Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Мне доўга не ўдавалася сцэна з Якімам. Як ні мучыў мяне Бэкін-Драздоў, але калі трэ было горача сказаць: «...і на векі вечныя любіць буду» або выканаць аўтарскую рэмарку (Якім мацней прыпіскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасля хватае яго за шыю, і доўга горача цалуюцца), — у мяне гэта выходзіла ненатуральна, холадна. Пасля аднэй з чарговых няўдач Бэкін-Драздоў адазваў мяне ў старонку і пытае:
— Скажыце, у сваім жыцці вы перажывалі падобныя моманты? Агнём запалалі мае шчокі, вушы. Я маўчала, а ён далей кажа: — Я вас пытаю не праз простую цікавасць, мне як рэжысёру трэба гэта ведаць.
Я адмоўна пакруціла галавой і ледзь прашаптала: «Не!»
— Я так і думаў, — крыва ўсміхнуўся, і мне пачулася насмешлівая пагарда ў яго тоне. Ён накіраваўся да Купалы, і яны шапталіся, паглядаючы на мяне, і смяяліся.
Настрой упаў, працяг рэпетыцыі правяла без ігры, вяла бармочучы пад нос свае словы. У канцы рэпетыцыі я заявіла, што я не змагу сыграць сваёй ролі як належацца, псаваць п’есу не хачу, а таму трэба шукаць другую Паўлінку. Усе загаманілі.
— А хто ж будзе іграць? Сама ведаеш, што сярод нас нікога няма, апрача цябе, хто б падыходзіў да гэтай ролі.
Спахмурнеў і Янка.
— Кінь глупства гаварыць! Калі захочаш, дык і сыграеш.
Усю ноч і ўвесь дзень назаўтра мотарна было на душы. Я сама ведала, што трудна найсці мне замену, нельга падводзіць калектыў, і ўжо шкадавала, што закапрызіла. Вечарам прыйшоў да мяне Янка, палаяў мяне за мае капрызы. Сядзеў даволі доўга. 3 таго часу часценька пачаў мяне наведваць.
Даўно ўжо сцёрлася тое непрыемнае ўражанне, якое ён на мяне зрабіў пры першым спатканні ў Вільні. На суботніках у праф. Шыпілы я зусім у іншым святле яго бачыла. He вельмі гаваркі ў часе шумных спрэчак, але заўсёды сур’ёзны, уважна прыслухоўваўся да выказаных думак, час ад часу падаючы кароткія, але трапныя заўвагі; вясёлы, гарэзлівы ў часе застольнай бяседы. А калі чытаў свайго «Прарока» ці іншыя вершы, дык, нягледзячы на тое што не надта важны быў з яго дэкламатар, мне здавалася, бачу нейкі арэол вакол яго галавы. Кожнае слова яго вершаў так глыбока западала ў душу, такія струны ў ёй чапляла, што яны гучэлі ўрачыстым гімнам, клятвай аддаць усе свае сілы, усё жыццё свайму абяздоленаму, цёмнаму, паднявольнаму народу, збудзіць яго да барацьбы за волю, за лепшую долю. А сам аўтар вырастаў у нашым уяўленні ў волата-прарока, які сваім палымяным словам, звонам гусляў зваў за сабой «К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця, / К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям...»190.
Ітак, Купала часценька пачаў наведваць мяне, і тады ён зноў быў звычайным чалавекам, які сваімі паводзінамі насцярожваў
мяне. I як жа яны, гэтыя паводзіны, не пасавалі да таго вобраза, які ўжо склаўся ў маім уяўленні! Як яго жарты, лёгкая гутарка напаміналі мне першае з ім спатканне! А калі памкнуўся стаць у ролі Якіма, я ўзбурылася.
— Ты што, прыходзіш рэпетыцыю праводзіць са мной, вучыць мяне? Абыдуся без тваёй навукі!
У наступную рэпетыцыю «Паўлінкі» са злосці на яго і на рэжысёра я так правяла гэтую трудную сцэну, што ўсе запляскалі ў далоні.
— Бачыў? На табе! — пераможна пазірала на Янку, а ён задаволена ўхмыляўся.
Апрача падрыхтоўкі «Паўлінкі» трэ было ўдзельнічаць і ў хоры, якім кіраваў літоўскі кампазітар Шымкус. Паміж іншым ён нам расказаў, як пры першай спробе паступіць у Пецярбургскую кансерваторыю яму загарадзіла дарогу праклятая літара яць. На ўступных экзаменах у сачыненні ён дапусціў толькі адну памылку, напісаўшы ў слове «Елнсавета» літару яць замест е. I толькі праз гэта яго не прынялі ў кансерваторыю191.
