• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

    Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 612с.
    Мінск 2018
    123.36 МБ
    У Гродне ў той час выходзіла беларуская газета «Родны край»222. Рэдактар газеты збіраўся паехаць у Вільню па сваіх справах. Перад ад’ездам, здаўшы матэрыял для 8-га нумара ў друкарню, папрасіў мяне і яшчэ аднаго таварыша выпусціць і разаслаць падпісчыкам гэты нумар. Я зрабіла карэктуру, а другі таварыш разаслаў газету. У перадавіцы гэтага нумара пад загалоўкам «Правам ці мячом» было сказана, што мы, беларусы, як і іншыя народы, маем права хаця б на сваю родную мову, літаратуру, на нацыянальныя школы, свае кааператывы. Аднак, як відаць, права здабывае той, у каго сільны кулак. Пры сучаснай уладзе наш народ пазбаўлены самых элементарных правоў. А таму за права — у рукі меч, а сяляне хай бяруцца за косы, і пойдзем руйнаваць гнёзды аднагаловых і двухгаловых арлоў, якія расселіся на нашай зямлі.
    Такі прыблізна змест гэтай перадавіцы.
    На другі дзень польская газета падняла гвалт. Перадрукаваўшы амаль усю перадавіцу «Роднага краю», газета звярталася да пракуратуры, патрабуючы закрыць беларускую газету, якая заклікае да паўстання, і арыштаваць усіх супрацоўнікаў рэдакцыі.
    У гэты ж дзень, ідучы па вуліцы Ажэшкі, я заўважыла непадалёк перад сабой начальніка паліцыі. Мне ўжо быў вядомы лямант польскай газеты, і я здагадалася, куды накіроўваецца гэты страж панскай бяспекі. Так і ёсць. Увайшоў у пад’езд Беларускай рады. Я подбегам праз двор прайшла ў памяшканне чорным ходам і прыклала вухам да дзвярэй, за якімі была канцылярыя Рады.
    — Хто з’яўляецца супрацоўнікамі газеты «Родны край»? — пытае начальнік.
    Пералічыўшы прозвішчы, Вернікоўскі заканчвае:
    — Цяпер сюды прыехала Мядзёлка. Бярыце іх усіх, саджайце, мы толькі падзякуем вам.
    — Што вы сказалі, пане Вернікоўскі? — пытаю, раптам адчыніўшы дзверы.
    — Я... я... нічога не ведаю, — адказвае збянтэжана. — Там у іх ёсць асобны пакой, а хто туды прыходзіць, я не ведаю.
    — Пасаромеўся б сваіх сівых валасоў, подлая гадзіна! — трэснула дзвярыма і пайшла на Палявую, 8.
    16 ліпеня я атрымала павестку з’явіцца да суддзі-следчага ў акруговы суд. На парозе яго кабінета я стыкнулася з Алексюком, які адтуль выходзіў223.
    Следчы Юзаф Дамброва, сярэдніх гадоў мужчына з густымі вусамі і скручанай ракавінай левага вуха, пачаў запісваць анкетныя даныя ў пратакол.
    — Пані, разумеецца, не курыць? — пытае.
    — А калі дазволіце, з прыемнасцю закуру, — адказваю, выняўшы з кішэні пудэлка папярос і запалкі.
    — Калі ласка, — кіўнуў галавой і коса зірнуў на мяне. — Ну, рэч вядомая, не п’яце?
    — А чаму б у кампаніі і не выпіць кілішак?
    Зноў позірк на хвіліну затрымаўся на мне, і пяро спынілася, мабыць, рашаючы, як запісаць такі адказ. Далей пайшлі пытанні, калі і чаго я прыехала ў Гродна, чым займаюся.
    — Чаму вы адмовіліся ад рэдактарства газеты, якое вам прапанаваў пан Аляксюк?
    — Таму што мы з ім разыходзімся ў сваіх поглядах. Гэта першая прычына. А па-другое, я сваімі справамі занята, і на гэта ў мяне няма часу.
    — Аў якіх, напрыклад, поглядах вы з ім разыходзіцеся?
    I дало ж мне ліха ляпнуць аб гэтым! Як цяпер выкруціцца?
    — Выбачайце, але я не маю ахвоты цяпер спавядацца перад вамі ў сваіх поглядах. За погляды хіба судзяць? У чым мая віна?
    — Мне вядома, што вы з’яўляецеся супрацоўніцай газеты «Родны край» і ў сваім клубе рабілі карэктуру апошняга нумара.
    — Супрацоўніцай я не з’яўляюся, гэта мана, а па просьбе адсутнага рэдактара зрабіла карэктуру апошняй старонкі газеты, дзе была змешчана карэспандэнцыя і хроніка.
