Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Як ты думаеш, дзе мы правядзём гэта лета? Паедзем да бацькоў на вёску ці, як і мінулае лета, будзем адпачываць на турэмных нарах?
Апрача таго, такі шпацыр меў і другую прывабную старану: можна было пабачыць людзей, якія ішлі па вуліцы зусім вольна, без салдата з вінтоўкай, маглі глядзець на сонца і дыхаць, колькі самі хацелі. А здаралася і знаёмых або сваіх родных здалёк пабачыць289.
У першы дзень нашага зняволення каля паўдня нам перадалі вузялок, у якім былі гатаваныя яйкі, хлеб і місачка ячнай кашы. Хто б гэта мог прынесці?
— А ведаеш, Журавінка, хто нам прынёс перадачу? — пытае Тум, вярнуўшыся з неабходнага «шпацыру». — Антон. Стаіць старычок на другой старане вуліцы і глядзіць у дзверы нашага прыбытку290. Як пабачыў мяне, кінуўся наперад, але затрымаўся перад настаўленым штыком канвойнага і пачаў слёзы выціраць.
— Гэта ж ужо болып гадзіны, як перадачу прынеслі, і ён усё стаіць?
Хацелася і мне яго пабачыць, але толькі праз 1,5 гадзіны нас, жанчын, павялі. Антон усё стаяў, прысланіўшыся да плота насупраць дзвярэй.
— Дзякую, браток! — гукнула я. — Пацалуй ад мяне жонку і дзетак.
— Няможна, няможна гаварыць! — крыкнуў за мной салдат.
А як вярталася назад, Антон, каб бліжэй мяне пабачыць, прайшоў сяродкам вуліцы, сціраючы даланёй слёзы. На ганку я яшчэ раз азірнулася — Антон стаяў, зняўшы шапку.
Пасля ранняга «шпацыру» на другі панадворак і назад ішлі па чарзе мыцца ў гнілую каморку. Тады ўжо браліся за яду. Часамі, усунуўшы ў лапу салдату некалькі марак, прасілі яго прынесці кавы. Пазней камендант варты легалізаваў гэты звычай, не гань-
буючы такім даходам. Без яго дазволу нельга было пасылаць па каву. Ён браў грошы, пасылаў салдата па каву, але ў камеру прыносіў сам і ніколі пры гэтым не даваў рэшты грошы.
Казённае харчаванне складалася з кілаграма хлеба на траіх праз дзень і смярдзючай чорнай кавы.
Па колькі разоў у дзень, асабліва пры змене інспекцыйнага і варты рабілі «zbiork^» (пераклічку): трэ было станавіцца ў два рады, выкліканы па прозвішчы вязень адходзіў у старану. Пры гэтым заўсёды поўна было жандараў, шпікаў і скаўтаў на ганаровай службе «dla ojczyzny». Яны пільна ўглядаліся ў кожнага вязня і часам запісвалі іх прозвішчы ў блакноцік.
Ад 1-й да 3-й гадзіны падаюць перадачы. Усё, ведама, падлубана, парэзана... А калі ў гэты час дзяжурыць камендант Акушка, дык толькі частка перадачы трапляе да нас — усё лепшае і смачнейшае Акушка пакідае сабе. Аднаго дня мне перадалі коржыкі, выпечаныя з чорнага хлеба. Я пачаставала імі жанчын, якія не атрымлівалі перадач. Адна з іх, грызучы коржык, раптам папярхнулася і, хуценька сцяўшы зубы і вытарашчыўшы са страху вочы, якісь час сядзела, а пасля ткнулася ў падушку і неўзаметку выплюнула ў кулак. Праз якісь час у часе «шпацыру» сунула мне ў руку камочак вільготнай паперкі. Аказалася, у коржыку была запечана запісачка: «Чакаем хуткага вашага вызвалення. Вашы вучаніцы». He трэба хіба казаць аб тым, як моцна мяне ўзрушыла гэта. A то раз было: падае мне салдат перадачу і букецік чырвоных руж.
— Хто прынёс? — пытаю.
— Якаясь паненка.
— Занясіце ёй, калі ласка, гэту пасудзіну і папрасіце, каб яна пачакала на вуліцы.
Маладзец, салдацік! Вярнуўся, сказаў, што чакае, а пасля ўзяў карабін і галёкнуў:
— Кабеты, хто хоча «do ust^pu»?
