Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Лепш бы вы цешыліся, каб мяне на волю выпусцілі, a то рады, што зноў сюды вярнулася.
— Вы не крыўдуйце, — наперабой загаманілі, — але каб вы ведалі, што тварылася з Лёдзяй усе гэтыя дні!
— А што такое з ёй?
— Бушавала, шалела як ніколі! Зноў з Манькай разам і брыдкасловілі, і свае блатныя песні пелі, і такі тэрор на ўсіх навяла, што мы, як мышы, баяліся голасна адазвацца адна да аднэй.
— Што ж гэта з ёй сталася? Чаму зноў такая перамена?
— I мы дзівіліся, — кажа Марта Кроль. — Я ўлучыла хвіліну, калі яна была больш-менш спакойная, і па старой знаёмасці спытала яе аб гэтым. I ведаеце, што яна адказала? «Я аднаго Мухаморчыка паважаю, а на ўсіх вас мне...»
(Яна празвала мяне «мухаморчыкам» дзеля чырвонай сукенкі, у якой я была319.)
— Ну, гэта для мяне не вельмі прыемна. Я з ёй пагавару.
— Ой, калі ласка, нічога ёй не гаварыце, бо яна адпомсціць нам, што мы вам наскардзіліся.
— He бойцеся, гэтага не будзе.
...Яшчэ ў дэфензіве ў першыя дні арышту я чула, што ў жаночай турме знаходзіцца дачка аднэй з найбагацейшай у Мінску сям’і Гецавых, вельмі прыгожая дзяўчына, з маленства выхаваная ў Парыжы, Дора Гецава. Яна толькі некалькі месяцаў таму прыехала з Францыі і служыла перакладчыцай у французскай вайсковай місіі. Ніхто дакладна не ведаў, за што яе арыштавалі.
У першы дзень, калі ўсіх нас перавялі ў турму, ахалануўшы крыху пасля «канцэрта» з такім неспадзяваным па сваім кантрасце рэпертуарам, мы пасілкаваліся турэмным абедам і сваімі
запасамі і прыляглі на нарах адпачыць. Ап’янелая свежым паветрам падчас вандроўкі з аднае турмы ў другую, я так моцна заснула, што і не чула, як усе выйшлі на прадвячорную прагулку. Раптам чую, што хтосьці далікатна гладзіць рукой па галаве, плячах і прыемным, пяшчотным голасам прыгаворвае:
— Міленькая, прачніцеся, уставайце... Трэба карыстацца кожнай хвілінай, каб пабыць на свежым паветры. Уставайце, пойдзем на прагулку.
Я ўзнялася з падушкі, але не магла яшчэ з глыбокага сну прыйсці да прытомнасці, не магла ўцяміць, дзе я знаходжуся. Перада мной стаяла элегантна апранутая, вельмі прыгожая маладая асоба і злёгку цягнула мяне за руку, заклікаючы ісці за ёй. Праз хвіліну-другую, апрытомнеўшы крыху, я здагадалася, што гэта Дора Гецава. Яна таксама чула аба мне ад раней за нас пераведзеных з дэфензівы жанчын, бачыла, як нас увялі праз турэмныя вароты, і цяпер, не ўгледзеўшы мяне разам з усімі на прагулцы, пайшла ў нашу камеру будзіць мяне.
3 гэтага дня мы заўсёды з нецярплівасцю чакалі прагулкі, каб хутчэй падбегчы адна да аднэй і не расставацца праз усю гадзіну прагулкі. I тады, і цяпер, калі праз 38 год пішу гэтыя радкі, мне трудна зразумець, што нас вабіла, што цягнула адна да другой. Гэта ж паміж намі такая розніца і ў паходжанні, і ў выхаванні, і ў поглядах, і ва ўсім жыцці! «Две разные дорогн скрестнлнсь, переплелнсь на некоторое время, н на этнх дорогах так столкнулнсь две разные натуры, что осколкн глубоко впнлнсь в душн обенх й осталнсь там навсегда», — так мне пісала праз два гады пасля першага спаткання.
Праз дзень-два яна запрапанавала мне папрасіць старшага назірацеля перавесці мяне ў 2-ю камеру. Там знаходзіліся толькі адны палітычныя, замест нар там былі ложкі і стол пасярэдзіне, чаго ў 9-й камеры не было. Праўда, не толькі на ложках спалі па дзве, але і на стале, і пад сталом, але там усе дбалі аб чыстаце і гігіене: кожны вечар Лёдзя з кухні прыносіла два вядры гарачай вады, і, завесіўшы посцілкамі куток з цэбрам, усе па чарзе мыліся з галавы да ног. Кампаньёнку яе па супольным ложку на днях забралі кудысь, і Дора пакуль што адна спіць на ложку,
але не сягоння-заўтра прывядуць новую, і немаведама, з кім ёй прыйдзецца дзяліць сваю пасцель.