    У канцы допыту следчы заявіў:
    — Прыкра мне вельмі, але змушаны вас арыштаваць. Якую камеру вы лічыце за лепшую — агульную ці адзіночку?
    — Калі ў вас ёсць палітычныя жанчыны, дык нічога не маю супроць агульнай, але калі пасадзіце з крыміналісткамі, дык лепш ужо адзіночка.
    — Я таксама думаю, што лепш адзіночка. — Званком выклікаў паліцыянта, які з вінтоўкай пры назе спыніўся ля дзвярэй, чакаючы загаду.
    Пан Дамброва паглядзеў на яго, на мяне, нешта падумаў, барабанячы пальцамі па стале.
    — Выносся! — раптам гаркнуў на паліцэйскага і, ужо звярнуўшыся да мяне: — Я сам вас адвяду ў турму: не хачу, каб вы ішлі пад канвоем паліцэйскага.
    — Вельмі дзякую вам, — здзіўленая, ціха падзякавала.
    Дамброва ўпіўся ў мяне вачыма, аж яго векі пачырванелі. Я заёрзала на крэсле. I чаго ён утаропіўся ў мяне? Арыштаваў, дык і вядзі ў астрог.
    — Ведаеце што? — азваўся нарэшце. — Я зраблю праступленне. Калі вы дасце ўрачыстае слова гонару, што не ўцячэце з Гродна, я вас звольню. Я сам сядзеў у турмах і ведаю, як гэта цяжка, асабліва для маладой жанчыны.
    — Я не хацела б, каб праз мяне вы рабілі праступак. Вы бачыце, што я зусім спакойна адношуся да свайго лёсу. Рабіце тое, што вам загадвае ваша сумленне. А ўцякаць я нікуды не збіраюся, бо не пачуваюся да віны.
    Дамброва разарваў ордар на арышт і адпусціў мяне. Аляксюк, як мне пасля перадавалі, не мог скрыць свайго здзіўлення і расчаравання, што я на волі.
    Дні праз два позна ноччу паліцыя абкружыла дом, дзе я кватаравала, і зрабіла вобыск у маім пакоі.
    У нядзелю, 20 ліпеня, мелася адбыцца пастаноўка ў гарадскім тэатры. Правёўшы раніцай генеральную рэпетыцыю на сцэне, пайшла ў свой клуб абедаць. У часе абеду падыходзіць да мяне начальнік паліцыі.
    — Пані абедае?
    — Як бачыце.
    Дастаў з кішэні запісную кніжачку. Паслініўшы тоўстыя пальцы, пералістаў некалькі старонак.
    — Пані была ў Шарашове?
    — Была.
    — А што вы там рабілі?
    — Калі ўжо ведаеце, што я там была, то павінны і ведаць, што я там рабіла.
    — I ў Брэсце была?
    — I ў Брэсце, — холадна адказваю.
    — Ну, дык абедайце, абедайце, — з ласкі сваёй дазволіў, хаваючы кніжачку ў кішэню.
    — Ды ўжо ж абедаю. А можа, і на абед трэба ў вас дазвол браць? Што ж вы схавалі вашу кніжачку? Няўжо там толькі тых і грахоў маіх, што была ў Шарашове і ў Брэсце? — чорцік задзірлівасці апанаваў мною. — А таго, што мы з братам, ідучы пехатой па шашы Слуцк — Брэст, пісалі на сценах пустых дамоў адозвы да беларускага народа, гэтага няма ў вашай кніжачцы?
    — Пані жартуе?
    1 не думаю жартаваць. Хімічным алоўкам на кожнай тынкаванай сцяне з аднаго боку дзвярэй ці акна — лацінкай, а з другога — гражданкай пісалі адозвы. Пашліце сваіх шпікоў па нашым шляху, хай знімуйь копіі, калі яшчэ дажджы не змылі, тады хоць будзеце мець матэрыял супраць мяне, бо ў вас жа нічога няма, і дарэмна толькі чапляецеся да мяне.
    — Ну, жартуйце сабе на здароўе.
    Калі скончыла абедаць, ён пазваў мяне ў пустую залу.
    — Пані ест арыштована! — крыкнуў па-фельдфебельску.
    — Ух, як я спужалася, — кажу з іранічнай усмешкай. — Чаго ж так горла рваць?
    — Хай пані сядае і не кратаецца! — паказаў мне на крэсла.
    — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале.
    Пакінуўшы шпіка пільнаваць мяне, начальнік пабегудругія пакоі арыштоўваць Салошыка і Фохта. Праз хвіліну ўсіх нас траіх павялі пад канвоем у турму.
