Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
ведалі яны свой народ? Ці спыталіся, у чым гэты народ бачыць сваё шчасце, сваю долю? Кожны з іх лічыў, што мае права кіраваць доляй гэтага народа, які ніколі не выбіраў яго сваім прадстаўніком.
Але прайшоў час, калі беларускі працоўны народ скінуў са сваіх плеч і скірмунтаўцаў, і ўсіх іншых рознай масці няпрошаных «заступнікаў».
Сярод студэнтаў Кіеўскага ўніверсітэта існавала і беларуская арганізацыя па тыпу земляцтваў. На чале яе стаў малады паэт, зяць Альберта Паўловіча Фарботка. Студэнты вывучалі беларускую літаратуру, гісторыю, этнаграфію. У дзень Купалля 23 ці 24 чэрвеня яны арганізавалі збор сродкаў у фонд беларускай культуры. Па вуліцах Кіева хадзілі са скарбонкамі і прышпілялі прахожым чырвоную кветку. Вечарам таго ж дня ў аўдыторыі ўніверсітэта наладзілі вялікі сход беларусаў-кіяўлян. Народу сабралася больш 500 чалавек. Пераважалі пажылыя і старыя, было некалькі прафесараў універсітэта, настаўнікі, служачыя. Фарботка прачытаў даклад пра беларускую літаратуру, хтось іншы — па гісторыі Беларусі. Усяго было прачытана 4 даклады. Мне даручылі вельмі расплывістую тэму пра любоў да роднага краю, якая мела на мэце прабудзіць патрыятычныя пачуцці.
He забыць мне ніколі гэтага першага ў маім жыцці выступлення перад шырокай публікай! Рыхтавалася я доўга да яго. На некалькіх вузенькіх лісточках напісала тэзісы, па якіх, нават едучы ў трамваі з Пушчы-Вадзіцы, успамінала тэкст сваёй прамовы. Мяне выпусцілі на прафесарскую кафедру апошняй. А як паднялася туды і зірнула на 500 пар вачэй, звернутых на мяне, дык у галаве зашумела, загудзела. Стаю і маўчу, забыўшыся пра ўсё на свеце. Нарэшце ўспомніла пра свае лісточкі ў руцэ. Разгарнула, прачытала першы тэзіс і зноў маўчу; прачытала другі па паперцы, а як іх развіць — аніруш не ўспомню. У горле нейкі камок засеў, халодным потам аблілася. А людцы ж мае дарагія, хоць бы зямля пада мной расступілася і паглынула мяне! Няўжо сысці з кафедры і ўцячы, куды ногі панясуць? He ведаю, колькі часу я стаяла моўчкі, акамянеўшы са страху. Каб хто хіхікнуў у публіцы — напэўна, уцякла б. Але
публіка цярпліва моўчкі чакала. Адкінула я свае лісткі і пачала нешта гаварыць ціхім, нейкім чужым голасам. Я гаварыла пра красу прыроды роднага краю, пра цудоўныя песні і казкі нашага народа, пра яго мову, пагарджаную панамі рознага гатунку, аздабляючы ўсё гэта ўрыўкамі з твораў Я. Купалы, Я. Коласа, А. Гаруна, 3. Бядулі. 3 кожнай хвілінай я супакойвалася, мой голас крапчэў, а як загаварыла пра Ігната Буйніцкага, дык сама ледзь не заспявала і ледзь не пусцілася ў скокі. Казалі пасля, што я больш гадзіны гаварыла. А як скончыла, да мяне падыходзілі з публікі, дзякавалі. Адзін нейкі дзядзька з густым срэбрам у барадзе, выціраючы слёзы, казаў, што я ўспомніла яму родную вёску ў Беларусі, дзе ён хлапчуком малым гусей пасвіў.
— Эх, родная зямелька, не змагла ты пракарміць дзетак сваіх, парассыпаліся яны па белым свеце і забыліся пра цябе, пра сваю мову родную, пра песні свае. Дзякуй жа вам ад шчырага сэрца, што прыпомнілі мне пра гэта!
Шчаслівейшай ад мяне не было на свеце!
Незразумела для мяне паводзіў сябе Краскоўскі. Ён і дапамагаў сваёй парадай кіеўскім беларусам, але адкрыта выступіць як беларус адмаўляўся. Нават не з’явіўся на гэты сход. Аднаго разу ўкраінцы арганізавалі нейкі вялікі сход — не то з’езд, не то канферэнцыю, не памятаю ўжо. Папрасілі прыслаць дэлегатаў ад беларускай арганізацыі. Выбралі дэлегатам Краскоўскага, хоць ён на ўсякія лады адмаўляўся. I ўсё ж такі ў гэты дзень ён раптам «захварэў» і ў апошні момант загадаў мне туды пайсці249.
