Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Ёсць тут хто жывы? — крыкнула на ўвесь голас.
Цішыня. Ніхто не адклікаецца. Вымерлі ўсе, ці што? Ну, чорт вас бяры, выйду, не расплаціўшыся. Кінулася ў парадныя
дзверы. Цяжкія дзверы замкнуты на ключ. Валасы мае сталі дыбам са страху. Як жа мне выбрацца адсюль? Што гэта значыць? 3 аднэй турмы мяне ў другую пасадзілі, у нежылую? Павінен жа быць чорны ход. Дзе ён? А час плыве, пазнюся на цягнік. Кідаюся ва ўсе бакі, шукаючы выхаду. Наткнулася на якіясь прыступкі, што вялі ўніз. Там штосьці бліснула. Кідаюся туды. Ура! Дзверы, і толькі прычыненыя. Выскачыла на невялічкі дворык. Дзе ж адсюль выхад? Да вуліцы высокі дашчаны плот і яшчэ вышэйшыя цяжкія вароты, зарыгляваныя жалезнай штабай з велізарным замком. Форткі няма. He сарваць мне замка, не выламаць варот... Хоць ты пальцы кусай са злосці і крыўды. Упару заплакаць, але слёз няма. Зачапіўшы на руку мяшок, спрабую ўзлезці на плот. Раз-пораз зрываюся, сіл не хапае. Але роспач дадае мне сіл. Учапілася-ткі неяк, падцягнулася і ўжо сяджу наверсе, цяжка дыхаючы. А што калі з вуліцы пабачыць хто мяне, як з мяшком пералажу праз плот? Падумаюць, што зладзейка, і затрымаюць... Кроў ледзянее ад гэтай думкі. Хутчэй жа, пакуль на вуліцы нікога не відаць! Скінула мяшок долу і сама пачала спускацца. Сарвалася і так чмякнулася аб зямлю, што зоркі з неба пасыпаліся. Хутчэй за мяшок і, не слухаючы болю ад удару, бегма ў той бок, скуль раздаюцца ўжо свісткі цягніка, які падыходзіць. Няўжо спазнілася?
Цягнік ужо стаяў на станцыі, калі я, задохшыся ад шпаркага бегу, мокрая, бы з вады выцягнутая, падбегла да касы. Ужо ляснулі буферы вагонаў, калі я ўскочыла ў вагон і, кінуўшыся налаўку, абамлела...
Аднак на гэтым не кончыліся мае прыгоды.
У Познані прыйшлося некалькі гадзін чакаць на варшаўскі цягнік. Хацела пайсці пазнаёміцца з горадам, але з вакзала выпускалі толькі тых, хто меў білеты толькі да Познані. Праз якісь час на вакзале пачалі правяраць у пасажыраў дакументы і некаторых пачалі заганяць у загарадку, зробленую з лавак. У мяне на руках быў толькі дакумент аб звальненні з Вронкаўскай турмы. Мяне таксама ўпіхнулі ў гэты закутак, з якога нават у прыбіральню выйсці не дазваляў міліцыянер з вінтоўкай. Чалавек 20 там сядзела. Прыходзілі і адыходзілі цягнікі,
а нікога, каму трэба было ехаць гэтымі цягнікамі, не выпушчалі. Значыцца, і мяне не выпусцяць? Што ж гэта азначае? За што нас затрымалі? Што далей з намі будзе? На гэтыя пытанні ніхто нам не адказваў інакш, як груба гаркаючы загад сядзець ціха.
Сёй-той з пасажыраў падыходзіў да нашай агароджы і з цікавасцю пытаў, за што нас пасадзілі ў гэты катух? Асабліва распытваўся якісь малады хлопец. Разгаварыўся са мной, пытаў, хто я, адкуль, куды еду. Пазней бачыла, як ён перашэптваўся з другім хлопцам, паглядаючы на нас. Відаць, аб нечым раіліся.
А гадзіне 11 й вечара падышоў цягнік на Варшаву. Як я ні рвалася, як ні патрабавала выпусціць мяне, бо трэба ехаць, а ўсё дарма. Толькі грубая лаянка ў адказ. Цягнік стаяў 20 мінут. Перад самым адыходам цягніка раптам узняўся якісь скандал у вакзале. Гляджу, аж тыя два хлопцы, якія толькі што мірна перашэптваліся, б'юцца адзін з другім. Пачаўся крык, вэрхал. Міліцыянер, які нас старажыў, падбег разнімаць скандалістаў. Тады я, доўга не думаючы, быстра адсунула адну лаўку і кінулася на перон. За мной і іншыя пачалі разбягацца з «астрога». Ускочыла ў вагон, замяшалася ў густы натоўп пасажыраў, а праз хвіліну крануўся і цягнік у далейшую дарогу. Выратавалася! Няўжо гэтыя хлопцы зумысля ўчынілі скандал, каб дапамагчы нам вызваліцца? Эх, і падзякаваць ім ужо не змагу!
