Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Высокі, худы, з вузенькімі шчылінкамі праніклівых вачэй, у тужурцы студэнта ўніверсітэта; густы чуб непаслухмяных цёмна-русых валасоў звісаў на лоб, што прыдавала яму выгляд панурага чалавека. Гаварыў ён мала, прыцішаным голасам, бо бясконцы кашаль не дазваляў яму шмат гаварыць. He раз бачыла чырвоныя плямы крыві на хустачцы, калі адымаў яе ад вуснаў. Найчасцей яго бачыла ў кнігарні ці з пяром у руках, ці сярод кніг. Болын мне не давялося яго бачыць, бо калі вярнулася са свайго падарожжа ў Мінск, ён быў у Крыме, адкуль ужо не вярнуўся на бацькаўшчыну.
У Мінску рашылі стварыць арганізацыйны камітэт з’езда, намеціць парадак дня.
Я выказала свой клопат у справе «закупу лёну», у якім я поўны прафан.
— Вось добра, — кажа Лявіцкі. — У нас ёсць партыя кужэльных нітак, праўда, крыху падпсутых і мышамі падгрызеных. Купляйце іх у нас. Нам дазарэзу патрэбны грошы.
Я дала тэлеграму ў Саюз гарадоў пра магчымасць закупіць значную колькасць нітак за такую-та цану. Прыйшоў адказ: «Згодны. Высылайце ніткі». Такім чынам Мінскі камітэт атрымаў даволі вялікія грошы за свае ніткі па цане, як за найлепшы гатунак.
3 Мінска выехала ў Магілёў, дзе трэ было знайсці настаўніка ці то дырэктара гімназіі Кахановіча. Толькі я выйшла з вагона, як мяне затрымалі жандары, патрабуючы пропуска (у Магілёве ў той час знаходзілася царская стаўка). Я пропуска не мела, тлумачыла, што ніхто мяне не папярэдзіў пра неабходнасць запасціся пропускам. I хоць усе іншыя дакументы былі ў мяне ў парадку, мяне арыштавалі і пратрымалі ў камендатуры да адыходу цягніка на Віцебск. Жандар правёў мяне аж да вагона і не адыходзіў ад яго, пакуль я не ад’ехала.
У Віцебску я спынілася ў гасцініцы. Здала ў кантору дакументы. Адкуль даведаліся гандляры, што прыехаў агент Саюза гарадоў у справе закупу, — Алах ведае. Ужо праз гадзіну-другую як асачылі мяне, дык я не ведала, куды ад іх падзецца. He паспее адзін выйсці з нумара, як уваходзяць новыя па двое-трое.
— А які вам гатунак патрэбен? — пытаюцца.
А ліха ж яго ведае, якія бываюць гатункі лёну, я з роду не цікавілася гэтым.
— Ды вы мне скажыце цэны на кожны гатунак, тады будзем гаварыць, — стараюся я хітрыць.
— Нам трэба ведаць, колькі вам патрэбна і якога лёну, — кажуць хорам.
Назбіралася іх, барадатых, поўны пакой. На ўсялякія лады выпытвалі, вынюхвалі, які можна зрабіць гешэфт са мной. Нарэшце пагаварылі яны паміж сабой на незразумелай для мяне мове, адзін з іх зняважліва плюнуў у мой бок, пераканаўшыся, што, мабыць, з такім дурнем, як я, ніякага інтарэсу не зробіш,
і пайшоў. За ім пасунуліся іншыя, нешта мармычучы злосна, што дарэмна час трацілі на пустыя гутаркі.
У Віцебску я не мела ніводнага адраса, па якім магла б звярнуцца ў сваёй справе. Трэ было самой шукаць патрэбных людзей. Пайшла па горадзе, пытаючыся, ці ёсць тут якія ўстановы ці школы, эвакуіраваныя з беларускіх гарадоў, занятых немцамі.
Угледзелі мяне на вуліцы тыя ж купцы і давай цугам хадзіць за мной па пятах, пільнуючы, каб у сакрэце ад іншых не дагаварылася з кім-небудзь адным. Часам то адзін, то другі падыходзілі да мяне і, шэпчучы, недвухзначна прапанавалі мне добры «гасцінец». А бадай жа вас трасца! Як ад вас адчапіцца?
Аж тут адзін нейкі тып зацікавіўся мной, пачаў распытваць, нашто мне гэтыя ўстановы ці школы, якія я шукала, скуль я і г. д. 3 падазронай паслужлівасцю пачаў хадзіць са мной, нібыта дапамагаючы ў пошуках. Каб пазбыцца няпрошанага апекуна, я вярнулася ў свой нумар, а праз хвіліну заўважыла яго ў канторы гасцініцы з кіпай дакументаў, якія ён пераглядаў.
