Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
— Вядро вады яму на галаву, сукінаму сыну! Хай ведае, як разгаўляцца перад спектаклем! Налізаўся, прахвост!
Ледзь не залілі беднага хлопца вадой, але прывялі яго да ладу, так што на сцэне не сапсаваў сваёй ролі212.
У нашым калектыве не было ніякіх закулісных інтрыг, якія звычайна бывалі ў правінцыйных тэатрах, ніякіх спрэчак і прэтэнзій пры размеркаванні роляў. Часамі толькі ўносіла некаторы дысананс Пралеска. Яна была заўсёды на ролях старых жанчын і вельмі непакоілася за свайго мужа, калі яму даводзілася іграць каханка ў пары з маладой акцёркай. Адчуваўся яе нервовы настрой і на рэпетыцыях такой п’есы, а дома, мабыць, ужо не патрабавала стрымліваць свайго раздражнення. Таму Фларыян Паўлавіч стараўся не браць на сябе такіх роляў.
Памятаю, паставілі мы п’есу «Калісь»213, у якой Юрку іграў Фларыян Паўлавіч, а роля Людвісі была даручана мне. Спектакль, які адбыўся на Ляхаўцы пры перапоўненай зале, прайшоў з поспехам, з публікі прыйшлі за кулісы вітаць нас з удачай і прасілі паўтарыць гэтую п’есу ў бліжэйшы час. Мы з радасным уздымам таксама выказвалі жаданне паўтарыць «Калісь» у наступную суботу. Фларыян Паўлавіч згадзіўся. Аднак ні
ў наступную суботу, ні пазней «Калісь» не ставілася. I толькі пасля майго выезду з Мінска аднавілі гэтую пастаноўку. На гэты раз Людвісю іграла Пралеска.
Дарэчы ўжо яшчэ некалькі слоў аб гэтай двухактоўцы. Пры савецкай уладзе «Калісь» карысталася вялікім поспехам, мо таму, што ў той час яшчэ не было ў рэпертуары п’есы з рэвалюцыйным зместам. Тэатр рабіў частыя выезды ў прыфрантавую паласу, дзе сотні раз ставілася «Калісь» дая часцей Чырвонай арміі. Доўгі час Юрку іграў Крыніца, а Людвісю — вельмі прыгожая і здольная да сцэны Станкевіч. I вось пасля аднаго здарэння, аб якім мне расказалі таварышы па сцэне, прышлося іх разлучыць і перадаць гэтыя ролі другім.
...Падзеі адбываюцца ў часе рэвалюцыі 1905 г. Рабочы-рэвалюцыянер Юрка жыве на кватэры прачкі-ўдавы. Пад уплывам Юркі яе дачка Людвіся захапляецца рэвалюцыйнымі ідэямі і прымае ўдзел у падпольнай рабоце. УII акце маці жаліцца суседцы, што Юрка закруціў галаву Людвісі, і трывожыцца за яе. За сцэнай праходзіць дэманстрацыя, пяюць «Чырвоны сцяг»214, выкрыкваюць рэвалюцыйныя лозунгі. Раптам чуваць выстралы, крыкі: «Казакі! Казакі!». Праз хвіліну рабочыя ўносяць цяжка параненага Юрку. Маці дакарае, што ён губіць Людвісю, а цяпер ёй прыйдзецца адказваць за тое, што прыняла ў хату раненага рэвалюцыянера. Яна выходзіць на кухню. Юрка, не жадаючы падводзіць пад адказнасць гаспадыню і Людвісю, сабраўшы апошнія сілы, хоча пакінуць іх дом, але, зрабіўшы пару крокаў, падае. Убягае Людвіся і з роспаччу бачыць мёртвага Юрку. На вуліцы зноў лунае песня «Чырвоны сцяг». Дастаўшы з грудзей Юркі змочаную ў яго крыві хустачку, яна ўзнімае яе як баявы сцяг і клянецца адпомсціць ворагам працоўнага люду.
— Юрка, дзе твой браўнінг? — дастае з яго кішэні рэвальвер і з воклічам: «Помста за бязвінна пралітую кроў!» выбягае на вуліцу. Даносіцца адзін, другі выстрал, а пасля залп. Убягае маці, зірнула ў акно.
— Ай, Людвіська! — ускрыкнула і, абяссілеўшы з гора, ссунулася на зямлю.
Так заканчваецца п’еса.
...I трэба ж так здарыцца, што аднойчы Юрка-Крыніца забыўся палажыць рэвальвер у кішэню курткі.
— Юрка, дзе твой браўнінг? — нервова пытае ЛюдвісяСтанкевіч. Сунула руку ў правую кішэню — няма, у левую — няма! «Куды ж ён мог яго палажыць?» — збянтэжана думае. Паўзы не павінна быць.
