• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

    Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 612с.
    Мінск 2018
    123.36 МБ
    Сярод зняволеных жанчын у «Сербіі» былі камуністкі-студэнткі і работніцы, былі і зусім апалітычныя, выпадковыя людзі, хаця гэтых апошніх значна менш было, чымся ў Мінску. Праўду сказаць, сумаваць не даводзілася ў гэтым асяроддзі:
    цікавыя людзі, цікавыя гутаркі, рэвалюцыйныя, народныя і сатырычныя песні, a то пад песню абэрка ці беларускай «Бульбы» пускаліся і ў скокі. Рэй у спевах вяла заўсёды Грасэрова. Яна і навучыла нас некаторых песень, як вось гэтая:
    Wi?zienie, wi?zienie, CoZ to za palace, Ze si? w tobie mieszczu, Ze si? w tobie mieszesze Najlepsi junacy. Najlepsi junacy, Najdzielniejsze ruchy, Morowe chtopacy, Morowe chlopacy Siarczyste dziewuchy342.
    Пасля гэтай песні раздавалася вясёлая, гарэзлівая:
    A muzyezka cirli-cirli, Padarewski rznie!
    A pry muzyczce Polska buwi si?...
    У адзін з чарговых дзён перадач Стэфанія Сэмпаловска прынесла на гэты раз не агульную перадачу для ўсёй камеры, а кожную з нас надзяліла не толькі прадуктамі і папяросамі для тых, хто курыць, але і бялізнай, верхняй вопраткай, калі хто меў у гэтым патрэбу. Яна дачулася, што нас будуць вывозіць з Варшавы, а куды — не ведама.
    Праз пару дзён пасля гэтага нам загадалі сабраць свае рэчы і пачалі выводзіць на турэмны двор. Пакуль мы там выстрайваліся, чакаючы іншых, ва ўсіх вокнах, якія выходзілі на гэты двор, з-за кратаў павысоўваліся галовы зняволеных, якія прашчаліся з намі.
    «Паўстань, пракляццем катаваны», — зацягнуў чыйсь зычны голас, і сотні галасоў падхапілі гэты баявы камуністычны гімн. Спявалі мы ўнізе, спявалі ва ўсіх вокнах, ва ўсіх камерах хто на польскай мове, мінчане — на рускай, я — на беларускай, грымела ўся «Сербія». А калі мы скончылі, пачулі магутныя мужскія галасы з суседняга «Павіяка»:
    Boj to b^szie ostatni, Krwawy stoczy si^ boj...343.
    I мы зноў злілі свае галасы з мужчынскімі. Як ні топалі каля нас, як ні крычалі міліцыянты і турэмшчыкі, патрабуючы спыніць спеў, але ніхто іх не слухаў. Сцены абедзвюх велізарных камяніц «Сербіі» і «Павіяка» дрыжэлі ад магутных гукаў «Інтэрнацыянала». Канчалі апошнюю страфу і зноў пачыналі з першай. Здавалася, усё паветра, уся Варшава напоўнілася гэтай песняй. Вочы гарэлі агнём, сэрца ірваліся з грудзей.
    Расчыніліся вароты, і нас павялі на вакзал. На вуліцы небяспечна было спяваць: варшавякі яшчэ не дараслі да таго, каб нас падтрымаць або абараніць ад фанатыкаў, а «власть нмушне» рады былі б скарыстаць заварушку, каб пазбавіцца ад нас. Аднак доўга яшчэ да нас даляталі гукі «Інтэрнацыянала», якім нас праводзілі таварышы, што асталіся за кратамі.
    Размясцілі нас у двух вагонах і павезлі на захад. У Познані нашы вагоны прастаялі 6 гадзін. Там мы даведаліся, што ў другіх двух вагонах везлі вязняў-мужчын. Праз акно бачылі, як два таварышы пад канвоем міліцыі праносілі на насілках хворага Фелікса Кона. Грасэрова называла яшчэ некалькі прозвішчаў польскіх камуністаў, якіх заўважыла ў тых двух вагонах, але наладзіць з імі сувязь ніяк не ўдавалася: вагоны былі пад замком, і толькі пад сільным канвоем нас па некалькі чалавек праводзілі паўз вагоны ў прывакзальную прыбіральню. Як толькі выйшла з вагона першая група, заўважылі на віядуку, які ўзвышаўся непадалёк ад нашых вагонаў, вялікі натоўп.
