Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
кенкі. Зноў танцы змяняюцца гульнямі і песнямі. Старэйшыя размясціліся паблізу буфета і, частуючыся, назіраюць за гульнямі маладзёжы.
Але вось дагарэлі бочкі, не хапае ўжо стравы для вогнішча. Вячэрняя зара перамясцілася на ўсход, змрок уступае месца світанню.
— Ідзём на бераг сонца вітаць! — раздаецца вокліч. — Паглядзім, як яно сёння іграць будзе.
Усёй грамадой з песнямі крочым насустрач сонцу.
— Ура-а-а! — разносіцца па ўсёй рацэ пры першых промнях залатога сонца.
Вітай, сонейка! Асвяці, сагрэй нашу зямельку родную, згані назаўсёды змрок, які пануе над нашым народам!
Стомленыя, але радасныя, вяртаемся праз лес дахаты197.
Мне трэба было адбыць абавязковую практыку, і я паступіла ў Вільні на работу198.
Праз якісь час пасля Купалля Беларускі музыкальна-драматычны гурток рыхтаваўся да паўторнай пастаноўкі «Паўлінкі». Некаторыя з удзельнікаў першай пастаноўкі выбылі з Вільні, і прыйшлося на іх месца падбіраць новых. Паўстала пытанне, каму даручыць ролю Паўлінкі: першай віленскай Паўлінцы — Маркевічанцы, ці першай пецярбургскай — мне. Адны адстойвалі адну, другія — другую. Галасы разбіліся пароўну. Лявіцкі запрапанаваў спытаць самога аўтара, які бачыў на сцэне адну і другую. Купала ў гэты час працаваўу рэдакцыі «Нашай Нівы». Ён аддаў перавагу пецярбургскай Паўлінцы — мне. Пачаліся рэпетыцыі. Сцяпана Крыніцкага іграў Лявіцкі, Альжбэту — Карольця Стэфанавічанка, Пранціся — Бурбіс, Якіма першы раз іграў малады, вельмі прыгожы юнак, мяккі і лірычны па сваёй натуры, чарнавокі і чарнабровы Олька Залескі. 3 ім было неяк лягчэй іграць. Мо таму, што, як пазней ён мне прызнаўся, яшчэ на Купаллі я салодкай стрэмкай упілася яму ў сэрца. Мо таму ігра яго была больш шчырая і натуральная. Сцяпан Крыніцкі таксама быў больш тыповым. I не дзіва: ён добра ведаў быт і характар засцянковай шляхты.
Спектакль прайшоў удала, але не выклікаў у мяне такіх сільных перажыванняў, як першы раз.
Пасля «Паўлінкі» пачалі рыхтаваць п’есу «Хам» па апавяданні Элізы Ажэшка «Хам». Гэту п’есу мне давялося бачыць у пастаноўцы Ігната Буйніцкага, і яна мне вельмі падабалася. Асабліва сільнае ўражанне зрабіла сваёй запраўды мастацкай ігрой Мурашка ў ролі Пронкі.
I цяпер пры размеркаванні роляў хтосьці запрапанаваў ролю Пронкі даручыць мне, але рэжысёр катэгарычна запратэставаў:
— Што вы! Пронка — гэта ж жанчына во! 3 формамі, — і выразна паказаў рукамі, дзе павінны быць гэтыя «формы». — А ў яе што? Hi тут, ні там ніякіх формаў няма. Пронка — гэта жанчына, якая спапяліць можа сваім агнём. Гэта роля драматычная, а Паўлінка — наскрозь лірычная натура і ніколі не зможа сыграць Пронку.
Усе згадзіліся з гэтым, і ролю Пронкі даручылі Маркевічанцы.
Я ўдзельнічала ў хоры, але заўсёды заставалася на рэпетыцыі «Хама», як просты глядач.
У сучасны момант шырокай публіцы невядома гэтае апавяданне Элізы Ажэшка, таму я дазволю сабе коратка перадаць змест п'есы.
...У наднёманскай вёсцы жыве пажылы ўжо селянін Паўлюк са сваім братам-падлеткам Цыпруком. Непадалёк стаіць панскі палац, у якім служыць прыгожая чорнавалосая пакаёўка Пронка. Яна здолела ачараваць спакойнага, дабрадушнага Паўлюка, ён часта возіць яе на лодцы і нарэшце жэніцца з ёй. Пронка прывыкла ўжо да жыцця ў панскіх пакоях, натура яе ўжо скалечана разбэшчанасцю панскіх слуг і гарадскім жыццём, і цяпер дрэнна сябе адчувае ў сялянскай хаце, у мужыцкай вопратцы. Яна спіць да паўдня, хатняя гаспадарка ёй праціўна.
