Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
О, які ж прыгожы свет за акном! Паверх высокай мураванай сцяны відаць шырокі луг, далей поле. Дзень ясны, сонечна. Вунь там, на лузе, бегаюць дзяўчаты, смяюцца, збіраюць вясеннія кветкі... Эх, воля, воля! Выкурыла сваю маленькую долю, падыхала свежым паветрам, насыціла крыху вочы прыродай і зноў асцярожненька злезла. I так разы тры на дзень я выглядала на свет.
Па суседстве са мной з аднаго боку знаходзілася Стэфа Кот, з другога — ужо пажылая камуністка, рабочая варшаўскай фабрыкі. Падчас ранішняй уборкі, калі ўсе дзверы камер былі адкрыты, нам удавалася пабачыцца і перакінуцца некалькімі словамі. Вось мая суседка справа і пажалілася, што яна таксама ўзлезла на такую ж піраміду, каб выглянуць праз акно, але табурэтка сашмыгнулася, яна рынулася зверху і, падаючы, моцна паранілася аб востры край ложка. Зламаную табурэтку ад яе забралі назаўсёды. Папяросы ў яе таксама, як і ў мяне, у першы ж дзень адабралі.
Я звярнулася да назірацелькі з просьбай, калі ёсць у іх бібліятэка, каб мне прынеслі кніг для чытання. Аказалася, што бібліятэка ёсць, і неўзабаве мне прынеслі тры кнігі. Але якія! Біблію і жыццеапісанне святых... А каб вас разарвала з вашымі кнігамі!
— Хіба няма ў вас мастацкай літаратуры польскіх пісьменнікаў ці навукова-папулярнай?
— He, толькі такая, як гэта.
У мяне быў цененькі сшытак і агрызак хімічнага алоўка, і я рашыла намаляваць карты, каб хоць з нуды пасьянс раскладваць. Так і зрабіла. I вось сяджу я за столікам, раскладваю пасьянс, аж уваходзіць назірацелька. Паглядзела на разложаныя карты і пытае:
— Пані кабалэ кладзе?
Гэта значыць, ці не варажу я? Што я буду ёй тлумачыць, што пасьянс — гэта не варажба, а гульня, нешта накшталт картачнай галаваломкі?
— А так, — кажу, — кабала.
— Дык палажыце і мне, — просіць паваражыць.
Я паняцця не мела аб варажбе, бачыла, толькі як раскладваюнца для варажбы карты, чула шаблонныя фразы варажбітак. «А што, — думаю, — каб не забыцца языка ў губе, можна і пабрахаць крыху, падурачыць і так ужо дурную бабу». Пакартавала калоду, дала ёй зняць, разлажыла па форме. Што ж тут ёй наплясці?
— А ці мне часам вяселле тут не стаіць? — пытае.
Я здзіўлена глянула на яе. Баба гадоў пад 50, брыдкая, лупатая, касавокая, ну ведзьма ведзьмай, і думае яшчэ аб сваім вяселлі? Ну, што ж, калі так, дык мне лягчэй прыдумляць, што ёй гаварыць.
— Чакайце, — кажу, — дайце разгледзецца, усё трэба па парадку.
Пагаварыўшы аб блізкай і далёкай дарозе ў прошлым, што з кожным чалавекам бывае, перайшла да таго, што яе цікавіць. Мы ведалі, што Чырвоная армія наступае ўжо на тэрыторыі Польшчы, што ў Польшчы амаль усе мужчыны мабілізаваны. Я і пачала:
— Ёсць каля вас нейкі чырвенны кароль, ён ці то вайсковец, ці то «ўжэнднік», адным словам, мае бліскучыя гузікі і ожэлка на шапцы.
— Так, так, так, — захлёбваецца з радасці баба.
— Але вось тут якаясь піковая дама стаіць на перашкодзе (без яе ж ніякая варажба не абыходзіцца). Гэта дама вельмі сярдзіта на вас, і праз яе будзе ў вас вялікая гутарка і слёзы... У казённым доме чакаюць вас непрыемнасці...