    — Патшце, патшце, большевічэ провадзон!344 — крыкнуў адтуль мужчынскі голас. I зараз жа пачуліся адтуль крыкі, лаянка і пагрозы па нашым адрасе. А калі вярталіся ў вагон, на нас пасыпаліся зверху камяні. Дзве з нас атрымалі даволі сільныя ўдары. Праз якуюсь гадзіну пасля гэтага натоўп прарваўся на перон. Амаль усе канвойныя, пакінуўшы каля кожнага вагона па два вартавыя, пайшлі ў горад. Азвярэлае хуліганнё кінулася да вагонаў. У нашым вагоне выламалі дзверы, уварваліся ў вагон і пачалі біць першых з краю жанчын. Раздаліся трывожныя свісткі вартавых. На наша шчасце, нашы канвойныя, ма-
    быць, недалёка адлучыліся, бо хутка на свісткі набеглі, адагналі ад вагонаў хуліганаў, ачысцілі ад іх перон і пачалі зганяць з віядука. Пасля гэтага ўсе чатыры вагоны былі акружаны густой сцяной паліцыі345.
    Пад вечар нашы вагоны прычапілі да другога саставу і павезлі. Куды? Ніхто нам не адказваў. На раніцу высадзілі нас на невялічкай станцыі Вронкі і павялі па нешырокай алеі, высаджанай рабінамі. Налева віднеліся мураваныя адна-і двухпавярховыя будынкі са стрэхамі ў нямецкім стылі і касцёлы; проста перад намі высіліся велізарныя чатырохпавярховыя чырвоныя карпусы з закратаванымі вокнамі, абнесеныя высокай мураванай сцяной. Абапал дарогі рассцілаліся зялёныя лугі, пакрытыя шаўкавістай атавай. Ранішняе сонца бурштынавым святлом аблівала ўсю ваколіцу. Чырвонымі слязінкамі зіхацелі на сонцы гронкі рабін на дрэвах.
    — Алея крывавых слёз, — панурым голасам хтосьці з нас назваў гэты шлях да турэмных будынкаў. Ніхто на гэта не азваўся. Толькі дзе-нідзе пачуўся стрыманы ўздых. Ішлі паволі, моўчкі. У кожнага ў думках паўставала пытанне: «Што нас чакае? На як доўга пахаваюць нас у гэтых страшных мурах?».
    Раскрылася перад намі цяжкая каваная брама. Шустрая пажылая жанчына з вялікай звязкай доўгіх ключоў пабегла перад намі і адкрыла высокія скрыпучыя дзверы ў корпусе направа. Гэта ўжо чацвёртая турма, у якую мне даводзіцца ўвайсці, але такой, як гэтая, яшчэ не бачыла.
    Вялізны гмах усярэдзіне пусты. Уздоўж сцен у 4 рады праходзяць адна над аднэй галерэі, на якія з абодвух канцоў вядуць вузкія чыгунныя лесвіцы. У сценах на гэтых галерэях на невялікай адлегласці адна ад другой чорныя дзверы камер з ваўчком пасярэдзіне, прыкрытым падвешаным кружочкам.
    Стомленыя дарогай, прыгнечаныя выпадкамі ў Познані і відам мураванай магілы для жывых людзей, мы расселіся на сваіх клунках на халодных кафляных плітках падлогі. Больш гадзіны мы так сядзелі, зрэдку ціхенька перашэптваючыся паміж сабой, бо калі хто галасней азваўся, дык пужаліся свайго голасу, які гулкім рэхам раздаваўся ў пустым на погляд будынку. Куды
    дзелася наша бадзёрасць? Дзе вясёлыя жарты, песні? Нават заўсёды шумная, вясёлая Грасэрова моўчкі сядзіць, схаваўшы ў далоні твар.
    Нарэшце лязгнуў замок, заскрыпелі ўваходныя дзверы, і ўвайшлі дзве жанчыны: адна — ключніца, якая нас сюды прывяла, другая — высокая брунетка сярэдніх гадоў у доўгай чорнай сукенцы з высокім каўняром. Акінула нас халоднымі вачыма і з каменным выразам твару спынілася, склаўшы накрыж рукі на жываце.
    — Встаць! — гаркнула з усёй моцы ключніца.
    — Таць, таць, таць! — азвалася рэха.
    Збуджаныя ад дрымоты, спалоханыя раптоўным крыкам, узмоцненым удзясяцера каменнай пусткай, некалькі чалавек сарвалася на ногі са сваіх месц.
    — Сядзець на месцы! — сільным голасам загадала Грасэрова. Тыя, хто ўскочыў, зноў паспешна шлёпнуліся на свае вузлы.
    — Встаць на бачносць! Пшеложона перад вамі! — зноў зараўла ключніца.
    — Hi з месца! Сядзець! — паўтарыла загад Грасэрова.
    Азвярэлая ключніца кінулася да бліжэйшых жанчын і цяжкай звязкай ключоў пачала біць іх па плячах, галаве. Вось цяпер і Грасэрова, і ўсе мы паўскаквалі.