У Варшаве я адразу накіравалася ў патранат. Пабачыла там Сэмпаловску, пазнаёмілася з яе саратнікам Наталляй Гансяроўскай, расказала ім аб жыцці-быцці ў Вронках.
— Як гэта вы ходзіце ў чырвонай хустачцы на галаве? — кажа Гансяроўская. — Бальшавікі ўжо пад Варшавай, гарматныя выстралы чуваць на вуліцах. Азвярэлыя пілсудчыкі могуць разарваць вас на кускі. — I тут жа зняла з мяне хустку, сунула мне за пазуху світкі, загадаўшы, каб я не смела паказвацца на вуліцы ў чырвонай хустцы. Пасля выдалі мне грошы, каб я зараз жа купіла сабе капялюш.
Купіла я сабе самы танны фетравы чорны капялюшык і тут жа напяліла сабе на галаву. Выглядала я, мабыць, вельмі арыгінальна, бо на вуліцы аглядаліся на мяне: шэрая вясковая світка з нашытымі на грудзях і па падале вузкімі аксамітнымі
палоскамі, а на галаве гарадскі капялюх... Сама рассмяялася, як паглядзела на сябе ў люстэрка.
У патранаце расказалі мне аб адным выпадку, які здарыўся на фронце пад Варшавай у размяшчэнні часцей Чырвонай арміі. У аднэй вясковай бабы прапала курыца. Яна пажалілася савецкаму камадзіру, што чырвонаармеец на штык падняў яе курыцу. Камандзір выстраіў перад ёй сваю часць і запрапанаваў бабе паказаць, каторы з байцоў зрабіў гэта. Баба доўга аглядала ўсіх, нарэшце паказала пальцам на аднаго. Камандзір загадаў таму бедаку выйсці са строю і на яе вачах расстраляў яго. Баба не спадзявалася такога канца. Яе так уразіла, што за курыцу загубіла чалавека, можа, нават і бязвіннага, бо не была ўпэўнена, што гэта той самы, што не змагла гэтага перанесці і звар’яцела352.
3 патранату я пайшла выканаць паручэнне Марыі Кашуцкай. Там я зразумела, што ганддёвая кантора, з дырэктарам якой мне трэ было пабачыцца, — гэта толькі вывеска, пад якой працавала партыйная арганізацыя, бо падчас маёй гутаркі з дырэктарам прысутнічалі некалькі асоб супрацоўнікаў гэтай «канторы».
У той жа дзень выпадкова спаткала на вуліцы старэйшага Богіна, якога раней звольнілі, як сясцёр яго. Прысеўшы ў скверы на лавачцы, доўга расказвалі адно аднаму аб нашых прыгодах пасля таго, як нас, жанчын, разлучылі з мужчынамі ў Варшаве. Ад яго я і даведалася тады аб трацкісцкім правакатары Цыбульскім, як ён выдаваў жандарам камуністаў, а цяпер служыць у дэфензіве. Богін назначыў мне спатканне на гэтым жа месцы на другі дзень.
Атрымаўшы новы дакумент, у якім мне было вызначана месца побыту горад Лодзь і забараняўся выезд на «крэсы всходне», я заглянула ў Беларускі нацыянальны камітэт, каб далі мне прыпынак нанач. Архітэктар Лявон Дубейкоўскі, які ўзначальваў гэты камітэт353, сказаў што ў Лодзі знаходзіцца даволі шмат знаёмых мне з Мінска беларусаў, і даў мне пару адрасоў іх354.
Назаўтра пры спатканні з Богіным ён мне прынёс ад партыйнай арганізацыі грашовую дапамогу ў 500 марак. У той жа дзень я выехала ў Лодзь на новае жыццё.
У Лодзі я знайшла сваю сяброўку па сцэне Мальвінку. Яна і дала мне першы прытулак у сваім пакоі. Ад яе даведалася, што тут у адной гасцініцы знаходзіцца Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), што ён хворы і адзінокі. Я рашыла яго адведаць355.
