Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Вось мы арганізуем чорную армію, якая будзе змагацца з аднымі і другімі, — кажуць прышэльцы. — Першым чынам трэ палякаў выгнаць, а пасля ўжо і з тымі дагаворымся. Ну, хлопцы, хто хоча, запісвайцеся ў чорную армію!
Шмат хто з багацейшых хлопцаў запісаўся. Пачалі выпрацоўваць план змагання з палякамі.
— Бяда вось, аружжа няма, — кажуць арганізатары.
— Ёсць! — крычаць хлопцы. — Ёсць вінтоўкі, кулямёты, нават адна гармата. Там і там закопаны!
3 начы дзесьці зніклі важакі, а пад вечар другога дня жандары лавілі па спіску «чорнаармейцаў» і выкопвалі схаваную зброю. А расправа з паўстанцамі была кароткая: галоўных важакоў пасля нялюдскага катавання пад «s^d dorazny», што канчалася па большай частцы расстрэлам, шыбеніцай або катаргай на 10—20 гадоў, a то і пажыццёвай. А ў вёсцы без суда штошостага або дзясятага мужчыну расстрэльвалі, гвалцілі кабет, катавалі дзяцей і ўсю вёску пушчалі з дымам пажараў. У лепшым выпадку разбурвалі штодругую ці трэцюю хату.
Так польскія паны ратавалі сваю скуру.
У гэты час быў створаны тайны паўстанчы камітэт, які складаўся з трох асоб: Студні, Лявона і Тамаша260. Паводле выпрацаванага плана, уся праца была так заканспіравана, што правал быў бы магчымы толькі ў выніку здрады найбліжэйшых асоб, і то не было б ніякіх доказаў. Забаранялася ўсялякая перапіска, спіскі, не вялося ніякіх пісаных пратаколаў. Студня выехаў з мэтай наладзіць сувязь з Чырвонай арміяй, Лявон займаўся разведкай, Тамаш вёў арганізацыйную працу. Былі арганізаваны валасныя, павятовыя і губернскія ПК. Тамаш зносіўся толькі з пяццю таварышамі, якія часта заходзілі да яго, каб атрымаць інструкцыю ад ЦПК. Было вырашана, што ў пэўны момант, калі польскае войска пачне адыходзіць пад націскам Чырвонай арміі, галоўныя масты будуць узарваны, адначасова скрозь усюды падымаецца паўстанне, каб не выпусціць ніводнага польскага салдата, каб касцямі лягла ўся польска-панская армія261.
25 мая з’явіўся да нас нейкі ягомасць. 3 яго прыходам я інстынктыўна адчула якісь неспакой і, як заўсёды бывала ў важнейшых выпадках, села ля акна нарожнага пакоя, скуль відаць было, што творыцца на абедзвюх пярэчных вуліцах і Троіцкім пляцы. Пад той час былі ў нас Бернік і Шыла, а пазней прыйшоў Бялькевіч, які сядзеў у апошнім пакоі, не мяшаючыся ў гутарку. Здзівіла мяне, што Тамаш вельмі мала гутарыў з гэтым госцем і выйшаў да Бялькевіча, пакінуўшы незнаёмага з Бернікам і Шылам. Я не пыталася, хто гэты новы госць і чаго прыйшоў, як наогул не ўмешвалася ў партыйныя справы мужа, але зразумела, што там, у суседнім пакоі, вядуцца строга сакрэтныя гутаркі.
Седзячы ў акне, заўважыла, што некалькі паліцэйскіх з вінтоўкамі затрымліваюць каля нашага дома кожнага мужчыну і правяраюць дакументы. Гэта яшчэ горш занепакоіла мяне, і перш праз Тамаша, а пасля сама двойчы прасіла ўсіх разысціся. Бернік і Шыла, а пазней Бялькевіч як добрыя нашы знаёмыя, у якіх дакументы былі ў парадку, па адным выйшлі праз галоўныя дзверы. Новы госць не захацеў трапляць на вочы паліцыі. Я вывела яго праз кухню на двор. Там у плоце быў
падрыхтаваны лаз у суседні двор, адтуль вывела яго на другую вуліцу, параіла ісці ў старану ракі, а там праз адзін квартал можа павярнуць у горад. Заўважыла пры гэтым, што быў малады, гадоў 25-26, голены, у цёмна-бронзавым касцюме і шэрым капелюшы на галаве262.
На другі дзень пад вечар забегся, якжару ўхапіць, Лявон. Пасля яго выхаду пабачыла, што Тамаш сільна занепакоіўся263.
— Здарылася што? — пытаю.
— Нічога... Гэты вось, што ўчора быў у шэрым капелюшы... арыштаваны. Лявона папярэдзіў, каб часамі не пасылалі каго да яго на кватэру. Але гэта глупства, не трэба непакоіцца, Журавінка264.
