Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Ну, што ж... не прызнаюцца да мяне, дык і не трэба, — з усёй сілы волі стрымліваючы слёзы, ледзь прашаптала я.
— Вось што, — кажа Дамброва, далікатна адвярнуўшыся, заўважыўшы, мабыць, як мне цяжка стрымліваць боль душы. — Вы напішыце проста да сваёй гаспадыні кватэры, я пашлю свайго чалавека, і сёння ж вы будзеце мець усё патрэбнае.
Ну, а калі так ужо здарылася, што тут вас ніхто не ведае, дык, пэўна ж, ніхто і адведваць вас не будзе. Дазвольце, мая жонка будзе да вас прыходзіць.
Я ўжо і прашаптаць падзяку не магла, толькі моўчкі кіўнула галавой.
Пад вечар мне прынеслі ўсё, аб чым я прасіла гаспадыню. А на другі дзень прыйшла аж у камеру жонка Дамбровы пазнаёміцца са мной. 3 таго часу яна два разы на тыдзень прыходзіла, прыносіла што-небудзь смачнае паесці, а найболып ягад. Кожны раз прыносіла і газету «Роботнік», орган ППС, але прасіла асцярожна чытаць і хаваць ад вока назірацеляў, бо зняволеным не дазвалялася чытаць газеты. Наведваўся зрэдку ў камеру і Дамброва, але допытаў больш не чыніў і пратаколаў не пісаў. Аднойчы я спытала ў яго, як гэта будзе адбывацца суд, бо я яшчэ ні на чыім судзе не бывала і паняцця не маю, як гэта ўсё адбываецца. Ён расказаў увесь парадак і ход суда, пры гэтым пералічыў прозвішчы трох суддзяў, якія будуць мяне судзіць.
— Хадасевіч? — аж вочы вылупіла, пачуўшы гэтае прозвішча. — Юзаф Хадасевіч? Ці не быў ён да рэвалюцыі следчым у Царыцыне?
— Так, ён адтуль і прыехаў сюды. Вы яго ведаеце?
— Ну, прапала мая галованька!
— А ў чым справа?
— Цяпер нічога не скажу. Пасля калі-небудзь, пасля суда.
— Калі вы маеце падставы не верыць у яго аб’ектыўнасць, ваша права зрабіць яму адвод. Заменяць другім.
— Аб гэтым трэба падумаць. А чым можа скончыцца наша справа?
— Рэдактару пагражае 4—5 гадоў, а вам... думаю, не больш двух.
Два тыдні пасля гэтага не паказваўся Дамброва: быў у камандзіроўцы ў Варшаве. Нарэшце з’явіўся ў гародчыку, дзе я прагульвалася, і, вітаючыся, сурова прамовіў:
— Я з вас вельмі незадаволены.
Здзіўленая, я толькі паціснула плячыма. Ці не набрахаў на мяне начальнік турмы, што я перасылала на 4-ы паверх папя-
росы нейкаму Вінцуку ў спушчаным праз краты акна пудэлку ад запалак? Але ж гэта такое глупства!
— Здаецца, я ні ў чым не правінілася перад вамі.
— Незадаволены! Вы за гэты час пахудзелі, змарнелі. Жонка мне казала, што вы начамі не спіце.
— Ну, гэта ад мяне не залежыць!
— Вы не ўцячэце?
— Я ад вас не чакала такіх жартаў, — пакрыўджаная ледзь не да слёз, адказала. — Сяджу за дзесяццю замкамі, пакінутая сябрамі, і ўцячы?
Я не жартую. Вы напішыце пракурору, што вы жывяце з працы рук сваіх, што на вашым утрыманні старыя бацькі і нялетні брат, што ваша слабое здароўе пагоршылася ў сырой і сцюдзёнай адзіночцы, і папрасіце звольніць вас да суда. Я пастараюся, каб вас звольнілі. У вас у камеры ёсць папера і аловак? Няма? Ідзіце ў камеру, я зараз прынясу.
Пад яго дыктоўку я напісала заяву пракурору. Назаўтра апоўдні ляснуў замок, расчыніліся дзверы ў камеры, у парозе, выцягнуўшыся ў струнку, начальнік турмы спыніўся і з вытарашчанымі вачыма, натапырыўшы ў страху вусы, прашаптаў:
— Пан пракурор.
Праз хвіліну ўвайшоў панок у чорным паліто. Зняўшы капялюш, прывітаўся, азірнуў камеру, загадаў прынесці другую табурэтку і, падаўшы знак турэмшчыку выйсці і зачыніць дзверы, папрасіў мяне сесці. Якісь час маўчаў, не ведаючы, мабыць, з чаго пачаць гутарку. Дастаў папяросніцу.
