Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
нашых ворагаў. Забыты ўсімі, знайшоў сабе месца вечнага спачынку сярод бязвесных, бяздомных...
He было ў мяне сродкаў, каб заказаць якійсьці знак з больш трывалым надпісам. Дабыла ў вартаўніка лепшую дошчачку, фарбы, надпісала больш выразна і прымацавала на магіле, спадзеючыся, што ўдасца з дапамогай сяброў-беларусаў сабраць сродкі хоць на якую каменную пліту з высечаным надпісам. Аднак дарэмныя былі мае патугі: беларускія эмігранты ў Лодзі абыякава аднесліся да гэтай справы, а тут новыя падзеі не дазволілі мне да канца давесці сваю задуму.
Цяжкае ўражанне рабіў канцлагер Домбе. Вялізная тэрыторыя, абнесеная высокім з бярвення плотам, зверху плот ачэплены ў некалькі радоў калючым дротам. За гэтым частаколам відаць параскіданыя драўляныя баракі. Падыходзячы да гэтага частаколу, ужо напаткаеш групы зняволеных, якіх гоняць пад канвоем на работу. У летніх абарваных вопратках, амаль босыя, з пасінелымі ад холаду, зарослымі шчаціннем тварамі, дрыжучы ўсім целам, яны паволі праходзяць, падбіраючы на снезе марожаную бульбу, бурак ці бручку, і тут жа грызуць іх сырымі і мёрзлымі. Убачыўшы жанчыну з кошыкам, яны працягваюць рукі і просяць хоць скарыначку хлеба. Перадаць ім што-небудзь нельга: салдаты забараняюйь да іх падыходзіць. Жанчыны здалёк кідаюць ім кавалак хлеба, драбок цукру ці які блінок. Яны на ляту іх ловяць прагнымі рукамі або па некалькі чалавек кідаюцца за адным кавалкам, што падаў на зямлю. 3 адным з іх, які быў воддаль ад канвою, мне ўдалося пагаварыць хвіліну. Гэта быў польскі інжынер, малады яшчэ, а зусім бяззубы. У яго былі залатыя каронкі на зубах, і ў лагеры яму павыбівалі ўсе залатыя зубы.
Па другі бок частаколу то там, то сям пабачыш прыціснуты паміж бярвення худы, бледны твар і працягнутую руку: «Хлеба, скарыначку хлеба», — шэпчуць ссінелыя вусны.
У першы прыезд з перадачай я заўважыла, што можна нелегальна пабачыцца з тым вязнем, да якога ты прыехала. Трэба толькі знайсці выпадковага спадарожніка і, нібыта гаворачы
з ім, голасна назваць прозвішча. За калючым дротам паблізу частаколу заўсёды чакаюць «дзяжурныя» з розных баракаў. Пачуўшы прозвішча, умомант даюць знаць сабрату па няволі аб тым, што да яго хтосьці прыехаў, і неўзабаве той набліжаецца да агароджы. Тады ідзеш уздоўж частаколу, выбіраючы зручнае месца, і можаш пару хвілін пагутарыць. He заўсёды ўдаецца схавацца ад пільнага вока жаўнера. Тады ўваходзіш з ім у перагаворы, сунуўшы ў лапу зялёную паперку. Аднак здараліся і такія стражы парадку, якія адмаўляліся ад хабару і дазвалялі пагутарыць, пільнуючы, каб не наткнуўся які афіцэр. Пры такой небяспецы падавалася кароткая перасцярога.
Такім чынам і мне ўдавалася амаль кожны раз пагутарыць з мужам, а два разы дабілася легальнага спаткання ў канцылярыі ў прысутнасці афіцэра.
У лагеры былі магазіны, у якіх маглі і вязні тое-сёе купіць з прадуктаў, калі хто меў грошы. Але калі хто з іх і меў якую капейку, то яе адбіралі і выдавалі толькі ў выпадку вызвалення з лагера. Як жа ўмудрыцца перадаць грошы, каб не заўважыў афіцэр, які вока не зводзіў з нас? Я купіла дзве аднолькавыя пачкі лепшых папярос. 3 адной выняла тры папяросіны, а пад ніз, на дно, паклала грашовую паперку. Другая пачка ўдругой кішэні ляжала нераскрытая. У часе спаткання ў канцылярыі я адпячатала яе, пачаставала папяросай афіцэра, мужа, сама закурыла і зноў схавала ў тую кішэню. А на развітанні, нібы ўспомніўшы, вымаю з другой кішэні такую ж пачку і аддаю мужу: «Бяры гэтыя папяросы, я заўсёды магу сабе купіць, а табе тут не так лёгка іх дастаць». Афіцэр жа бачыў, што я перад яго вачыма адпячатала свежую пачку, і не стаў правяраць яе.
