Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Канчаліся заняткі ў гімназіі. Ішла падрыхтоўка да экзаменаў. А ў паветры навісла нейкая няясная трывога. Даходзілі чуткі, што па вёсках у беларускіх пачатковых школах робяць рэвізію,
вобыскі ў настаўнікаў, забіраюць падручнікі геаграфіі Беларусі, этнаграфічныя карты Беларусі і асабістую перапіску. Нарэшце дайшла чарга і да нас.
Аднаго дня я з групай вучняў выбралася на цэлы дзень у лес. Вяртаючыся надвячоркам дамоў, мы пабачылі нашу настаўніцу Элу Генрыхаўну, якая выйшла аж за горад насустрач нам.
— Паўліна Вінцэнтаўна, не вяртайцеся дамоў, — кажа ўсхваляваным голасам. — Ідзіце да Надзенькі і там пабудзьце нейкі час.
— Чаму?
— Арыштаваны Іван Ігнатавіч, Пігулеўскі, Якубецкі і вас чакаюць на кватэры.
— А чым я горшая за іх? I чаго мне хавацца? Няхай саджаюць і мяне. Іду дамоў.
Прыйшоўшы дамоў, не застала ўжо «гасцей», не дачакаліся мяне, але ведала, што не пакінуць мяне ў спакоі, і пачала рыхтавацца да перасялення ў турму. А гадзіне 11-й вечара прыйшлі па мяне і былі здзіўлены, што ў мяне былі ўжо звязаны клункі з пасцеллю і прадуктамі374.
На другі дзень, як пазней нам апавядалі, перад брамай турмы адбылася ледзь не дэманстрацыя: вучні выпускнога класа з падручнікамі пад пахай прыйшлі, выклікалі начальства турмы і запатрабавалі, або выпусціць усіх настаўнікаў, або пусціць іх у турму, бо ім трэба здаваць экзамены. Да іх далучыліся вучні іншых класаў, бацькі, пачалі спыняцца прахожыя, сабраўся даволі вялікі натоўп. Разгублены начальнік турмы выклікаў паліцыю, і натоўп разагналі. Аднак праз нейкі тыдзень ці два прапанавалі нас выпусціць пад залог. Арышты адбыліся і сярод настаўнікаў Люцынскай беларускай гімназіі. I неўзабаве амаль усіх выпусцілі на волю пад залог. Пачаліся экзамены і выклікі ў разведку на допыты.
Пасля экзаменаў звольнілі з гімназіі Краскоўскага, Пігулеўскага, Якубецкага і мяне як падсудных. Выконваючым абавязкі дырэктара назначылі Жэрдзія, хоць і ён лічыўся пад судом. He ведаю, адкуль Іван Ігнатавіч выкапаў гэтага Жэрдзія і запрасіў яго ў гімназію ў якасці выкладчыка прыродазнаўства. Да гэтага часу
яны паміж сабой былі найлепшыя прыяцелі, а цяпер аказаліся лютымі ворагамі. Нас, звольненых, Жэрдзій не падпускаў да гімназй, забараняў вучням наведваць нас, аднак кожны вечар па некалькі хлапцоў і дзяўчат прыбягалі да мяне.
Амаль год працягвалася судовае следства. Праз увесь гэты час звальнення настаўнікі жылі без працы і сродкаў да жыцця. Пігулеўскі і Якубецкі жылі на сродкі сваіх жонак, Краскоўскі аднекуль здабываў грошы не толькі на пражыццё, але і на аплату настаўніка, у якога браў урокі англійскай мовы, рыхтуючыся да дыпламатычнай працы ў будучым. Мне з братам прыйшлося па-сапраўднаму галадаць.
Нарэшце мы атрымалі акт абвінавачвання, паводле якога 8 настаўнікаў Дзвінскай і Люцынскай гімназій абвінавачваліся ў тым, што «прымалі ўдзел у злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое ставіла сабе за мэту сілай адарваць ад Латвійскай дзяржавы тэрыторыю Дзвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускай дзяржавы...»375. Такое абвінавачванне падмацоўвалася тым, што ў беларускіх школах былі знойдзены этнаграфічныя карты Беларусі, у гімназіях выкладаліся гісторыя і геаграфія Беларусі. Тры гады аб гэтым ведаў школьны інспектар Азолін, а вось цяпер толькі ўбачылі ў гэтым дзяржаўны злоўчынак. Ясна было, што працэс гэты быў сфабрыкаваны.