— Помста! Помста! — бармоча, а сама думае: «Можа, у кішэні нагавіц?»
Сунула туды руку, аж нябожчык крэкнуў, узняўся і сеў на зямлі, вылупіўшы вочы. Станкевіч спужалася, счырванела і без рэвальвера выскачыла за кулісы. Канец п’есы сарваўся.
3 таго часу як толькі падыходзіў момант, калі Людвіся пытае: «Юрка, дзе твой браўнінг?», нябожчык Юрка, не могучы стрымацца са смеху, пачынае трасціся ўсім целам, а Людвіся таксама не можа саўладаць з сабой. Прыйшлося перадаць іхнія ролі іншым акцёрам.
Так... Бываюць розныя непрыемныя і камічныя выпадкі на сцэне. Аб адным такім выпадку расказаў нам аднойчы Фларыян Паўлавіч.
Ён у той час працаваў у польскім тэатральным калектыве ў Мінску. He памятаю ўжо, якая ставілася п’еса, якога аўтара, Фрэдры ці то іншага. У II акце дзесьці ўглыбі, невідочнай для публікі, паяўляецца тыгр. На сцэне пярэпалах. Рэжысёр, малады польскі акцёр, захацеў бліснуць сільным эфектам і выпусціць на сцэну тыгра. Ролю тыгра павінен быў выканаць яго вялікі сабака, якога рашыў загрыміраваць пад тыгра. Пачаліся рэпетыцыі з тыграм. 3 аднаго боку куліс трымалі «тыгра», а з другога — стаяў яго гаспадар і вабіў да сябе яго куском каўбасы. «Тыгр» рваўся да гаспадара, а калі наступаў належны момант, яго адпускалі, і ў два-тры скокі праз сцэну мчаўся «тыгр за другі бок куліс». Там яго лавіў гаспадар і выводзіў з сабой. На сцэне трывога, пярэпалах... Усё ўдавалася як найлепш. I вось наступіў дзень спектакля. Сабаку размалявалі фарбамі так, што ні даць ні ўзяць — праўдзівы тыгр выйшаў. Рэжысёр пацірае з радасці рукі. Вось будзе эфект! Публіка будзе валам валіць на гэту п’есу.
Ідзе II акт. Загрыміраванага «тыгра» трымаюць за кулісамі. Ён, ужо навучаны, рвецца да гаспадара. Момант — і яго адпускаюць. «Тыгр» выскачыў на сцэну і... спыніўся. Рэпетыцыі адбываліся пры пустой зале, суфлёр сядзеў не ў будцы, а збоку, на сцэне. А цяпер... «Тыгр» уставіўся на публіку і завурчэў, угледзеў у будцы суфлёра, напружыніўся ўвесь, расставіў ногі, хвост пісталетам і «гар-гар-гар!» на суфлёра.
— Трэзор! Трэзор! — супакойвае яго перапалоханы суфлёр. Трэзор пачуў знаёмы голас, супакоіўся, а пасля, абнюхаўшы будку, падняў заднюю нагу.
— Заслона! Заслона! — крычыць у роспачы рэжысёр, хватаючыся за галаву. А публіка тым часам покатам кладзецца ад смеху.
Дык вось якія часам бываюць эфекты.
...Крыніца (Антон Паўлавіч Ждановіч), здаецца, не канчаў драматычнай школы, але яго прыродны талент быў не меншы, чымся ў брата, а можа, нават і большы. Ігра яго заўсёды рабіла сільнае ўражанне. Я перш не верыла, калі мне казалі, што ён так сільна перажывае ў часе ігры сваю ролю, што не раз канчалася сардэчнымі прыпадкамі. Але хутка сама ў гэтым пераканалася. У «Хаме» бачыла я, як ён у ролі Паўлюка дрыжыць усім целам, як жывыя гарачыя слёзы ціха сплываюць па яго твары і капаюць на раскрытую кніжку, па якой ён чытае, успамінаючы Пронку. Яго шчырыя перажыванні на сцэне перадаваліся і мне, і я, забыўшыся аб кулісах, сцэне, аб публіцы ў зале, усёй сваёй істотай увасаблялася ў вобраз Пронкі.
Ідзе п’еса Э. Ажэшка «У зімовы вечар» («Рысь»). У сялянскую хату збіраюцца на вячоркі дзяўчаты з прасніцамі, за імі дзецюкі. Жартуюць, смяюцца. Уваходзіць незнаёмы падарожны, просіцца пераначаваць. Ён пазнае старую бабулю, якая расказвае дзяўчатам казкі, сыноў старога гаспадара, пытаецца аб самым малодшым сыне Ясюку. Шмат год ужо прайшло, як Ясюк пайшоў у свет, шукаючы работы, і з таго часу ні слыху ні духу аб ім. Але скуль жа ведае ўсіх у хаце незнаёмы? А ён гадоў дваццаць таму разам з Ясюком працаваў непадалёк на аднэй будове. Зайшла гутарка аб страшным разбойніку Рысю, які, як
кажуць, нядаўна ўцёк з турмы і недзе блытаецца тут у ваколіцы. Незнаёмы таксама чуў аб ім і падробна расказвае, як Рысь уцёк з турмы, спусціўшыся з акна на парасоне.
