Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
— Клянуся табе, бацька наш Нёман, што ўсе свае сілы, а калі патрэба, і жыццё сваё аддам свайму абяздоленаму народу. He запалохаюць мяне панскія гайдукі-жандары, не страшны іх турмы. За волю, за шчаслівую долю майго народа! Клянуся!..
Па дарозе спыняюся каля аратага, заходжу ў вясковую хату, вяду гутаркі, раздаю брашуры. У Дубне збіраецца вечарам у хату, дзе спынілася нанач, цэлы сход. Да позняй ночы вядзем гутаркі сакрэтныя. На раніцу, пахудзеўшы ад разданых брашур, крочу далей220.
У Гродне, на вуліцы Ажэшка, знаходзіцца Гродзенская беларуская рада, у якой галоўным заправілам з’яўляецца Аляксюк,
а яго спадручнымі стары вучыцель Квяцінскі і прысланы з Мінска Тодар Вернікоўскі. Квяцінскі — пасіўны папіхач, і аб ім мала чаго можна сказаць. Больш каларытнымі фігурамі былі два апошніх.
Алексюка я ведала яшчэ са студэнцкіх часоў. Спачатку быў хлопец як хлопец. Належаў да нашай студэнцкай касы, прымаў удзел у ролі госця ў першай пастаноўцы «Паўлінкі», аднак на суботніках у прафесара Эпімаха-Шыпілы я ніколі яго не сустракала. Ну а сутыкаючыся з чалавекам толькі на рэпетыцыях, ці ж можна было пазнаць яго чорную душу? Калі на другі год я з Вільні зноў прыехала на курсы ў Пецярбург, сустрэла яго на вакзале. Апрануты ён быў з іголачкі: парадны студэнцкі сурдут на белай шаўковай падкладцы, пры баку шпага, нос — і фігай не дастаць. Ніхто з нашай братвы так не апранаўся, і яго метамарфоза мяне здзівіла. He вельмі ахвотна ён мяне пазнаў. А калі я спытала, што чуваць у нашай студэнцкай арганізацыі, ён нічога не ведаў, бо адышоў ад беларускіх аб’яднанняў, пры гэтым цынічна паясніў:
— Бачыце, я, калі хочаце, — кар’ерыст. Мой удзел у беларускіх арганізацыях можа пашкодзіць маёй кар’еры. А калі я даб’юся свайго цвёрдага становішча, тады змагу далёка болып зрабіць для беларускай справы, чымся цяпер.
У той жа дзень мне таварышы сказалі, што ён да таго часу аціраўся каля нашай студэнцкай касы, пакуль там не завяліся грошы. Узяўшы з касы пазычку ў 600 руб., хвастом накрыўся, вачэй больш не паказвае.
Забягаючы наперад, мушу яшчэ аб адным спатканні з ім успомніць. Было гэта ўвосень 1920 г. у Варшаве. Пасля вызвалення з Вронкаўскай турмы я ішла з вакзала і на Ерусалімскіх алеях пабачыла яго ў польскай вайсковай форме з рагатай шапкай на галаве. Я ўжо чула, што ён з бандай Булак-Булаховіча крывёй заліваў беларускую зямлю.
— Гэта праўда, што вы звязаліся з Булак-Булаховічам і маніліся Мінск захапіць?
— Праўда, — адказвае.
— Я вас лічыла разумнейшым і больш парадачным чалавекам. Няўжо вы думалі, што з кучкай нейкіх бандытаў, рознага
зброду з-пад цёмнай звязды вы зможаце заняць Мінск і ўтрымаць яго? Няўжо вы думалі, што беларускі народ падтрымае вас і пойдзе ва вамі?
— О, не! Я не такі наіўны, я ні на адну хвіліну аб гэтым не думаў.
— Дык чаго ж вы ішлі? Нашто крывёй беларускага народа залілі свае сцежкі?
— Мне трэба было тры мінуты прабыць у прадмесці Мінска, каб мець тры гады добрага міністэрскага жыцця.
Цяпер у Гродне ён на задніх лапках танцуе перад польскімі панамі, старэйшая сястра яго трымала ў Гродне, далікатна кажучы, дом спатканняў для польскіх афіцэраў.
Ну а Вернікоўскі? Гэта вядомы ў Мінску домаўласнік, чарнасоценец, былы член саюза Міхаіла-архангела, арганізатар чарнасоценных пагромаў у Мінску. А з другога боку — брудны цынік, стары распуснік.
Вось у якіх руках была Гродзенская беларуская рада.
