Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Часта за абедам бацькі пыталіся, якія яна ацэнкі атрымала за гэты дзень у гімназіі. Амаль заўсёды адказ быў аднолькавы — двойка.
— Ну, а Польця?
Я маўчу. За мяне адказвае Марыля:
— Ну, што Польця? Вядома, пяцёрка.
Аднойчы ў адсутнасць Марылі заходзіць на гару пакаёўка і, смеючыся, расказвае:
— Сягоння пытаю я ў пані: «Часта нашы паненкі кажуць, што атрымалі нейкую двойку, пяцёрку. Што гэта знача?» — «А гэта знача, калі хто добра вучыцца, дык ставяць ім у дзённіку 5, а хто дрэнна вучыцца, — 2». — «Дыкняўжо наша паненкадрэнна вучыцца? Чаму гэта?» — «Дурніца ты, — адказвае пані, — нічога ты не разумееш. У нас усе — і дзяды, і прадзеды, і мы, бацькі, вучоныя, дык нашай Марылі нічога гэта ўжо не цікавіць,
а ў Польці ўсе цёмныя мужыкі, бедныя, дык для яе ўсе навукі новыя, яна цікавіцца імі і стараецца добра вучыцца». Пані думае, — заканчвае пакаёўка, — што я ўжо такая дурная, што нічога не разумею. Калі нашай паненцы ўсе навукі вядомы ад бацькоў і дзядоў, дык чаму ж ёй ставяць двойку, а не пяцёрку?
Сярод дзяўчат у гімназіі пачаліся ажыўленыя гутаркі аб спірытычных сеансах. Расказвалі розныя небыліцы аб паяўленні духаў, аб іх прароцтвах. I вось раз вечарам прычапілася да мяне Марыля: «Давай і мы з табой паспрабуем сесці за сподачак, авось паявіцца якісь дух і скажа нам што цікавае!» Доўга я аднеквалася — урокі трэба рыхтаваць, а не са сподачкам гуляць. Але Марыля асой лезла ў вочы, прасіла-маліла, нарэшце, знецярплівіўшыся, я дала згоду, але пасля таго, як зраблю ўсе ўрокі. У 11 гадзін вечара селі мы за стол. На вялікім аркушы паперы нарысавалі паўкругам алфавіт, на баку перавернутага дном уверх сподка — стрэлку і злучылі свае пальцы на сподку. Доўга так сядзелі і чакалі, калі кранецца з месца сподак, а ён, падла, аніруш! — не кратаецца, дый годзе! Надаела мне гэта, і я памаленьку пачала сільней націскаць пальцамі на край сподка. Заварушыўся.
— Ну, выклікай духа, — кажу нецярпліва.
— Каго ж бы тут? — прызадумалася Марыля, узняўшы к столі вочы. — Ага! Выклічу Міцкевіча. Ён жа кахаў Марылю, дык, можа, не адмовіцца і да мяне, яе цёзкі, сысці.
Выклікалі духа Адама Міцкевіча. Я таўханула сподак, і дух азваўся. Пасыпаліся пытанні. Марыля падрыхтавала сшытак, каб запісваць адказы. Я тады добра ведала ўсе творы Міцкевіча, шмат вершаў ведала напамяць. Гульня гэта мне спадабалася, абвастрылася памяць, я была, як кажуць, «в ударе». Ну, і давай соўгаць сподак стрэлкай на адпаведныя літары, адказваючы на пытанні Марылі цытатамі з твораў Міцкевіча. Марыля ледзь паспявала запісваць адказы. Гадзіны дзве мы так сядзелі, пакуль я не стамілася і не вычарпаўся запас маёй памяці. Дух Міцкевіча замоўк, сподак не захацеў больш вандраваць па паперы.
Назаўтра раніцай мы спусціліся ў сталовую на сняданне. Марыля з ажыўленнем пачала расказваць бацькам аб нашым
«сеансе». Паказала бацьку сшытак з запісам адказаў «духа Міцкевіча». Давякоўскі начапіў пенснэ і пачаў чытаць.
— Гм... Запраўды, стыль міцкевічаўскі. Цікава, цікава... Толькі Міцкевіч і можа так гаварыць.
Я душылася са смеху і разам з тым ганарылася ў душы, што ў мяне «міцкевічаўскі стыль». Што б было, каб я прызналася, што гэта я сама соўгала сподак і адказвала на пытанні? He паверылі б нізашто! А мяне западозрылі б у няскромным хвастаўстве. 3 тэй пары пайшоў гуляць сшытак па руках дзяўчат у гімназіі, і кожнаму, хто прыходзіў да Давякоўскіх, паказвалі яго. I ўсе дзівіліся такім трапным адказам Міцкевіча. Толькі адзін госць, выслухаўшы апавяданне Марылі і прагледзеўшы сшытак, неяк вельмі пранікліва паглядзеў на мяне, аж я счырванела, але нічога не сказаў.
