Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
У першую нядзелю пасля нашага пераводу ў жаночую турму запрапанавалі праваслаўным пайсці ў царкву, якая таксама знаходзілася ў цэнтральнай турме. Спадзеючыся там спаткаць Тамаша, я стала ў першую шарэнгу да выхаду. Царква даволі вялікая, зняволеных у ёй поўна. Мужчын паставілі па правы бок, а жанчын па левы, пасярэдзіне даволі шырокі прамежак, па якім прахаджвалася турэмная стража, пільнуючы, каб вязні не перагаворваліся паміж сабой. Прыйшлі туды і Тамаш, і Янка, і іншыя знаёмыя, аднак перакінуцца слоўцам нельга было, мы толькі маглі падміргнуць адно другому. I як жа я пазайздросціла крыміналістам, якія пры дапамозе пальцавай азбукі глуханямых безупынку перагаворваліся. Непадалёк ад мяне стаяла Сонька Залатая Ручка, як яе празвалі ў турме. Высокая, рыжаватая, з тоўстай даўгой касой за плячыма, як нам казалі, была важаком буйнейшай шайкі. Лёдзя з ёй не дружыла, ганьбавала ёю, па-першае, таму што гэта шайка занімалася «мокрай справай», да якой Лёдзя адчувала агіду, а па-другое, што Сонька схапіла благую хваробу. I вось гэтая самая Сонька, голасна спяваючы «Отче наш», быстра варушыла пальцамі і, пакуль кончылася абедня, паспела загадаць сваёй хеўры, якія трэба даваць паказанні, каго і як тапіць, а каго выручаць. А мы, як дурні, толькі глядзелі адно на другога321.
На другую нядзелю раздаўся ў калідоры громападобны кліч старшанькага:
— Каталічкі! Хто хоча ў касцёл?
3 камер пачалі высыпацца ахвотніцы да прагулак па горадзе. Накінуўшы шэрую світку, я зноў стаю ў першым радзе.
— Вы куды? — гаркнуў старшанькі.
— У касцёл.
— Дык вы ж у тую нядзелю ў царкву хадзілі.
— Хадзіла.
— Дык вы хто такая?
— Беларуска.
— Беларуска, бе-ла-рус-ка... — перадражніў мяне. — А дзе ж беларусы моляцца? У царкве ці ў касцёле?
— Усюды, дзе Бог ёсць, — смеючыся яму ў вочы, адказала.
— Цьфу! — плюнуў са злосці і адышоў.
Турэмная каплічка была ў 3—4 разы меншая, чымся царква, а народу многа. Цесна стаялі адзін пры другім. Нам з Тамашом удалося стаць побач непадалёк ад дзвярэй. Узяліся за рукі. Убачыўшы гэта, нейкая дасужая турэмная служка падскочыла і пачала сілай разнімаць нашы рукі. Але мы так моцна сашчапілі іх, што як ні тужылася яна, як ні сапла са злосці, нават аж падскаквала, а разняць не магла. Гледзячы на гэту сцэну, бліжэйшыя вязні хіхікалі з яе патуг. Пакінуўшы ў спакоі нашы рукі, сярдзітая жанчына пільна сачыла, каб мы не перагаворваліся. Мы ўсё ж такі перашэптваліся, а яна гадзінай сычэла за намі.
— Перастаньце шаптацца! Забараняецца!
— He перашкаджайце нам маліцца, — голасна агрызнулася я. — Што гэта? У касцёле забараняецца пацеры шаптаць? — і, узняўшы ўгору вочы, як да малітвы, я працягвала расказваць Тамашу аб нашых падзеях.
... Амаль кожны дзень Лёдзя забягала ў 2-ю камеру на гутаркі. Мы з ёй дзяліліся сваёй перадачай, апавядалі ёй аб героях рэвалюцыйнай барацьбы, вучылі спяваць свае песні.
Калі ўжо добра з ёй падружылі, я спыталася ў яе, што б яна рабіла, калі б, забраўшыся ў чужую кватэру для «работы», яна хаця б па маёй світцы і сукенцы пазнала, што гэта мая кватэра? Загарэліся злым бляскам яе вочы.
— Калі б Яначка хоць пылінку крануў, сваімі рукамі задушыла б яго.
Аднаго разу яна прыбегла расказаць свой сон:
— Нейкі вялікі сад. Усе дрэвы ў белі кветак. Пад адным высокім дрэвам я стаю на драбіне. Хачу сысці на зямлю і баюся: драбіна пада мной надломлена. Даволі паспрабаваць аднэй нагой саступіць на ніжэйшую перакладзіну, і я магу паляцець уніз галавой. Азіраюся кругом, шукаючы ратунку, аж бачу: здалёк ідзеце вы. Падышлі да мяне, падалі руку, я апёрлася на яе і асцярожна сышла. Мы пастаялі пад дрэвам, пагаварылі крыху і разышліся...