Выходжу і пільна шукаю вачыма сярод публікі на другой старане вуліцы. Пэля! Мілая родная Пэлечка! Пасылаю рукой пацалунак. Задрыжэла сэрца. Боль у душы і радасць адначасна... Працягваю к ёй рукі, і слёзы пакаціліся з маіх вачэй. А яна
стаіць пахмурная, такая суровая... А як вярталіся назад, яна ішла насупраць нас па нашай старане. Я не магла стрымацца і задрыжэла ўсім целам ад плачу. Пэля яшчэ суравейшай стала і, зірнуўшы з-пад сцягнутых броваў сільным поглядам, з моцай шапнула:
— Трымайся! Будзь сільнай!
Падбег салдат і з грубай лаянкай адпіхнуў яе прыкладам на сярэдзіну вуліцы.
А вось як мне Пэля пазней апавядала на бачанні ў турме аб гэтых нашых спатканнях на вуліцы:
— Дзіўнае ўражанне ты робіш сваім выглядам. Так рэзка выдзяляешся спаміж усіх арыштаваных жанчын: стрыжаная, буйная чупрына ў завітках, чырвоная сукенка з накінутай паверх народнай шэрай світкай... За плячыма салдат з вінтоўкай... Першы раз я была страшэнна злая на цябе: ты заплакала. Я цябе разумею, але гэтыя каты не павінны бачыць нашых слёз! Мы павінны быць сільнымі, а для іх мець усмешку пагарды. I мне балела тое, што твае слёзы бачыць гэта подлае звяр’ё. Але як другі раз мы спаткаліся і ты крыкнула: «За волю не страшна цярпець! Хай жыве змаганне!» — тады і я заплакала.
Найбліжэйшым да нашай камеры і да нас быў адзін з садыстаў меншай маркі камендант варты Акушка, страшэнна дурны, хам і подленькая скаціна. Найбольш ад яго цярпелі адзінокія жанчыны і старыкі. Ці то маладая жанчына, ці сталая, калі не мела ў якасці апекуна мужа ці брата, кожнай не даваў праходу, зачапляў, прыставаў са сваімі бруднымі заляцанкамі, даваў поўную волю сваім рукам. За яго прыкладам ішла ўся яго каманда. Ці раз бывала, што дзяўчына ці то жанчына, стомленая ўсім перажытым, моцна засне, раптам будзіцца з крыкам жаху ў абдымках салдата. А хай паспрабуе бараніцца, як Брадоўская, то здзекам і канца не будзе. I няшчасных жанчын бралі пад сваю апеку больш сільнейшыя характарам мужчыны, таварышы па няшчасці. Над старыкамі Акушка любіў паказаць сваю ўладу. Ен загадваў ім падмятаць камеру і вартоўню, збіраць і выносіць смецце голымі рукамі, калі можна было гэта зрабіць лапатай або дошачкай, і не дазваляў маладым выручаць
старыкоў. Забараняў старым сядзець або ляжаць на нарах, па некалькі разоў станавіў іх каля сценкі на 2—3 гадзіны. Кожную ноч пад раніцу прыходзіў Акушка лічыць арыштаваных і пад лік «адзін, два, тры...» кожнага пералічваў з усяго размаху сваім стэкам, з якім ніколі не расставаўся.
Другім катам, які меў большую вагу, як Акушка, быў жандар «плютоновы»291. Яшчэ зусім малады хлапец, маленькага росту, быў бы нават даволі прыгожым з твару, каб не лютая зверскасць, якая выглядала з яго вачэй. Гэта быўшы польскі скаўт, які ахоўнікам пайшоў на вайсковую службу ў жандармерыю.
Сярод ночы чую якісь енк у вартоўні. Праз хвіліну адчыняюцца дзверы, упіхаюць якогась маладога, франтавата апранутага хлапца, за ім убягае плютоновы — «карэнтыш», як яго празвалі за яго маленькі рост, і, б’ючы хлапца рэвальверам і дзёўбаючы нагамі, крычыць:
— Rece do gory! R^ce do g6ry i kr^csi^! Рукі ўверх! Рукі ўверх і круціся!
Той падняў абедзве рукі ўверх і пачаў ваўчком круціцца.
— Паўгадзіны так круціся!
Ужо выйшаў жандар і дзверы на ключ зачыніў, а Цытрыноўскі — так звалі новапрыбылага — усё круціўся з паднятымі рукамі.
— Дурак! — пачуўся голас з нар. — Апусці рукі ды садзіся.
На хвіліну спыніўся на гэты голас, але яшчэ вышэй падняў абамлеўшыя рукі і зноў закруціўся.