«Ну, — думаю сабе, — няма чаго чакаць, пакуль і тут цябе сцапаюць і пачнуць правяраць тваю ільняную кваліфікацыю, бо відаць, што гэты тып зацікавіўся маёй асобай».
Так нікога не знайшоўшы з людзей, якім можна было б даверыцца пра праўдзівую мэту майго прыезду, я рушыла ў Полацк. Там, я ведала, знаходзіцца Янка Купала.
Як жа я здзівілася, калі ў яго кватэры пабачыла і Уладку Станкевічанку! Аказваецца, яны пажаніліся, а я і не ведала пра гэта245.
Дзіўна часам жыццё складаецца. Мяркуеш па-свойму, як жыць, а тут што іншае набяжыць. Усё пераблытаецца так, што і пачатку не знойдзеш. Яшчэ ж, здаецца, так нядаўна ў Вільні Юрка сох па Уладцы, а Уладка па Чэсю млела, Чэсь да Вікці заляцаўся, а Янка адной з нашых дзяўчат прапанаваў падзяліць з ім долю і нядолю ў жыцці, а калі тая адмовілася, прызнаўшыся, што кахае другога, на другі дзень ён, сумны, даў ёй прачытаць свой верш, напісаны ў гэтую ж ноч: «Быў гэта толькі сумны сон»246.
I амаль кожны з нашых маладых віленскіх сяброў злучыў сваё жыццё не з тым, з кім меркаваў. Ну, што ж, так, можа, і лепш, так і трэба. Уладзя можа быць больш адпаведнай спадарожніцай жыцця Янку, чымся тая, другая.
Уладзя асталася такой самай, як і была, толькі стала быццам спакайнейшая. Як і раней, заўсёды энергічная, рухавая і добрая гаспадыня. Але Янка неяк моцна змяніўся з таго часу, як апошні раз яго бачыла. Стаў нейкі занадта сур’ёзны, маўклівы, пануры. У вочы не загляне, не засмяецца, як бывала, не пажартуе.
Я нават і мала яго бачыла дома, хіба толькі за абедам. Заўсёды чымсь заклапочаны, выбягаў з хаты.
— Нешта газет ніякіх няма ўжо другі дзень, — казаў. — Трэба пайсці паслухаць, што на свеце робіцца.
Я збіралася была ехаць далей — у Маскву, Яраслаў, Казань.
— He едзь, — раіць Янка, — пачакай некалькі дзён, пакуль не высветліцца, што творыцца на свеце, a то яшчэ ў бяду пападзеш. Нешта нейкае здарылася, што газет няма. Ніхто нічога не ведае.
Я ўсё ж такі вырашыла ехаць: і без таго патраціла шмат часу, нічога толкам не зрабіўшы. Перад ад’ездам Купала даў мне некалькі сваіх вершаў, перадрукаваных на машынцы.
— У мяне можа быць вобыск, могуць трапіць у рукі жандараў. Дык хай да часу яны ў цябе пабудуць.
Дцзін з гэтых вершаў «Смейся!..» заўсёды рабіў на мяне моцнае ўражанне, так што, чытаючы яго, мурашкі бегалі па целе. Другі — «Цару неба і зямлі». Іншых не памятаю. Пры наступным спатканні ў 1920 годзе ў Мінску я вярнула Купалу гэтыя вершы.
Ужо ў вагоне, па дарозе ў Маскву, стала вядома, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя, што цар Мікалай II адрокся ад прастолу. На станцыі Балагое, дзе прыйшлося ледзь не суткі чакаць цягніка на Маскву, былі развешаны лістоўкі з загадам № 1, падпісаным Керанскім. Разгубленыя і спалоханыя афіцэры прасілі-малілі пасажыраў даць ім кавалачак чырвонай стужкі ці шматочак чырвонага матэрыялу, каб пачапіць на грудзях, бо тых, якія гэтага не мелі, салдаты ў лепшым выпад-
ку абяззбройвалі, а пры супраціўленні і расстрэльвалі. Усюды бурліла, катлавалася. Раз-пораз на крэслы ўскаквалі розныя прамоўцы, адзін другога абвяргаючы, абвінавачваючы, абзываючы правакатарамі. Цяжка было разабрацца ў падзеях, а газет усё яшчэ не было.
У Маскве было больш-менш спакойна. Толькі ўсюды снавалі людзі з чырвонымі кукардамі на грудзях або павязкамі на рукавах, на дамах рэвалюцыйныя лозунгі, па вуліцах праходзілі калоны вайсковых і штацкіх з чырвонымі сцягамі.