У наступны раз мне ўдалося перадаць нават літр спірту. Трымала я гэтую бутэльку пад сваёй світкай, прыціснуўшы рукой. Да самага канца спаткання не ўдавалася яе непрыкметна перадаць.
— Знімі паліто і накінь яго сабе на плечы, — шапнула.
— Нашто? — здзіўлена пытае.
— Ну! — і вачыма загадала.
Паслухаў. Ужо развіталіся. Ужо адышоў пару крокаў. Я аклікаю яго і кідаюся яму на шыі на апошняе развітанне.
— Захіні мяне палой. Трымай гэта пад пахай, — шапчу, сунуўшы яму бутэльку пад паху.
Гатова! Ён памчаўся да свайго барака, несучы таварышам сугрэвак358.
Цяжкі, странны рэжым быў у гэтым канцлагеры. Уся сістэма была накіравана на фізічнае і маральнае знявечанне чалавека. «Дантавым пеклам» называлі зняволеныя гэты лагер. Але найгорш было жанчынам. Позна ўвечары або сярод ночы паяўляліся ў жаночым бараку п’яныя афіцэры са стэкамі ў руках. Ударамі стэкаў падымалі з нар жанчын, загадвалі распранацца данага, білі непаслухмяных, а пасля агляду выбіралі ахвяру сваёй разбэшчанасці і валаклі няшчасную ў спецыяльна адгароджаны закутак. Крыкі, енкі катаваных жанчын разлягаліся па ўсім лагеры. Датуль былі такія нялюдскія здзекі, пакуль мужчыны-вязні не ўзнялі бунт пратэсту. Страшэнныя рэчы там тварыліся!
У Домбе аказалася і Бася Басінская, але яна нядрэнна ўжо сябе адчувала там: не вытрывала дзяўчына і скацілася ў балота, дабрахоць пайшла на паслугі афіцэрам і салдатам.
Аднаго разу па дарозе з Домбе ў вагоне пачала ў мяне складацца песня на матыў адной рускай рэвалюцыйнай песні. Вярнуўшыся ў Лодзь, я зараз жа яе запісала.
Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай, Пры зборы ўсіх нас тут ў бяседзе такой — Успомнім мы, брацця, аб долі няроўнай Ўсіх тых, што церпяць за край родны свой.
3 гарачай душою ўсе лепшыя сілы, Што выйшлі з рабоча-сялянскай сям’і, Адных ужо крыюць курганы-магілы, Другія ў пакутах за кратай турмы.
У Познань і Кракаў, ў далёку чужыну Сасланы ў няволю як быццам навек. Бацькоў старых кінуў і мілу дзяўчыну, А сам церпіць голад, і холад, і здзек.
I тварам збялелым прынікшы да краты, Шукае ён зоркі на небе глухім, Каб думкі занесла да роднае хаты, Каб кліч перадала сабраццям сваім:
«Змагайся, мой браце, з тыранам народа, 3 наезнікам панскім, змагайцесь, браты!
Змагайцесь за лепшую долю ў свабоду, Са сцягам свабоды наперад, сябры!»
Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай, Пры зборы ўсіх нас тут прысягу даём: He зломяць нас буры у бітве няроўнай, За здзек нашых браццяў мы помсту нясём!359.
У канцы 1920 года прыехала да мяне ў Лодзь Стэфа Кот, вызваленая з Вронак. Апрача мяне, ёй не было да каго прыхінуцца. А тут неўзабаве вярнуўся і Тамаш. Цяжка было пражыць утраіх, але што ж ты зробіш — неяк жа гаравалі. Тамаша абавязалі рэгістравацца кожны тыдзень у жандармерыі, але ён не з’яўляўся туды, сядзеў дома, не паказваючыся людзям на вочы. Трэ было думаць, як нам выбрацца з Лодзі. Без «дакумента падарожы» (пропуска) нельга было выбрацца з горада ні па чыгунцы, ні па шасэйнай дарозе: на кожным кроку праверка. А якая ўстанова дасць нам, выгнанцам, гэты дакумент падарожы? Параілі, што дакумент можна раздабыць праз беларускую вайсковую камісію, эвакуіраваную ў Лодзь, і Мальвінку, якая там працавала сакратаром-машыністкай. Я пачала заходзіць да яе на службу... У яе руках былі штамп, розныя бланкі, у тым ліку і бланкі «дакументаў падарожы». Так з дапамогай Мальвінкі зрабіла Тамашу і сабе такія дакументы, згодна з якімі мы накіроўваліся ў Вільню. Ужо збіраліся даць цягу, як з’явіўся да нас муж Стэфы — камуніст Марк Кот, які ўцёк з канцлагера ў Домбе. Прыйшлося нам затрымацца з выездам і спешна рыхтаваць яму такі ж дакумент. Гаспадар мой, у якога я займала пакой, быў чалавек баязлівы, пачаў пратэставаць, што я наняла пакой толькі для сябе, а цяпер тут жывуць аж чацвёра, і ён не
ведае, хто яны такія. Марк Кот са Стэфай хутка выехалі, а мы з Тамашом перабраліся ў захалусную гасцініцу, дзе можна было нейкі час пражыць без прапіскі. Я таксама нікуды ўжо на людзі не паказвалася, а Мальвіна пусціла чуткі, што я ўжо выехала ў невядомым напрамку.