Даведаўшыся ад жабрачкі Марцэлькі, што паны зноў прыехалі ў маёнтак, а з імі новы малады і прыгожы лёкай, Пронка выбягае паглядзець на гэтага малайца з вусікамі, а праз нейкі час уцякае з ім у горад.
Праходзяць з таго часу тры гады. Паўлюк не можа яе забыцца, сумуе па ёй. Позна ўвечары ён сядзіць за сталом і, водзя-
чы пальцам па кніжцы, з трудом чытае па складах і моліцца за яе грэшную душу. Стук у дзверы. Баязліва ўваходзіць Пронка з дзіцём на руках у знішчанай гарадской вопратцы, сама змарнелая, хворая. Яе кінуўтой лёкай, зякім уцякла, а пасля заліхія справы сядзела ў турме. Яна баіцца, што Паўлюк яе прагоніць, але ён бязмежна рады.
— Прыйшла-такі, прыйшла нарэшце, — задыхаючыся ад шчасця, паўтарае Паўлюк.
Пронка з плачам кідаецца яму ў ногі.
— Што ты, што ты! Ты цяпер такая самая гаспадыня ў хаце, як і была, — і клапоціцца, каб сагрэць яе, азяблую, пакарміць галодную.
Хутка яна заўважыла, як вырас і пахарашэў яе дзевер Цыпрук. He доўга думаючы, датуль яго спакушала, пакуль Ульяна, сястра Паўлюка, з суседкамі не злавілі іх абаіх на месцы праступку і прывялі іх да Паўлюка, патрабуючы, каб ён выгнаў вон гэтую паскудніцу. Аднак і на гэты раз Паўлюк даруе ёй такую здраду. Пронка рашае пазбавіцца ад старога мужа і падсыпае яму ў страву атруту. Ульяна здагадалася, ад чаго раптам занямог Паўлюк, найшла паперку ад парашка з атрутай. Сабраліся суседзі, паклікалі ўрадніка. Пронку арыштоўваюць і выводзяць. Паўлюк, сабраўшы апошнія сілы, кідаецца за імі, вырывае яе з рук урадніка:
— Пусціце яе! Пусціце! Я сам гаспадар над ёю! — крычыць у роспачы. — Ну вот... Ты ізноў такая самая гаспадыня, як і была, — кажа, увёўшы яе ў хату.
Пронка не можа перажыць такой дабраты свайго мужа. Трасучыся ўсім целам, крадком бярэ вяроўку і выбягае з хаты.
— Павесілася! Павесілася! — крычаць знадворку і праз хвіліну ўносяць мёртвую Пронку з вяроўкай на шыі. Паўлюк кідаецца да яе і з плачам абдымае мёртвае цела Пронкі'".
У гэтым апавяданні Эліза Ажэшка процістаўляе разбэшчанасці панскага двара і гарадскому жыццю чэснасць, працавітасць і дабрату сялянскага люду.
...Аднаго разу не з’явілася на рэпетыцыю Маркевічанка. Каб не сарваць рэпетыцыю і каб запоўніць пустое месца, рэжысёр
звярнуўся да мяне з просьбай замяніць на гэты час Маркевічанку.
Я ўжо казала, што гэта п’еса мне вельмі падабалася; дома ў бацькоў я не раз яе чытала ўголас, калі да нас збіраліся суседзі на вячэрнюю гутарку; цяпер прысутнічала на кожнай рэпетыцыі. Таму ролю Пронкі амаль дасканала ведала на памяць. Я згадзілася замяніць Маркевічанку і пачала па-запраўднаму іграць так, як я разумела гэту ролю і, пэўна ж, пераймаючы ігру Мурашкі. Рэжысёр адступіў пару крокаў і, злажыўшы накрыж рукі на грудзях, моўчкі назіраў, не робячы ніякіх заўваг нікому. А калі скончыўся II акт, рашуча падышоў і, ткнуўшы пальцам на мяне, цвёрда прагаварыў:
— Вы будзеце іграць Пронку!
— Выбачайце, — адказваю, — як жа я буду іграць? У мяне ж няма ніякіх формаў «ні тут, ні там». Гэта адно, а па-другое і галоўнае, я зусім не хачу замінаць дарогу Маркевічанцы. Даволі таго, што ролю Паўлінкі мне перадалі. А цяпер, калі столькі рэпетыцый яна правяла, і адабраць ад яе Пронку? Я лічу, што гэта нягодная справа. Яна, безумоўна, пакрыўдзіцца і можа зусім адысці ад драматычнага гуртка. Я не буду іграць!