Апошняя генеральная рэпетыцыя адбылася ў касцюмах і грыме. Трудна было дастаць андаракі і гарсэцікі для дзяўчат, нагавіцы і верхнюю вопратку для хлапцоў. Аб гэтым загадзя падумалі і мабілізавалі ўсе сілы на збор патрэбнай вопраткі. Жанчыны вышывалі кашулі і фартушкі, сабралі сёе-тое сярод рабочых-беларусаў, часткай прысылалі з вёсак. Шмат было спрэчак аб тым, як апрануць Пранцыся Пустарэвіча — у боты ці ў лапці. Большасць было таго погляду, што такі п’яніца не можа быць заможным гаспадаром, а таму ён павінен быць у лапцях і паношанай бравэрцы. Прытым трэба ж паказаць і «нацыянальны» абутак — лапці, так што і пару хлапцоў, музыкаў абулі ў лапці.
Наступіў дзень выступлення ў клубе «Пальма», які знаходзіўся ў рабочы.м раёне. За некалькі дзён да вечарыны амаль усе білеты былі распраданы з рук сярод рабочых, служачых, студэнтаў, так што зала была паўнюсенькая і таму шмат хто з публікі, якія жадалі паглядзець беларусаў, змушаны былі вярнуцца дамоў.
Такі больш чым поўны збор узнімаў настрой і пачуццё адказнасці192. Мяне трасло як у ліхаманцы. Баялася, што не здолею саўладаць сваім голасам. Яшчэ пры закрытай заслоне пачала спяваць «Ой, пайду я лугам, лугам». А як адкрылася заслона, дзе падзеўся і страх! Я не бачыла публікі, забылася, што знаходжуся на сцэне. Ролю сваю я добра ведала на памяць і не залежала ад суфлёра193. У гэты момант я шчыра кахала Якіма, і мне не трэба было ўспамінаць заўвагі рэжысёра. У другім акце, падчас вечарынкі ў Крыніцкіх, я была рассеяная, думкі мае былі далёка ад гасцей, на душы трывога, неспакой: дзе цяпер Якімка? Ці ўдасца ўцячы з дома? А тут трэба танцаваць... Эх! Кідаюся, як у вір галавою:
— Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце... каб аж свет хадаром пайшоў!
Ах, каб хоць на хвілінку забыцца, каб не чуць, як чарвяк балюча точыць сэрца! Пачынаем спяваць. Добра, што Пранцысь падышоў і дырыгуе сваёй пляшкай. Я адыходжу, стаю ля печы, залажыўшы назад рукі. Вочы мае глядзяць паверх гасцей удаль... Уявіла сабе, што побач са мной стаіць любы Якімка і, прытуліўшыся тварам да печкі, рука пяшчотна глядзіць яе... Буджуся з задумы. Божухна! Каб жа толькі бацькі і госці не заўважылі майго настрою! Стараюся адагнаць назойлівыя думкі, кідаюся забаўляць гасцей, але весялосць мая штучная, няшчырая. Адольф мяне раздражняе, і я не магу скрыць сваёй злосці на яго. Усю сцэну з ім пасля адыходу гасцей праводжу нервова ў зласлівым іранічным тоне.
Воплескі, якія раз-пораз раздаваліся падчас ходу п’есы, змушалі спыняцца, але не выбівалі мяне з каляі.
Канчаецца п’еса. Я ляжу самлелая на зямлі.
«Каханенькая, родненькая, дзве дзюркі ў носе, і ўсё скончылася...»
На сцэну ўбягае Купала, абдымае мяне і горача цалуе. Я не баранюся і не саромлюся гэтага пацалунку і сама яго цалую. Гэты вечар скрапіў нашу дружбу на ўсё жыццё194.
А воплескі з залы грымяць і грымяць.
— Паўлінка! Досыць цалавацца! Даю заслону! — крычыць Сцяпан Крыніцкі-Шыпіла.
Янка ўцякае са сцэны. Мы кланяемся публіцы.
— Аўтара! Аўтара! — грымяць з залы.
3-за куліс выводзяць Купалу. Ён бярэ мяне за руку, падводзіць да рампы, і мы разам кланяемся публіцы. Студэнты ўрачыста падаюць яму гадзіннік з выгравіраваным надпісам «Бацьку “Паўлінкі” ад беларускіх студэнтаў». А Купала падносіць мне два яшчэ цёпленькія, толькі што з-пад машыны экзэмпляры «Паўлінкі». На адным з іх на ўсю старонку ў 32 радкі верш, прысвечаны мне. (На жаль, цяпер не магу ўспомніць гэтага верша, а той экзэмпляр «Паўлінкі» ў 1921 годзе выпрасіў у мяне для перафатаграфавання студэнт Рамуальд Зямкевіч, які збіраў калекцыю літаратурных рукапісаў, і знік з маіх вачэй разам з вершам.)
