Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
на Камароўку. Што рабіць жандарам? Найшлі ўсё ж такі абедзвюх, не разбіраючыся, адштурхнулі першую лепшую, а другую далучылі да нашай групы і — «Наперад марш!».
Ідзём па завулку, на Маскоўскай павярнулі ўлева. Навокал нас салдаты з карабінамі, ззаду конны жандар напірае канём на заднія рады.
— Прэндзэй, прэндзэй, пся маць ваша!
Калека Нахіма Богіна не можа шпарка ісці. Бярэм яе пад рукі і амаль нясём на руках. Вось прайшлі ўжо пад чыгуначным мостам і проста крочым ужо на Захараўскую.
— Доконд, пся крэв! Напр-раво!
Мы збянтэжана збіліся ў кучу. Як гэта направа? На Камароўку ж трэб проста ісці па Захараўскай...
— Направо! — зноў крычыць коннік.
Хтосьці з нас здагадаўся:
— На вакзал вядуць! — з радасцю загаманілі ўсе і павярнулі направа.
Праз некалькі крокаў новая каманда:
— Стой!
Спыніліся. На тратуары стаіць група мужчын у цывільным адзенні. Чыркнула там запалка.
— Тум! — крыкнула я, пазнаўшы Тамаша, які спакойна прыкурваў люльку. Запалка паспешна паляцела на зямлю, не выканаўшы свайго прызначэння. Мы рынуліся адны да другіх, пачалі абнімацца, цалавацца, свае і чужыя. На сваіх вуснах я адчувала то голы твар хлапцоў маладых, то калючую, то мяккую бараду і вусы мужчын.
— Мы ж думалі, што нас на Камароўку вядуць, — гаманілі жанчыны.
— I мы таксама думалі, — адказваюць мужчыны. — Нас так спешна забіралі, што не паспелі некаторыя апрануцца як след.
— Я схапіў нечыя чужыя штаны і толькі тут, на астаноўцы, іх напяліў. Цесныя, падлы, не сходзяцца ў паясніцы.
— А я дык чужое ватнае паліто схапіў, — кажа малодшы Богін, — думаў, як куля будзе ляцець у грудзі, дык праз вату не так балюча будзе325.
— Нам, жанчынам, старшанькі ўсім паціхеньку ад жандараў паўсоўваў нашы грошы.
— А нам сволачы нічога не выдалі. Засталіся ў іх і грошы, і гадзіннікі, у каго былі.
Смех, жарты не спыняліся. Нарэшце ўсіх нас павялі на вакзальную плошчу. Каля гадзіны, а мо і больш сядзелі мы там на голым бруку. Пасля падышоў да нас новы шэф дэфензівы, апавясціў, што нас вывозяць у Варшаву, даў наказ, як мы павінны весці сябе ў дарозе. Павялі нас па рэйкавых пуцях, упіхнулі ў таварны вагон і зарыглявалі дзверы. Усіх нас было 60 чалавек. Вагон засланы сенам. Вошчупкам у цемры размясціліся на сене. Вагон зрушыўся з месца і вёз нас то ўзад, то ўперад. Здавалася, што мы ўжо далёка ад’ехалі. Хутка мы сталі задыхацца. Аказалася, што пад сенам быў конскі гной. Пад намі гной так сагрэўся, што трудна было руку ўтрымаць ад гарачыні, сунуўшы яе ў сена. Смурод конскага гною пранізваў усё цела, дыхаць не было чым. Улучыўшы хвіліну, калі спыніўся гул вагона, мы пачалі грукаць у дзверы і сцены, пачалі крычаць, патрабуючы, каб адчынілі дзверы. Залязгалі засовы, адкрылі нам вузкую шчэлку, і ўсе рынуліся да дзвярэй, каб глынуць свежага паветра. Пачалі прыглядацца, дзе мы знаходзімся. Аказваецца, стаім на таварнай станцыі. Кругом усё гарыць: дамы, склады, дрэвы... На раніцу рушылі далей. Ужо даўно я пачула, што на целе поўзае штосьці, але ўпоцемку нельга было што-небудзь пабачыць. На досвітку падышла да дзвярэй і, як расхіліла сукенку, дык ледзь не абамлела са страху і агіды: успомнілася генералыпа... Відаць, гэта сена ўкінулі нам у конскае стойла з-пад салдацкай ляжанкі.
Шэсць дзён везлі нас да Баранавіч. Па абодвух рэйкавых пуцях адзін за адным паўзлі даўгія змеі цягнікоў у адным напрамку — на паўднёвы захад. Часта такі затор утвараўся, што цэлымі начамі і днямі стаялі на адным месцы. Паабапал дарогі ўсё гарэла: будынкі, цэлыя вёскі, лес, стагі сена, нават жыта на пні. Скрозь агністы калідор нас везлі. Агнём і мячом разбураюць наш родны край польскія паны... Асабліва доўгая астаноўка сярод поля была пасля таго, як цягнік перад намі ўрэзаўся ў хвост
папярэдняга. Крыкі, енкі, плач!.. Шмат забітых, яшчэ больш пакалечаных. Казалі, што машыніст зумысля вызваў катастрофу. Ён не хацеў выязджаць з Мінска, яго прымусілі пад дулам рэвальвера. На паравозе побач з машыністам стаяў афіцэр з рэвальверам у руцэ. У час катастрофы машыніст знік, а труп афіцэра ляжаў сярод абломкаў.