Што і казаць, для мяне спакусліва была гэтая прапанова, і з Дорай хацелася досыта нагаварыцца, і надаела кожную раніцу абіраць з сябе чужыя вошы (асабліва маёй бруднай суседкі Веры), і памыцца ў нас было трудна. Аднак дзеля асабістай выгады я не магла пакінуць сябровак, з якімі два тыдні праседзела ў дэфензіве і з якімі сюды нас перавялі, і я адмовілася. Тады Дора, не паведаміўшы мне загадзя, сама звярнулася да «старшанькага» (так мы называлі пажылога ўжо старшага назірацеля) з гэтай просьбай. Праз два тыдні пасля вячэрняй паверкі «старшанькі» грамавым голасам выклікае маё прозвішча і Стэфы Кот, загадвае сабраць свае рэчы і ісці за ім. «Куды?» — «У 2-ю камеру». Я запратэставала, а Стэфа з радасцю пачала збіраць свае клункі. Пратэст мой не памог: «старшанькі» сам схапіў маю падушку, коўдру і швырнуў іх за дзверы на рукі назірацелькі. Mae сяброўкі ў трывозе кінуліся да мяне:
— Што ж з намі будзе? Лёдзя зноў ашалее, і жыцця нам ад яе не будзе.
— Я пайду на кухню і з ёй пагавару.
— Панна Лёдзя, — звярнулася я да яе на кухні, — мяне пераводзяць у 2-ю камеру. Mae таварышкі па няшчасці баяцца, што без мяне ім будзе вельмі цяжка, што вы зноў... — замялася я, шукаючы слоў, каб далікатна ёй выказаць сваю просьбу. Але яна зразумела мяне.
— Ладна, ладна, — прабурчэла, не ўзнімаючы вачэй. — Скажыце ім, што ніхто іх чапаць не будзе. Усё будзе так, як пры вас.
— Дзякую, панна Лёдзя. А вы мяне не забывайце, наведвайце мяне, паталкуем, як і раней.
— Ладна. Ідзіце туды, там лепш будзе вам.
3 якой жа прыемнасцю я ў гэты ж вечар без чаргі памылася ў «лазні» і сунулася ў чыстую пасцель! Праз усе дні, якія мы былі разам з Дорай, да самай раніцы мы шапталіся. Усе спяць, ніхто нам не перашкаджае, не слухае нас. Мы сядзім у начных кашулях і спяшаемся адна аднэй расказаць сваё жыццё, забываемся аб тым, дзе мы знаходзімся.
— Глядзі, Дора, — паказваю ёй на падлозе водбліск месяца, які заглянуў праз шырокае акно: на светлым жоўтым чатырохкутніку выразна вызначаюцца цені кратаў на акне. Гэта нам напамінае, дзе мы знаходзімся. Уздыхнём, бліжэй прытулімся адна да аднэй і зноў я слухаю аповесць зусім незнаёмага, чужога для мяне жыцця.
I з твару, і па характары, і з манеры трымацца і густоўна апранацца Дора была тыповай францужанкай. I не дзіва: з малку дзён яна выхоўвалася ў Парыжы, знаходзілася ў асяроддзі французскай буржуазіі, раз’язджала з бацькамі або з замужняй сястрой па ўсіх сталіцах і курортах Еўропы. Але ў апошнія гады пахіснуўся іх дабрабыт: матка, азартная карцёжніца, праматала амаль увесь капітал на картах і на рулетцы ў Монтэ-Карла, і Дора з бацькамі змушана была вярнуцца ў Мінск, які ўжо і родным горадам не лічыла. Хутка пасля яе прыезду французы, якія ведалі яе па балах у Парыжы, запрапанавалі ёй пасаду перакладчыцы ў сваёй вайсковай місіі. На бяду, пакахаў яе адзін французскі афіцэр старыннага арыстакратычнага роду і намерваўся з ёй ажаніцца. Аднак яго бацькі-арыстакраты не маглі дазволіць, каб іх сын, родны дзядзька якога быў вядомым кардыналам Ватыкана, увёў у іх сям’ю іудзейку, і прыгразілі яму адрачыся ад яго і пазбавіць яго спадчыны. «Я сам ад вас усіх і ад вашай спадчыны адракуся, а з ёй ажанюся», — адказаў непакорны сын. Іншай рады не было для бацькоў, як звярнуцца да польскай улады з просьбай разлучыць іх якім бы то ні было чынам. Тады яе абвінавацілі ў нядобрасумленным перакладзе на карысць бальшавікоў і арыштавалі.