Доўга публіка не выпушчала нас са сцэны, але трэба знімаць грым і станавіцца да хору. Спяваем «А хто там ідзе?», «Ой, пайду я лугам» у апрацоўцы Шымкуса, «Ды ўжо сонейка...», «Чачотачку». Уперамешку з песнямі дэкламуюць вершы Купалы «Град», «Адгукніся душа» і інш.
Пасля танцаў Купала адводзіць мяне на кватэру, і мы доўга яшчэ дзелімся сваімі перажываннямі і ўражаннямі195. У гэту ж ноч пад раніцу Купала выехаў у Вільню, дзе таксама рыхтавалася першая пастаноўка «Паўлінкі»196.
У гэтым часе ў Вільні існаваў Беларускі музыкальна-драматычны кружок, рада старшын якога складалася з 12 асоб: Даніловіча. Бурбіса, Будзькі, Ластоўскага, Краскоўскага, Асмалоўскага, Радзевіча, Глеба, Луцкевіча, Бычкоўскага, Шыдло, Кліма. Было створана 4 камісіі: кантрольная, гаспадарчая, драматычная і музыкальная. Аднак, апрача Бурбіса, Радзевіча і Шыдлы, ніхто з рады старшын ніколі не выступаў на сцэне, і моладзь, якая выступала ў спектаклях і хоры, нічога не ведала аб іх дзейнасці і мала каго знала асабіста.
У часе летніх канікул таварышы выклікалі мяне ў Вільню прыняць удзел у святкаванні Купалля, якое рыхтаваў Беларускі музыкальна-драматычны кружок. Я ўгаварыла свайго бацьку паехаць разам са мной.
Білеты на гэта народнае свята былі загадзя распраданы. Пад вечар 23 чэрвеня публіка пачала збірацца далёка за Антокалем. Там чакалі нас прыбраныя гірляндамі вянкоў, сцяжкоў і фанарыкамі два параходы, баржы, лодкі. Як толькі схавалася сонца і летні змрок ахутаў зямлю, на воды Віліі стала выплывайь святочная флатылія. На першым параходзе памясціўся духавы аркестр з часткай публікі, за ім цягнулася вялікая дэкараваная баржа. На некаторай адлегласці — другі параход з хорам, за ім зноў баржа. Па баках дзясяткі лодак з запаленымі факеламі. 3 лодак пушчаюць на ваду вянкі на дошчачках з запаленымі пасярэдзіне свечкамі, узнімаюцца ўвысь і рассыпаюцца рознакаляровым дажджом феерверкі. Аркестр распачынае свята гімнам «А хто там ідзе?». Паволі-паволі пасоўваецца гэты картэж у напрамку Закрэта. На змену духавому аркестру над Віллёй лунаюць беларускія народныя песні. Уздоўж абодвух берагоў ад Антокаля да самага Закрэту праз некалькі крокаў адзін ад аднаго палаюць вогнішчы, смаляныя бочкі. Густой сцяной абляпіў народ абодва берагі.
Падплываючы да Замкавай гары, цяпер хор спявае «А хто там ідзе?». Гэты гімн гучыць так урачыста, так сімвалічна, што нельга стрымаць слёз. 3 берагоў даносяцца гучныя воплескі.
— Ура-а-а! Хай жыве Беларусь! Слава беларусам! — такімі воклічамі праводзіць нас уся Вільня з берагоў.
Уражанне было надзвычайна сільнае! Дух захапляла, грудзі разрываліся ад паўнаты пачуццяў. Хацелася і плакаць, і смяяцца, хацелася ўвесь свой народ да грудзей прытуліць, усіх абнімаць, цалаваць... I толькі ўпесні выліваўся надмер пачуццяў.
Высаджваемся ў Закрэце. На палянцы сярод стройнага сасновага лесу з чатырох бакоў гараць бочкі са смалой; пасярэдзіне ўзнімаюцца аж да зор языкі вялікага вогнішча; у старонцы доўгія сталы буфета, насупраць — аркестр. Танцуем «Лявоніху», «Юрачку», «Шастака»... Пасля, узяўшыся за рукі, водзім карагод вакол вогнішча і спяваем купальскія песні. Юнакі скачуць праз вогнішча. Прабуюць і смялейшыя дзяўчаты, але большасць з іх пад агульны смех з разгону раптам спыняюцца перад самым вогнішчам, баючыся асмаліць свае лёгкія су-