Наш цягнік ішоў апошнім. Ён вёз увесь склад генеральскага штаба і дэфензівы. Што яшчэ ўцалела ад агню, салдаты з апошніх вагонаў падпальвалі, узрывалі масты, якія толькі што пераехалі, разбуралі палатно чыгункі.
На аднэй з працяглых астановак перад нашымі вагонамі расселіся на мураўцы афіцэры каля разасланага белага абруса, на якім стаялі бутэлькі віна і розная смачная закуска. Зумысля выбралі месца, каб дражніць голад сваіх вязняў. Апрача тэй булкі хлеба, якую сунулі мне пад паху пры выхадзе з камеры, нічога ў нас не было. У першую ж раніцу мы яе раздзялілі і кожнаму дасталося па невялікай лустачцы. Праз усю дарогу ніякага харчу нам не давалі. Адно з ласкі сваёй дазвалялі каму-небудзь з нас схадзіць пад канвоем вады пашукаць. А знайсці вады было вельмі трудна. Ужо каторы дзень на двары стаіць страшэнная спёка. Адступаючыя войскі і ўцекачы вычарпалі ўсе студні да дна, пілі гнілую ваду з канаў, павысыхалі раўчукі.
У гэты час мы з Тамашом прыселі ля дзвярэй. Неўзабаве падыходзіць Ваявудскі, вітаецца з Тамашом.
— Гэта жонка пана? — пытаецца, гледзячы на мяне. — Пані пазволіць прадставіцца, — звяртаецца ўжо да мяне.
— А мы даўно ўжо з вамі знаёмы, — адказваю, не падаючы рукі.
— Як гэта? Нешта я не прыпамінаю.
— А памятаеце, як вы, яшчэ будучы гімназістам, чыталі антырэлігійны даклад «Аб неамыльнасці рымскага папы» на адным з нелегальных сходаў у Вільні і як награнула паліцыя, і мы ўцякалі праз сады і агароды? Вы яшчэ тады мяне праз плот перасадзілі і мы разам беглі, штохвіліны падаючы ў мокрую зямлю.
— Так, так... А як жа, памятаю. Дык яшчэ тады мы з вамі спатыкаліся?
— I тады, і пасля ў студэнцкай сталовай у Пецярбургу на Забалканскім, 20. Тады мы з вамі разам працавалі ў нелегальных арганізацыях моладзі, вучыліся любіць і шанаваць сваю бацькаўшчыну, вучыліся змагацца за яе волю. Праўда, кожны з нас думаў тады аб сваёй бацькаўшчыне. А цяпер вы, афіцэр польскай арміі, заліваеце крывёй нашу бацькаўшчыну, дратуеце салдацкімі ботамі яе цела, агнём знішчаеце яе дабро, а нас сваімі нявольнікамі вывозіце...
Я не магла больш гаварыць і, нервова дрыжучы ўсім целам, адышла ў глыб вагона.
— Дзяўчаткі, ці няма ў каго глыточка вады? — папрасіла.
— Hi капелькі, усё высушылі, — пачуўся адказ.
Пасля таго як адышоў Ваявудскі, я зноў вярнулася да дзвярэй. Праз хвіліну падыходзіць салдат і падае мне бляшаны кубак з вадой. Я падзякавала і прагна прыгубіла яго, але, глытнуўшы раз, здзіўлена адняла кубак ад вуснаў: я пачула смак чыстай сцюдзёнай вады, запраўленай канфітурамі.
— Скуль вы ўзялі гэтую ваду? — пытаю.
— Пан афіцэр вам прыслаў, — паказаў салдат у бок паходнага стала, каля якога сядзеў Ваявудскі.
— Падзякуйце яму, — і выплюнула ўсю ваду ў іх бок.
— Дурная, трэба было выпіць і нам глыток аставіць, — накінуліся на мяне дзяўчаты.
Аднэй ноччу доўга стаяў цягнік на якойсь глухой станцыі. Антось Бялькевіч узяў чайнік і пайшоў шукаць вады. Прынёс ваду і шапнуў, што ўся варта наша, якая размяшчалася пасярод вагона насупраць дзвярэй, спіць як забітая. Я напілася вады і зноў заснула. Скрозь сон чула, што хтосьці пераступае цераз мяне раз-пораз. Раптам бужуся ад крыку:
— Стой! Стой! — і забахалі выстралы з нашага вагона і з суседніх. Спалоханая, я ўскочыла.
