Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Так яна і кончыла гімназію і паступіла пазней у Акадэмію мастацтва ў Пецярбургу149.
Ну, дык вось з гэтай Маняй у нас выйшла спрэчка на вялікай перамене па поваду байкі Крылова «Лнсты н корнн». Маня пачала даводзіць, што лісты маюць рацыю, бо культуру стварае вышэйшы клас — паны і арыстакраты. Толькі яны і могуць стварыць усю красу жыцця. Просты народ няздольны да гэтага.
— А чыім потам і кроўю яны ствараюць красу свайго жыцця? — пытаю. — Ці можа мужык, які на іх працуе, карыстацца гэтай красой жыцця? I няўжо ты думаеш, што ў народзе няма здольных і ад прыроды мудрых людзей, якія маглі б яшчэ больш узбагаціць культуру, калі б адкрыць ім доступ да навукі? Я вось ведаю аднаго старога непісьменнага пастуха, Янку з Вудзела. Ён нават у звычайнай гутарцы гаворыць толькі вершаванай мовай, а як пачне што апавядаць, дык заслухаешся, як найпрыгажэйшай паэмы. Нават на споведзі грахі свае пералічвае ў вершах. А калі ксёндз яго аблаяў, што ён на старасці год блазнуе перад богам, старык расплакаўся і кажа, што інакш ён не ўмее гаварыць. Дай такому Янку адукацыю, дык ён зацьміў бы Міцкевіча і Пушкіна.
Ад паноў перайшла гутарка на ксяндзоў. Я цвярдзіла, што абое рабое, усе яны — і паны, і ксяндзы — адным лыкам шыты. Злыдні, крывасмокі, якія жыруюць з людской працы, а карысці з іх, як з казла малака.
Маня не давала мне гаварыць, усё перарывала:
— Мільч, Польцю!
— Чаму гэта табе можна гаварыць глупства, а я павінна маўчаць?
— Мільч! — ды як ушчыкне мяне, падла, аж дух мне заняло з болю.
— Ну, ты, панскі атопак! Языком сабе мялі, а рукам волі не давай! — узбурылася я. — А то ўсе твае пацукі з чуба павыскубаю.
А яна яшчэ ямчэй ушчыкнула. Ах так! Тады я двума пальцамі зачапіла аднаго пацука і швырнула на паркет. Адна старана высокага чуба так і асела. Дзяўчаты ў смех!150. Счапіліся мы і грымнулі на падлогу, не выпушчаючы адна адну з абдымкаў. Яна мяне шчыпле за што ні папала, а я выскубваю па адной падкладкі з яе валасоў і раскідваю па ўсёй зале151. Ужо і званок празвінеў на ўрок, а мы ўсё качаемся. Дзяўчаты, трымаючыся за жываты, аж прысядаюць са смеху. Раптам чуем над сабой гнеўны голас начальніцы:
— Кто это? Господн! Семнкласснлцы Мядёлко, Борзобогата! Как вам не стыдно?
Усхапіліся мы на ногі, адна бледная са злосці, другая, бы тая півоня, чырвоная, абедзве раскудлачаныя...
— Сейчас же нднте вннз н прнведнте себя в порядок! — крычыць Няздзюрава.
Давай мы абедзве поўзаць па кутках залы і збіраць параскіданыя валасяныя каўбаскі, бо як жа інакш Маня прывядзе сябе ў парадак? Сабралі, пабеглі ў туалетную, і пакуль памыліся ды прычасаліся, добрая палова ўрока прайшла.
Вось аб гэтай гісторыі і данеслі Клачкоўскай152.
У першай чвэрці выпускнога класа выдалі нам невялічкія друкаваныя бланкі, у якіх трэ было адказаць на 4 пытанні
і з подпісам, завераным бацькамі ці апекуном, вярнуць у канцылярыю гімназіі. Я і напісала адказы:
1.	Веронсповеданяе — рнмско-католнческое.
2.	Сословне — крестьянка.
3.	Нацнональность — белоруска.
4.	Родной язык — белорусскіій.
Дзённік кожную суботу падпісвалі перш Рэўкоўскі, пасля Давякоўскі і ў гэты ўжо час — Клачкоўская. Аднак падпісаць анкету Клачкоўская адмовілася.
— Што гэта яшчэ за выдумкі якія? Скуль гэта ўзяліся якіясь беларусы і нейкая беларуская мова? Раз вы каталічка — значыцца, полька. Ніякай беларускай мовы не існуе. Вы ж папольску гаворыце.