Кожны дзень яе жаніх прысылаў ёй букеты кветак і багатыя перадачы. Мы бачылі яго, калі ён прыйшоў у турму да Доры. He ўдалося нам яго разгледзець, бо ён стаяў на каленях перад ёй і, прытуліўшыся тварам да яе рук, наўзрыд плакаў, і па яе твары, падобным да мадонны, сплывалі на яго галаву буйныя слёзы. Гэта карціна, вартая пэндзля мастака, усіх нас узрушыла да глыбіні. На гэтым спатканні ён паведаміў Доры, што яго пераводзяць у Францыю, і ён прыйшоў развітацца з ёй.
Кожны дзень Дора давала мне ўрокі французскай мовы. Аднак мала я магла скарыстаць з іх: праз два тыдні яе выклікалі ў дэфензіву. Пад вечар гэтага ж дня яна прыйшла па свае рэчы, аднак за вароты турмы яе ўжо не пусцілі. Яна перадала праз вартаўніка вялікую і смачную перадачу для ўсёй камеры і разам з гарачым прывітаннем прасіла перадаць мне, што гэтай жа ноччу яе вывозяць з Мінска, а куды — яна не ведала.
Праз два гады я даведалася, што яна ў Львове, і ў лісце сваім паведаміла мне, што тры месяцы таму выйшла замуж за другога, а аб сваім французе нічога не ведае320.
Цэлымі днямі, асабліва сярод цішы начной, даносіўся да нас працяглы енк з адзіночнай камеры. Лёдзя паведаміла, што там сядзіць здзіцянелая ўжо ад старасці якаясь генеральша. Яна падбірала на вуліцы розныя паперкі, лічачы іх за важныя дакументы, і старанна захоўвала іх у сябе. Назбірала яна рознага смецця цэлых чатыры вялікія скрыні. Хтосьці западозрыў, што яна хавае бальшавіцкія лістоўкі, і данёс аб гэтым у дэфензіву. Яе арыштавалі, забралі ўсе скрыні з «дакументамі», і пакуль разбяруць іх, старуха сядзіць тут. Яна не прывыкла сама сябе даглядаць, не ўмее нават сама прычасацца, і цяпер яе жыўцом заядаюць вошы. Яна да крыві параздзірала сабе ўсё цела, вошы капошайца ў струпах, паўпіваліся ў бровы, у вейкі і куткі вачэй. Калі яе выпушчаюць у прыбіральню, дык за ёй следам ідзе Лёдзя з мокрай сціркай на швабры і следам замятае вошы, якія гарохам сыплюцца з яе, а прыбіральня пасля яе ўся засыпана жывымі зернямі.
Даведаўшыся аб гэтым, мы запатрабавалі доктара да яе, патрабавалі, каб яе забралі ў шпіталь і ачысцілі. Турэмнае начальства не спяшалася задаволіць нашы дамаганні. Тады мы аб’явілі забастоўку і перасталі выходзіць на прагулку. Пастараліся пры гэтым не без тайнай дапамогі назірацелькі перадаць на волю аб гэтым. Там узнялі шум і патрабавалі сеймавую камісію абследаваць турмы. Перад паяўленнем у нас камісіі генеральшу забралі ў шпіталь. Але за кару нам скарацілі прагулкі да 0,5 гадзіны адзін раз на дзень і выпушчалі кожную камеру паасобку.
Дабіліся тады ж, каб нас вадзілі ў лазню. Лазня была ў цэнтральнай турме, і мы з прыемнасцю крочылі пад канвоем па галоўнай вуліцы Мінска, прыглядаючыся да людзей і шукаючы за кратамі цэнтральнай турмы сваіх. Мне давялося-ткі ўбачыць Тамаша і іншых сяброў па дэфензіве. Яны прыліплі да крат і прыветна махалі нам рукамі і хустачкамі. На турэмным дзядзінцы Лёдзя паказала мне свайго Яначку. Яшчэ зусім малады хлопец з кудравай светлай шапкай валасоў і прыемнай усмешкай на твары паволі нёс з кухні нейкую ражку. На руках і нагах звякалі ланцугі.