Які ж жудасны малюнак паўстаў перад маімі вачыма! Вузкі і цесны пакойчык з бруднымі плямамі вільгаці на сценах нагадваў турэмную адзіночку. На падлозе смецце. Сабачы холад. Як відаць, з самай восені ні разу не цеплілася печка. На бруднай, непрыбранай пасцелі сядзіць чалавек з апухлым тварам, са скалмачанымі, даўно не стрыжанымі валасамі і барадой. Ногі прыкрыты старэнькай дзяружкай, з-пад якой знізу вызіраюць брудныя ніжнія нагавіцы і ступні ў рваных шкарпэтках. Дрыжачымі рукамі прыкрывае ён голыя грудзі старой суконнай капотай, надзетай на голае цела. Мутныя вочы глядзяць з-пад апухлых цяжкіх павек. Голас хрыпаты...
Няўжо гэта дзядзька Лявіцкі, колішні прыгожы, стройны, заўсёды энергічны, вясёлы гаварун?
— Чаму вы не патрабуеце печку нацепліць? — пытаю. — Зіма ж на двары!
— А хто будзе дбаць пра гэта, калі каторы ўжо месяц нумар не аплачаны? Добра яшчэ, што да гэтага часу не выкінулі мяне на вуліцу.
— А як вы корміцеся?
— А ніяк. Пакуль былі грошы, прыносілі абед са сталоўкі, а цяпер калі часам хлопцы прынясуць якісь кавалак хлеба і кусочак каўбасы, дык і добра, а не, дык сваёй слінай абыходжуся.
— Чаго ж глядзяць вашы паплечнікі Алексюкі і Скірмунты? Чаму яны не падбаюць аб вас?
У адказ толькі рукой махнуў моўчкі і адвярнуў галаву да акна. Гутарка спынілася. Аб чым цяпер думае? Можа, усведамляе сваю вялікую віну перад сваім народам, ад якога адвярнуўся, і звязаў свой лёс з яго ворагамі?
— А дзе цяпер Алесь Гарун? — пытаю.
— Перад самай эвакуацыяй з Мінска ён захварэў на дызентэрыю і знаходзіўся ў вайсковым шпіталі. Кажуць, быццам у Кракаў іх вывезлі. Ніхто не ведае, жывы ён ці памёр...
— Ён жа, як і вы, працаваў у Беларускай вайсковай камісіі356. Чаму ж БВК не шукае яго, не даведаецца аб ім?
Зноў той самы нядбайны рух рукі і маўчанне ў адказ.
Да дачок гаспадароў, у якіх Мальвіна займала пакой, заходзіла іх стрыечная сястра Рыта, маладая сімпатычная дзяўчына. Мы з ёй пазнаёміліся і хутка нават пасябравалі. Праз якісь час яна прызналася мне, што з’яўляецца камсамолкай, паказвала лісты ад свайго нарачонага, які ў гэты час быў камандзірам Чырвонай арміі. Разы два-тры Рыта прыносіла мне грашовую дапамогу ад падпольнай арганізацыі і прадукты для перадач Тамашу.
Майго мужа тым часам перавялі з Вронак у канцлагер Домбе357 за тры кіламетры ад Кракава. Раз у месяц я ездзіла туды з перадачамі. У першую паездку пасля гутаркі з Ядвігіным Ш. я пачала шукаць Алеся Гаруна па ўсіх шпіталях і бальніцах Кракава. I вось у адным шпіталі натрапіла на яго след. Аказваецца, праз некалькі дзён пасля прыбыцця яго ў гэты шпіталь ён памёр. Сказалі, на якіх могілках яго пахавалі. У канторы могілак мне далі «адрас» таго раду могілак, дзе звычайна хаваюць бяздомных. Направа ад увахода, на самым краі, тры рады аднолькавых магіл. На некаторых з іх заткнуты толькі трэскі, на якіх хімічным алоўкам напісана імя і прозвішча нябожчыка. Дажджы змылі надпісы, цяжка прачытаць. Кожную магілу ўважліва аглядаю, капаюся ў зямлі, шукаючы шчэпачак і сілячыся прачытаць на іх прозвішчы. I вось на трэцяй з канца другога раду ў магіле дабыла прысыпаную зямлёй вузенькую дошчачку: «Aleksander Proszynski» — ледзь змагла прачытаць. Сціснулася сэрца. Вось дзе ты знайшоў свой апошні прыпынак, пясняр ты наш беларускі! He часалі табе дамавіны твае сябры-сталяры, не спявалі над табой родных песень, не родная зямелька прысыпала твае грудзі. Злы віхор затуманіў твае вочы, адарваў ад народа, ад тваіх сяброў-рабочых і кінуў цябе ў стан