• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

    Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 612с.
    Мінск 2018
    123.36 МБ
    — Хлопцы, — азваўся хтось з нас, дзяўчат, — хоць бы вы калі павялі нас у рэстаран. Мы ж ні разачку не былі там, хоць бы паглядзелі, што там і як.
    — А праўда, што мы, горшыя ад іх, ці што? — падаў голас нехта з нашай кампаніі. — Хадзем хоць раз і мы пасядзім у рэстаране...
    Усе згадзіліся і пайшлі не ў такі ўжо шыкоўны, як «Брыстоль», але даволі добры рэстаран. Занялі доўгі стол і заказалі вячэру, стараючыся выбіраць адпаведныя па нашых сродках стравы. Было нас чалавек 8—10: Купала, Бядуля, Уладка, Стаха Корф, Юрэвіч. Калі ў канцы падалі рахунак, мужчыны пачалі трэсці свае кішэні. Глядзім, аж яны нейк збянтэжана зашапталіся.
    — Што, — пытаем, — можа, не хапае?
    — Дык-ткі і не хапае, — адказваюць. — Каб жа хоць рахунак быў надта вялікі, а то...
    — Я ж думаў, што ў цябе грошы ёсць, — кажа адзін.
    — А я думаў — ты маеш.
    Давай тады мы, дзяўчаты, чысціць свае кішэні. Вылажылі ўсё да капейкі, і ўсё ж, ліха на яго, не хапае трох рублёў. Што ж рабіць?
    — Пасядзіце тут з паўгадзіны, а я збегаю на раздабыткі,— вызваўся Юрэвіч.
    Было ўжо за поўнач. Мы, пасмутнелыя ад такой прыгоды, сядзелі і цярпліва чакалі. Нарэшце прымчаўся Юрэвіч і вызваліў нас з рэстараннай няволі.
    А бывала, і не раз, што мы, моладзь, аддавалі апошнюю капейку, бегалі адзін да другога, збіраючы грошы, каб выкупіць з друкарні чарговы нумар газеты ці кнігу.
    У рэдакцыі «Нашай Нівы» я бачыла Рамуальда Зямкевіча.
    Гэта быўчалавек гадоў, мабыць, трыццаці, сярэдняга росту, з рыжаватымі рэдкімі вусікамі, у форменнай тужурцы з меднымі гузікамі (яго мы называлі вечным студэнтам). Ён добра гаварыў па-беларуску, аднак з моцным польскім акцэнтам. У «Нашай Ніве» даволі часта змяшчаліся яго артыкулы. Яго цанілі як вядомага бібліёграфа, гісторыка, крытыка. Ён быў нястомным збіральнікам калекцыі народнага мастацтва, літаратурных аўтографаў.
    I вось гэты Зямкевіч не паладзіў з братамі Луцкевічамі. Сварка паміж імі дайшла да поўнага разрыву Зямкевіча з «Нашай Нівай». А прычынай іх варажнечы было тое, што Іван Луцкевіч і Рамуальд Зямкевіч не падзялілі паміж сабой сабраных музейных экспанатаў. Адзін аднаго абвінавачвалі ў ашуканстве, у прысваенні чужых экспанатаў. Чыя была праўда, хто з іх вінаваты — цяжка было разабрацца. Хутчэй за ўсё, што абое рабое. Вось жа Зямкевіч і паказаў сваю «чэснасць», калі я, паверыўшы яго «слову гонару», дала яму для перафатаграфавання падараваны мне Купалам экзэмпляр «Паўлінкі» з рукапісным вершам. Пасля кніга знікла з маіх вачэй разам з вершам. Дый аб Іванавых штучках мы нямала ведалі.
    Вось што піша Ясакар (3. Бядуля) у 1920 г. пра Рамуальда Зямкевіча ў артыкуле «Штрыхі аб беларускай культуры»:
    «...Быўшы вайсковым інжынерам на фронце, ён назбіраў багатыя калекцыі беларускіх нацыянальных вопратак, тканін, паясоў і г. д. Ён на гэта выдаваў свае ўласныя грошы, але, на жаль, усё гэта ў яго парасцягалі розныя прыватныя асобы, а галоўным чынам забралі з сабой яго калекцыі немцы, арганізатары выстаўкі ў Мінску пад нямецкай акупацыяй. Гэта ўсё вывезена ў Берлін. I вось пану Р. Зямкевічу не ўдалося залажыць нашага нацыянальнага музея, аб якім ён марыў шмат гадоў» («Беларускае жыццё», № 2 за 28.1.1920).
