• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

    Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 612с.
    Мінск 2018
    123.36 МБ
    — Апусці руку, — шэпча Тамаш, — сядзі спакойна.
    Праз гадзіну зноў іду да Мілоша.
    — Пане паручніку, калі вы не дазволіце, то я і так пайду, бо не магу больш трываць.
    — He магу дазволіць, а жаўнер вас не выпусціць.
    — Але ж зразумейце, — кажу, — што калі чалавек знерваваны, то не адказвае за змены, якія заходзяць у яго арганізме, рэзультатам чаго з’яўляюцца гвалтоўныя фізіялагічныя патрэбы. Я мушу пайсці.
    (Дарэчы, зусім не адчувала гэтай патрэбы.)
    — А я апошні раз вам кажу, што не пойдзеце!
    Прапала ўсё... Яшчэ адна гадзіна страшэннай мукі. А гадзіне 11-й грук калёс, галасы за дзвярыма, адзін якісь пісклявы голас. Пэўна, якаясь дзяўчына для вобыску. Уваччу сцямнела, у галаве невыносны шум, звон... Каб толькі не абамлець...
    — Супакойся, Журавінка, чуеш? Супакойся!269.
    Збіраю ўсе сілы, каб не заўважылі непакою. У апошні момант бліснула думка: не дамся абшукваць сябе!.. Так, нізашто не дамся. Хай заб’юць... Усё роўна... Хіба з жыццём разам возьмуць. Толькі з майго трупа дабудуць. Жыццём заплачу за сваю памылку...
    Уваходзіць Красуцкі. А дзе ж баба? Няма! А пісклявыя галасы — гэта польскіх скаўтаў, дзяцей, якіх прывезлі для вобыску.
    — Chodz-no, ptaszka, chodz-no pan tu. Tos ty taki ptaszek?270 — вядзе Красуцкі Тамаша ў кабінет.
    Зробленая пастанова і пачутая знявага вярнулі мне сілы і энергію. Праз зачыненыя дзверы з кабінета даносіцца крык Красуцкага:
    — Тут знаходзіцца штаб паўстанчай арганізацыі!
    Пачалося існае пекла... Там крык, зняважлівая лаянка271, а па ўсёй кватэры — вобыск. Ляцяць зрываныя са сцен школьныя карціны, б’юцца вобземлю, вытрасаюцца сеннікі і падушкі, бялізна, швыраюцца на зямлю кніжкі. Адзін штыком абстуквае сцены, другі абцасамі лупіць па паркету, і ўсё з лаянкай «псы беларускія», «свінні беларускія»...
    Мілош дакладвае Красуцкаму аб маёй «патрэбе».
    — Ёсць тут дзе адкрыты пляц? — пытае Красуцкі.
    — Ёсць, — адказваюць жандары, — Траецкая гара.
    — Вывесці яе туды!
    — Нашто ж туды, калі ў маёй кватэры ёсць патрэбныя выгоды? — кажу Красуцкаму.
    — Марш на пляц!
    Адзін салдат і падафіцэр выводзяць мяне на Троіцкі пляц.
    — Дык хоць адвярніцеся ж вы, — кажу праважатым. Выкінуць паперы нельга — падбяруць. А калі падышла да іх, падафіцэр загадвае салдату:
    — Ідзі, пан, паглядзі, ці няма там паперы.
    — Капайцеся сабе для сваёй прыемнасці, але я паперай не снедаю і не абедаю, — кажу з насмешкай272.
    Вярнуўшыся, прайшла проста ў кабінет, дзе прадаўжаўся допыт з грубай лаянкай.
    — Колькі ў вас грошай ёсць? — пытае Красуцкі.
    — У шуфлядзе — драбніца. Гэта нашы асабістыя грошы, — адказваю, — а ў партфельчыку 14 тысяч — грамадскія грошы. Я з’яўляюся скарбнікам секцыі дапамогі бяднейшаму насельніцтву. Там жа ёсць і дакумент, які сведчыць, колькі я з Беларускага нацыянальнага камітэта273 атрымала на выплату беспрацоўным.
    — Гэта ўсе грошы, што ў вас ёсць?
    — Усе, — адказвае Тамаш.
    — Тум, няпраўда. Ты забыўся, што ў шафе ляжаць яшчэ, — кажу, будучы ўпэўнена, што знойдуць там, і тады горш будзе, што ўтойваем.
    — Шукаць там! — крыкнуў шэф.
    — А, пся маць ваша! Бальшавіцкія грошы хаваюць!274 — крыкнуў жандар, выцягваючы з шафы навюсенькія з хрустам мікалаеўскія пяцісоткі.
    — Кажы, сабака, ад бальшавікоў атрымаў? — крычыць Красуцкі, прыставіўшы да грудзей Тамаша рэвальвер.
