Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Пакуль мы з Міколітэ спрачаліся, цягнік тым часам адышоў, і я хоцькі не хоцькі змушана была застацца яшчэ на адзін дзень у Мінску. Міколітэ ўсё ж такі зацягнула мяне да княгіні.
На гэты раз княгіня запрапанавала мне крэсла, але я, падзякаваўшы, адмовілася сесці. Моўчкі чакала, што яна скажа, нашто зноў мяне выклікала.
— Мы все людзі грэшны, — пачала набожным тонам, — і мусімы дароваць адзін другому, еслі в горончцы і скажам што крывдное.
На хвіліну замоўкла, а пасля зноў пачала гаварыць. Яна, бачыце, закрывае школу не праз мяне, а таму што яе мужыкі — гэта быдла, якое не варта таго, каб яна для іх ласку рабіла і дзяцей іх вучыла. Адкрываючы школу, яна думала залагодзіць іх звярыную прагавітасць, але, як аказалася, усё дарэмна. Каб не войска Доўбар-Мусніцкага, яны б даўно ўжо разграбілі яе маёнткі. Ёй усё вядома, што яны думаюць, гавораць паміж сабой і што меліся рабіць. Цяпер яна будзе прасіць нямецкага каменданта, каб паставіў часць нямецкага войска ў Жорнаўку для аховы яе маёнтка. А я не павінна больш паказвацца ў Жорнаўцы, бо мужыкі, як даведаюцца, што яна закрыла школу, могуць узбунтавацца. Яна загадае мае рэчы прывезці ў Мінск, толькі каб я больш не паказвалася ў Жорнаўцы. Ёй казалі, што ў мяне падушкі няма. Яна загадае выдаць мне падушку і коўдру. Успомніла яна ў гэтай сваёй прамове і аб тым, што мне трэба памагаць брату, які вучыцца ў Кіеве. На яе думку, дарэмна я гэта раблю. Яна вось ведае адну сям’ю. Старэйшая сястра выйшла на настаўніцу, а яе браты — звычайныя рабочыя.
Што ж, «ргаса nie haribi czlowieka», — закончыла польскай пагаворкай свой доўгі маналог.
Я моўчкі ўсё гэта выслухала, а пасля і сама загаварыла:
— Забараніць мне паехаць у Жорнаўку па свае рэчы вы не можаце, княгіня. Я заўтра ж паеду туды. Hi падушкі, ні коўдры вашай мне не патрэбна, і не вазьму іх. У добрых людзей я заўсёды знайду што пад галаву, пакуль свайго не набуду. Аб маіх братах не клапаціцеся. Гэта выключна мая справа. Я згодна з тым, што «ргаса nie haribi czbowieka». Толькі дзіўлюся, што вы хочаце памножыць той клас, які нясе вам — панам, графам ды князям — гібель. Больш няма аб чым нам з вамі гутарыць.
Злёгку пакланіўшыся, я апошні раз пакінула пакоі яснавяльможнай.
Аднак мне давялося яшчэ раз пачуць аб княгіні. Было гэта ў Каўнасе ў 1921 годзе. Там я прымала ўдзел у выданні брашурак, накіраваных супраць польска-панскіх акупантаў. Брашуркі перасылаліся нелегальна ў Заходнюю Беларусь і, каб змыліць вока польскіх жандараў, падаваліся бязвінныя загалоўкі, якія зусім не адпавядалі зместу, а на адваротнай старонцы вокладкі друкавалася на польскай мове: «Za pozwoleniem cenzury wojskowej». У справе гэтых выданняў шмат дапамагаў літоўскі прафесар Зыгмунт Жэмайціс, мой былы вучыцель матэматыкі ў гімназіі Няздзюравай.
У Каўнасе я часта сустракалася з Міколітэ Папікайтэ, якая ў той час працавала ў адным з банкаў братоў Вайлакайцісаў. Аднойчы прыбягае да мяне Міколітэ і кажа, што ў Каўнасе паявілася княгіня Магдалена, і апавядае мне гісторыю апошняга часу з жыцця княгіні. А расказаў ёй аб гэтым лёкай.
Вось дзе хрысціянскі ўчынак. Уцёкшы з Мінска перад заняццем беларускай сталіцы Чырвонай арміяй, княгіня са сваёй сабачай сям’ёй і лёкаем пасялілася ў адным жаночым кляштары ў Кёнігсбергу. I вось здарылася ў княгіні вялікае няшчасце: захварэў і здох адзін сабака. Няўцешная ад такога гора княгіня загадала лёкаю зрабіць адмысловую дамавінку, абабіла яе аксамітам і, улажыўшы на шаўковай падушачцы сваю
драгацэнную страту, загадала лёкаю, каб той ноччу пахаваў сабаку пад вялікім крыжам, які стаяў сярод кляштарнага двара. Лёкай, чалавек усё ж такі рэлігійны, прабаваў адмаўляцца, баючыся граху, але страх перад стратай службы аказаўся мацнейшы, чымся страх перад Богам, і мусіў пакарыцца волі сваёй пані. Дднак не ўтрымаў сакрэту, не сцярпеў і на раніцу шапнуў аб гэтым аднэй законніцы. Тая зараз жа далажыла ігуменні. Сабраліся манашкі ля крыжа. Глядзяць — зямля і запраўды свежа падлубана. Па загадзе ігуменні ўскапалі зямлю і знайшлі дамавіну са здохлым сабакам. Ну, і скандал жа быў! Яшчэ не чуваны ў сценах кляштара. Абураныя манашкі з крыкам і лаянкай выгналі яснавяльможную з кляштара.