Краскоўскі спачатку ўгаворваў мяне перабрацца разам з ім у Прагу да мужа. Я адмовілася па той прычыне, што ў Чэхаславакіі я не змагу знайсці сабе адпаведнай працы, а быць хатняй гаспадыняй пры мужу-студэнту я не здатна. Аднак галоўная прычына маёй адмовы была ў тым, што наспела за гэтыя гады ідэалагічнае разыходжанне з мужам. Ён быў лідарам Беларускай партыі СР, і мяне, яго жонку, усе лічылі прыналежнай да гэтай партыі, хаця я ніколі не ўступала ў яе, ніколі не прымала ўдзелу ў партыйных нарадах. Цяпер, калі прасвятлела крыху ў маёй галаве, я не магла пагадзіцца і з яго поглядамі, і з яго дзейнасцю за межамі Бацькаўшчыны, а таму апублікавала ліст у віленскай беларускай газеце аб тым, што я не з’яўляюся чле-
нам БПСР і не маю з ёю нічога агульнага. Гэта паслужыла прычынай канчатковага разрыву з мужам376.
Праз якісь час Краскоўскі прапанаваў мне паехаць у Рыгу, звярнуцца ў Савецкае пасольства і разведаць там, ці змаглі б мы пераехаць у БССР. У пасольстве мне сказалі, што ў свой час дадуць нам адказ на гэта.
На 2 красавіка 1925 г. быў назначаны наш судовы працэс. Трэ было наняць прыватных адвакатаў для агульнай абароны, а на гэта патрэбны былі немалыя грошы. Усе абвінавачаныя неяк раздабылі сродкі і на абарону, а скуль мне ўзяць? Напісала старым знаёмым у Вільню, прасіла пазычыць мне на аплату агульнай абароны. Адказалі мне, што яны самі апошнія нагавіцы і гальштукі прадаюць на рынку, каб з голаду не памерці. Праўда, разы два дапамаглі мне Юзэф Дамброва і Алесь Залескі, перасылаючы з Польшчы ўклееныя ў вокладку кнігі грашовыя паперкі. Аднак гэтага не хапала на абарону. Дамброва хацеў прыехаць у Латвію, каб узяць на сябе маю абарону, але латгальскі суд не дапусціў яго да абароны як грамадзяніна чужой дзяржавы. Прыйшлося абмежавацца казённым абаронцам, назначаным судом.
Як на ліха, амаль напярэдадні суда я захварэла. Баючыся, каб праз маю хваробу не адклалі суд, сабрала апошнія сілы і паплялася.
Публікі ў зале было паўнюсенька. Тыя, якім не хапіла білетаў на ўваход, тоўпіліся ў калідорах, на лесвіцах, на вуліцы. Вучняў не дапускалі ў залу, аднак больш спрытныя прабіраліся і, скурчыўшыся, сядзелі над лаўкамі, а жанчыны прыкрывалі іх спадніцамі. Час ад часу паліцэйскія хадзілі паміж лавак, паднімалі жанчын і вывуджвалі з-пад лавак хлапчукоў і дзяўчат.
Пачаўся суд. Восем чалавек падсудных не прызналі сябе вінаватымі. Прыводзяць да прысягі сведак. Усіх іх каля 120. Сведак абвінавачання і абароны трымаюць у асобных пакоях. Пачынаецца допыт сведак. Адны нічога не ведаюць, ніколі не чулі, не бачылі; другія сведчаць, што мы з’яўляемся савецкімі агентамі, што я, напрыклад, была камісарам асветы ў Смаленску; трэція, у тым ліку і Асанаў, які назваў сябе генералам,
паказанні якога зачытваюцца, бо сядзіць у турме ў Рызе за нелегальны пераход граніцы, называюць нас манархістамі; чацвёртыя — незалежнікамі. Словам, поўны разнабой у наказаннях сведкаў абвінавачання. Што і казаць, палітычнае ўпраўленне (разведка) не навучылася яшчэ фабрыкаваць штучныя працэсы.
Вялікае ўражанне на падсудных і на публіку робіць наша моладзь. У большасці гэта вучні Дзвінскай і Люцынскай гімназій. Ніхто з нас не вучыў іх, як яны павінны трымацца на судзе, што і як гаварыць. Мы рашылі, што іх паводзіны і паказанні павінны быць экзаменам іх грамадскай свядомасці і праверкай нашай выхаваўчай працы.
Кожны з іх пры ўваходзе перш за ўсё вітае нас, падсудных. Хоць у гімназіі не было старога звычаю пры сустрэчы з настаўнікамі прысядаць у рэверансе або шчоўкаць нагой аб нагу, а тут — хто іх навучыў?! — хлопцы, шчоўкнуўшы нагой, ледзь не ў пояс кланяюцца нам, а дзяўчаты прысядаюць у глыбокім рэверансе; а падышоўшы бліжэй да суддзяў, толькі злёгку ківаюць галавой у знак прывітання. Судовы прыстаў са скуры вылузваецца, тлумачачы ім, што падсудным не трэба кланяцца, а толькі суддзям, выскаквае ў пакой сведак павучыць іх, як трэба трымацца перад судом, аднак сведкі робяць па-свойму. У многіх з іх слёзы на вачах, і ад хвалявання нейкі час не могуць гаварыць. Нам таксама цяжка было стрымаць слёзы, гледзячы на іх. У зале, не скрываючыся, плачуць людзі. Кожнаму сведку задавалася пытанне:
— Што вы лічыце сваёй Бацькаўшчынай? Як вас вучылі настаўнікі аб Бацькаўшчыне?