Сонца ўжо схавалася, змрок згушчаўся. Пара рыхтаваць якуюсь вячэру. Пачала на комінку распальваць агонь. Трэскі сырыя.
— Ах, ліха, не гарыць! — сказала са злосцю.
— Што? Ліха? — азваўся Тамаш, пачуўшы гэта слова. — Дзе яно? Я яму шыю скручу! Гэй, ліха, вылазь! Дзе ты там?
— Перастань, Тум, a то як прыйдзе яно, то і не адгоніш. Памятаю нейкі фільм у кіно, і там як пакажацца ў хаце ліха ў вобразе нейкай касматай агіднай зверыны, дык хутка пасля гэтага і бяда ў доме здарыцца. Дык і ты не выклікай яго.
— Што, яно можа мяне адолець? Ну, вылазь, ліха, на змаганне са мной! Я хачу памерацца з табой сіламі. Пабачым, хто з нас дужэйшы. Ліха-а-а! — галёкаў на ўвесь дом.
Ужо цёмна было. Агеньчык на комінку слаба асвятляў кухню, у фантастычным танцы скакалі па сценах і кутках цені. Мне жудка рабілася ад гэтага бязглуздага крыку, і з расстроенымі нервамі я амаль бачыла, як з падпечка вылазіць страшнае плюгавае ліха і, вышчарыўшыся ў агідным смеху, чырвонымі вачыма глядзіць на нас і працягвае к нам свае касматыя лапы.
— Ды кінь ты дурніцца! — нервова закрычала. А ён смяяўся з мяне, з маёй забабоннасці265.
У гэтыя дні найбольшай трывогі ў Мінску мы, апрача школы і сталоўкі, нідзе не бывалі, а прыйшоўшы дахаты, замыкалі дзверы на ключ, вывесіўшы з надворнай стараны дзвярэй
запіску: «Выбачайце, нас дома няма». Вядома, калі на вуліцы ці то ў скверы, у сталоўцы ці ў тэатры, словам, усюды лазілі за намі польскія шпікі, то, пэўна ж, сочаць і за нашай кватэрай.
Ужо колькі дзён таму ўсе важнейшыя дакументы, адозвы, гектограф мы запакавалі ў кош і вынеслі на гару, над чацвёртым паверхам. Адно толькі і там баяліся пакінуць — інструкцыю тайным паўстанчым камітэтам, адзінае, што было напісана рукой Тамаша. I гэтыя266 некалькі вузкіх лісцікаў паперы заўсёды насіла пры сабе ў кішэні летняга плашча, каб пры першай небяспецы можна было ўміг знішчыць.
27 мая ў 9 гадзін вечара сядзелі мы пасля вячэры за сталом і чыталі, папіваючы гарбату. Раптам рэзкі званок. Сарваліся з месца. Хто можа быць? 3 нашых ніхто так позна не прыходзіць, дый запіска вісіць на дзвярах.
— Хто там? — падышоўшы да дзвярэй, як аўтамат, пытае Тамаш.
— Pfoszq otworyc!
Вось яно і ліха... Ляснуў два разы ключ у замку. Расчыніліся дзверы. Адзін, другі, трэці ў вайсковых мундзірах... Рэшта за дзвярыма засталася.
— Хто ёсць у вас у кватэры? — спытаў па-польску першы ў высокай рагатай шапцы паручнік Красуцкі, шэф 6-га пастарунка дэфензівы IV арміі і асабісты ад’ютант генерала Шаптыцкага.
— Я і мая жонка, — спакойна адказаў Тамаш.
— Kiamiesz, psie jeden! — зароў, як бык. — Тут ёсць сход!
Уляцелі, рассыпаліся па ўсёй кватэры, кінуліся да вакон, парасчынялі іх. Абнюхаўшы ўсе куткі, Красуцкі пачаў дапытвацца, хто ў нас бывае, у каго мы бываем, якія ў нас наогул ёсць знаёмыя ў Мінску. Звярнулі ўвагу на фотакарткі, якія былі развешаны на сцяне.
— Гляньце, пане паручніку, Троцкі! — аж закрычаў з радасцю другі афіцэр Мілош, паказваючы на адну картачку.
— Ага! Дык вы з Троцкім дружыце! — зларадна азваўся Красуцкі.
— Ды гэта ж літоўскі дзеяч, адвакат Янулайціс з жонкай, маёй падругай па гімназіі, — кажу, смеючыся. — Дрэнна ж вы
ведаеце бальшавіцкіх дзеячаў, калі кожнага мужчыну з бародкай і ў акулярах лічыце за Троцкага267.