    Праз шмат гадоў чула я ад людзей, што ў Варшаве быў у яго багаты архіў з вельмі цікавымі і каштоўнымі для беларускай культуры матэрыяламі, рукапісамі, аўтографамі, аднак што сталася пасля Айчыннай вайны з самім Зямкевічам і яго архівам, — ніхто не ведае.
    Вечарамі амаль уся віленская інтэлігенцыя збіралася ў цукерні «Зялёны Штраль». Тут, седзячы за філіжанкай чорнай кавы, можна было паслухаць Чайкоўскага, Леанкавала, Маснэ ў выкананні квартэта пад кіраўніцтвам вядомага віяланчэліста Тхоржа; тут можна было пабачыць цікавых людзей: паэтаў і пісьменнікаў, акцёраў тэатра, кампазітараў Галкоўскага і Рагоўскага, жывапісца Рушчыца, карыкатурыста Камілюса236, скульптара Янкоўскага; тут часта можна было сустрэць Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Максіма Гарэцкага, Уладзю Станкевічанку, не разлучную з Косткай Буйло. Ды ці мала каго! Кожная група мела свой асобны столік. Публіка з брукаў віленскіх і жанчыны лёгкіх паводзін сюды не дапускаліся. Для іх існаваў «Чырвоны Штраль». Назва гэтых двух цукерняў на праспекце паходзіла ад колераў, у якія былі аформлены зала і мэбля цукерні. 3 аднаго боку такі парадак быў даволі добры: не сорам было і дзяўчыне пасядзець за столікам, ніхто яе легкадумным словам не пакрыўдзіць. Аднак гэта ахова «чыстай публікі» часам пераходзіла свае межы. Памятаю, прыехала да мяне ў Вільню мая маці. Павяла я яе да Штраля. I вось пры ўваходзе мяне прапускаюць, як вядомую ўжо кліентку, а маме
    швейцар забараняе ўваход. Чаму? Бо на галаве ў яе, бачыце, не капялюш або берэт, як у мяне, а звычайная паркалёвая хустачка. Я з абурэннем патрабую прапусціць матку, але швейцар і слухаць не хоча. Тады я, пакінуўшы часова матку ля дзвярэй, увайшла ў залу і звярнулася па дапамогу да сваіх сяброў. Выклікалі самога Штраля і такі скандал яму ўчынілі, што сам пабег да дзвярэй, папрасіў у маці прабачэння і ўвёў яе ў залу.
    Аднойчы, калі мы сваёй кампаніяй сядзелі за шклянкай чорнай кавы, квартэт Тхоржа выконваў польскую песню «Mow do mnie jeszcze»237. Я вельмі любіла гэтую песню. Купалу яна таксама падабалася.
    — Яначка, зрабі ты пераклад гэтай песні, — папрасіла я.
    Ён тут жа паклаў на столік лісток паперы і праз некалькі хвілін перадаў мне гатовы пераклад. Пасля не раз ён прасіў мяне праспяваць гэтую песню на беларускай мове. Я і дагэтуль яе памятаю:
    Пяі ты йшчэ мне. За такою песняй
    Ўздыхаў я доўга, чакаў, як прадвесня.
    Голас твой лечыць мне ў душы цярпенне.
    Пяі ты йшчэ мне, Пяі ты йшчэ мне! Пяі ты йшчэ мне, людзі нас не чуюць. Голас твой дзіўна песціць і галубіць, Ў душу маю ўносійь прасвятленне. Пяі ты йшчэ мне, Пяі ты йшчэ мне...
    Гаворачы аб цукерні Штраля, не магу не ўспомніць цікавага здарэння.
    Было гэта ў пачатку першай вайны 1914 г. Зайшоў у цукерню юнкер Вайсковай школы з якойсь гімназісткай. Селі яны за столік, заказалі кавы з цесткамі. Раптам пачуўся рэзкі голас:
    — Юнкер, ко мне!
    Усхапіўся юнкер і выцягнуўся ў струнку перад прапаршчыкам, як відаць, свежаспечаным. Прапаршчык распёк беднага хлопца за тое, што той, не заўважыўшы яго, не аддаў чэсці.
    — На трое суток под арест! — крыкнуў прапаршчык так, каб яго ўсе чулі. — Кругом арш!
    — Разрешнте, ваше благородне, расплатнться. Я с дамой прншёл.
    — He разговарнвать! Кррругом арш! — яшчэ званчэй, зрываючыся на фальцэт, закрычаў ваяка.
    Увесь зал заціх і моўчкі назіраў гэтую сцэну. Беднае дзяўчо, седзячы адна за столікам, счырванела да слёз, пасля збялела. Яна ж, пэўна, і капейкі не мела, каб заплаціць за нявыпітую каву і цесткі. А яе кавалер, сумна зірнуўшы на яе, шчоўкнуў абцасамі і накіраваўся да выхаду. He зрабіў і трох крокаў, як пачуўся густы бас:
    — Юнкер, ко мне!
