідыша, на тым і кончылася. Няма рады, трэба паспрабаваць, а можа, і праўда, што гэты камень можа вылечыць...
Узяліся за лячэнне. Я ўвесь час пільна сачыла і дапамагала бацьку. Перш-наперш трэ было выясніць, як далёка ў арганізме разышоўся яд шаленізны ад месца ўкусу. Гэты камень мае ўласцівасць прысасвацца ад цела ў тым месцы, дзе знаходзіцца яд. Наймацней ён прыліпае каля самага месца ўкусу. Але бацька пачаў прыкладаць яго, пачынаючы ад сэрца. Галоўнае, не дапусціць яду да сэрца, бо кроў ад сэрца разнясе яд па ўсім целе, і тады ўжо няма ніякага ратунку. Каля сэрца камень не прыліпаў. Бацька паволі пасоўваў яго ўверх да пляча, а пасля ўніз ад пляча. Вельмі слаба затрымаўся ён вышэй локця. Каб не згубіўся камень, бацька прывязаў яго да рукі трапачкай. К вечару адвязалі, і камень адваліўся, не жадаючы прыліпаць нават паблізу раны. Значыцца, ён насыціўся ядам. Тады бацька браў у невялічкі рандэлечак малака, кідаў туды камень і доўга
выварваў яго ў малацэ. Пасля гэтага камень зноў набываў здольнасць прыліпаць. Ужытае малако бацька выліваў у агонь, а рандэлек прыкрываў цяжкім чыгунком, каб часамі мыш не паласавалася. Ітак, дзень за днём камень пасля чарговай вываркі памаленьку спаўзаў уніз. Праз месяц камень ужо не прысасваўся нават на самым месцы ўкусу, аднак яшчэ тыдзень-другі прабавалі прыкладваць кожны дзень, і калі толькі хоць зусім слабенька затрымліваўся, зноў прывязвалі, а пасля выварвалі.
Нарэшце хлопец адправіўся дамоў пехатой, а праз 5 гадоў прыязджаў дзякаваць бацьку за лячэнне і запрасіў на сваё вяселле.
Выслухаўшы маё апавяданне, Рэйсмілер папрасіў, каб я прывезла яму паказаць гэты камень. Пасля канікул я прывезла і аддала яму яго. Так і кануў гэты камень у Рэйсмілера, ён і не вярнуў яго мне, і не сказаў, што гэта за цудоўны камень.
Толькі праз дваццаць год пасля таго ад аднэй сялянкі я даведалася, што гэта такое. Аказваецца, у народзе даўно вядомы спосаб лячэння шаленства, толькі з некаторай адменай у метадзе. Вось што яна мне расказала.
Бяруць рог лася, рэжуць яго круглымі і ценкімі пласткамі, кладуць у гліняны гаршчок і, шчыльна замазаўшы яго глінай, кідаюць у полымя печы. Калі ўжо печ выпаліцца і жар астыне, вымаюць гаршчок і дастаюць адтуль гэтыя пялёсткі, якія набываюць залаціста-зелянкаваты колер і маюць уласцівасць прыліпаць да заражаных ядам шалянізны частак цела. Абкладваюць адразу ўсю руку ці нагу гэтымі пялёсткамі ад месца ўкусу аж да тых частак цела, дзе ўжо яны не прыліпаюць. Усё гэта шчыльна абвязваюць, а праз які час, калі пялёсткі адвальваюцца, іх збіраюць і глыбока закапваюць у зямлю, каб скаціна не дастала, а руку абкладваюць новымі пялёсткамі. Спосабу вываркі іх у малацэ гэта жанчына не ведала.
3 таго часу я шмат якім дактарам і вучоным расказвала аб лячэбных уласцівасцях ласінага рога, спадзеючыся, што навукоўцы даследуюць, правераць гэтыя факты і, можа, адкрыюць новыя ўласнівасці яго для лячэння іншых хвароб, але штосьці не чуваць, каб хто гэтым заняўся.