— А я кажу, што іграць будзеце вы, і ўсё тут!
На другі дзень узялі мяне ў абарот усе: і ўвесь калектыў гуртка, і нашаніўцы. Рэжысёр закапрызіў і заявіў, што ён зусім адмаўляецца ставіць «Хама», калі не я буду іграць Пронку. Што рабіць? 3 цяжкай душой, адчуваючы сваю, хоць і не зламысную, віну перад Маркевічанкай і ўсім калектывам, я змушана была згадзіцца. На шчасце, Маркевічанка нават рада была пазбавіцца ад гэтай цяжкай і адказнай ролі200.
30 лістапада 1913 г. у зале «Сокал» на Віленскай вуліцы адбыўся гэты спектакль.
I вось я ў гэты вечар два разы аскандалілася.
Ужо канчаецца антракт пасля I акта, а ўсё яшчэ няма Эдзі Будзько, які пабег шукаць для мяне сялянскую вопратку. Антракт зацягваецца, публіка нервуецца, а я — больш за ўсіх. Нарэшце, засопшыся, спацелы, прымчаўся Будзька і нясе кашулю і андарак. Няма часу прымерваць. Напяліўшы доўгую
вышываную кашулю, я кладуся ў ложак, прыкрыўшыся коўдрай. Андарак палажылі каля ложка на зэдліку. Адкрываецца заслона.
— А мая ж ты залаценькая-даражэнькая! Няўжо ж ты яшчэ спіш? — будзіць мяне праз акно жабрачка Марцэлька.
Пазяхаючы і пацягваючыся, я нехаця ўстаю і пачынаю апранацца.
— Вось я і мужычка ўжо... — жалюся Марцэльцы і бяруся адзяваць андарак.
Бацюхны мае, які ж ён, падла, цяжкі! Грубы саматкан, а ззаду, мабыць, не менш ста складак. Адзін матуз тоўсты, сшыты ў некалькі столак, а другі — абарваны, заместа яго прымацаваны наспех ценкі шпагат. Аніяк, трасца іх матары, не звязваюцца тоўсты з ценкім! Я ўжо і свае словы прыдумваю, каб толькі не маўчаць, пакуль упраўлюся з праклятымі матузамі. Нарэшце неяк такі звязала. У канцы акта трэба бегаць па хаце, спяшаючыся то ломаць сала даць зводніцы Марцэльцы, то хусткі шукаючы, каб хутчэй пабегчы і пазнаёміцца з новым лёкаем, які мае такія прыгожыя вусікі. I толькі гэта я выбегла за дзверы, як тут жа за кулісамі расцягнулася плашмя на зямлі, заблытаўшыся нагамі ў сваім андараку. А тут бяжыць з залы адна з харыстак і крычыць:
— Спадніца, спадніца спаўзае з Пронкі!
Аказваецца, яшчэ на сцэне ў мітусні я не заўважыла, як рассупоніўся вузел матузоў і андарак паволі пачаў спаўзаць з мяне. He ведаю, ці то дзеля таго, каб мяне супакоіць, ці-ткі сапраўды так было, але казалі, што гэты камічны эпізод з андаракам зумысля быў уведзены, каб паказаць, наколькі Пронка не звыклася з мужыцкай вопраткай.
Але яшчэ горш выйшла ў III акце. Калі блудная жонка вярнулася да мужа і кінулася ў ногі яму, каючыся ў сваіх грахах, у зале грымнуў смех. Я струпянела са страху. Чаго яны смяюцца? У чым справа? Тут жа плакаць трэба, а не смяяцца! У такім напружаным драматычным моманце і... смех? Можа, зноў у мяне які непарадак? Але як раптоўна ўзнік, так раптоўна і сціх смех. У зале зноў напружаная цішыня. Толькі
ў часе антракту мне расказалі аб прычыне смеху. А справа была вось у чым.
У часе рэпетыцый заместа лялькі-дзіцяці я трымала на руках сваю вялікую муфту. I калі настаў момант, што я кідаюся ў ногі Паўлюку, я швырала муфту на крэслы, якія замянялі ложак у хаце, і далей рабіла тое, што належала па п’есе. Рэжысёр ні разу не зрабіў мне ўвагі. Так сталася і на спектаклі. На руках у мяне была ўжо не муфта, а вялікая лялька, завернутая ў лахмаццё. I я сваё «дзіця» так швырнула на ложак, што яно ўпала стоць галавой, перакулілася і лягло тварам уніз.
Тыж магла так забіць дзіцё! — казалі мне за кулісамі адны.