Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
«Дыпламатычнае даручэнне». Дык вось, заглянуўшы па дарозе ў Вільню, я, рэч вядомая, пабывала і ў Штраля. За філіжанкай чорнай кавы звярнуўся да мяне Іван Луцкевіч з даволі важнай прапановай:
— Ёсць адна вельмі багатая асоба — княгіня Магдалена Радзівіл. Яна мае некалькі маёнткаў і ў Беларусі, і ў Польшчы, дамы ў розных гарадах і нават свой уласны касцёл у Варшаве. Яна ўдава. Муж яе Мікола Радзівіл — авантурыст, прымаў удзел у каланіяльнай вайне ў Афрыцы на старане англічан, пасля пайшоў ахвотнікам на Японскую вайну і там загінуў164. Княгіня
Магдалена ніколі не сядзіць на адным месцы, пастаянна вандруе па сталіцах Еўропы. Цяпер часова знаходзіцца ў адным са сваіх маёнткаў у Беларусі і шукае сабе dame de companie. Вельмі было б добра, — кажа Іван, — і для вас асабіста, і для беларускай справы, каб вы згадзіліся на гэтую ролю пры ёй.
— Якая ж я дама? — рассмяялася я. — Ці ж я магу быць для яе кампаньёнкай? I што гэта мае супольнага з беларускай справай?165.
— Бачыце, — цягне далей Луцкевіч, — яна зусім адзінокі чалавек. Апрача слуг, яна не мае з кім пагаварыць. Трэба, каб каля яе была інтэлігентная асоба, каб магла падтрымаць гутарку з ёй, схадзіць з ёй на шпацыр, часам пачытаць ёй кнігу ці газету. Вы акурат падыходзіце да гэтага. Вам асабіста карысць будзе немалая: па-першае, вы зможаце пабачыць свет, пабываць з ёй у Парыжы, Лондане, у Швейцарыі і Італіі. А па-другое, калі вы патрапіце ёй падабацца, дык яна можа запісаць на вас адзін са сваіх маёнткаў. Што ж датычыць беларускай справы, дык вы зможаце вельмі шмат зрабіць. Бачыце, пасля таго як у Варшаве ў адным польскім клубе спусцілі са сходаў яе мужа за нейкія брудныя справы, яна зненавідзела палякаў і не лічыць сябе полькай. Яна сама яшчэ не ведае, да якой нацыянальнасці сябе залічыць, — да літоўскай ці беларускай. Каля яе ўвіхаюцца літоўцы, каб схіліць яе на свой бок і выцягваць з яе грошы. Ну, і нам нельга спаць у шапку. Трэба так павесці справу, каб яна давала грошы на выдавецтва «Нашай Нівы». I ваш абавязак дабіцца гэтага. А таму трэба быць у пэўнай меры дыпламатам166.
— А гэта яшчэ што? — пытаю здзіўлена.
— Каб увайсці ў яе давер, — прадаўжае Іван, — вам трэба адрасціць валасы, бо стрыжаных дзяўчат яна не любіць. Трэба хадзіць у касцёл, спавядацца.
— Фі-і-іў! — прысвіснула я са смехам.
— А так, так!167. Купіце сабе ружанец, калі не маеце, кніжку да набажэнства, бо яна рэлігійная, любіць ксяндзоў.
— He, нічога з гэтага не выйдзе, — кажу. — Крывіць душой я не ўмею. Я з дзяцінства не веру ў ксяндзоўскія байкі,
а вы хочаце, каб я іх у руку цалавала ды спавядалася перад імі? He! Гэтага не будзе. Шукайце сабе іншую кандыдатку на такія справы.
— Вы не адмаўляйцеся так паспешна, — настойвае галоўны беларускі дыпламат, — абдумайце добра. Вам даручаецца адказная і вельмі важная для нас справа.
— Добра, падумаю, — адказала, каб толькі спыніць гэтую гутарку.
Іван памкнуўся яшчэ пераконваць мяне, але яго перарваў афіцыянт, які падаў мне на падносе картачку. На ёй алоўкам была нарысавана мая галава, а пад рысункам эпіграма на польскай мове:
Pod beretem loczki,
Zasmucona minka, — Kazdy zaraz powie, Ze to Paulinka.
Гэта вядомы ў той час польскі карыкатурыст Civis (не памятаю яго прозвішча) прыслаў мне сваю зарысоўку.
