Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Перадачы, якія нам прыносілі, мы ставілі пад нарамі, бо іншага месца для схову жыўнасці не было. Але з начы то ў аднэй, то ў другой прападала перадача, і мы не адважваліся заяўляць аб гэтым: баяліся Лёдзі315.
Найбліжэйшымі ад мяне суседкамі па нарах былі Лёдзя і Манька, якія занялі месца з краю, ля самага акна. За імі Вера — сялянская жанчына, за Верай было маё логава, а далей ужо ўся маладзёж, пераведзеная з дэфензівы.
Вера — замораная, схуднелая, абарваная жанчына, якая ўжо 11 месяцаў сядзела без допытаў, без следства па абвінавачванні ў забойстве груднога дзіцяці. Яна была адзінокай батрачкай у маёнтку аднаго пана. Калісь прыгожая і здаровая дзяўчына прыглянулася пану і пяць год таму радзіла аднаго сына,
а ў мінулым годзе паявілася другое дзіця. Яшчэ не ачуняла жанчына з родаў, як захварэла на тыфус. Пан загадаў выкінуць хворую з дзецьмі ў пуню. Доўгі час яна ляжала без памяці, а калі дайшла да прытомнасці, нованароджанага людзі ўжо пахавалі, а яе, яшчэ неакрэплую пасля хваробы, пасадзілі ў астрог за дзетазабойства. Што са старшым хлопчыкам, дзе ён цяпер, яна нічога не ведала. Ніхто яе не адведвае, ніхто не прыносіць перадачы, ні разу яе не вызвалі на допыт...
Аднае ночы я міжвольна падслухала ціхую гамонку Лёдзі з Манькай.
— I чаго яна на мяне так пытліва глядзіць? — шэпча Лёдзя. — Вось, здаецца, у самую душу заглядае, здаецца, рукамі за сэрца хватае, рве там нешта, аж млосна робіцца і крычаць ад болю хочацца... А як яна да майго Яначкі падобна! — Памаўчаўшы хвіліну, зноў шэпча: — Асабліва як начную кашульку адзене... Валосікі светлыя, пярсцёначкамі завіваюцца, якраз як у Яначкі...
— Ну і цалуй яе, — з нейкай злосцю агрызнулася Манька, дабавіўшы некалькі непрыстойных слоў.
— Ой, і як бы хацела пацалаваць!.. — уздыхнула Лёдзя.
Аб кім гэта яны гавораць? Сярод усіх нас тут толькі я нанач апранаю начную кашулю і толькі ў мяне кудравыя валасы... Ну, пачакай жа, я ткі запраўды паспрабую дабрацца да тваёй душы!316.
...Лёдзя сядзіць ля акна і скручвае з махоркі папяросу. У гэты дзень мне перадалі тры пачкі добрых папярос «Нора».
— Кіньце, панна Лёдзя, сваю махорку. Закурыце добрую папяросу, — кажу, працягваючы ёй цэлую пачку.
— Што вы? Што вы? — адказвае збянтэжана. — Нашто ж я буду вас крыўдзіць?
— Якая ж гэта крыўда? Падумаеш, дабро якое! Бярыце!
Яна адпячатала пачку, выцягнула адну папяросу, аддаючы назад мне пачку.
— Бярыце ўсе, — кажу, — а як гэтыя выкурыце, дык вось пад маёй падушкай будуць ляжаць яшчэ дзве пачкі, бярыце самі, не пытаючыся, і курыце. Мне, можа, яшчэ перададуць, а калі не хопіць — такой бяды! — вы пачастуеце мяне сваёй махоркай.
Такіх здзіўленых, амаль спалоханых вачэй у яе я не бачыла яшчэ. Неяк сціхла яна, змоўкла, уставіўшы свае шэрыя вочы кудысь удаль і моцна зацягваючыся папяросным дымам.
3 гэтага дня перасталі прападаць з ночы нашы прадукты з-пад нар317. 3 гэтага дня мы больш не чулі брыдкаслоўя ў камеры. А калі Манька часам загне якое слоўца, дык Лёдзя як гыркне на яе, Манька і запнецца.
Аднойчы Шыфра Тунік рылася ў сваім вузялку, шукаючы чагось і нервуючыся пры гэтым.
— Чаго шукаеце? — пытаю. — Прапала што?
— Панчохі, апошняя пара панчох, — шапнула Шыфра, каб Лёдзя не чула.
Але Лёдзя заўважыла гэта і, падышоўшы да мяне, пытае:
— Што там такое? Чаго яна шукае?
— Ат, нічога... — адказваю. — Сама недзе засунула панчохі і не можа знайсці.