— Ну што ж, панна Лёдзя, — азвалася адна, якая слухала гэтае апавяданне, — добры сон. Хутка выйдзеце на волю.
Праз 2 ці 3 дні пасля гэтага з імпэтам улятае Лёдзя ў нашу камеру, кідаецца мне на шыю, абдымае, цалуе і са слязамі на вачах кажа, што прыйшла развітацца са мной: яе выпушчаюць на волю.
— Куды ж вы цяпер, панна Лёдзя?
— Куды? — задумаўшыся на хвіліну, адказвае: — Да бацькоў... Паеду да бацькоў сваіх.
— А Яначка?
— Яначку не выпушчаюць, — уздыхнула. — Мне далі спатканне з ім. Толькі што ад яго. Я яму сказала: калі хоча, хай мяне шукае ў маіх бацькоў... — I ціхенька дабавіла: — Бо я да такой «работы» ўжо не вярнуся... — I зноў энергічна: — А не захоча — бог з ім! Вось толькі б хацела яшчэ з вамі спаткацца ў жыцці, як будзеце ўжо на волі.
— Я таксама хацела б, панна Лёдзя, — адказваю. — Жадаю вам запраўднага шчасця ў жыцці і веру, што вы зможаце быць карыснай для свайго народа, шмат дабра можаце зрабіць...
Мы горача пацалаваліся і развіталіся... назаўсёды.
Дзе ты цяпер, жанчына з гарачай душой? Якую дарогу выбрала сабе ў жыцці? Ці даляціць да цябе мой прывет?
Наступілі апошнія дні польска-панскага панавання ў Беларусі. У горадзе пачаліся пажары322. Ад зарава пажараў у камеры так відна, што пры акне чытаць можна. Да нас далятаюць кры-
кі, енкі, стук, грохат. Назірацелі ў адносінах да нас сталі вельмі ветлівыя, прыносяць нам весткі з волі: Чырвоная армія ўжо на подступах да Мінска, салдаты ў горадзе ўчыняюць жорсткія пагромы, рабуюць магазіны, кватэры, уцякаюць. Ды ўсёй службе турэмнай не да нас цяпер, няма калі за намі пільна сачыць: хто ратуе сваё дабро ад пажараў, хто цягае нават у прыпале муку, брусы масла, цесткі, цукар з разбітых магазінаў і складаў. Гарыць ужо суседняя Бабруйская вуліца. Да нас далятае трэск пажараў, дым, іскры. Што з намі будзе, калі загарыцца турма?
— А што будзе? Паадчыняюць дзверы і выпусцяць нас на волю, — упэўнена заяўляе Стэфа Кот.
На двары, каля самага будынка, зложаны сеннікі. Падчас прагулкі Стэфа бярэ запалкі і ідзе туды падпальваць іх, каб хутчэй нас выпусцілі.
— Стой! Ці ты ашалела, баба? — крычаць на яе. — Усе камеры, апрача нашай, пад замком! На дзяжурстве толькі адна назірацелька, усе іншыя разбегліся. А што калі і яна са страху ўцячэ, не адчыніўшы дзверы? Усе згарым зажыва.
— А калі і ўдасца вырвацца на волю, — кажа другая, — а што з нашымі мужамі, бацькамі, якія сядзяць у цэнтралцы? Ці мы ведаем, што іхчакае? Што будзе ім, тое і нам. Трэбачакаць, a то разлучымся323.
Так і не дазволілі Стэфе падпаліць турму.
Ужо каторую ноч мы наладзілі сваё дзяжурства ў камеры. Па дзве ноччу дзяжурылі, каб на ліхі выпадак падняць трывогу, узняць усіх на ногі. У ноч з 8 на 9 ліпеня прыйшла чарга дзяжурыць мне і Стэфе. Яшчэ пад вечар падышоў да акна вартаўнік варот.
— Ну, бабы, сённяшняй ноччу вас выпусцяць.
— Хто? Хто выпусціць? — пасыпаліся пытанні.
— Ды вашы ж, а хто ж яшчэ. Толькі што падыходзілі да варот нейкія двое і пыталі, колькі ёсць у турме палітычных жанчын. Я сказаў, што з шэсцьдзясят вас набярэцца. Яны падзякавалі і пайшлі.
Пасля поўначы, калі ўсе ўжо паснулі, мяне агарнула такая млявасць, што я, зняўшы з ног чаравікі, прылягла і неўзаметку
заснула. Раптам пачула, што мяне хтосьці тармосіць і плаксівым голасам прамаўляе:
— Паўлінка, уставай, прачніся. Цябе вызываюць на волю, на волю пойдзеш.