— Пані, здаецца, курыць? — прагаварыў салодзенькім голасам, працягваючы мне папяросы.
— Дзякую, я маю свае.
— Я атрымаў вашу заяву і рашыў з вамі пазнаёміцца. Як вы сябе адчуваеце?
Спачатку гутарка пералівалася з пустога ў парожняе, нарэшце падышоў да справы.
— Ну, а карэктуру перадавіцы... Гэта ж вы рабілі?
— Пане пракурору, — крыху памаўчаўшы, пачала гаварыць. — Вы, палякі, яшчэ так нядаўна былі пад рускім царом
у такім самым, а бадай, у лепшым становішчы, як цяпер мы, беларусы, пад вашай уладай. Уявіце сабе на хвіліну, што ў якімсь гарадку выходзіць адзіная польская газета. У рэдакцыі не хапае людзей, і звяртаюцца да вас, каб вы дапамаглі выпусціць чарговы нумар, просяць вас зрабіць карэктуру. Вы паляк і, не сумняваюся, патрыёт. Хіба вы адмовіліся б ад гэтага? Хіба вы са страху схаваліся б у кусты і не зрабілі б карэктуры адзінай польскай газеты?
— Ну, ведама, што зрабіў бы.
— Вось бачыце, інакш які б з вас быў паляк і патрыёт? Хто б вас паважаў?
— Ну, а як вы глядзіце на гэты артыкул, у якім заклікаецца «за права ў рукі меч, а сяляне хай бяруцца за косы...»?225. Хіба гэта не заклік да паўстання проці нас? Хіба можам гэта дапусціць?
— На гэта я вам адкажу адным маленькім успамінам. Яшчэ будучы ў гімназіі, я належала да нелегальнага Саюза моладзі226. На адным сходзе наш тагачасны кіраўнік, а сучасны пасол у польскі сойм Мечыслаў Недзялкоўскі ў сваёй прамове заявіў: «Nie pomog^ nasze gtosy, to przemowi^ miecze i kosy!»227. Ён за гэтыя смела выказаныя думкі быў у нашых вачах героем. Чаму ж вам, палякам, у той час можна было так гаварыць, а нам цяпер нельга? У гэтым артыкуле выказана такая ж самая думка: «Не памогуць нашы галасы, дык прамовяць косы і мячы». А гэтыя косы не мы куём, а вы самі куеце на свае галовы. Куеце тым, што вашы паны-магнаты, як і пры царскай уладзе, трымаюць наш народ пад сацыяльным і нацыянальным уціскам, тым, што вы не даеце нам вольна дыхнуць, саджаеце па турмах, закрываеце нашы школы, газеты, кааператывы. Вось гэтым вы куеце тыя косы, якія падуць на вашы галовы.
Мяне трасло, як у ліхаманцы. Напружаныя нервы так разышліся, што я не магла ўжо разважна меркавацца з абставінамі, у якіх знаходзілася, не магла стрымаць патоку гарачых думак і прадаўжала:
— Вось вы цяпер у горадзе збіраеце ахвяры на помнік «Толеранцыі вольносцёвай» пад лозунгам «За нашу і вашу волю»228. Навошта вам якіясь каменныя ці чыгунныя помнікі? Вось мы
з працягнутымі праз турэмныя краты рукамі — жывыя помнікі вашай «толеранцыі вольносцёвай». Каб цяпер жыў Тадэвуш Касцюшка, які і ў Амерыцы змагаўся за запраўдную «нашу і вашу волю», ён, безумоўна, стаў бы на нашай старане і павярнуў бы сваіх сялян-касінераў супраць вас за волю нашага і вашага народаў.
Зняможаная, я змоўкла. Пракурор таксама маўчаў, апусціўшы галаву. Ахалануўшы крыху, я глянула спадылба на яго. I нашто я столькі нагаварыла яму? Цяпер ужо напэўна не звольніць мяне да суда.
Нарэшце, стрымліваючы ўздых, пракурор узняў галаву, азірнуў вачыма камеру.
— Гэта вашы рэчы? Вы іх... завярніце... Сёння будзеце звольненыя.
Вось табе і на! Я аж здзівілася ў душы.
Апынуўшыся на волі, я пабегла да Дамбровы на кватэру падзякаваць яму і яго жонцы за ўсё добрае, што яны для мяне зрабілі.
— Нашто вы прызналіся пракурору, што вы рабілі карэктуру ўсёй газеты? — незадаволена пытае Дамброва.