Дарэчы, не магу не сказаць пару слоў аб гэтым чалавеку.
Да Давякоўскіх заходзіла цётка Марылі п. Стэфанія са сваім мужам п. Вінцэнтам. Дзіўная гэта была пара. Ён яшчэ малады мужчына, гадоў 30, прыгожы, з вельмі сумнымі вачыма, на галаве густая шапка хвалістых валасоў і сівюсенькіх, як веснавы снег. Ён мала гаварыў, сядзеў моўчкі з патупленай галавой. Здавалася, што ён толькі фізічна тут прысутнічае, а думкамі дзесьці далёка адсюль вітае.
Жонка яго, п. Стэфанія, высокая, здаровая жанчына гадоў пад 60, для кожнага старонняга вока выглядала болып на матку яго, чымся на жонку. Доўгі мясісты нос, вялікія жоўтыя зубы, на галаве вялізны рыжы парык, з-пад якога выбіваліся сівыя валасы; голас рэзкі, крыклівы нагадваў конскае ржанне. Як толькі адчыняліся дзверы пры іх уваходзе і пакуль не зачыняліся за імі, яе ржанне не спынялася і разносілася па ўсім доме. Я дзіву давалася: як магло стацца, што дабралася такая няроўная пара? Гэта ж такі рэзкі кантраст паміж імі! 1 Марыля мне расказала, як гэта сталася.
...Спаткаліся яны ў Кракаве дзесяць год таму назад. Студэнт Вінцэнт наймаў пакой у п. Стэфаніі. У яго была нарачоная, вельмі прыгожая дзяўчына, якая жыла ў маёнтку сваіх бацькоў і якую ён моцна кахаў. У Стэфаніі, здаровай, крэпкай бабішчы,
быў хваравіты муж. Прыглянуўся ёй малады, прыгожы кватарант. I вось раптам пры даволі дзіўных абставінах памірае яе муж. He вельмі гаруе ад гэтага ўдава. Яна часта заглядае ў пакой свайго кватаранта. У моцна дэкальтаваным шлафроку113, які не прыкрываў прывабных частак цела, яна аблакочвалася на стол, за якім працаваў малады студэнт, прысоўвалася занадта блізка, каб паглядзець, што там ён піша, словам, усялякімі метадамі практычнай у мілосных справах жанчыны спакушала хлапца, пакуль не дабілася свайго. Ён, будучы рэлігійным, прызнаўся на споведзі ў сваім грэхападзенні. Ксёндз, застрашыўшы яго пякельнымі мукамі, змусіў яго пакрыць свой грэх ажэнкам з ёй. Так яны і пажаніліся. Аяго нарачоная, даведаўшыся аб гэтым, не змагла перанесці такога ўдару і звар’яцела. 3 таго часу яна знаходзіцца ў псіхіятрычнай бальніцы.
Спаткаўшыся з Марыляй праз тры гады пасля гімназіі, я даведалася аб далейшым лёсе гэтай няроўнай пары.
— Год таму назад, — кажа Марыля, — Вінцэнт паехаў у Кракаў адведаць у бальніцы сваю былую нарачоную. Яна мала змянілася, была такой жа прыгожай, як і раней, але яго не пазнавала. Увесь час брэдзіць толькі ім, сваім каханым. Чакае, што ён хутка прыедзе, яны пажэняцца і ніколі ўжо не расстануцца. Вярнуўшыся з гэтага сумнага спаткання ў нумар гасцініцы, Вінцэнт напісаў вялікі ліст да сваёй жонкі, у якім расказаў аб сваіх муках, аб апошнім спатканні з тэй, якую ўсё сваё жыццё, толькі яе адну, кахаў і сам жа яе загубіў, і застрэліўся. А цётка Стэфанія пасля гэтага шукае сабе трэцяга мужа114.
Бадай што ў першы тыдзень заняткаў у гімназіі падыходзіць да мяне незнаёмая вучаніца старшых класаў.
— Ты новенькая ў нас? — пытае.
— Новая.
— Дык давай пазнаёмімся. Зося Пуцятовска. Табе трэба ўвайсці ў гурток моладзі.
— А што гэта за гурток?
— Гурток моладзі польскай народавай дэмакратыі.
Што такое «народова дэмакратыя», я тады не ведала яшчэ, зразумела толькі слова «польскай».
— Дык яжне полька, — кажу.
— Як гэта не полька? А хто?
— Беларуска.
— А гэта яшчэ што такое?
— А вот такое, што я беларуска.
