Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Ды-ткі, мусіць, і забіла, бо яно нават і не яўкнула, — смяяліся другія.
— Чаго вы да яе чапляецеся? Яна ж падобных момантаў яшчэ не перажывала ў жыцці, бо дзіцяці яшчэ не мела, — азваўся Купала, напамінаючы мне гутарку з Бэкін-Драздовым у часе на рэпетыцыі «Паўлінкі».
Адны насміхаліся, другія стараліся супакоіць мяне, каб не сапсаваць ігру ў IV акце.
— Ульяна! А як гэта ты з салам будзеш гукаць? Во цікава было б паслухаць!
Цяпер ужо смяяліся з Рызэнкі, якая іграла Ульяну, а цяпер сядзела насупіўшыся. I ў яе бяда здарылася. Перапісваючы яе ролю, не паставілі коскі там, дзе трэба, і сваю рэпліку «з’ямо заціркі з салам, пагукаем», яна зазубрыла, не дбаючы аб сэнсе, робячы цэзуру пасля слова «заціркі». На рэпетыцыі кожны раз папраўлялі яе, аднак на спектаклі яна так і сказала, пацяшаючы Паўлюка: «З’ямо заціркі, з салам пагукаем»201.
He зважаючы на такія няўдачы, рэцэнзія, змешчаная ў «Нашай Ніве», была даволі ласкавай202.
«...Ігралі на сцэне “Хам” — драматычны абразок з жыцця наднёманскіх сялян-беларусаў, — рэч вельмі сур’ёзную па сваім змесце і рэч, каторая вымагае ад штукара вялікай кемнасці і сцэнічнай практыкі.
...Пронку добра сыграла П. Мядзёлка. Яна іграла з захватам, хоць і чуваць было, што штукарка новая асоба на сцэне. Ёй уда-
лося стварыць тып Пронкі, каторая цікава сваёй трагічнай шчырасцю. Асабліва міла ўдарала вуха слухача чыстая, з добрай акцэнтацыяй беларуская мова штукаркі.
Псавала ўражанне неакуратнасць дэкарацыі і цесната сцэны.
Хор пад кіраўніцтвам Шыдло выйшаў бледнаваты. Мала было лірычных беларускіх народных песень...»
I сапраўды, Шыдло — вучань школы арганістаў — мала ўдзяляў увагі беларускім народным песням, ён захапляўся заходнееўрапейскімі кампазітарамі. Вельмі шмат часу трацілі на складаныя, хоць і прыгожыя творы кампазітараў Chain’a «Кліч пастушка»203, Бетховена «Калі смерці час настане» і інш.204. Хор як у Пецярбургу, так і ў Вільні быў акапэльны.
Больш выступаць на сцэне ў Вільні мне не давялося. Зноў курсы, пасля вайна. А з 1915 года жыццё пачало мяне перакідваць, бы сарваны ліст з дрэва, з аднаго месца на другое205.
Запраўднай школай драматычнага мастацтва з’яўлялася для мяне Першае таварыства беларускай драмы і камедыі ў Мінску.
Першы раз я трапіла на сцэну Мінскага гарадскога тэатра выпадкова. Праездам я затрымалася ў Мінску на некалькі дзён. У гэты час там адбываўся I з’езд салдацкіх дэпутатаў армій Заходняга фронту. Для дэпутатаў з’езда спешна рыхтавалася пастаноўка «Паўлінкі»206. Цяпер ужо не памятаю, хто і па якой прычыне запрапанаваў мне выступіць у ролі Паўлінкі. Я нікога з акцёраў яшчэ не ведала, бо толькі адну рэпетыцыю правяла раніцай у дзень спектакля. Мабыць, усе ўдзельнікі гэтай п’есы не раз ужо выконвалі свае ролі, ці мо больш часу рыхтаваліся, бо спектакль прайшоў гладка, жыва, весела. На вялікай сцэне было дзе разгарнуцца. Паўнюткая тэатральная зала ўзнімала настрой і пачуццё адказнасці. Я адчувала не меншы ўздым, як падчас першага свайго выступлення ў Пецярбургу207. Пасля спектакля мне паднеслі букет кветак. За кулісы прыйшло шмат дэпутатаў з’езда вітаць нас з вялікім поспехам і падзякаваць за пастаноўку. Адзін з іх, пабачыўшы, што я, збіраючыся ўжо выходзіць з тэатра, апранута ў шырокую, ветрам падбітую
сялянскую світку, папрасіў мяне крыху затрымацца і праз некалькі хвілін прынёс і падараваў мне цёплы ваўняны світэр. Праз пяць гадоў пасля гэтага я зноў спаткалася з гэтым былым дэпутатам з’езда, які ў той час быў адным з вышэйшых членаў урада БССР208.