— Так, — кажу, — з вамі я гавару па-польску, з вучыцелямі ў гімназіі — па-руску, з нашай немкай — па-нямецку, дома зроду мае дзяды і прадзеды і я з бацькамі толькі на сваёй роднай мове гаворым — па-беларуску. Рэлігійная прыналежнасць — гэта адно, а нацыянальная — зусім штосьці іншае. Французы і італьянцы па рэлігіі каталікі, аднак палякамі сябе не называюць.
— Скуль вы такая разумніца ўзяліся?
— 3 беларускай вёскі.
— He падпішу! Вазьміце другую картку і напішыце як належацца.
— Ну і не трэба! Такой бяды! — прабарматала, забраўшы анкету.
Зоська Трынькоўская была вялікім мастаком падрабляць розныя почыркі і подпісы. Бывала, так выведзе перад урокам на класнай дошцы подпіс Гурскага ці Жэмайціса, што тыя аж самі сабе не вераць, што гэта не яны распісаліся на дошцы. Я і звярнулася да Зоські з просьбай замяніць мне «апякунку». Зоська паставіла ў анкеце подпіс Клачкоўскай, і найлепшы эксперт прызнаў бы аўтэнтычнасць подпісу.
Праз некалькі дзён пасля здачы анкеты затрымлівае мяне перад уваходам у клас Кацярына Платонаўна і пытае:
— Скажыце мне, галубка, якой вы нацыянальнасці?
— Беларуска.
— А родная мова ў сям’і?
— Заўсёды толькі па-беларуску паміж сабой гаворым.
— Вы наведваеце ўрокі польскай мовы і літаратуры?
— Так, наведваю.
— Дык вось, мілая, вам няможна больш наведваць гэтыя ўрокі, — кажа тонам нейкага жалю ці смутку.
— Чаму?
— Бо гэтыя ўрокі дазволены па жаданні бацькоў толькі для вучаніц польскай нацыянальнасці.
— Ну, што ж... Шчыра кажучы, мне гэта і на руку. Я ж толькі поначы магу рыхтаваць свае ўрокі, а тут трэба і шмат чытаць, і сачыненні пісаць па польскай літаратуры. Цяпер будзе крыху вальготней. А летам я змагу і самастойна іх нагнаць.
— Але і Закон Божы вы ўжо не маеце права адказваць на польскай мове?
— Аяк?
— Па-руску ці па-беларуску.
— Вось добра! — аж усцешылася я. — Буду па-беларуску адказваць.
— А падручнікі ёсць на беларускай мове?
— He, няма. Але ж я магу на любой мове, якую ведаю, прачытаць, а расказаць па-беларуску.
— Ну, гэта ўжо дагаварвайцеся з ксяндзом-капеланам, на якой мове вам адказваць, толькі па-польску ўжо нельга будзе.
Такое самае папярэджанне атрымала і ліцвінка Юрак (Гэля Юрашайціс)153. Рашылі мы з ёй на ўроках Закону Божага адказваць кожная на сваёй роднай мове.
На другі дзень падрывае мяне ксёндз Мілкоўскі і прапануе перапісаць анкету. Ён, бачыце, зрабіў для мяне вялікую ласку: неўзаметку выкраў маю анкету і чысты бланк, каб я выправіла сваю памылку ў адказах на пытанні аб нацыянальнасці і роднай мове.
— Ніякай памылкі там няма, — кажу, — я напісала так, як яно ёсць. Нашто я буду маніць?
Пачаліся спрэчкі, як і з Клачкоўскай, толькі ў больш спакойным тоне.
— Ну, добра, — кажа капелан, — хай сабе нацыянальнасць так і застанецца, але аб роднай мове абавязкова трэба напісаць «польская», бо інакш вам нельга будзе адказваць на ўроках на польскай мове.
— А мне начальніца сказала, што я магу адказваць на сваёй роднай мове, а маніць у анкеце грэх.
Капелан рэзка павярнуўся і злосна пайшоў, хаваючы анкеты.
Мы ведалі, што ён ні слоўца не разумее па-літоўску. Юрак папярэдзіла нас, што будзе па-літоўску плясці на ўроку ўсялякую бязглуздзіцу, і пераказала нам змест свайго «адказу», перавёўшы нам апорныя словы і фразы, каб мы маглі слядзіць за яе адказам.
Пачынаецца ўрок.
— Юрашайціс! — выклікае ксёндз. — На якой мове будзеце адказваць урок?
— На літоўскай.
— Прашу.
I Юрак пачынае: «Мы дзівімся, чаму вы пайшлі ў ксяндзы? Ксяндзам жа нельга жаніцца. Няўжо вы дагэтуль нікога не пакахалі? Паглядзіце на нас, якія мы ўсе маладыя, прыгожыя, вясёлыя. Няўжо ніводная з нас вам не падабаецца? Можа б, вы былі і нішто сабе хлопец, але вас псуе надта ўжо доўгі нос. Мабыць, нос і прычына таго, што вы пайшлі ў ксяндзы, бо пакахаць вас вельмі трудна. Hoc ваш, пэўна ж, перашкодзіць і пацалаваць дзяўчыну — урэжацца ў твар, і вуснаў яе не дастанеце». Ну, і далей у такім жа духу154.