Гэта Стэфа будзіла мяне.
— На волю? Ноччу? Каго? Усіх нас?
— He, золатка, цябе толькі.
Але што гэта ў калідоры творыцца? Тупат ног, плач, крыкі мужчынскіх галасоў і енкі, прычытанні жанчын з таго канца, дзе знаходзяцца 9-я і 15-я камеры.
— Што з сабой браць? — нервова пытае там якаясь жанчына.
— Ніц вам юж не потшэба, ніц! — крычыць мужчына.
— А-а-а... Так, так... — кажу, прыслухаўшыся. — Гэта-ткі праўда, што «на волю», на запраўдную волю ад усяго. Вось аж калі прыйшлі весці нас на Камароўку...
Жанчыны памагаюць мне сабраць рэчы. Я не магу трапіць шнуркамі ў дзюркі чаравікаў, рукі дрыжаць.
— Мядзёлка, Кот! Скора вы там? — раздаецца голас старшага з калідора.
— Як-то? I мяне? — здзіўлена пытае Стэфа.
— Ну а як жа! Я ж вам казаў!
Стэфа замітусілася. Я выходжу ў калідор.
— Пане старшанькі, куды нас павядуць?
— He ведаю, дзетачка, нічога не ведаю, — і паціхеньку суне мне ў руку грошы, якія калісь мне перадалі таварышы і знаходзіліся на схове ў старшага, а ў самога цякуць слёзы па сівых вусах і барадзе.
У калідоры гарыць адна свечка. 3 9-й і 15-й камер жандары прыкладамі вінтовак выганяюць жанчын. Дзве назірацелькі, схаваўшы ў далонях твар, плачуць наўзрыд. 3 нашай камеры жанчыны суюць мне пад адну руку вузел з падушкай, пад другую булку хлеба.
— Нашто? Ці ж вы не разумееце, куды нас павядуць? He трэба нічога. Хай вам застанецца. Бывайце здаровы, даражэнькія!
— Бяры, бяры... Яшчэ не вядома, што вас чакае, прыгадзіцца.
Мяне і Стэфу цалуюць, усе плачуць...
Выходжу на ганак. Гляджу на неба. Скрозь чырвань зарава прасвечваюць зоркі. Я ўявіла сабе, што стаю радам з усімі ў Камароўскім лесе. Пэўна ж, і нашых мужчын туды прывядуць. Добра было б, каб разам... Перад намі салдаты з настаўленымі карабінамі. Кароткая каманда... Нешта ўкалола ў грудзі і прашыла іх наскрозь... Болю не адчуваю, толькі нейкая гарачыня ўзнімаецца, разліваецца па ўсім целе, залівае мазгі і... усё... Ну, што ж, нічога страшнага... Hi стрэлаў не чула, не ўсведамляла нават, як падаю... Свядомасць пагасла перад тым, як асунулася на зямлю. Вось і ляжаць нашы трупы. Шумяць жалобнай песняй сосны над намі, і мільёны зорак глядзяць на гэтую збродню.
Абудзіў мяне ад гэтай задумы прарэзлівы крык. Хтосьці кідаецца мне на шыю і крычыць:
— Ты ведаеш? Нас на Камароўку вядуць, на расстрэл!
Гэта Роза Цыпкіна дрыжыць усім целам і істэрычна плача, абнімаючы мяне.
— А ты хіба лепшага чакала ад іх?
— Перастань плакаць! — крыкнула на яе. — Ты не ведаеш, як мы павінны паміраць? Недачаканне іх, каб яны бачылі нашы страх і слёзы!
— Так... так.... твая праўда. He трэба плакаць, не трэба слёз, — адразу суцішылася, нервова выціраючы дрыжачай рукой слёзы324.
Нарэшце ўсіх выгналі на двор, паставілі нас у пары і пачалі правяраць па прозвішчы, пасля пачалі лічыць. Бачым, выйшла ў іх нейкая замінка, жандары перашапталіся паміж сабой і зноў выклікаюць па прозвішчы.
— Усе адазваліся? Лішняй сярод вас няма?
— Няма.
Цяпер выстраілі нас шнурам па аднэй. Што за ліха? Па спіску, што ў іх руках, павінна быць 16, а як стануць лічыць, — 17.
Некалькі разоў выстрайвалі нас то па пары, то па аднэй, то пераклікалі, то лічылі, пакуль не выяснілася, што сярод нас ёсць дзве дзяўчыны з аднолькавым прозвішчам і імем. Калі выклікалі па прозвішчы, абедзве адклікаліся разам, а як зразумелі, у чым справа, абедзве маўчалі на выклік: ніводнай з іх не хацелася ісці