Праз пару дзён я вярнулася ў Піцер на курсы. Неўзабаве там сустрэлася з ксяндзом Франуком Будзько, які лічыўся беларускім дзеячам у групе клерыкалаў.
— Вось добра, што я вас пабачыў, — кажа. — Маю да вас вельмі важны інтэрас.
I пачынае гаварыць тое самае, што і Іван Луцкевіч, з тэй толькі розніцай, што я павінна выцыганьваць ад княгіні грошы на клерыкальную беларускую газету.
— Мы, гэта значыць хрысціянскія дэмакраты, затрымаліся на вашай кандыдатуры. Там гэты прайдоха Луцкевіч круціцца каля княгіні. Трэба паспяшацца, каб яго апярэдзіць і настроіць княгіню на нашы выданні.
«Вось дык штука, — падумала я. — Два лагеры дзяруцца між сабой за грошы з князёўскай кішэні, і абодва робяць стаўку на мяне. He, дудкі, брат! Ваюйце сабе на здароўе, грызіцеся, а мяне пакіньце ў спакоі».
Я сказала, што не падыходжу да гэтай ролі, і катэгарычна адмовілася.
Прыехаўшы на лета дамоў, я расказала аб гэтых гутарках бацькам, падкрэсліўшы асабістыя выгады, якія мне суляць, і змоўчыўшы аб «дыпламатычных» даручэннях.
— Дачушка мая, — кажа маці, выслухаўшы мяне, — не лезь ты ў паны. Згараць хай яны са сваімі маёнткамі! На ліха яны нам здаліся? Жылі, жывём у беднасці і неяк пражывём без іх маёнткаў. He адлучайся ты ад сваіх.
— Супакойся, мама, — кажу. — Я адразу адмовілася, толькі хацела ведаць, як мама з татам аднясуцца ад гэтага.
«Новая прапанова». Лета 1917 г. Кіеў. Я працую ў Саюзе гарадоў па арганізацыі дзіцячых прытулкаў у аддзеле дапамогі ахвярам вайны168. Неяк пад канец лета атрымліваю ліст. Ад каго б вы думалі? Ад самой княгіні Радзівіл. Піша, што яна хоча ў адным са сваіх маёнткаў адкрыць беларускую нацыянальную школу, каб дзеці яе парабкаў навучаліся ў роднай мове. Ёй параілі звярнуцца да мяне ў гэтай справе. Адпаведны для школы дом ёсць. Яна дае мне пакой, сталаванне, а грашыма будзе мне плаціць у кожным разе болып, чымся аплачваюць настаўнікаў у іншых школах.
Я параілася са сваімі сябрамі-беларусамі, якіх нямала было ўтой час у Кіеве. Беларускіх нацыянальных школ яшчэ не было ў Беларусі: ні часовы ўрад Керанскага, ні земствы і не думалі аб гэтым, каб беларускія дзеці навучаліся ў сваёй роднай мове. А трэба пачынаць гэтую справу. Усе сябры настойліва раілі мне прыняць прапанову княгіні. Што рабіць? Ведала, што немалыя труднасці будуць на маім шляху. Але пачуццё абавязку перад сваім народам перамагло, і я рашыла паспрабаваць свае сілы і здольнасці. Саюз гарадоў адмовіўся звольніць мяне з працы, і я проста дэзерціравала: выехала ціхачом у Мінск, не атрымаўшы разліку.
Першае спатканне. ...Дзверы адчыніў мне лёкай і пайшоў далажыць княгіні. Праз пару хвілін я стаяла перад невялічкай суханькай старушкай169. Праз чорную маркізетавую блузку без якога б ні было станіка прасвечваў касцісты гарсэт. Нядбайна
зачасаныя валасы шэрымі ад сівізны касмыкамі рассыпаліся ў розныя бакі. Доўгі з гарбінкай нос і вочы... Шэра-вадзяністыя вочы пытліва ўпіліся ў мяне. Страшэнна непрыемнае пачуццё скавала мяне. Здавалася, кастлявыя пальцы мерцвяка працягваюцца да майго сэрца і сціскаюць яго смяротным холадам. Здрыгануўшыся ў душы, я ўвайшла за ёй у маленькі пакой, з якога, як пасля мне гаварылі, яна амаль што ніколі не выходзіла, бо там была скрытка ў сцяне з мільённымі скарбамі ў золаце, брыльянтах і рознай біжутэрыі. Каля ног княгіні круціліся і агідна харкалі 6 ці 8 сабак японскай пароды, усе калматыя, вушастыя, з выпучанымі вачыма. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці хвост якой-небудзь псіны. Такая непрыемнасць здарылася з Аркасём Смолічам, пасля чаго княгіня выгнала яго і сказала, каб больш на вочы ёй не паказваўся.