    — He смець нас біць! — падскочыла да ключніцы Грасэрова. Вочы яе палалі такім гневам, у яе голасе і ўсёй постаці было столькі сілы, велічы, абражанай чалавечай годнасці, што ключніца, як дзікі звер перад сваім пагромцай, шчэрачы зубы, адступіла. Пачаўся такі грозны пратэст, што, відаць, нязвыклая да такога адпору ключніца, спужаўшыся, схавалася за спінай сваёй начальніцы. Нахмураная начальніца загадала развесці нас у камеры. Забіралі нас па аднэй. Мы патрабавалі памясціць нас у агульных камерах, але такіх тут не было: ва ўсім корпусе былі толькі адзіночкі. Скончылася наша калектыўнае жыццё! Змушаюць нас марнець і сохнуць душой у адзіноце.
    Мая камера памерам 6x3 маіх крокаў знаходзілася на 4-м паверсе. Насупраць дзвярэй на такой вышыні, што і рукой не дастаць, — акно, на 4/5 зашклёнае тоўстым рубчатым шклом,
    праз якое і хмурынкі на небе не ўбачыш, і толькі верхняя частка, якая адкрывалася для праветрывання камеры пры дапамозе падвешанай палкі, зашклёная звычайным празрыстым шклом. Направа ад дзвярэй на сцяне падвешана шафка з 4 аддзеламі, у якіх хаваліся хлеб, міска з лыжкай, шчотка для адзежы і абутку, гуталін, наждачны парашок і друкаваная брашурка, у якой пералічваўся ўвесь інвентар камеры, рэжым дня і інструкцыя, як павінен весці сябе «кватарант». Далей невялічкі столік і табурэтка. Налева, у кутку, — белая паліваная параша пад стульчаком, умывальная міска, памыйнае вядро, гліняны жбанок з драўлянай накрыўкай, шчотка і суконка для замятання і націрання асфальтавай падлогі, вешалка, а за ўсім гэтым даволі шырокі спружынны матрац, які паднімаўся і прымацоўваўся да сцяны.
    У 6 гадзін раніцы пад’ём. Паўгадзіны даецца на ўмыванне і прыборку камеры. Падлога павінна быць падмецена і да бляску нацёрта суконкай. Адчыняюцца дзверы камеры. У першы дзень назірацельніца паказвае, з якога боку ад дзвярэй трэба ў калідор выставіць парашу і памыйнае вядро, на якім палажыць шуфлік са смеццем абавязкова ручкай у правы бок; з другой стараны дзвярэй — жбан для вады, пакрышка яго пры сцяне таксама ў раз назаўсёды азначанай старане. Пры гэтым папярэджваюць: калі памыліліся ў парадку размяшчэння пасуды ці, барані божа, ручку шуфліка павернеш не ў той бок, што трэба, дык на першы раз — вымова, на другі раз — забіраюць ад цябе гэту рэч на тыдзень, на трэці раз — зусім адбіраюць. Ужо асуджаныя да зняволення дзве прыбіральшчыцы бегмабегма, не спыняючыся ні на адзін момант, падхватваюць пасуду, выносяць і зараз жа прыносяць чыстымі і ставяць на тым жа месцы, бягуць да другой камеры, зноў падхватваюць. I так кругом па ўсёй галерэі бегаюць, не спыняючыся. Пасля гэтага забіраеш сваю пасуду, і дзверы камеры зачыняюцца. Што і казаць, рацыяналізацыя пастаўлена на вышыню!
    Пры ўваходзе ў камеру начальства трэба, паводле інструкцыі, стаць на два крокі ад акна тварам да дзвярэй, залажыўшы рукі за спіну.
    Увайшоўшы першы раз у сваю камеру, я разгледзелася, прачытала інструкцыю і пачала раскладваць свае рэчы. У перадачы, якой нас надзяліла ў Варшаве Сэмпаловска, была сотня цыгарэт у дзесяці пачках. 8 пачак я пакінула ў кішэнях сваёй світкі, a 2 пачкі чамусьці схавала пад місачку на шафцы. На другі дзень у камеры зрабілі вобыск і забралі з кішэняў усе цыгарэты: жанчынам не дазваляецца курыць. Як я ні пратэставала, нічога не памагло. Засталіся незаўважанымі толькі 2 пачкі пад міскай. Справа дрэнь! Цяжка будзе без курыва ў адзіноце... Трэба эканоміць. I, разрываючы кожную цыгарэтку на тры часткі, старалася радзей курыць. Але калі незнарок увойдзе ў камеру гэта ведзьма і знюхае запах папяроснага дыму, можа адабраць і гэтыя апошнія. Што тут рабіць? Ці нельга як узглабацца да акна, там курыць і праз верхнюю частку акна выпускаць дым? Паднесла столік да акна, на ім паставіла табурэтку. Столік невялічкі, табурэтка стала ножкамі на самюсенькіх краях чатырох вуглоў. Цяпер трэба ўмудрыцца ўзлезці на гэтую піраміду, каб не зрушыць табурэткі. Учапіцца рукамі няма за што. Доўга я прыладжвалася, пакуль не ўдалося ўзабрацца на табурэтку.