He памятаю, што яшчэ я пляла ёй. Яна падзякавала і, устрывожаная, выйшла. На другі дзень вечарам пасля змены зноў паявілася ў камеры з апухлымі ад плачу вачыма. Аказалася, што я вельмі трапна ёй наваражыла. Справа ў тым, што гэта ведзьмаватая баба захацела прывабіць к сабе якогась пісара. А ў яго была няшлюбная жонка і дзіця. I вось гэтая «пікавая дама», даведаўшыся, што ад яе адбіваюць мужа і бацьку дзіцяці, прыйшла да начальніцы турмы і пажалілася. Начальніца, будучы вельмі рэлігійнай, як і ўсе пазнанякі, выклікала сваю падуладную, накрычала на яе, што замест таго, каб змусіць яго пакрыць сваё грэшнае сужыццё шлюбам касцельным, яна разбівае сям’ю, і прыгразіла ёй звальненнем са службы, калі яна не пакіне гэтага чалавека.
— Паваражыце мне яшчэ, — просіць.
— Я і па руцэ ўмею варажыць, — кажу ёй, — але ведаеце польскую прыказку: «Спеваць дармо, болі гардло»?
— А што гэта азначае?
— А тое, што за кожную варажбу — дзясятак цыгарэт. Без папярос я не магу варажыць — няма натхнення.
— У нас тут няможна курыць, забараняецца.
— Пільнуеце нас вы. Прыжмурце адно вока, я тым часам выкуру цыгарэту, і ніхто аб гэтым ведаць не будзе.
Як ні прасіла, я адмовілася дарма варажыць. Мы ведалі, што ў Пазнаншчыне цыгарэты вельмі танныя, і вялікага граху на душы не мела, што з бяды-гора прыходзіцца ашукваць дурную бабу. На другі дзень прыпёрла-ткі пачку цыгарэт. Але і яе зменная, маладзейшая за яе, таксама прасіла паваражыць і адразу палажыла перада мной дзясятак цыгарэт. Гэту-то ўжо мне
было сорамна абдурваць, але было ўжо позна даваць задні ход. Такім чынам я амаль кожны дзень мела два дзясяткі цыгарэт. Сама курыла і дзялілася з суседкай, а на прагулках і з іншымі курцамі. Праўда, было сорамна прызнацца перад таварышкамі, якім спосабам зарабляю папяросы, але яны толькі пасмяяліся.
— А д’ябал іх бяры! — казалі. — Яны не збяднеюць ад гэтага, а навучыць іх розуму мы тут усё роўна не здолеем346.
У першыя дні нас выпусцілі на прагулку ў маленькі дворык, абнесены высокай сцяной. Увесь двор быў высыпаны жорсткім шлакам. Каб табе дзе кусцік зялёны ці травінка! Камень з усіх бакоў, цвёрды, калючы шлак пад нагамі і толькі кусочак пустога неба над галавой. Нас выпушчалі па адной. Як толькі каторая паказвалася з дзвярэй, кідалася абнімацца і цалавацца з таварышкамі. Стоячы грамадкай каля дзвярэй, мы дзяліліся сваім уражаннем ад першых дзён у адзіночных камерах. Мы, мінчанкі, пабачылі новую жанчыну, якую ўсе варшавянкі радасна віталі. Сярэдняга росту, шчупленькая жанчына гадоў за 30, з прыемнай усмешкай і крыху прыжмуранымі вачыма, са спакойнымі меладычнымі інтанацыямі ў голасе.
— Хто гэта такая? — спыталіся мы ў варшаўскіх таварышак.
— Марыя Кашуцкая.
Тады і мы падышлі пакланіцца ёй.
Аднак нядоўга мы цешыліся гэтым спатканнем, датуль, пакуль не выпусцілі апошнюю з палітычных. 3 дзвярэй выйшлі назірацелька і мужчына ў форме турэмшчыка з дубінкай у руцэ і рэвальверам пры баку. Нам загадалі хадзіць укруг каля сцен адна за аднэй на адлегласці трох крокаў, схіліўшы долу галаву, залажыўшы за спіну рукі і не смеючы нават шапнуць што адна да аднэй. Мы збіліся ў цесную кучу і шумна запратэставалі супраць такога рэжыму. Турэмшчык, размахваючы дубінкай, крычаў ва ўсё горла і з грубай лаянкай пачаў разганяць нас. Мы, сашчапіўшыся рукамі, таксама не маўчалі. Тады ён сілай пачаў разнімаць нас. I вось сярод шуму і гвалту пачулася песня: «Паўстань, пракляццем катаваны...». Мы ўсе падхапілі, і залунаў рэвалюцыйны гімн аж пад неба. Спачатку турэмшчыкі разгубіліся, а пасля спешна пачалі заганяць нас
у будынак. Мы вырываліся ад іх, спляталіся ў цесных абдымках і спявалі, спявалі. Нарэшце сіла іх перамагла, і нас загналі ў будынак, але мы не хацелі паднімацца на галерэі да сваіх камер, а рассыпаўшыся па пустой прасторы ў сярэдзіне гмаха, зноў збіраліся асобнымі групамі і прадаўжалі спяваць. Пачалася пагоня за намі. Аднак ім двум нялёгка было справіцца з намі, мы перабягалі з аднаго месца на другое, рассыпаліся і зноў збіраліся ў групы. Пасля «Інтэрнацыянала» спявалі «Варшавянку» на польскай і рускай мовах.