Лёдзя зараз жа выйшла з камеры (яна працавала на кухні і мела права свабодна заходзіць у кожную камеру). Праз хвіліну мы пачулі крыкі і енкі з апошняй у калідоры камеры, дзе знаходзіліся выключна крыміналісткі, і зараз жа пасля гэтага вярнулася Лёдзя і падала Шыфры пару панчох.
— Гэта вашы?
— Mae. Дзякую вам, — спалоханым голасам адказала Шыфра.
Усе надзівіцца не маглі з такой перамены ў Лёдзі, не ведалі, чым гэта вытлумачыць. Я здагадвалася, але маўчала.
Улучыўшы часіну, калі ўсе з камеры выйшла на прагулку, а толькі адна Лёдзя засталася, я падсела да яе.
— Панна Лёдзя, вы так добра гаворыце і на польскай, і на рускай, і на беларускай мовах, што я ніяк не магу здагадацца, якой вы нацыянальнасці. Скуль вы родам? Дзе ваша бацькаўшчына?
— Па нацыянальнасці я полька з-пад Любліна.
— Вы ў горадзе радзіліся і гадаваліся ці на вёсцы?
— Радзілася я ў вёсцы. У бацькоў было два моргі зямлі і дзявяцера дзяцей. Пракарміць такую сям’ю было цяжка. Дома нэндза, голад... Мне было 14 гадоў, калі я пайшла з дома ў горад шукаць сабе працы, каб самой пражыць і сям’і дапамагчы...
— Ну, і як далей склалася ваша жыццё? Раскажыце мне аб сабе, панна Лёдзя.
Крыху памаўчала яна, гледзячы ў адзін пункт на сцяне, пасля рашуча трахнула галавой, глыбока зацягнулася папяросай і пачала апавядаць.
— Трапіла я на службу да аднаго фабрыканта. I на кухні працавала, і ў пакоях прыбірала, і бялізну мыла, словам, з ранку да позняй ночы аддухі не мела. А тут і сам гаспадар, і яго сынпадростак пачалі прыставаць ка мне, спакою не давалі. Я пажалілася гаспадыні, яна мяне злаяла: «Што ты за паненка такая, што пагарджаеш маім сынам? Іншая за гонар сабе мела б. А ён хай лепш дома мае ўцеху, чымся бадзяцца чорт ведае з кім. Тутто я ведаю, што ты здаровая дзеўка. Але ты, мабыць, меціш на старшага пана, на мужа майго. Глядзі, сцерва, калі што заўважу, дык вочы табе выдзеру!» Ну, і пачалося пекла, а не жыццё. Днём натружуся, што ні ног, ні рук не чую, а ноччу і вачэй сплюшчыць нельга — бараніцца трэба то ад аднаго, то ад другога. Надаела мне такое жыццё, што хоць у рэчку кідайся! Пазнаёмілася неяк з Яначкам-разбойнічкам, пакахалі адно другога і пайшлі разам зганяць сон з сытых вачэй і дражніць нюх гончых сабак. Падабралася добрая кампанія, і пачалі раз’язджаць па розных гарадах і падчышчаць дзе што дрэнна схавана. Мокрай справай мы не займаліся і бедных людзей не чапалі, толькі багатых. А ў багатага што? Сваімі рукамі, сваім потам ён дабро нажываў? Другія на яго працавалі. Такое гэта яго дабро, як і маё.
— А што з Яначкам? Дзе ён цяпер?
— У цэнтральнай турме. Уся наша кампанія прыехала сюды ў Мінск з Вільні. Некалькі месяцаў мы тут добра папрацавалі, але буйная работа кончылася, не было ўжо тут чаго рабіць, і ўсе сабраліся ў Полацк, але Яначка нагледзеў адну работу і захацеў застацца. Як сэрца маё чула... Колькі я ні ўгаворвала яго: «Паедзем разам з усімі, не аставайся адзін!» — не паслухаў... А цяпер 9 месяцаўужо, як бразгае, бедненькі, кайданамі на руках і нагах...
— Як жа ён папаўся? I чаму аж у кайданы яго закавалі?
— Папаўся па сваёй глупасці: двух кабаноў адкормленых выводзіўз хлява, ну і... злавілі. Цяпер яму прыпісваюць аж 44 справы. Таму і закавалі... Ну, а вас за што пасадзілі?
— Мы, панна Лёдзя, таксама «зганяем сон з сытых вачэй», як вы кажаце, але іншымі спосабамі.