Незалежна ад Рады на Палявой вуліцы, 8 у двухпавярховым драўляным будынку знаходзіўся беларускі клуб. На нізу была сталовая, вялікая зала, у якой адбываліся вечарыны з танцамі, пакоем для лекцый і кароткатэрміновых курсаў для беларускіх настаўнікаў. На паверсе — пакоі, у якіх жылі настаўнікі.
Мая роля ў якасці інструктара беларускіх школ абмяжоўвалася клопатамі аб забеспячэнні школ падручнікамі, беларускай літаратурай, выпрацоўкай праграм і арганізацыя прафсаюза беларускіх настаўнікаў. Аднак найболын сваёй увагі і часу я ўдзяляла Грамадзе беларускай моладзі, якая з маім прыездам арганізавалася і старшынёй якой мяне абралі. Пры Грамадзе існавалі самаадукацыйная секцыя, драматычная і харавая.
Самаадукацыйная секцыя арганізоўвала лекцыі. Пэўнага плана тэматыкі лекцый не было. Усё залежала ад наяўнасці лектараў, якіх не так лёгка было знайсці, ад адпаведнай літаратуры і, урэшце, ад акупацыйнай улады, якая пільна сачыла, каб Грамада беларускай моладзі не займалася палітыкай. Тэмы, якія забараняліся ў лекцыях, падымаліся ў прыватных гутарках адзін на адзін або ў невялічкіх групках найбольш пэўных юнакоў і дзяўчат.
Кожны вечар дом на Палявой, 8 гудзеў, як вулей. Народу, асабліва моладзі, збіралася шмат. Хто прыходзіў пачытаць газеты і часопісы, хто на рэпетыцыі драматычнага ці харавога гуртка, а хто проста спаткацца з людзьмі, пагутарыць аб тым, аб сім, a то і патанцаваць у ніжняй зале. Пранікалі да нас і зусім непажаданыя элементы: круціліся тут і панскія найміты-шпікі, і былыя белагвардзейскія афіцэры. Адзін з такіх афіцэраў прыходзіў амаль кожны дзень, падружыўся з хлапцамі. Я пачала прыглядацца да яго, прыслухоўвацца да яго гутарак з хлапцамі і хутка пераканалася, што ён зусім непажаданы госць у нашай грамадзе. Але як пазбыцца ад яго? Якую знайсці прычыну, каб забараніць яму ўваход да нас? Неўзабаве такая прычына знайшлася. Падышоўшы неўзаметку да цёмнага кутка, у якім ён затуліўся з некалькімі хлопцамі, я пачула:
— Ну, нюхні, нюхні разок! Вось пабачыш, якой радасцю напоўняцца грудзі, якім прыгожым свет і людзі табе пакажуцца.
— Ды пайшоў ты к чорту! He хачу, не буду! — аднекваецца хлопец.
— Давай я паспрабую! — кажа другі.
Я не здагадвалася, аб чым ідзе гутарка, бо яшчэ не ведала аб такіх рэчах, але інстынктыўна занепакоілася.
— А можа, і мне дасце паспрабаваць? Што гэта за зелле такое цудоўнае? — азвалася.
Хлопцы збянтэжыліся і разбегліся, а былы афіцэрык паспешна нешта схаваў у кішэню.
— Гэта вас не датычыць, — задзірыста адказаў.
— Выбачайце, нават і вельмі датычыцца. Што вы ім прапанавалі нюхаць? — сурова пытаю.
— Убірайцеся вы... — і шпарка пайшоў у залу.
Назаўтра я сабрала праўленне Грамады. Выклікалі тых хлопцаў, якім той прапанаваў нешта нюхаць. Яны прызналіся, што гэта быў какаін. Пастанавілі:
1.	Прасіць доктара прачытаць лекцыю аб шкоднасці какаіну і іншых наркотыкаў;
2.	Забараніць гэтаму тыпу ўваходзіць у наш клуб.
3	вялікім скандалам, але-ткі хлопцы выгналі яго і ў далейшым сачылі, каб не дапускаць яго ні на адкрытую вечарыну, ні ў сталовую.