Пад сумную песню «Вясёла бяседачка» незнаёмы падыходзіць да стала, за якім сядзіць стары бацька (Крыніца).
— Татачка, ці пазнаеш мяне, татачка? — са слязьмі ў голасе ціха пытае падарожны. — Ці памятаеш, як я быў маленькі, і ты браў мяне з сабой на рыбу?..
— Мейца сына... — дрыжачай рукой жагнаецца стары і спалохана пільна ўглядаецца ў твар любімага сына.
Тым часам хлопцы, пашаптаўшыся паміж сабой, рашылі напалохаць дзяўчат.
— Рысь, Рысь тут! — крычыць адзін з іх, убегшы знадворку.
Дзяўчаты ў піск, хаваюцца па кутках, а падарожны, сарваўшыся з месца на гэты крык, кіем пракладвае сабе дарогу да дзвярэй215. Хлопцы, здагадваючыся, што пад відам падарожнага завітаў да іх разбойнік Рысь, ловяць яго і вяжуць.
— He чапайце яго! He чапайце! Пусціце! — глухім голасам крычыць стары бацька.
Хістаючыся, падбягае да блуднага сына, развязвае яму рукі, ціхенька суне яму за пазуху грошы.
— Ідзі з Богам, ідзі і больш не грашы, — шэпча, жагнаючы яго.
— Бацька, што ты робіш? Гэта ж Рысь! — крычаць старэйшыя сыны, калі ўжо падарожны выбег з хаты.
— Гэта мой сын, а ваш брат, — адказвае стары і, схапіўшыся за сэрца, падае на зямлю.
...Ужо некалькі разоў адкрываецца і закрываецца заслона, мы ўсе кланяемся публіцы, а Крыніца ўсё ляжыць. Сцэна апусцела. На хаду знімаючы з твару грым, прабягаю праз сцэну і натыкаюся на старога, які ўсё яшчэ ляжыць на падлозе216.
— Уставай, Антук, кінь дурніцца, трэба сцэну прыбіраць, — кажу, злёгку таўхаючы яго ў бок нагой. Але ён не скрануўся. Нахіляюся і бачу, што ён не дыхае.
— Хлопцы! — крычу ў страху. — Антук нежывы!
Дзве гадзіны доктар вазіўся з ім, пакуль не прывёў яго да жыцця...
Да 1920 г. рэпертуар складаўся ў большай сваёй частцы з аднаі двухактовак: «Па рэвізіі», «Пашыліся ў дурні», «Модны шляхцюк», «Пісаравы імяніны», «Паўлінка», «У зімовы вечар» («Рысь») і іншых; многаактовых п’ес: «Раскіданае гняздо», «Хам», з перакладзенай з англійскай мовы камедыі «Цётка Кароля»217.
Вясной 1919 г. я была прызначана інструктарам беларускіх школ у Гродне. Набраўшы ў Вільні даволі шмат забароненай польска-панскімі акупантамі літаратуры, выехала ў Гродна. Пры перасадцы на станцыі Масты трое сутак чакала цягніка на Гродна. He дачакаўшыся яго, абвязалася пад шырокай світкай брашурамі, кошык з бялізнай і кнігамі пакінула ў стрэлачніка, у якога начавала, і рушыла пехатой218.
Вось і Нёман-рака. Зачараваная дзіўнай красой прыроды, я спынілася. Па шырокім і глыбокім ложы плывуць люстраныя воды яго. 3 крутых берагоў сплывае золата пяскоў. Велізарныя стройныя сосны патустаронняга бору глядзяцца ў люстра вод і, стомленыя смагай, глыбока спускаюць свае тоўстыя карэнні, каб напіцца сцюдзёнай вадзіцы. Сонца купае свае залатыя праменні, грэе, цалуе родную зямельку. Раптам з неба пасыпаўся дождж. Скуль ён? Ніводная хмарка не скрывае сонца. Струны залатой арфы спусціліся з блакітнага неба і зазвінелі ціхай, лагоднай песняй. Брыльянтамі зіхацяць буйныя кроплі. Гэта ж само неба бласлаўляе мяне на самаахвярны труд для свайго народа! У сільным захапленні цудоўнай красой я апускаюся на калені перад бацькам Нёманам219.