А капелан толькі ківае галавой і пацвярджае: «Так... Так... Добра... Ага!..» Лопнуць можна было ад стрымліванага смеху. Юрак аж пачырванела ад напружання, каб не рассмяяцца, плечы яе ўздрыгвалі, але-ткі да канца вытрывала.
— Ну, досыць будзе, — перарывае ксёндз і ставіць у журнал 5.
— А Мядзёлка на якой мове будзе адказваць?
— На беларускай.
— Я не разумею па-беларуску, — рэзка заяўляе.
— Калі вы зразумелі па-літоўску, то тым больш зразумееце па-беларуску, — кажу, — бо беларуская мова належыць да сям’і
славянскіх моў, як руская і польская, і хто жыве ў нашым краі, той не можа не разумець нашай мовы.
— А я не разумею і не прыму адказу на гэтай мове. Калі так, адказвайце па-руску.
— He, па-руску не буду адказваць.
— Чаму ж гэта?155.
— Бо гэта прымус, бо гэта адна з форм нацыянальнага ўціску. Хоць і палякі знаходзяцца пад нацыянальным уціскам, аднак яны могуць вывучаць сваю мову і літаратуру, могуць вам адказваць урок на роднай мове. А чым горшыя мы, беларусы? Буду адказваць па-беларуску.
— Я адмаўляюся прымаць адказ на вашай мужыцкай мове.
— Ну і не трэба, такой бяды! — і села на сваё месца.
Такой бяды... А бяда-то і пачалася. Кончылася першая чвэрць года і другая, пачынаецца трэцяя, а ў журнале ніводнай адзнакі ў мяне няма па гэтым прадмеце. Занепакоілася і начальніца:
— В чём дело? Что там у вас с ксендзом вышло? Почему он вас не вызывает?
Я ёй расказала, што ў нас выйшла, і аб тым, як адказвае ўрок Юрак.
— Чаму ён прымае адказ на літоўскай мове, не разумеючы ні слова, а па-беларуску не хоча? Юрак рознае глупства пляце яму ў вочы, і ён ставіць ёй пяцёркі, а мяне не хоча вызываць.
— Вы поннмаете, — заклапочана кажа Кацярына Платонаўна, — что без годовой оценкн по Закону Божьему вас нельзя будет допустнть до экзаменов?
Так, я гэта разумела, але падпарадкавацца яго капрызу не хацела. Гэта ўжо прымус не толькі з боку царскай улады, але і з боку польскіх паноў-эндэкаў.
— Вот нашла коса на камень... — паціснула плячыма Няздзюрава і ў задуменні пайшла ў свой кабінет.
Нашаніўцы ведалі гэтую гісторыю з анкетамі і мой канфлікт з кс. Мілкоўскім.
— Трымайся, — яны раілі мне, — не здавайся! Нам трэба змагацца за свае правы. Калі не дапусцяць да экзаменаў, мы
цябе не пакінем. Знойдзем сродкі і пашлём цябе за граніцу дакончыць адукацыю. А мы тады падымем у газетах такі шум вакол гэтай справы і Мілкоўскаму так насолім, што аж чэрці яго возьмуць.
Падыходзяць выпускныя экзамены. Што будзе са мной? Дапусцяць да экзаменаў ці не? Іду з гэтым пытаннем да начальніцы. Яна моцна задумалася, барабанячы пальцамі па стале, а пасля сказала мне прыйсці да яе праз тыдзень.
— Прнходн на экзамены, — кажа мне праз тыдзень, — н отвечай так, как до этого всегда отвечала.
Як там яна ўладзіла гэтую справу — не ведаю. Але я зрабіла так, як яна сказала. Пабаялася яшчэ больш на ражон лезці, бо ўгнявіла б ужо і Кацярыну Платонаўну, якая ўсё ж такі дабра мне жадае. А прытым ці ўдасца нашым выратаваць мяне з бяды ці не — хто яго ведае. Самі ўсе ў рэдакцыі ўпрогаладзь жывуць і ў латаных нагавіцах ходзяць (апрача, рэч вядома, братоў Луцкевічаў). Дзе там ім знайсці такія сродкі, каб мяне за граніцу адправіць вучыцца? А так усё маё жыццё можа дагары нагамі пайсці, зноў прыйдзецца ні з чым вяртацца дадому і рыхтаваць сябе на хатнюю гаспадыню. Бр-р-р!