Наведваў наш клуб адзін чалавек, які мяне моцна зацікавіў. Малады, гадоў, мабыць, 25—27, вельмі сур’ёзны на выгляд, са спакойнымі рухамі і паходкай, з нязменнай палкай, на якую часам апіраўся, а часам насіў зачэпленай на руцэ, ён кожны дзень прыходзіў, браў газету і гадзінамі сядзеў, чытаў або маўкліва назіраў за тым, што дзеецца навокал, раз-пораз чмыхаючы ў нос. Доўга я не магла даведацца, хто ён, чым займаўся, — ніхто гэтага не ведаў. Спачатку я грэшным дзелам думала, што гэта якісь шпік, і асцерагалася яго, хоць не падобны ён быў да шпіка, і я міжвольна адчувала нейкую сімпатыю да гэтага маўклівага, паважнага чалавека. Пазней я дазналася, што завуць яго Фёдарам Баранавым. Хтосьці шапнуў здагадку, а мо і праўду, што гэта падпольшчык-камуніст. Гэта мяне яшчэ больш зацікавіла. Да гэтага часу я ніводнага камуніста не сустракала, нічога не ведала аб ідэях камунізму, і мне вельмі хацелася бліжэй з ім пазнаёміцца, шчыра пагаварыць. Аднак гэта не ўдавалася. Ці то яго прыродная маўклівасць, ці закон глыбокай канспірацыі не дапускалі адкрытай гутаркі. Значна пазней, ужо за межамі Беларусі, я даведалася, што настаўнік Курбскі і некаторыя іншыя з нашай грамады былі камуністаміпадпольшчыкамі. Цяпер я маю вялікі жаль да гэтых таварышаў, што яны былі надмерна асцярожнымі, што не адкрылі мне, дый не толькі мне аднэй, вачэй на ясную праўду, не паказалі нам адзіна праўдзівай дарогі да светлай будучыні. Зусім інакш слажылася б маё жыццё, не блыталіся б мае сцежкі-дарожкі, пакуль не ўбачыла праўдзівага шляху.
Я ўзяла на сябе кіраўніцтва драматычным гуртком, Шаху было даручана кіраўніцтва хорам. Закіпела энергічная праца. Кожную суботу рабілі пастаноўкі з канцэртамі на сцэне гарадскога тэатра і заўсёды пры поўных зборах. Але з якімі труднасцямі ўдавалася дабыць у старостве дазвол на пастаноўку і канцэрт! Колькі парогаў абабіць, колькі языка намазоліць, даказваючы, што
ў той ці іншай п’есе ці то песні з палітычнага боку няма нічога шкоднага для паноў-акупантаў. Дабіўшыся нарэшце дазволу, трэба бегчы ў магістрат і штурмам браць будынак гарадскога тэатра. I тут спатыкалі перашкоды, не меншыя, чымся ў старостве. Польскія чыноўнікі выкопвалі розныя, часта недарэчныя прычыны, каб толькі адмовіць нам за плату адчыніць дзверы тэатра. Дзе бокам, дзе скокам, дзе стукаючы кулаком па стале, а дзе гтусціўшы ў ход хітрасць, бляск дзявочых вачэй, удавалася ўварвацца ў храм драматычнага мастацтва. Аднак ужо і там не раз навісала пагроза зрыву спектакля. Хтосьці з публікі ў фае трымаў у пальцах яшчэ не закураную папяросу, і паліцыя рада гэтаму выпадку, каб разагнаць усю публіку і не дапусціць да пастаноўкі. Іншым разам ужо загрыміраванага хлопца мінут за 15 да пачатку спектакля раптам забіраюць у пастарунак паліцыі для выяснення асабістасці ці то па падазрэнні, што прымаў удзел у якойсь выдуманай вулічнай авантуры, і трымаюць яго там гадзіну-другую. Публіка, выслухаўшы прычыну зацяжкі спектакля, цярпліва чакае, а мы наспех перастройваемся, маючы ў запасе пару дазволеных цэнзурай песень, вершаў ці невялічкіх апавяданняў з мастацкай літаратуры. А здаралася, што, перапрасіўшы публіку, адкладвалі спектакль на другую суботу ці нядзелю.
Рэпертуар наш складаўся з тых самых п’ес, якія ставіліся ў Мінску. Спаміж самадзейных акцёраў былі два браты Салошыкі, храмы настаўнік Курбскі, Авяр’янаў, Краўцэвічанка і інш. Якісь час прымала ўдзел і малодшая сястра Алексюка, але пасля аднаго жульніцтва з яе боку мы яе адкінулі са свайго калектыву. Алексючанка ведала, што ў адным з магазінаў я часта брала напавер патрэбныя для сцэны матэрыялы, частку якіх пасля скарыстання я адносіла, а за рэшту расплачвалася, калі былі грошы. Алексючанка пайшла ў гэты магазін і ад майго імя нібыта для сцэны ўзяла дарагую ляльку і шмат іншых цацак для сваёй пляменніцы, сказаўшы, што я скора прыйду і расплачуся. У мяне і вочы палезлі наверх, як пабачыла праз некалькі дзён вялікі рахунак. Але ні шаноўны брат, ні яго махлярка-сястрыца і не падумалі аплаціць гэты рахунак. Вось дзе сямейка! Адзін другога лепшы шэльма!221.