— Яшчэ вось адзін камуніст, — знімаючы са сцяны фотакартку Змітрака Бядулі, кажа Мілош.
— А вашы карткі тут ёсць? — звяртаецца да нас Красуцкі.
— Глядзіце самі, — адказваю.
Знялі са сцяны нашы здымкі.
— Зніміце, усе гэтыя карткі я бяру з сабой, — кажа Красуцкі. — А каб цябе нежывога з вяроўкі знімалі! — шапнула ціха.
Адышоўшы ад нас, афіцэры пачалі цішком шаптацца паміж сабой, заглядалі ў свае паперы, зноў абходзілі пакой, трымаючы ў руках план нашай кватэры. Скуль яны маюць гэты план? Хто ім яго нарысаваў?
Я зусім ужо супакоілася, думаючы, што скора вынесуцца. А можа, вобыск будзе? I дых мне захаланула... Гэта ж там, у пярэдняй, паліто... паліто, а ў кішэні... Чаму ж я забылася? Чаму, як толькі званок раздаўся, я не вынула з кішэні і не знішчыла інструкцыі ТПК? Што ж цяпер рабіць? У сталовай салдат стаіць, а там, здаецца, нікога няма. Апанаваўшы сваім хваляваннем, я зусім спакойна са сталовай выйшла ў кухню, адкрыла кран водаправода, каб сільна журчэла вада, глынула разы два і, пакінуўшы адкрытым кран, ціхенька шмыгнула праз другія дзверы з кухні ў пярэднюю. Быстрым рухам інструкцыю за адну пазуху, адозвы за другую... Гатова! Аж адчыняюцца са сталовай дзверы і высоўваецца галава салдата. Я зусім спакойна капаюся ў кішэнях паліто.
— Тум, дзе папяросы? — голасна пытаю ў мужа.
— He ведаю, — адказвае ён з пакоя.
— Яны ж былі ў кішэні твайго паліто. Дзе ты іх падзеў?
— А ліха іх ведае, куды я сунуў.
Я схітрыла, але і жандар не дурны. Зараз жа падышоў да афіцэраў у кабінеце і шэптам штосьці сказаў ім. Красуцкі ўвайшоў у сталовую, агледзеў мяне з ног да галавы сваімі змяінымі вачыма і як крыкне:
— He выходзіць з гэтага пакоя!
— Ну, добра, — адказваю спакойна, — чаго ж крычаць? Я не ведала, што ў сваёй хаце не маю права хадзіць куды мне трэба.
— Сядзьце на крэсла і не варушыцеся. Вы таксама, — звяртаецца да мужа, а праз хвіліну: — Вы часова затрыманы дома, я вярнуся.
Выйшаў. Застаўся Мілош у кабінеце і жандар, які ўсеўся ля стала, абапёршыся аб вінтоўку, і не спускаў з нас вачэй.
Я занепакоілася: пазналі, гады, што я штосьці схавала.
— Што рабіць? — ціха шапчу да мужа. — Заўважылі...
— Супакойся, нічога не будзе, — так жа ціха адшапнуў.
Добра казаць «супакойся», але ж гэтыя лісткі паперы як агнём пякуць бок. Ага! Мо як удасца ў клазет выкінуць... Але ж без дазволу нельга з пакоя выйсці... Устаю і іду ў кабінет да Мілоша.
— Пане паручніку, мне прыказана не выходзіць з пакоя, дык паведамляю вам, што мушу выйсці ў клазет.
— Трудна, але я без шэфа не магу дазволіць.
— He разумею, што мае супольнага ваш шэф з... клазетам?
— А тое, што перш павінна кабета вас раздзець.
— Выбачайце, я з маленства прывыкла ў даным выпадку абыходзіцца без чужой дапамогі.
— Павінны зрабіць у вас асабістую рэвізію, разумееце? — з раздражненнем ужо кажа Мілош.
— А-а-а, так бы адразу і сказалі.
Хаця я кпіла, але сэрца пачало біць трывогу, пацямнела ўваччу268.
— Гэта вашы грошы? — пытае Мілош, разглядаючы дакументы і запіскі ў партфельчыку.
— Mae.
— Нашто ж вы іх так кідаеце? Трэба хаваць.
— Дагэтуль не было ад каго хаваць у сваёй хаце, а цяпер... Маеце рацыю, што трэ было схаваць.
Пайшла і зноў села на сваё месца. Што рабіць? Што цяпер рабіць? Праз сваю дурную галаву загублю ўсю справу. Інструкцыя тайным паўстанчым камітэтам... Ясна, як дзень, што за адно гэта да сценкі паставяць. Каб можна было як незаметна паскубаць іх там на дробныя кусочкі... Рука цягнецца да пякучага бока. Салдат брыдка ўхмыляецца.