— Што я там буду рабіць? Я не магу і не хачу выступаць з прывітаннем, я не ведаю, што гаварыць.
— Нічога, можаце не выступаць, пасядзіце, паслухайце, а пайсці трэба, нельга нам адмаўляцца.
I я пайшла. Віннічэнка гаварыў пра маскоўскую нараду, на якой Керанскі заявіў, што агнём і мячом спыніць усялякі нацыянальна-вызваленчы рух. 3 гарачай прамовай выступіў грузін Цэрэтэлі, спакойна, але цвёрда гаварыў бухгалтар Пятлюра...250.
...адмаўляліся ад федэрацыі з Расіяй, але паколькі Керанскі пагражае агнём і мячом, дык іншага шляху не можа быць для
Украіны, як аддзяліцца ад Расіі і ўтварыць сваю самастойную дзяржаву. Гэта была канферэнцыя ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў.
Пасля перапынку я ўжо больш не вярнулася ў залу гэтага сходу.
Хлопцы казалі, што ў Краскоўскага была «дыпламатычная хвароба». Страціўшы надзею на першую скрыпку ў беларускім нацыянальным руху, ён меціў на кар’еру дыпламата ў украінцаў.
Свайго ён дасягнуў, бо праз якісь час украінскія нацыяналісты паслалі яго ў якасці свайго камісара ў меншавіцкую Грузію. Але ў гэты час мяне ўжо не было ў Кіеве.
VIII. Мядзведзічы251
Краю мой родны, як выкляты богам, колькі ты зносіш нядолі!
М. Багдановіч
Летам 1918 года з галоднага Паволжа вярнулася ўся наша сям’я. Трэ было шукаць для іх і страхі над галавой, і працы для бацькі і брата, а ў Мінску, акупаваным немцамі, знайсці гэта было немагчыма. Акурат у гэтым часе ў вёсцы Мядзведзічы Слуцкага павета надумалі адкрыць беларускую школу і прыслалі ў Мінск чалавека, каб пашукаў настаўніка. Там, як ён сказаў, знойдзецца па вёсках праца і для бацькі з братам. Я паехала туды ў агледзіны.
Мядзведзічы252 — даволі вялікая вёска, хаты якой расцягнуліся ў адну доўгую вуліцу. Пасярэдзіне вуліцы, на ўзгорку, касцёл, як відаць, нядаўна пабудаваны. У лепшых хатах размяшчаўся невялічкі нямецкі гарнізон. Асобнага будынка для школы не было. Пад школу мясцовы ксёндз аддаваў большую палавіну касцельнага дома, пакінуўшы ў ім для сябе два пакойчыкі.
— Я ў вашы школьныя справы ўмешвацца не буду, — сказаў мне пры спатканні сярэдняга веку, са срэбрам ў валасах, кс. дэВольво-Хрулевіч. — Школа павінна быць незалежнай ад касцёла, але ў матэрыяльных клопатах, калі не адмовіцеся, я вам дапамагу.
Мяне нямала здзівіла такая заява ксяндза, а таксама і тое, што ён у гутарцы з усімі карыстаўся не польскай мовай, як бадай усе ксяндзы, а рускай, часамі беларускай.
У хуткім часе, забраўшы сваю сям’ю, я пераехала ў Мядзведзічы. Шмат цікавага я там даведалася пра гэтага незвычайнага ксяндза.
У маладосці ён быў капеланам у Оршы і выкладаў рэлігію ў гімназіі. Кожнае лета, апрануўшыся ў цывільны касцюм, выязджаў падарожнічаць за граніцу. Аб’ездзіў усю Еўропу з канца ў канец, пабываў і ў Афрыцы. Да вышэйшай каталіцкай улады дайшлі чуткі аб яго некаторых поглядах, не сумяшчальных з яго духоўным санам. Выкліканы на суд перад капітулам, ён не адмовіўся ад сваіх поглядаў, не раскаяўся. За гэта ён панёс пакаранне: перш забаранілі яму на працягу года адпраўляць усякія службы ў касцёле і выкладаць у школах Закон Божы, а пасля саслалі на 5 гадоў у глухую вёску Мядзведзічы.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, як толькі ўстанавілася ў Мядзведзічах савецкая ўлада, Хрулевіч адзін з першых, зняўшы сутану і апрануўшы ватныя нагавіцы, узяў у рукі вінтоўку і стаў у рады сялянскіх хлопцаў, якія на вуліцы вучыліся вайсковай справе. А пасля дапамагаў рэўкамаўцам дзяліць панскія маёнткі і раздаваць сялянам землі. Аднак нядоўга патрывала савецкая ўлада: прыйшлі немцы, і Хрулевіч зноў напяліў на сябе сутану. Цяпер ён энергічна ўзяўся за арганізацыю сялянскага кааператыву, на сродкі якога рашылі адкрыць беларускую школу.