He затрымліваючыся ў Маскве, я зразу накіравалася ў Яраслаў. Там мне давялося бачыць Міхася Чарота247. Там жа я даведалася, што з’езд мае адбыцца не ў Кіеве, як раней меркавалі, а ў Мінску і зусім легальна.
А мне было прапанавана яшчэ паехаць у Казань і Арол.
Было вядома, што ў Казані знаходзілася хіміка-тэхнічнае вучылішча, эвакуіраванае з Вільні, але ніводнага знаёмага чалавека там мне не назвалі. Добра ўжо тое, што цяпер не было патрэбы прыкрывацца лёнам і можна больш смела дзейнічаць.
У вестыбюлі вучылішча злавіла аднаго студэнта і звярнулася да яго па-беларуску, пытаючыся, ці ёсць сярод студэнтаў беларусы. Той падвёў мяне да аднаго хлопца, які аказаўся не толькі земляком, але і нейкім далёкім сваяком даводзіўся мне. Ён сказаў, што ў Казані ніякай беларускай арганізацыі няма, але беларусаў знойдзецца парадкам. Умовіліся, што ён пастараецца сабраць усіх і паведаміць мне пра месца і час сходу. Праз дзень ці два сход адбыўся за горадам у нейкім доме сярод лесу. Заслухаўшы маю інфармацыю, рашылі аб’яднацца і выбраць дэлегатаў на з’езд.
Адбылася Лютаўская рэвалюцыя, што стварыла магчымасць праводзіць падрыхтаваны ўжо з’езд легальна. I мне ўдалося паехаць у Мінск на з’езд, які адбыўся ў сакавіку ў нейкім будынку на Захараўскай вуліцы. Народу было многа, больш як чакалі, і ў пераважнай большасці людзі новыя, незнаёмыя.
Сярод усёй гэтай масы было шмат памешчыкаў ад дробнай шляхты да такіх буйных магнатаў, як Раман Скірмунт, шмат
чыноўнікаў, адвакатаў. Усе яны дагэтуль ніколі не лічылі сябе беларусамі248.
З’езд адкрыў усё той жа Краскоўскі. Пачалі выбіраць прэзідыум. I каго ж выбралі? Абшарніка Скірмунта, прайдзісвета Алексюка, адваката Мітліна. Гэты апошні як ні бараніўся, як ні адмаўляўся, тлумачачы, што ён не з’яўляецца ні беларусам, ні дэлегатам, што ён выпадкова зайшоў праз цікавасць паслухаць, што тут робіцца, аднак яго амаль сілком зацягнулі за стол прэзідыума. 3 старых культурнікаў застаўся з імі толькі Антон Лявіцкі. Ініцыятар з’езда Краскоўскі, члены арганізацыйнага камітэта засталіся ў старане. З’езд захапіла ў свае рукі адкрыта буржуазная групоўка.
— Ну, што ж, «Мавр сделал своё дело, мавр может уйтн», — іранічна ўсміхаючыся, сказаў Краскоўскі. — Выязджаю ў Кіеў.
А «дело»-то выйшла паганае, што і казаць! Палітыкану Краскоўскаму не ўдалося на з’ездзе выбіцца ў кіраўнікі, дык ён усё кінуў ды паехаў. А навошта ж быў праведзены з’езд? Каб на карак народу пасадзіць паноў-памешчыкаў?
Шмат хто з маіх знаёмых, махнуўшы безнадзейна рукой, у першы дзень з’езда пакінуў залу. Я таксама ў той жа дзень выехала ў Царыцын наведаць бацькоў, а адтуль вярнулася ў Кіеў і пачала працаваць па арганізацыі дзіцячых прытулкаў у сістэме Саюза гарадоў.
Цяпер, калі я на адлегласці амаль паўвека гляджу на сябе, бачу: да чаго ж я была сляпым кацянём тады! Ці я ведала, хто такі Краскоўскі і іншыя, да яго падобныя, да чаго яны імкнуліся? Я слепа давярала людзям, якіх лічыла разумнейшымі за сябе, не бачыла, што гэта палітыканы, славалюбцы, якія працягвалі свае прагныя рукі да захопу ўлады над беларускім народам. Хіба выпадкова яны дапусцілі, што абшарнік Скірмунт стаў на чале беларускага нацыянальнага камітэта, створанага на гэтым з’ездзе? Хіба выпадкова спасавалі перад Скірмунтам і яго хеўрай, а самі разбегліся? Разбегліся і пахаваліся ў кусты, чакаючы зручнага моманту, каб якусплыць на паверхню, на цёплае і пачэснае месца, «Народ! Беларускі народ! За волю і лепшую долю народа!» — не сыходзіла з языка гэтых «дзеячоў». А ці