    — Гэта грошы маёй жонкі, — глуха адказвае Тамаш.
    — Скуль яны ў вас? — ужо да мяне звяртаецца.
    — Мой пасаг. На Вялікдзень мы ездзілі да маіх бацькоў, і яны далі мне ў пасаг275.
    — Колькі іх тут?
    — 8 тысяч.
    Пералічылі. Усяго 8 пяцісоценных білетаў.
    — Шукаць яшчэ!
    — Больш няма, — кажу.
    — Як гэта няма? Тут толькі 4 тысячы.
    «Усыпалася!» — падумала я. Заварушыла мазгамі, як выкруціцца. Справа ў тым, што гэтыя царскія грошы запраўды былі перададзены нам ад бальшавікоў на арганізацыю падпольнай работы. Каб дома іх не трымаць, а ўсяго, здаецца, было 70 тысяч, я іх запакавала і аднесла на схоў ксяндзу Абрантовічу, сказаўшы, што толькі я буду прыходзіць і браць іх часткамі або па маім даручэнні ён можа іх выдаць. Кс. Абрантовіч, рэч вядомая, здагадваўся і аб паходжанні гэтых грошай, і аб іх назначэнні, але нічога не пытаўся і згадзіўся ў сябе перахоўваць. Якраз за некалькі дзён перад гэтым нашэсцем я схадзіла да Абрантовіча і ўзяла з усёй пачкі 10 пяцісотак. Дзве з іх пайшлі ў ход, a 8 засталося276.
    — Правільна, — кажу Красуцкаму, — 4 тысячы, лічачы царскімі грашыма, а на чорным рынку абменьваюць кожную пяцісотку на адну тысячу польскімі грашыма. Дык я лічу іх у цане польскіх грошай, за 8 пяцісотак — 8 тысяч марак.
    Фу-у-у!.. Здаецца, паверылі!..
    Пераглядаючы нашу бібліятэку, Красуцкі звярнуў увагу на камуністычную літаратуру.
    — Нашто трымаеце ў сябе балыпавіцкія кніжкі? Дзеля прапаганды?
    — Я журналіст, публіцыст, а таму мушу знаёміцца з літаратурай розных палітычных напрамкаў. У маёй бібліятэцы ёсць і польскія, і балыпавіцкія брашуры па адным экзэмпляры, усе яны пранумараваны, падпісаны. Я не скрываў іх.
    — А ўсё ж такі вы адзін з членаў паўстанчага камітэта, — кажа Красуцкі. — Апрача вас яшчэ некалькі беларусаў уваходзяць у гэты камітэт, магу нават назваць іх прозвішчы.
    — Я не цікавы, — адказвае Тамаш.
    Праз увесь час гутаркі, у часе якой Красуцкі стараўся нас запужаць, злавіць на слове, ён пільна сачыў за намі, ці не вычытае
    ў вачах сполаху, разгубленасці, але, апрача іроніі, нічога не мог вычытаць з нашых вачэй.
    Пасля подпісу пратакола вобыску, дзе ўпаміналася сума забраных грошай, брашур, адозваў і іншага, Красуцкі, узяўшы пад казырок, абвясціў, што мы арыштаваны, і, загадаўшы жандарам падняць падлогу, выехаў. 3 намі застаўся Мілош. Вобыск не спыняўся.
    — Дзе ў вас складзік? — пытае адзін смаркач-скаўт.
    — Ніякага складзіка няма, — адказваю.
    — Як гэта? Каб пры такой кватэры ды склада не было? Дзе ж вы трымаеце прадукты?
    — А скуль іх узяць, гэтых прадуктаў? Бульба вось у гэтай скрынцы, а рэшта — на паліцы277.
    — Ну, адзявайцеся, пара ўжо ісці, — азваўся Мілош. — Антэк! Зрабіце асабістую рэвізію ў гэтага пана, а ў вас, — звярнуўся да мяне, — будзе зроблена на месцы.
    Цяпер трэба думаць, як выцягнуць з-за пазухі лісткі і неўзаметку знішчыць іх.
    — Дазвольце, — кажу — мне са школьным сторажам пабачыцца трэба, перадаць яму ключы ад школы, даць загад на час майго арышту.
    Прывялі Антона Мазуркевіча. Бедны старык! Бедны, трасецца з перапуду, як асінавы ліст...
    — Ну, вось, братка Антон, я арыштавана... Напужалі там, пэўна, жонку хворую і дзяцей... Кланяйся ад мяне ўсім настаўніцам і школьніцам... Мо каліівярнуся... Прывядзітутусё ў парадак і дапільнуй кватэры... Хай настаўніцы выберуць паміж сябе загадчыцу школы начас маёй адсутнасці...
    Антон маўчаў. Толькі буйныя слёзы каціліся па пасівелых вусах і барадзе. Я гаварыць больш не магла.