Адносіны яго да касцельнай службы былі іранічныя: спяваную імшу з працэсіяй ён называў операй, чытаную імшу — п’есай, нешпар (вячэрнюю службу) — аперэткай, а жалобную — драмай, калі з нябожчыкам, або трагедыяй. Часта, стукаючы ў акно, клікаў арганіста: «Бацька, ідзём абедню г...ць!»
Аднойчы мая матка спытала ў яго, чаму ён пайшоў у ксяндзы.
— Ведаеш, маці, — адказвае сур’ёзна, — я падумаў, што трэба ж будзе ажаніцца, а там пойдуць дзеці, ды, чаго добрага, не мае... Што я з імі рабіць буду? Вось я і пайшоў у ксяндзы. I ты, Паўлінка, не выходзь замуж, — звяртаецца ўжо да
мяне, — бо пойдуць дзеці, ды не твае, дык што ты з імі рабіць будзеш?253.
A то раз падчас гутаркі я спыталася ў яго, ці ён верыць у Бога.
— Ты ў мяне не пытайся пра гэта, не цягні за язык, бо калі я загавару, дык ведаю, да чаго дагаваруся.
— Дык чаму вы не скінеце сваёй сутаны і не станеце вольным ад гэтай аковы грамадзянінам?
— Бо ў мяне дурная натура. Раз я даў клятву, я мушу яе стрымаць. Я ні разу яшчэ ў жыцці сваім не зламаў свайго слова. А прытым што я магу зрабіць пры сучасных умовах, пры немцах? Куды падацца? Вось каб даўжэй патрывалі бальшавікі, — дабавіў, хітра ўхмыльнуўшыся, — дык, можа б, і рашыўся.
Заняткі ў школе адбываліся ў дзве змены. He паспееш пасля заняткаў як след паабедаць, а ўжо пад акном стаіць запрэжаны Жоржык і Хрулевіч пугаўём стукае ў акно:
— Хутчэй, a то Жоржык не хоча стаяць!
Кожны дзень па графіку мы выязджалі ў навакольныя вёскі. Пад’язджаючы да першай хаты ў вёсцы, Хрулевіч сыходзіў з калёс ці то саней і, стукаючы ў вокны, склікаў народ: «На сход, на сход!» Канём не трэ было мне кіраваць: Жоржык ведаў, у вароты якога гаспадара трэба завярнуць. А народ сыходзіўся ці то ў адну з большых хат, ці ў зямлянку, і пры асвятленні смаляка на пяколку або лучын, заткнутых у шчэлкі сцен, я пачынала гутарку.
Як і ў Жорнаўцы, я пачынала з падзей на свеце, калі што ведала з газет, якія зрэдку хто прывозіў з горада, а пасля пераходзіла да іншых тэм. Найбольш цікавіліся людзі прыродазнаўствам, сацыяльнымі пытаннямі, рэвалюцыйным рухам. У часе гутаркі Хрулевіч сядзеў дзесьці ў закутку і адтуль кідаў рэплікі, пытанні, пад’юзваючы публіку да актыўнага ўдзелу ў гутарцы.
Пасля гэтага ішла мастацкая частка: чытанне мастацкай літаратуры, вершаў і спяванне беларускіх народных песень. Мала народных песень ведала вясковая моладзь, бо ксяндзы вякамі забаранялі спяваць, адмаўляліся хрысціць дзяцей, давайь шлюб тым, у чыёй хаце часам адважваліся спяваць свецкія песні. Але цяпер ахвотна вывучалі новыя песні, а часам і старыя бабулькі ўспаміналі калісь забароненыя свае песні.
У аднэй вёсцы не было больш адпаведнага месца для нашых сходак, як у новым будынку школы. Але школа, як і ўсе ў той акрузе, апрача Мядзведзіцкай, была польская, і настаўніца, ведаючы ўжо аб характары нашых вячорак, катэгарычна адмовілася даць ключы ад школы. Хрулевіч звярнуўся да бацькоўскага камітэта. 3 вялікім скандалам адабралі ад яе ключы, і з таго часу бацькі заўсёды адкрывалі нам гэту школу.