Адзін з іх адказвае, што яго Бацькаўшчынай з’яўляецца хата з гаспадарчымі будынкамі і агародамі, другі называе сваю вёску, дзе нарадзіўся. Вучань 10-га класа Карнавухаў кажа, што ён з’яўляецца беларусам, а таму яго Бацькаўшчына — той край, дзе жывуць беларусы.
— Дык вы і Савецкую Беларусь лічыце сваёй Бацькаўшчынай? — пытае старшыня суда.
— Так, і Савецкая Беларусь — мая Бацькаўшчына.
— Гэта вам настаўнікі так казалі?
— Я сам даволі ўжо дарослы, каб без настаўнікаў мець свой погляд на Бацькаўшчыну.
Тры дні, з ранку да ночы, з перапынкамі на абед працягваўся працэс. 4 красавіка, у чацвер, перад Вялікаднем пасля спрэчак бакоў, каля поўначы суд выйшаў на нараду. Тры гадзіны чакалі прыгавору. У часе гэтага перапынку да мяне падышлі двое незнаёмых і параілі не начаваць дома: яны падслухалі гутарку чыноўнікаў разведкі, якія казалі, што ў выпадку, калі б нас апраўдалі, Краскоўскага і мяне, як іншаземцаў, трэба выслаць з Латвіі.
— Прашу ўстаць — суд ідзе! — агласіў судовы прыстаў а другой гадзіне ночы.
Пачынаюць чытаць прыгавор, але так шпарка і невыразна, што нават тыя, якія ведалі латышскую мову, не маглі зразумець нічога.
— Апраўданы! — шапнуў адвакат, павярнуўшыся да нас.
— Хто? Хто апраўданы? — запыталі падсудныя. Але адвакатам не было часу нам адказаць: пачаліся нейкія перагаворы паміж адвакатамі і суддзямі. Зноў суд выйшаў на нараду. He паспелі зачыніцца за імі дзверы, як зноў усе ўвайшлі, He­rnia адказалі адвакатам і пасля гэтага, абвясціўшы, што суд закончаны, выйшлі. Падсудныя і публіка, нічога не разумеючы, захваляваліся.
— Апраўданы! Усе апраўданы! — голасна абвясціў адвакат.
3 радаснымі воклічамі кінулася да нас публіка. Затрашчала зламаная пад яе напорам перагародка. Я пераходзіла з адных абдымкаў у другія. Гул даносіўся і з вуліцы. А калі мы выйшлі з будынка, нас аглушылі прывітальныя крыкі. Вуліца ад будынка суда да цэнтра была запруджана народам.
Краскоўскага і мяне падхапілі на рукі і неслі аж да павароту на галоўную вуліцу. Паліцыя пачала разганяць незвычайную дэманстрацыю.
Пацягнуліся дні і тыдні. Прыгавор увайшоў ужо ў законную сілу. Цяпер трэба думаць, што далей рабіць. Адказу ад Савецкага пасольства пакуль што няма. Знайсці якую-небудзь працу
ў Латвіі немагчыма. А тут яшчэ непарадкі з маім дакументам. Я пражывала ў Берліне і прыехала ў Латвію па сертыфікаце, выданым літоўскім урадам. Праз тры месяцы пасля майго прыезду ў Латвію сышоў тэрмін майму сертыфікату. Я звярнулася ў Літоўскае консульства з просьбай выдаць мне новы пашпарт або прадоўжыць тэрмін сертыфіката. I ў консульстве, і ў Літоўскім пасольстве мне адмовілі на той аснове, што я ўраджэнка Віленшчыны, якая ў даны момант знаходзіцца ў межах Польшчы, а таму мне павінны выдаць загранічны пашпарт польскія ўстановы. Аб гэтым нечага было і думаць. Бацькі мне пісалі, што на другі дзень пасля майго пабегу з Глыбокага прыходзілі польскія жандары арыштаваць мяне. А калі сказалі ім, што я ўжо знаходжуся за граніцай, жандар са злосцю гаркнуў: «Мы яе і там знойдзем!» Прасіць савецкага грамадзянства? Могуць адказаць тое, што і літоўцы, а па-другое, з савецкім пашпартам не дазволілі б працаваць у гімназіі. I я фактычна тры гады пражыла ў Латвіі з нягодным сертыфікатам. Ашукаць дробных чыноўнікаў удавалася, але калі давядзецца пакідаць Латвію — тут ужо ніякага консула не ашукаеш.