Дзе дзецца беднай княгіні? У Польшчу не хоча, хоць там, у Варшаве, засталіся і дамы, і ўласны касцёл, хоць там жыве і дачка яе адзіная, якую гвалтам выдала за князя Чартарыскага, забыўшыся аб сваёй горкай долі дзявочай. 3 тэй пары пакрыўджаная дачка адраклася ад сваёй маткі. Беларусы з буржуазнага ўрада БНР самі сядзелі на чужой зямлі і на чужой ласцы. Заставалася буржуазная Літва. Княгіня звярнулася да літоўскага ўрада з просьбай прыняць яе ў лік сваіх грамадзян. У якасці пасагу за грамадзянства злажыла ў літоўскі дзяржаўны банк 400 тысяч валютай і падаравала свой музей, у якім было 16 золаталітых слуцкіх паясоў і шмат цэнных экспанатаў выяўленчага мастацтва. Літоўскі буржуазны ўрад з задавальненнем прыняў падарункі і даў прытулак і апеку яснай пані. Вось яна і асталявалася са сваёй сабачай сям’ёй у Каўнасе176.
Міколітэ наведвалася да яе і некалькі разоў казала мне, што княгіня ўспамінае мяне добрым словам, хоча мяне пабачыць і просіць зайсці да яе.
— Гм, дзіўна, — кажу. — Чым жа я заслужыла на такую ласку?
— Сакрэт у гэтым невялікі, — адказвае Міколітэ. — Усе ж, хто толькі да яе звяртаўся, стараліся выцыганіць ад яе якуюсь дапамогу. А ты не толькі нічога ў яе не прасіла ні для сябе асабіста, ні на якіясь грамадскія справы, але і адмовілася ад таго, што яна сама табе прапанавала177.
Хоць Міколітэ і намаўляла мяне адведаць княгіню, але я ніякай ні ахвоты, ні патрэбы ў гэтым не мела.
Які быў канец яе жыцця, мне ўжо не давялося больш чуць178.
V. Ля вытокаў беларускага тэатральнага мастацтва74
1912—1913 гады. Пецярбург. 3 першых жа дзён я з галавой акунулася ў вір студэнцкага жыцця. Яно было больш яркае, больш змястоўнае, жыццё, у якім развіваўся мой інтэлект і выразней вызначаліся шляхі будучай дзейнасці.
Тут мяне чакала яшчэ болып напружаная праца. Апрача заняткаў на курсах трэ было зарабіць і на пражыццё, і на аплату курсаў. Пры дапамозе студэнцкіх арганізацый заробак заўсёды можна было знайсці. Адчуўшы ў асяроддзі студэнтаў слабасць свайго развіцця180, штодня выкройвала 2—3 гадзіны на самаадукацыю. У публічнай бібліятэцы я хапалася і за літаратуру класікаў сацыялізму, і за гісторыю філасофіі, і за гісторыю мастацтва, і з жаночым пытаннем трэ было азнаёміцца, словам, хваталася за ўсё, каб не быць маўклівым сведкам у бурных спрэчках на розныя тэмы сярод старшых таварышаў. Наведвала і жаночы гурток «Spojnia». Там пад кіраўніцтвам д-ра Садоўскай адбываліся цікавыя даклады па жаночым пытанні і дыскусіі, у якіх удзельнічалі і хлопцы. (Нас іранічна яны называлі суфражысткамі181.) Час ад часу наладжваліся маленькія «бібы»182, якія заўсёды пачыналіся студэнцкім гімнам «Gaudeamus igitur» і пры чарцы запеканкі са скромнай закускай спявалі студэнцкія песні, весяліліся, спрачаліся'83.
Кожную суботу збіралася беларуская моладзь на кватэры прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы на 4-й лініі Васільеўскага вострава. Нас прыветліва вітаў невялічкага росту, тоўсценькі, кругленькі, з выпуклымі сінімі вачыма на такім жа круглым румянашчокім твары сівенькі сам прафесар. Мы размяшчаліся ў зале з мяккай мэбляй, абабітай чырвоным плюшам. Справа ад круглага стала — піяніна. На сценах карціны з беларускімі краявідамі.