— Ляжы, ляжы, Журавінка, не варушыся, — шапнуў Тамаш.
Сэрца цяжкім молатам біла ў грудзі, гатовае разарвацца. Што сталася? Пазней Тамаш мне расказаў, як усё было.
Бялькевіч, заўважыўшы, што варта ўся спіць, хацеў яшчэ на станцыі скрыцца, але пабаяўся, што могуць яго апазнаць
жандары і шпікі, якія там круціліся, і затрымаць, а па-другое, хацеў і бліжэйшых таварышаў нагаварыць да супольнага пабегу. Як толькі крануўся цягнік у далейшую дарогу, Бернік раз-пораз узнімаўся і выглядаў праз вузкае акенца ўверсе вагона. Дачакаўшыся, калі цягнік праходзіў праз лес, Бялькевіч і Бернік ціхенька падышлі да дзвярэй. Бернік коўдрай засланіў дзверы і прапусціў наперад Бялькевіча, а пасля, кінуўшы коўдру, сам саскочыў на хаду цягніка, і абодва кінуліся ў лес. Коўдра ўпала якраз на соннага салдата. Той адразу прачнуўся, пабачыў, як сігануў з вагона хтосьці, і падняў крык. Пачалі страляць, але цягніка не спынілі, і, як пазней мы даведаліся, бегляцы шчасліва дабраліся да Мінска, дзе ўжо была ўлада Саветаў.
— А чаму ты не ўцякаў? — пытаю Тамаша.
— Бачыш, усё магло здарыцца, маглі застрэліць, маглі цягнік астанавіць, кінуцца ў аблаву і злавіць, а я яшчэ хачу змагацца, хачу жыць, я яшчэ патрэбны народу. А па-другое, я не мог цябе пакінуць у небяспецы. Яны маглі табе адпомсціць за мой пабег.
— Чорт бы мяне не ўзяў, не расстралялі б праз гэта, а табе трэба было разам з імі вяртацца ў Мінск.
I першы раз у душу маю закралася сумненне ў адносінах да Тамаша. «Трус, — падумала аб ім. — Яму жыць хочацца, і апраўдвае сваю трусасць тым, што ён народу патрэбны. А там астаўся не народ? А там нашы сілы не патрэбны для адбудовы знішчанага краю? Чаму ж гэтыя двое не пабаяліся за сваё жыццё?» Так горка стала на душы, быццам хто плюнуў туды.
У Баранавічах нас перавялі ў класны вагон. Праз акно вагона ўгледзела я Тарашкевіча ў абмотках і нейкіх апорках на нагах. Паклікала яго і папрасіла прынесці нам чаго паесці, бо ўжо шосты дзень едзем галодныя. Ён прынёс з дзясятак нейкіх піражкоў і яшчэ чагосьці326.
Пад’язджаем да Брэста. Аж да самага Буга палыхаюць пажары, але за Бугам шумяць зялёныя лясы, стаяць цэленькія вёскі, астаюцца цэлымі масты за намі, не чуваць смуроду гарэлага, не відаць нідзе зарава. Мабыць, і польскія паны ведаюць нашу беларускую прымаўку: «Помні, ляша: па Буг — наша!». Наша ўсё палілі, нішчылі, а сваё і палыіам не кранулі.
Бывай здароў, родны краю! Жыві і красуйся ў новым вольным жыцці, лячы свае раны! Мы яшчэ вернемся і ўсе свае сілы аддамо на тваю адбудову!..327.
Ліпень 1958 г.
X.	Варшава — Вронкі328
У дарозе хапае часу не толькі на гутаркі, якія да таго ж сціхлі ад зняможання і голаду, але і на ўспаміны, на роздум аб сваім лёсе, аб тых сцежках-дарожках, па якіх пакацілася маё жыццё.
...Mae дзіцячыя мары-летуценні аб доўгім белым доме для бяздомных старцаў набылі ў 1914 годзе іншыя формы329. Я захапілася марай ужо аб прытулку не для старцаў, а для дзяцейсірот. У маім уяўленні рысаваўся вялікі фруктова-ягадны сад, на даходы з якога можна было б пабудаваць школу-інтэрнат для сірот. У такой школе апрача агульнай адукацыі дзеці маглі б набыць спецыяльнасці садаводаў-агароднікаў, а мо іншага якога майстэрства. На гэту думку навёў мяне часопіс «Садоводство н огородннчество»330. Пры дапамозе гэтага часопіса331 я зрабіла каштарыс на закладку саду ў 10 дзесяцін, на што трэ было мець 5 тысяч рублёў, каб пачаць гэтую справу332. Пакуль сад пачне плоданасіць, я мелася паехаць у Кракаў на садова-агародніцкія і пчалярскія курсы, а скончыўшы іх, самой гаспадарыць і пачаць будову школы-інтэрната.