На бой кровавый, святой н правый Марш, марш вперёд, рабочнй народ!347.
Але калі ўварвалася выкліканая стража чалавек з 10 ці мо і больш і кінуліся ўсе з дубінкамі на нас, мы заспявалі «Вы жертвою палн» і з гэтай песняй пачалі ўзнімацца да сваіх камер. Доўга яшчэ і ў камерах спявалі, але ў разлуцы не так ужо стройна выходзіла.
На другі дзень паўтарылася тое самае. Пасля гэтага два тыдні нас не выпушчалі на прагулку.
У суботу вечарам я пачула арганную музыку і спевы. Спыталася ў назірацелькі, адкуль гэта музыка. Аказваецца, з турэмнага касцёла. I яна запрапанавала мне схадзіць заўтра ў касцёл. Я паабяцала ёй раніцай на гэта адказаць. Назаўтра падчас ранішняй уборкі я перагаварылася з бліжэйшымі суседкамі, і мы рашылі схадзіць праз цікавасць паглядзець, як выглядае турэмны касцёл, а можа, удасца спаткацца і пагаварыць з іншымі таварышкамі.
Нам запрапанавалі кніжкі для набажэнства, ад якіх мы адмовіліся, і загадалі ўзяць з сабой бляшаны нумар камеры, які вісеў на сцяне пад акном. У гэту экскурсію нас выправілася толькі чацвёра. Адчулі мы сябе неяк няёмка. Можа, вярнуцца назад у камеры? Але ж мы не маліцца ідзём, а проста праз цікавасць.
I запраўды цікава было паглядзець. Увесь касцёл, які знаходзіўся ў асобным крыле гэтага корпуса, быў застаўлены дашчатымі клеткамі ў некалькі радоў адзін над другім знізу аж да самай столі. 3 усіх бакоў высокія сценкі і толькі адна пя-
рэдняя крыху ніжэйшая, так што не пабачыш, хто сядзіць ні справа ад цябе, ні злева, ні над табой, і, толькі нагнуўшыся, пабачыш патыліцу тэй, хто перад табой сядзіць. Перад вачыма толькі аўтар добра відаць і больш нічагусенькі. Нумар камеры трэ было павесіць на задняй сценцы над галавой. Унізе ля аўтара сядзіць начальніца і назірацелькі, якія пільна сочаць за паводзінамі сваіх вязняў. Пасля імшы ксёндз, папярэджаны, відаць, што ў касцёл прыйшлі бальшавічкі, пачаў казанне, прызначанае для нас. Hi розуму, ні такту ў яго прамове не было ні на грош. Пасля касцельнай службы ў нагароду за тое, што мы захацелі схадзіць у касцёл, нам запрапанавалі пагуляць да абеду ў садзіку, які знаходзіўся каля ўвахода ў касцёл. Мы адмовіліся ад такой ласкі, бо яшчэ прадаўжалася прагулачная забастоўка. Аднак нас не ўпусцілі ў корпус, закрылі на замок дзверы, пакінуўшы нас на двары. Што і казаць, пагана мы сябе адчувалі. Селі на прыступках пад дзвярыма і моўчкі прасядзелі, не зварухнуўшыся, пакуль нас не ўпусцілі ў камеры348.
Праз два тыдні нас зноў выклікалі на прагулку. На гэты раз ніхто нас не старажыў і не прымушаў да ранейшага парадку. Мы маглі ўволю пагаварыць і хадзіць, як нам хацелася. Наша «набожная» чацвёрка адразу пакаялася перад сваім камітэтам, выбраным яшчэ ў Варшаве, да якога цяпер далучылі і Марыю Капіуцкую. Пакаяліся ў сваім памылковым паступку з экскурсіяй у касцёл. Кашуцкая і Грасэрова толькі ўсміхнуліся, але нічога на гэта не сказалі — ні паганілі, ні пахвалілі. Было нам сорамна перад таварышкамі, аднак гэта здарэнне не адбілася на добрых адносінах да нас.