Апрача студэнцкай моладзі тут спаткаеш і іншых дзеячаў беларускай культуры: рухавага, са светлай бародкай жывапісца Драздовіча184, высокага, з шапкай сівых валасоў, па-дзіцячаму наіўнага збіральніка беларускіх народных песень Грыневіча, кампазітара Казуру, інжынераў, аграномаў. Браніслаў Тарашкевіч чытае даклад аб асновах беларускай граматыкі, іншым разам хтось прачытае даклад па гісторыі ці эканоміцы Беларусі; Грыневіч знаёміць нас з новымі запісамі беларускіх народных песень; Драздовіч расказвае аб беларускім стылі старадаўніх касцёлаў, цэркваў і іншых памятнікаў архітэктуры, паказвае нам свае зарысоўкі; Жылуновіч прыносіць падпольную рэвалюцыйную літаратуру, расказвае аб рабочым руху на заводах; Купала чытае свае новыя творы... Колькі цікавых вестак, розных думак тут было выказана! Якія падчас гарачыя спрэчкі разгортваліся!185.
Але вось заўважаецца стомленасць. Бразг сталовай пасуды, які даносіцца з трэцяга пакоя, блытае думкі, затухаюць спрэчкі. Казура ці Грыневіч садзяцца за піяніна, мяне просяць спяваць. Пад гадзіну 11 -ю прафесар запрашае да стала. Праз кабінет, сцены якога знізу даверху застаўлены стэлажамі, поўнымі кніг, мы праходзім у сталовую. I тут вочы нашы разбягаюцца па стале, а сліну ледзь паспяваем глытаць. I чаго-чаго тут няма! Ікра чырвоная і чорная, асятрына, балык, шынка вараная і вяндліна вясковая, грыбкі марынаваныя і рыжыкі салёныя — ды ці пералічыш усё, што так вабіла нашы прагныя вочы і дражніла галодны страўнік!
3 кухні далятае гоман: прытворна сярдзітая жаночая лаянка і гарэзлівы смех хлапцоў. Праз хвіліну выбягаюць з кухні Купала і пляменнік прафесара Гагалінскі з талеркамі, відэльцамі і нажамі ў руках, а за імі ўздагон эканомка пані Пясэцкая, сцёбаючы іх ручніком, скручаным у жгут. Хлопцы ўцякаюць, а яна ганяецца за імі вакол стала. Гледзячы на гэту сцэну, мы паспешна расступаемся, каб і нам часам не ўляпіла па шыі ручніком, і ўсе хахочам. Стаміўшыся, спыняейца пані Пясэцкая і пачынае нам жаліцца на сваіх памочнікаў.
Нарэшце садзімся за стол і, выпіўшы па чарцы віна, бярэмся за смачныя закускі, з трудом стрымліваючы свой воўчы апе-
тыт. Пасля закускі — гарбата з цесткамі і тортам. Пакуль мы заняты пасілкаваннем, пані Пясэцкая забаўляе нас цікавымі апавяданнямі з жыцця беларускай вёскі, аздабляючы сваю гутарку прыказкамі, прымаўкамі, а часам і прыпеўкамі. 3 вялікай прыемнасцю мы слухаем гэту пажылую сімпатычную жанчыну, якая пакінула ў нашай душы светлую памяць аб сабе.
Насыціўшыся і падзякаваўшы за гасціннасць гаспадару і гаспадыні, парадкам за поўнач разыходзімся па адным, па двое, каб не звабіць вока гарадавога ці шпіка на нашы зборы186.
I так кожную суботу.
На адным з такіх суботнікаў студэнт Яўген Хлябцэвіч запрапанаваў арганізаваць беларускую студэнцкую касу накшталт некаторых «землячастваў». Выбралі праўленне, на чале якога стаў ініцыятар нашай касы Хлябцэвіч. К.аб закласці матэрыяльны фундамент, рашылі наладзіць беларускую вечарыну. Купала прачытаў нам сваю п’есу «Паўлінка», і мы загарэліся жаданнем яе паставіць. За арганізацыю вечарыны ўзяўся брат прафесара Уладзіслаў Эпімах-Шыпіла, вялікі энтузіяст тэатральнага мастацтва. Размеркавалі ролі: Сцяпан Крыніцкі — студ. Душэўскі, Альжбета — Вікторыя Клімовіч, Паўлінка — студ. Паўліна Мядзёлка, Пранцісь Пустарэвіч — У. Эпімах-Шыпіла, Агата — яго дачка (не помню імя)187, Якім Сарока — студ. Лявон Заяц, Адольф Быкоўскі — студ. Адамовіч188. У якасці рэжысёра быў запрошаны артыст Александрыйскага тэатра189 Бэкін-Драздоў. Пачаліся рэпетыцыі, на якіх заўсёды прысутнічаў аўтар п’есы.