У сакавіку 1918 г., калі ў пачатку нямецкай акупацыі княгіня Радзівіл загадала забіць дошкамі беларускую школу ў Жорнаўцы і прагнала мяне адтуль, я перабралася ў Мінск і зразу прымкнула да калектыву Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, мастацкім кіраўніком якога быў прафесійны артыст Фларыян Паўлавіч Ждановіч.
У склад калектыву ўваходзіла ўся сям’я Ждановічаў: брат яго Антон Паўлавіч, які пазней прыняў псеўданім Крыніца, жонка Пралеска, дачка-падлетак Ірэна Ждановіч. Апрача іх Грыгоніс, Злотнікаў, Церах, Міцкевіч, Платонаў, Шапко, Міронава, Ярмоліна, сёстры Вера і Люба Тарасік, Саннікаў, Ржэцкая, Галіна і шмат іншых, прозвішчы якіх цяпер трудна ўспомніць. Некаторыя з іх крыху пазней увайшлі ў гэты калектыў.
Увесь збор ад продажу білетаў часткай ішоў на пакрыццё выдаткаў па афармленні сцэны, на парыкі, грым і т. п. (хоць як мага ўсе стараліся раздабыць патрэбнае дарма), рэшта выплачвалася акцёрам паводле марак: акцёры вышэйшай кваліфікацыі і якія ігралі галоўныя ролі атрымлівалі па 1-й марцы, на другарадных ролях — па 2-й марцы, а рэшта — па 3-й марцы. Я ў той час працавала ў школе і ад сваёй долі па 1-й марцы адмовілася на карысць беспрацоўных таварышаў.
Ці памятаеце вы, старыя сябры, якая гэта была самаадданая праца, праца, поўная своеасаблівай рамантыкі? Ці памятаеце, як адны з вас пасля цяжкай дзённай працы, другія галодныя і зняможаныя ад бясплодных пошукаў сталай работы аддавалі ўвесь свой вольны час, усе сілы на ніве мастацтва для свайго народа? Ці памятаеце «Беларускую хатку» на Конскім рынку?209.
У новым адбудаваным Мінску дарэмна я шукала таго месца, дзе сярод вялікай пустой плошчы, званай Конскім рынкам, стаяў доўгі драўляны барак, які вызначылі акупанты для беларусаў. Мне сказалі, што на месцы былога Конскага рынка
цяпер знаходзіцца трамвайны парк у старане ад Даўгабродскай вуліцы. Там, у Беларускай хатцы, зараджаўся беларускі тэатр, з калектыву якога ўтварыўся Першы дзяржаўны беларускі тэатр імя Янкі Купалы, а пазней Другі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа. Там, у доўгім сцюдзёным, бы пуня, будынку, дзе апрача залы са сцэнай былі два пакойчыкі, кожны вечар адбываліся рэпетыцыі, кожную суботу ці нядзелю спектаклі. Нікога не трэ было падганяць, упрошваць, усе прыходзілі акуратна і бясспрэчна выконвалі ўсялякую работу: самі падлогу падмяталі, самі рабілі дэкарацыі, шылі і вышывалі касцюмы, самі на сваіх плячах цягалі што трэба на Ляхаўку, дзе час ад часу ставіліся спектаклі.
А памятаеце, як сваімі рукамі аформілі сцэну да I акта «Хама»?
Захацелі хлопцы як мага больш прыблізіць усю сцэну да жывой прыроды. Галубок намаляваў заднік. Ружовае прадвячэрняе неба, справа залаціцца жытняе поле, злева, з-за лесу, на ўзгорку віднеецца панскі палац. На пярэднім плане Нёман. Хлопцы збілі з дошак шырокае карыта, напоўнілі яго вадой, аблажылі бакі і ўсю сцэну зялёным дзірванам, засадзілі жывымі кустамі. Каб быў чуцен плёскат вады, за кулісамі плёскалі па вадзе лапаткамі, з палівачкі журчала ў карыта вада. Там жа падрыхтавана было вядро з жывой рыбай. На перавернутым чоўне сядзіць Паўлюк і, латаючы рыбалоўныя сеткі, раз-пораз пільна ўглядаецца на панскі палац, ці не ўбачыць там Пронку. Ля берага сядзіць Цыпрук, закідвае вуду за кулісы. Там на кручок вуды зачэпліваюць рыбу, а праз хвіліну Цыпрук дзёргае вуду, і рыба б’ецца-трапечацца на зялёнай мураве перад самай публікай. Справа за кулісамі дзяўчаты прыцішана спяваюць жніўныя песні, а злева да свайго выхаду на сцэну я паігрываю на жалейцы.