    Зірнуў бедны хлопец і замёр ад страху: ён не заўважыў палкоўніка, які з-пад раскрытай газеты сачыў за ўсім.
    — В-в-ваше в-в-в-ва... — збялелымі вуснамі стараўся вымавіць словы юнак.
    — Саднтесь, — лагодна ўсміхнуўся палкоўнік і рукой паказаў у бок століка, за якім сядзела здранцвелая дзяўчына. — Прапоріцнк, ко мне! — ужо грозным тонам пазваў.
    Як апараны, усхапіўся прапаршчык і выцягнуўся перад палкоўнікам. He ўсё дайшло да нашых вушэй, што грозна гаварыў срэбравалосы, паказваючы вачыма на юнкера, пачулі толькі: «...на трндцать суток под арест!» Гром воплескаў залунаў у зале ў гонар палкоўніка, і свіст са столікаў, міма якіх праходзіў, ссутуліўшыся, прапаршчыкда выхаду.
    Часта можна было бачыць на вуліцах Вільні, у Батанічным і Бернардынскім садах элегантнага мужчыну, высокага, стройнага, у добра сшытым шэрым касцюме, з перакінутым цераз руку летнім плашчом. Гладка выгалены энергічны твар з характэрным падбародкам, горда ўзнятая галава. Класныя дамы і інстытуткі аж млелі ад захаплення, гледзячы на яго. Казалі, што гэта быў нейкі англічанін. Але чым ён займаўся, дзе працаваў, — ніхто не ведаў. Аднойчы прыйшоў ён да Штраля з маладой дзяўчынай. Яна, як відаць, першы раз трапіла ў такое зборышча людзей: трымала сябе неяк няўпэўнена, палахліва, баю-
    чыся ўзняць голаў і зірнуць на людзей. Сеўшы ў нядбайнай позе, гэты джэнтльмен пачаў разглядацца па зале. На другім канцы залы ўбачыў сваіх знаёмых. Шпарка накіраваўся да іх і прысеў за столікам, пакінуўшы дзяўчыну адну. Падбег да яе афіцыянт, чакаючы заказу. Яна разгублена замітусілася, не ведаючы, што рабіць. Афіцыянт далікатна адышоў. Раптам пачулася:
    — Пссст, пссст, пссст! — Гэта англійскі джэнтльмен псыкаў і кіўком пальца зваў да сябе сваю даму. Здавалася, кроў брызне з твару і вушэй беднай дзяўчыны, але з месца не кранулася. Тады Купала, Гарэцкі і яшчэ некалькі мужчын з суседніх столікаў узняліся, падышлі да гэтага элеганта, вылаялі за зняважлівыя адносіны да сваёй дамы і папрасілі выйсці вон, загадаўшы, каб больш нагі яго не было ў гэтай цукерні. Горды англічанін мусіў скарыцца, бо з усіх столікаў чулася:
    — Вон! Прэч! Вон!!!
    У польскім клубе «Лютня» верхаводзіў ксёндз Цыраскі. Стройны, высокі прыгажун у зграбнай сутане з дарагога сукна, з акадэмічнай кароткай палярынкай на плячах і шырокім шаўковым поясам, які звісаў аж да падала, сваім красамоўствам на амбоне і дзейнасцю ў «Лютні» прывабліваў каталіцкую моладзь. Жанчыны і дзяўчаты цугам хадзілі з касцёла ў касцёл, дзе ён прамаўляў з амбона. Апрача таго ён быў даволі здольным літаратарам і сваімі артыкуламі ў клерыкальных газетах сеяў рэлігійную і шавіністычную атруту, выступаў супроць беларусаў і ліцвіноў. Трэ было нейкім чынам яго абясшкодзіць. Хутка такі выпадак надарыўся.
    У лютэранскага пастара было дзве дачкі. Гэта былі пустыя модніцы, разбэшчаныя нізкапробнай, нават парнаграфічнай літаратурай, гультайкі, якія нават і гімназіі не маглі скончыць праз сваю хранічную непаспяховасць. Са старэйшай з іх, Стасяй, ксёндз Цыраскі завёў мілосныя шашні.
    Скарыстаўшы ад’езд Цыраскага на курорт, ліцвін Малінаўскас пачаў заляцацца да Стасі. Неўзабаве яму ўдалося нейкім чынам выманіць ад Стасі мілосны ліст Цыраскага, у якім ён, між іншым, прызнаваўся, што жанчыны для яго — самае галоўнае ўжыцці, што ён нудзіцца па ёй, «як мопс», і не можа дачакацца,