I пачала ёй гаварыць аб сацыяльнай няроўнасці, аб несправядлівасці і эксплуатацыі працоўных з боку памешчыкаў і капіталістаў — гэта яна і на ўласнай скуры адчула, — аб рэвалюцыйнай барацьбе з прыгнятальнікамі працоўнага люду. Гаварыла, як умела, а яна пільна слухала.
— Эх, панна Лёдзя! — закончыла я. — Каб вы былі ў нашых радах, каб разам з намі ішлі па аднэй дарожцы, колькі добрага вы маглі б зрабіць! 3 вашым характарам, смеласцю і адвагай, з вашай энергіяй, прыродным розумам як бы карысны былі ў рэвалюцыйнай дзейнасці!
Змоўклі на хвіліну.
— А вашы бацькі, панна Лёдзя, ведаюць, па якой дарозе ў жыцці вы пайшлі?
Сарвалася, быццам гарачым жалезам яе прыпяклі.
— Вы мне аб бацьках не ўспамінайце! — з нейкім надрывам крыкнула і выскачыла з камеры.
Да позняй ночы Лёдзя не паяўлялася ў камеры. Толькі як усе ўжо ўлягліся спаць, яна ціхенька ўвайшла, лягла на сваё месца, а праз хвіліну я пачула ціхі плач. Плач штораз усільваўся, перайшоў у галоснае рыданне і закончыўся нервовым прыступам. Усе паўскаквалі, пазвалі назірацельку, папрасілі валяр’янкі, але калі я падышла да яе і, абняўшы, пагладзіла па валасах яе і пацалавала, яна так моцна закрычала, што я, спалоханая, адышлася і баялася паказвацца ёй на вочы. Усю ноч я не магла заснуць, балела душа, што я так растрывожыла яе рану, што нічым не магу дапамагчы ёй, не магу вырваць яе з ціны, у якую яна заблыталася.
На раніцу мяне выклікалі ў дэфензіву на допыт. Трое сутак мяне там трымалі. Справу вёў палкоўнік Л ітоўскі, якога спецыяльна вызвалі дзеля гэтага з Варшавы.
— Прашу, азнаёмцеся, — кажа палкоўнік, працягваючы мне першамайскую адозву, напісаную рукой Тамаша і адціснутую на гектаграфе.
— А я з гэтым ужо знаёма, — адказала, не спрабуючы ў рукі ўзяць лістоўку.
— Дзе вы яе чыталі? Хто яе вам даў? Хто пісаў?
— Чытала дома, бо вы ж пры вобыску забралі ў нас гэту паперку. А хто даў?.. На вуліцы ў скверы знайшла. Хто пісаў, не ведаю.
— А гэта не муж ваш пісаў?
— Вы ў яго і пытайце аб гэтым.
— Вось тут сказана: «Вон польскіх паноў! Вон акупантаў!» Значыцца, вы хочаце, каб бальшавікі сюды прыйшлі?
— Ці мала чаго мы хочам? Вось цяпер, напрыклад, я хачу папяросу закурыць, — дастала пры гэтым папяросу і закурыла, — і гэта будзеце ў пратакол пісаць?
— Вы напрасна жартуеце, — нахмурыўшыся, кажа палкоўнік. — Мы прыйшлі ў Беларусь, каб вас ад бальшавікоў абараніць, а вы...
— А хто вас прасіў бараніць нас? Хто вас зваў сюды? Самі справімся з тымі, каго лічым ворагам нашага народа. Як пасцелем, так мы і выспімся318.
— Ну, на гэту тэму, як я бачу, не варта з вамі дыскутаваць.
— I я так думаю.
— Калі вы апошні раз бачылі Антона Тышкевіча?
— He ведаю такога.
— Але ён вас ведае.
— Магчыма. Шмат хто мяне ведае па тэатральнай сцэне, на якой я не раз выступала, але ўсёй публікі ў тэатральнай зале я не магу ведаць.
— Ну, гэта мы яшчэ пабачым!
Другі раз мяне вызвалі на вочную стаўку з Тышкевічам. Схуднелы, зарослы рыжым шчаціннем на твары, з запалымі вачыма, бледны... Я ледзь пазнала яго, але на пытанне, ці я яго ведаю, адказала, што першы раз бачу гэтага чалавека. Тышкевіч не толькі прызнаў мяне, але падрабязна расказаў, як я ўвайшла
ў пакой, дзе адбывалася нарада ў нашай кватэры, папрасіла разысціся, а яго правяла праз кухню і г. д.
— Гэта выдумка вашага правакатара, — заявіла я. — Ён ніколі ў нашай кватэры не быў.
Калі праз тры дні мяне зноў прывялі ў нашу камеру, то ўсе мае сяброўкі з такой радасцю мяне прывіталі, што аж я пакрыўдзілася.