    — Хутчэй, хутчэй! — паганялі нас.
    Паверх чырвонай сукенкі накінула шэрую світку, на галаву чырвоную хустачку і пачала збірацца ў дарогу. Трэба падушку ўзяць, ручнік, хлеба...
    — Пан, — шэпча Антон, — салдат сала забраў. Сцягнуў з паліцы, пад палу і пайшоў.
    — Дзе мая люлька? — пытае Тамаш.
    — А мой партфельчык?
    — Муку таксама забралі, — зноў дакладае Антон, — а скаўт ложак выносіць...278.
    Бегаючы ў пошуках патрэбных рэчаў з аднаго пакоя ў другі, мне ўдалося выцягнуць з-за пазухі інструкцыю ТПК і сунуць у кішэню світкі. Свечкі ўсе ўжо дагарэлі. Толькі адна блішчэла ў сталовай. Выкінуць лісткі ў цёмным пакоі на рассыпаныя паперы і кнігі пабаялася, каб не падгледзелі і не падабралі, тым больш што за мной па пятах хадзілі. У кухні Антон. Там цёмна. Я — туды. Выцягнула з кішэні ды ў руку Антону. Зразумеў. Сціснуў у кулак жмут паперак і ў сваю кішэню. Раптам зварухнулася штосьці ў кутку. Хтосьці там асцярожна кашлянуў. Жандар!.. Акамянела на месцы. Услед за мной прыйшлі са свечкай. Я не магу воч адарваць ад жандара ўкутку. Ну, хутчэйжадакладвай афіцэру! Маўчыць! Ціне бачыў, ці губіць нас з Антонам не хоча...279.
    Ужо накіроўваючыся да дзвярэй, сунула руку ў кішэнь, і сэрца зноў замёрла: з поспеху не ўсе лісткі сунула ў руку Антону, добрая палова засталася ў маёй кішэні. Ужо дзверы адчынілі280 і выводзяць нас!
    — Антон! — крыкнула, раптоўна затрымаўшыся. — Зачыніце акно ў апошнім пакоі!
    — Добра, панечка! — і шлэп-шлэп, бегма кінуўся Антон. Я нырнула пад руку Мілоша і ўздагон за Антонам.
    — Куды вы? Ён сам зачыніць! — крычыць Мілош.
    He слухаючы яго, імкнуся за Антонам.
    А ён аднэй рукой зачыняе акно, а другую працягнуў ззаду, раскрыўшы далонь, і ўмомант скамячыў апошнія лісткі, якія я сунула яму. Пакуль запалілі загашаную ўжо было свечку, я ўжо спакойным крокам спаткала жандараў у сталовай281.
    — He павышайце голасу, пане паручніку. Вам не будзе балець галава, калі апошнія дабыткі ў мяне парасцягваюць. Я сама мушу дагледзець, каб усё пазачынялі.
    Выйшлі ўжо на вуліцу. А што, калі здагадаюцца і Антона абшукаюць? Загубіла бязвіннага чалавека, бацьку дзяцей... Кроў застыла ад гэтай думкі.
    — Усе тут? Нікога там не засталося? Варта знята? — пытае Мілош жандараў.
    — Усе. Там нікога ўжо няма, — чуецца адказ.
    — Наперад марш!282.
    Камень зваліўся з сэрца.
    — Тум, у мяне ўжо нічога няма, — ціхенька шапчу.
    Ён моўчкі паціснуў маю руку283.
    Астрог мінулі. Дык куды ж нас вядуць? Ага, Серпухаўская, 5, 6-ы пастарунак дэфензівы IV арміі. Затрымаліся хвіліну ў пярэднім пакойчыку. Двое дзвярэй — насупраць і направа — расчынены, відаць там бруд, безлад, на падлозе параскладаліся да сну жандары і скаўты, адны ўжо спяць, іншыя толькі мосцяцца да сну. Соп, храп, смурод, брудныя гутаркі, густа перамешаныя з яшчэ бруднейшай лаянкай284.
    На кліч Мілоша выскачылі некалькі заспаных, расхлястаных маладых жандараў.
    — Паклічце Каську, — загадвае Мілош.
    Кліч сабе, дурню, хоць дзясятак Касек, — думаю, — я ўжо толькі смяюся з вас.
    — Каську мы паслалі на рэвізію, пане паручніку, — мэльдуе самаварам адзін з іх.
    — Ну, дык збегай па Марысю, каб зараз жа сюды прыйшла.
    — Яна ўчора выехала ў Вільню.
    — Вось табе і раз... — заклапаціўся пан паручнік. — Няўжо няма ніводнай нашай кабеціны?
    — Пане паручніку, — падскочыў адзін смаркач, — я з ахвотай замяню Каську і Марыську, — і лыпнуў агідлівымі вачыма ў мой бок.
    Паручнік сярдзіта глянуў на яго285.