Гутарка вялася на двух мовах: я на беларускай, а княгіня на мяшанай польска-рускай, неміласэрна пры гэтым калечачы рускую мову. Па-польску яна прынцыпова не гаварыла, а хатняй мовай у сям’і, як мне казалі, была англійская або французская. Да якой ступені даходзіла яе варожасць да палякаў, сведчыць такі факт.
У часе польскай акупацыі падчас святкавання палякамі Дня канстытуцыі 3 мая, калі польскія ўлады загадалі дэкараваць дамы сцягамі, дыванамі і партрэтамі, з балкона княгіні звісалі цалун (жалобны дыван) і жалобны флаг170.
Умовіліся, што я паеду ў Жорнаўку — яе маёнтак. Яна загадае аддаць пад школу дом у Жорнаўскім лясніцтве, а я буду жыць у адным са службовых пакояў пры палацы, там жа мяне забяспечаць і сталаваннем. На маё пытанне аб сродках на школьныя прылады і навучальнае абсталяванне яна адказала, што аб усім яна дасць загад сваёй адміністрацыі.
У Жорнаўцы даволі прыветліва сустрэла мяне дзябёлая жанчына сярэдніх гадоў — ахмістрыня маёнтка пані Марыя. Адвяла мяне ў пакойчык драўлянай прыбудовы для панскіх слуг, накарміла смачным абедам і такой жа вячэрай. Ну, думаю, калі так будуць карміць, дык чаго добрага растаўсцею, як
ахмістрыня. Аднак праз тыдзень, паступова зніжаючы якасць стравы, перайшлі выключна на посную бульбу і бялёную зацірку. Пані Марыя і двое-трое з больш важнай службы елі асобна, і, думаю, іх стравы былі смачнейшыя і пасільнейшыя, чымся тыя, якія мне прыносілі з кухні.
Маладосць кн. Магдалены. Пані Марыя была даволі словаахвотлівая жанчына, часта мяне наведвала і шмат чаго расказала аб жыцці і характары княгіні. Яе апавяданні дапаўняліся другой асобай, з якой я там пазнаёмілася, а пасля і падружыла. Гэта была ліцвінка Міколітэ Папікайтэ, якая працавала бухгалтарам у лясніцтве княгіні. Высокая бландзінка, крэпкая, здаровая дзяўчына з румяным тварам, сінявокая, заўсёды вясёлая, энергічная. Яна часта ездзіла ў Мінск да княгіні са справаздачай, была з ёй у добрых адносінах, умела з ёй ладзіць. Міколітэ, як сама мне пасля прызналася, была прыстаўлена да княгіні літоўскімі нацыянальнымі дзеячамі на такую ж «дыпламатычную» работу, якую мне калісь прапанаваў Луцкевіч. I трэба сказаць, нядрэнна спраўлялася з гэтай роляй: патрапляла выцягваць ад княгіні даволі значныя сродкі на літоўскія справы.
Вось ахмістрыня і Міколітэ поўнасцю абрысавалі мне вобраз княгіні Магдалены.
...Сямнаццацігадовай дзяўчынай гвалтам выдалі Магдалену замуж за 60-гадовага магната графа Сапегу171, хаця яна кахала якогась маладога, але збяднелага арыстакрата. Усе гады свайго замуства маладая графіня не выходзіла са свайго пакоя нікуды, апрача дамавой капліцы, у якую вялі дзверы проста з яе пакояў. Нават не ўсе слугі бачылі сваю пані. Нікога з гасцей не прымала і сама нікуды не выязджала. Жыла затворніцай, аблівалася слязьмі і малілася. Праз два ці тры гады пасля шлюбу памёр стары Сапега, пакінуўшы сваёй маладзіцы ўсе свае маёнткі і ўсё багацце. Зараз жа пасля смерці мужа дваццацігадовая графіня выехала ў Варшаву і як толькі кончыўся тэрмін жалобы, адкрыла дом для гасцей і, быццам прарвала яе, зажыла шумным, вясёлым жыццём велікасвецкай дамы. На адным балі пазнаёмілася з маладым князем Міколам Радзівілам, гулякам,