Нямая сцэна працягваецца мінут пяць, а мо і болып. Публіка горача апладзіруе. «Брава! Брава!» — крычаць.
— Ледзь не тэатр Станіслаўскага ў Маскве! — з лёгкай, але дружалюбнай іроніяй хваляць нас падчас антракту.
Цяпер жа трэба хутка прыбраць усе кусты, дзірваны, карыта з вадой і паставіць дэкарацыю сялянскай хаты. Усё гэта
было ўмомант зроблена. Як пры афармленні сцэны, так і пры ўборцы дапамагалі хлапчукі бадай з усёй Старажоўкі. Сярод іх быў і будучы паэт Андрэй Александровіч.
Аднак найбольш часу, сіл і душы адцаваў Фларыян Ждановіч. Калі ў сучасных нашых тэатрах ёсць і дырэктар, і адміністратар, і галоўны рэжысёр з памочнікамі, і загадчыкі розных адцзелаў, то ўсе гэтыя абвязкі, уключна да грымёра і суфлёра, выконваў адзін Фларыян Паўлавіч. А як жа ён школіў нас, як дабіваўся дасканалай вымовы, акцэнтацыі кожнага слова, кожнай фразы, як шліфаваў кожны рух! Ён вучыў нас хадзіць па сцэне, паварочвацца, садзіцца, падаць, плакаць, смяяцца... Працаваў гадзінамі асобна з кожным акцёрам, і з іх вымотваў усе жылы, і сам мучаўся да поўнага знемажэння. Працуючы, напрыклад, з Верай Тарасік над роляй Марылі з «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы, ён у роспачы загадаў ёй 50 разоў, кідаючыся ў ногі панічу, паўтараць адны і тыя ж фразы. Сам без сіл ужо сядзеў на крэсле, на месцы паніча, а яна раз-пораз бухалася яму ў ногі і ўжо з запраўдным плачам лямантавала, а ў яго таксама слёзы цяклі ад знясілення. He ведаю, чым бы гэта кончылася, каб мы не ўмяшаліся і не спынілі такое самакатаванне210.
Шмат памучыўся ён і са мной над роляй Зоські ў V акце «Раскіданага гнязда». Трудна мне было ўвасобіцца ў вобраз звар’яцелай Зоські, цяжка даваліся пераходы ад паэтычнага лірызму да гневу або напышлівага тону «ўсеўладнай каралеўны»; дрэнна ў мяне выходзіў і вар’яцкі смех. I я да таго трэніравалася не толькі на рэпетыцыях, але і дома, што брат мой не на жарт баяўся, каб я ткі запраўды не звар’яцела.
На спектаклях Фларыян Паўлавіч, калі толькі не меў ролі, заўсёды садзіўся ў суфлёрскую будку сам і, суфліруючы, падказваў, калі хто блытаў мізансцэны або забываўся што-небудзь зрабіць. Некаторыя навічкі траціліся на сцэне, ад хвалявання баяліся забыцца сваіх слоў і часценька зазіралі ў суфлёрскую будку. I вось аднаго разу, калі ставілася п’еска па апавяданні Э. Ажэшка, перад пачаткам спектакля Фларыян Паўлавіч прыгразіў, што на гэты раз ён адвучыць заглядваць у суфлёрскую будку, а калі хто загляне, то можа сарваць п’есу і тады будзе су-
рова адказваць. Мы, рэч вядомая, былі зацікаўлены, як гэта ён будзе адвучаць, і ў ходзе п’есы кожны з нас хоць разік але зірнуў у будку. Там сядзеў Фларыян Паўлавіч, схіліўшыся над экзэмплярам і падпёршы галаву дзвюма здаравеннымі фігамі, якія, бы рогі, тырчалі ў наш бок. Мы душыліся ад стрымліванага смеху, некаторыя, не ўтрымаўшыся, пырскалі ў кулак, адвярнуўшыся ад публікі, але, баючыся сапсуць канец, кожны асцерагаўся другі раз заглянуць у будку.
Бывалі выпадкі, што рука кіраўніка не вельмі далікатна датыкалася да твару таго, хто груба парушаў дысцыпліну, але ніхто за гэта не крыўдзіўся.
Неяк у першы дзень Вялікадня давалі ранішні спектакль. Ставілі «Пашыліся ў дурні»211. Двое хлопцаў крыху прыпазніліся. Аблаяўшы іх на чым свет стаіць, Фларыян Паўлавіч пачаў аднаго з іх грыміраваць. Раптам як лясне яго па аднэй шчацэ ды па другой, што той і пакаціўся з крэсла.