— Ну, зрэшты гэта ўсё роўна! А да гуртка трэба належаць.
— А што там рабіць?
— Набываць веды, якіх нам не дае руская школа і якія нам патрэбны, калі хочам плённа працаваць для радзімы сваёй, для свайго паднявольнага народа. Руская школа фальсіфікуе гісторыю, а мы там будзем вывучаць праўдзівую гісторыю свайго народа, будзем рабіць рэфераты, слухаць цікавыя лекцыі. Гурток гэты нелегальны, аб ім няможна абы-каму гаварыць, каб не дайшло да паліцыі. Кіруе ім выдатны правадыр польскай моладзі, вельмі разумны студэнт Пяркоўскі. У чацвер я па цябе прыйду і разам пойдзем на сходку.
Аб гэтай гутарцы я расказала Рэўкоўскім.
— Пяркоўскі? — азвалася Маня. — Ці не гэты з ліку «залатой моладзі»?
— Гэты, мабыць, малодшы брат Пяркоўскіх, якія маюць ювелірны магазін у пачатку Вялікай вуліцы з рознымі касцельнымі прыладамі з золата і срэбра, — заўважыў п. Рэўкоўскі.
— He ведаю, ці будзе што добрага ў іх гуртку, — усумнілася Маня. — Ну, але схадзі паглядзі.
У чацвер Пуцятоўская прыйшла па мяне і павяла ў той жа дом на Вялікай вуліцы, у якім быў гэты ювелірны магазін. Кватэра на другім паверсе вялікая, багата абсталяваная: падлогі пакрыты дыванамі, мяккія крэслы і канапы абабіты чырвоным плюшам, на сценах дарагія кілімы, карціны і вялікія люстэркі ў залатых рамах, са столі звісае жырандоля. Мужчыны ў элегантных касцюмах. На канапе сядзіць у нядбалай позе якаясь паненка ў шаўковай сукенцы, на шыі залаты ланцужок з нейкім бліскучым каменем, на руцэ бранзалетка, пярсцёнкі. Каля яе ўвіхаюцца маладыя хлопцы, жартуюць, звонка смяюцца.
Я зразу адчула, што ў чужую для мяне кампанію папала, што не месца мне тут сярод гэтай залатой моладзі. Пуцятоўская з усімі прывіталася за руку, а мяне прадставіла здалёк, сказаўшы, што прывяла беларусінку. Гэта апошняе слова вымавіла з асаблівай іранічнай інтанацыяй.
— Беларусінка? — усе схамянуліся і ўтаропіліся ў мяне. — Вы не жартуеце? — і ўжо звярнуўшыся да мяне: — Пані запраўды лічыць сябе беларусінкай?
Я моўчкі пацвердзіла кіўком галавы.
— Ну, што за глупства! Якія зноў там беларусіны завяліся?
— А ёсць, ёсць такія, — адзываецца адзін вусаты пан. — Цяпер мода пайшла на розных беларусінаў, ліцвінаў. Паявіліся розныя ідыёты-правадыры, знайшлі нейкага пастуха Купалу, які крэмзае вершыкі на мужыцкай мове, і носяцца з ім, як курыца з яйкам. Каб гэты парабак быў у маім маёнтку, дык загадаў бы ўрадніку адсвенціць яго бізунамі і выбіў бы дур з яго галавы.
— Ха-ха-ха! — рагаталі паны.
Слухала я і чула, як кроў уцякае з мяне: халадзеюць твар, рукі. Пуцятоўская крыху збянтэжана глядзела на мяне. Камяк мне падступіў у горла.
— Ты зумысля прывяла мяне сюды, каб тут здзекаваліся з мяне, з майго народа? — ледзь прагаварыла я і, расплакаўшыся, кінулася ў дзверы. Пуцятоўская — за мной, падбеглі двое хлапцоў, засланілі сабой дзверы, пачалі прасіць супакоіцца, угаворвалі застацца. У пакоі наступіла цішыня — ці не зразумелі паны, што перабралі меру. Я, наўзрыд плачучы, рвалася да дзвярэй. Утрымаць мяне не змаглі — вырвалася. На сходах спынілася ў закутку, выцерла слёзы і пайшла, каб ніколі больш сюды нагой не ступіць.
Будучы ўжо студэнткай, у Пецярбургу, я разы са два сустракала Пуцятоўскую. Куды падзеліся яе патрыятычныя ідэі? У галаве вецер свішча, на твары пудра, памады, а на языку толькі тэй і гутаркі, што аб студэнтах-белападкладачніках, якія быццам бы наперабой увіхаюцца за ёй. А я так меркавала, што не студэнты за ёй, а яна за імі ўганяецца, ды, мабыць, з малым поспехам.