— А я не прызнавалася. Я толькі спыталася, што ён зрабіў бы ў такім выпадку. Ён адказаў, што і ён не адмовіўся б зрабіць карэктуру.
— Ну, гэта тое самае, што і прызнацца. А Хадасевіча вам няма чаго ўжо баяцца: ён скора, пэўна, выедзе адсюль.
— Чаму?
— Яго жонка была тут апякункай над дзіцячымі прытулкамі...
Я так і пакацілася са смеху, ледзь не папярхнуўшыся гарбатай.
— Чаго вы смеяцеся? — здзівіўся.
— А я ўжо здагадваюся аб далейшым, але выбачайце, што перарвала вас, прашу, расказвайце, калі ласка.
— Ну, дык вось... Яна кожны месяц адпраўляла ў Варшаву на адрас сваёй маткі па 1-2 скрыні нібы з бялізнай і іншымі хатнімі рэчамі. Багажны служачы, прымаючы для адпраўкі скрыні, узяўся за тапорык, каб адкрыць века і праверыць, якая там
бялізна ў скрыні. Тады пані Хадасевіч паспешна сунула яму ў руку скрутак грошай. Той паволі і ўважна пералічыў даволі значную суму, злажыў іх акуратна, паклаў у кішэню, а тапорык ўсё ж такі зноў узяў, стукнуў, і дошкі адляцелі. А ў скрыні аказаліся бляшанкі згушчонага малака, цукар, рыс, мука, словам, усе амерыканскія прадукты, якія выдаваліся для дзіцячых прытулкаў. Склалі акт. Перадалі ў пракуратуру, у газету. Словам, выйшаў вялікі сандал: жонка суддзі акруговага суда — зладзейка. Ну, але ж нельга дапусціць да кампраметацыі польскага грамадзянства ў гэтым краі, газетам загадалі маўчаць, усю справу замялі, а пан суддзя змушаны быў пакінуць сваё становішча і збіраецца выехаць адсюль.
Тады і я расказала, скуль і як ведаю Хадасевічаў.
— У 1915 г. я з бацькамі апынуліся як бежанцы ў Царыцыне. Там я працавала ў дзіцячым прытулку Польскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны. Член камітэта пані Хадасевіч, жонка судовага следчага, апекавалася над усімі прытулкамі і школамі для дзяцей бежанцаў. Мы, работнікі прытулкаў, бачылі, як яна нахабна, бессаромна абкрадвала дзяцей, ашуквала камітэт, змушала нас падпісваць фальшывыя рахункі. Двое з нас, абураныя такім махлярствам, выкрылі перад камітэтам яе праступную дзейнасць, і яе папрасілі: «Проша вон, шаноўная пані». Вось чаму я баялася, што суддзя Хадасевіч адпомсціць мне на судзе.
Каб не вяртацца болып зноўда пана Дамбровы, раскажу ўжо аб пазнейшых з ім спатканнях і нашых адносінах.
Пасля звальнення з Вронкаўскай турмы восенню 1920 г. месцам пасялення мне прызначылі Лодзь. Іду гэта раз зімой па вуліцы Лодзі ў сваёй шэрай світцы і бачу: насупраць ідзе ў зімовай бекешы і шапцы-рагатыўцы, апусціўшы голаў, HexTa быццам знаёмы. Ці не Дамброва гэта? Яшчэ не будучы ўпэўнена, заступаю яму дарогу. Ён управа, і я ўправа, ён улева — і я туды ж. Нарэшце, відаць, надаела яму так танцаваць, і ён сярдзіта ўзняў галаву. Вочы яго расшырыліся.
— Пані тут? Скуль?
— Непасрэдна з Вронкаўскай турмы.
— Зноў сядзела?
— Зноў, — смяшліва ўздыхнула.
— Ну, што мне з вамі рабіць? Заходзьце ж да нас. Жонка, дзеці будуць вельмі рады.
I я час ад часу вечарамі заходзіла да іх. Тут я даведалася, што ён — стары член ППС, будучы студэнтам, сядзеў у царскіх турмах. Яшчэ будучы ў Гродне, ён рваўся ў Польшчу «да Кароны», а апынуўшыся тут, ён сільна расчараваўся ў паляках, сумуе па Беларусі, па яе прыродзе і беларускім народзе. Дастаў з шуфляды і паказаў мне стары, пажоўклы дакумент свайго продка, метрыку, напісаную на беларускай мове. Прозвішча яго там пісалася не Дамброва, а Дуброва.
— Дык які ж з вас паляк? — кажу. — Вы ж самы сапраўдны беларус.