    Адзіночная камера цёмная, вузкая, як магіла. Брудныя, мабыць, ніколі не беленыя сцены пакрыты заплеснявелымі плямамі. Глыбока ў сцяне, вышэй росту чалавека, маленькае
    аконца з жалезнымі кратамі слаба прапускае дзённае святло. На вузенькім жалезным ложку сяннік з папяровай мешкавіны, засалены ад бруду і цянюсенькі, так што жалезныя рэбры з-пад яго выразна вырысоўваюцца; з такой жа мешкавіны брудная і плоская саламяная падушка. Hi посцілкі, ні наўлечкі. Страшна на такім брудзе нават прысесці, не тое, каб твар прытуліць да такой падушкі. Добра хоць тое, што начальнік турмы загадаў выдаць з шафы чысты коц, хоць калючы, падла, але ім можна прыкрыць бруд, на аднэй палове легчы, другою прыкрыць плечы. Hi міскі, каб памыцца, ні ручніка — выцерціся.
    На трэці дзень пасля арышту мяне прывялі ў турэмны пакой следчага. За сталом сядзеў Дамброва.
    — Я свайго слова не зламала, — азвалася я, — не спрабавала ўцячы, а вы...
    — Я таксама не думаў вас арыштоўваць, але вось прачытайце, калі ласка, — падаў мне друкаваную на машынцы паперу са штампам пракуратуры. Пракурор акружнога суда даваў вымову следчаму, што мяне адпусціў, і загадваў зараз жа арыштаваць.
    — Ну, калі так, то я не маю прэтэнзіі да вас.
    Пачаўся другі допыт.
    — Прошлым разам вы казалі, што рабілі карэктуру свайго артыкула і хронікі. Так?
    — Так.
    Адкрыў шуфляду ў стале, засунуўшы туды абедзве рукі, доўга поркаўся, шалясцеў паперай, нарэшце, злажыўшы вялікі аркуш, вынімае і паказвае мне карэктуру апошняй старонкі «Роднага краю».
    — Гэта ваша рука?
    Тут толькі я ўспомніла, што ўвесь нумар ад перадавіцы да апошняга слова на 4-й старонцы быў адціснуты для карэктуры на аднэй старонцы вялікага аркуша паперы. He здагадалася я тады, што следчы можа ўзяць з друкарні гэты карэктарскі ліст. Сорамна, што ў такім глупстве зманіла на першым допыце.
    — Нашто ж вы завярнулі першую палавіну? Разгарніце ўжо ўвесь ліст, — сказала, крыва ўсміхнуўшыся224.
    — Бачыце, калі вы не прызнаецеся, дык эксперты дакажуць, што гэта адна і тая ж рука — ад перадавіцы да апошняй старонкі.
    — Та-ак... Нялоўка выйшла, што і казаць, — кажу, шукаючы ў думках выхаду з гэтага становішча.
    — А ведаеце што? Вы маеце права адмовіцца даваць далейшыя паказанні.
    — Праўда! — усцешылася я. — Маўчу ўжо, як нямая рыба, больш ні слова на вашы пытанні не адказваю.
    — Чакайце... А ці добра гэта будзе? Трэба падумаць... Я сягоння не буду пісаць пратакола. Падумайце вы, падумаю і я, як лепш будзе для вас.
    А праз хвіліну:
    — Вось бачыце, які ж з мяне следчы? Замест таго, каб лавіць і тапіць вас, я даю вам парады і сам думаю, як вас ратаваць.
    Я была глыбока ўзрушана. Што ён за чалавек? Хітры вораг ці сапраўдны прыяцель?
    Мяне арыштавалі ў тым адзетку, як стаю: у маркізетавай блузачцы. А ў камеры сыра і сцюдзёна. Таму я папрасіла, ці не маглі б мае сябры прынеслі мне з дома пасцельную і нацельную бялізну і больш цёплы адзетак. Атрымаўшы згоду, я тут жа напісала аб гэтым запіску і на канверце падала тры адрасы. На другі дзень у камеру з’явіўся сам Дамброва.
    — Аказваецца, вас тут ніхто не ведае.
    — Як гэта не ведаюць?
    — Вось вам ваш ліст. Усе тры адрасаты адмовіліся яго прыняць, бо вас не ведаюць.
    Крыўда сціснула сэрца. Я шчэ ж у дзень свайго арышту двум з іх я давала грашовую дапамогу, а цяпер яны адмаўляюцца прыняць ад мяне ліст... не знаюць мяне. Клубок падкаціўся ў горла.