Назначылі дзень ад’езду. Тамаш, згодна з дакументамі, пераапрануўся ў форму польскага афіцэра, пастрыгся, пагаліўся, пакінуўшы пад носам модныя вусікі, начапіў акуляры, так што і знаёмым цяжка было б яго пазнаць. Я не мела магчымасці змяніць свой знешні выгляд і апрануцца моднай паняй, таму рашылі, што я выеду праз дзень пасля ад’езду Тамаша з Міхалевічам, які меўся суправаджаць яго да Вільні. У 4 гадзіны раніцы я іх адправіла і, не распранаючыся, прылягла адпачыць.
Прачнулася ад моцнага стуку ў дзверы. Бомбай уварвалася Мальвіна.
— Ты яшчэ тут? — моцна ўсхвалявана зашаптала. — Хутчэй збірай свае клункі і вымятайся адсюль! У БВК360 рэвізія. Шукаюць цябе. На вакзале ў Варшаве апазналі нейкага Кота, які ўцёк з турмы, пры ім знайшлі дакументы, выданыя БВК на чужое прозвішча. У БВК сказалі, што ты тут круцілася і што гэта, мабыць, твая работа з дакументамі. Добра яшчэ, што мне ўдалося вымкнуцца, каб упэўніцца, што цябе няма тут, а ты сабе спакойна спіш. Зараз могуць сюды прыйсці па цябе.
Доўга збірацца мне не прыйшлося. Рукзак і сумка былі спакаваны і стаялі напагатове, заставалася толькі абуцца. Паспешліва развітаўшыся з Мальвінай, я бегма пусцілася на вакзал. Было ўжо 10 гадзін раніцы. Да адыходу цягніка на Варшаву заставалася дзве гадзіны. Дзе затуліцца, каб мяне не пазналі? Знайшла непадалёк ад касы куток, села тварам да сцяны, завязаўшы сваю чырвоную хусту пад бараду, і ўткнула галаву ў рукавы, быццам сплю.
Па дакуменце падарожы БВК білеты выдавалі ў вагоны 2-га класа. Гэта для мяне не надта было выгадна, бо мая вопратка не адпавядала жонцы афіцэра і ўсёй публіцы 2-га класа. Атрымаўшы білет, я памкнулася ў вагон 3-га класа, аднак праваднік, паглядзеўшы на білет, не пусціў мяне туды.
Хоцькі-нехацькі трэба ісці ў свой вагон, адзначаны на білеце. У гэтым вагоне непадалёк ад мяне сядзела аж пяць афіцэраў. Яны адразу звярнулі на мяне ўвагу. Часта паглядалі на мяне і перашэптваліся. Твар аднаго з іх выдаўся мне знаёмым. Пачала прыпамінаць, дзе я магла яго бачыць, і ўспомніла: на двары дэфензівы, што на Маршалкоўскай, калі нас толькі што прывезлі з палаючага Мінска ў Варшаву. Няўжо пазнаў мяне? А можа, ён толькі што быў у БВК на праверцы дакументаў-падарожаў ў звязку з арыштам Кота і Стэфы?361.
Афіцэрам вельмі хацелася пакурыць. На кожнай станцыі выбягалі шукаць папярос, але іх нідзе не было. У мяне ў кішэні заўсёды была пачка добрых папярос. 3 практыкі ведала, што самага лютага звера можна крыху ўлагодзіць, ветліва пачаставаўшы добрай папяросай. Я дастала з кішэні і запрапанавала ім цэлую пачку, паказаўшы, што гэта ў мяне не апошняя. Аднак яны адмовіліся ўзяць хоць бы па адной папяросіне. Эге, справа дрэнь, калі так! Значыцца, маюць на мяне дрэннае вока.