— Ну і дурань жа! — не стрымалася ад смеху некалькі чалавек292.
Цытрыноўскі зноў спыніўся, азірнуўся кругом і, зразумеўшы, відаць, што знаходзіцца сярод арыштаваных, апусціў рукі і цяжка ўздыхнуў.
Аднаго дня арыштавалі ўсю сям’ю Богіных: трое хлапцоў і чацвёра дзяўчат. Яны трое сутак прастаялі ў канцылярыі навыцяжку, забаранялі ім павярнуцца або адазвацца адзін да другога. Толькі падчас яды дазвалялі пасядзець на зямлі. Няхама Богіна, хворая на туберкулёз тазабедраных касцей, таксама мусіла стаяць, аж пакуль не самлела.
Гэта першыя здзекі, якія ўжываюцца да новапрыбылых, часта зусім апалітычных, бязвінных у адносінах да белапалякаў. Прытым ніякіх допытаў, нічога! Ось, стаі тварам да сценкі, пакуль не самлееш, глядзі ў адзін пункт і не зварухніся, а не — дык пачнуць пярыць жалезнымі ланцугамі293.
Чым горшыя для палякаў справы былі на фронце, чым бліжэй пасоўвалася Чырвоная армія, тым больш лютавалі панскія служкі.
Ужо два дні ў вартоўні знаходзіцца маладая прыгожая дзяўчына. Яна то стаіць тварам да сценкі, то ляжыць на зямлі на самым праходзе. Яна мне нагадвала Маргарыту з апошняга акта оперы «Фаўст»294. Паверх чорнай сацінавай спаднічкі блакітная кофтачка, светлыя пушыстыя валасы рассыпаюцца ў бязладзе, поўныя, сінія, як майскае неба, вочы абрамлены цёмнымі вейкамі і густымі цёмнымі брывамі. 3 яе твару і вачэй выглядала энергія і вялікая сіла волі295. Днём не так мучылі яе, дазвалялі паляжаць на падасланай нажутцы, але праз усю ноч чутны былі кароткія выкрыкі «карэнтыша» і яе барматанне, a то і вясёлы іранічны тон. «Карэнтыш» загадваў ёй стаяць, не варушыцца і маўчаць, а яна нічога сабе з гэтага не рабіла.
Я не магу стаяць, — чуўся яе голас,— мне ногі баляць... I як вам не сорам? Такі малады, а ўжо столькі ў вас жорсткасці... А вы самі пакажыце, як мне стаяць, ды паспрабуйце хоць з гадзіну так пастаяць, — гаворыць, ходзячы па вартоўні, a то і прысядзе296. Тады ён зрываўся са свайго месца і біў яе скураным бізуном ці жалезнымі кайданамі. Але ніводнага крыку з яе вуснаў, ніводнай слязінкі з вачэй. I гэтыя здзекі ўжо трое сутак працягваюцца. Мы ўсе дзівіліся з яе жалезных нерваў, з яе вытрываласці і з самаахвотнай фатыгі маладога жандара. Гаварыць ёй з намі было забаронена, і я ніяк не магла даведацца, хто яна такая. На маё пытанне камендант варты адказаў:
— Яе расстраляюць.
Улучыўшы мінутку, калі ёй дазволілі пайсці памыцца, я пайшла туды, каб набраць вады для піцця. Спаткаліся з ёй у дзвярах каморкі. Салдата паблізу не было.
— Хто вы такая? — пытаю. — Як завецеся?
— А вам нашто гэта ведаць?
— А дзеля таго, што гісторыя павінна знаць імёны мучанікаў за волю... Мо хто з нас і выйдзе калі-небудзь жывы з іх рук.
— Соня Пікус, — ціха адказала, і буйныя слёзы пакаціліся з яе вачэй, першыя слёзы за доўгія дні і ночы мукі.
Пазней прывялі яе да нас у камеру. Яна кінулася на першыя, якія на вочы трапіліся, няроўныя дошкі і доўга ляжала, закрыўшы галаву. Я пачала клапаціцца аб выгаднейшым месцы для яе, хацела пакарміць.
— Радзі Бога, не чапайце мяне, пакіньце, — прастагнала і са злосцю дабавіла: — Гэта вы вінаваты, што я... раскісла.
Цэлы дзень старалася яна як найдалей быць ад мяне і хмурыла бровы, калі заўважала, што я прыглядалася да яе. Усё хадзіла ўзад і ўперад па камеры і напявала, але адчувалася, што гэты напеў быў штучны.