Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
У канцы красавіка Краскоўскага і мяне выклікалі ў Савецкае пасольства. 30 красавіка 1925 г. мы выехалі ў Рыгу і пайшлі ў пасольства. Там сказалі, што калі мы хочам выехаць у Савецкі Саюз, то трэба падпісаць дэкларацыю аб нашых адносінах да савецкай улады. У тэксце дэкларацыі гаварылася аб тым, што мы прызнаём савецкую ўладу, абавязваемся быць лаяльнымі ў адносінах да яе і да т. п. Першаму запрапанавалі падпісаць Краскоўскаму. Ён шпарка завярцеў пальцамі сваю бірульку пры гадзінніку і пачаў ухіляцца ад подпісу, хітрыць, прыдумваючы розныя аргументы, якія цяпер не дазваляюць яму падпісаць гэты дакумент.
— Ну, а вы як? — звяртаецца да мяне супрацоўнік пасольства.
— Я згодна з кожным словам гэтага дакумента і з ахвотай падпішу.
Мне падалі пяро, і я падпісала. Пасля гэтага і Краскоўскаму не аставалася нічога іншага, як падпісаць. Але якога ж ён мне даў дыхту, як толькі выйшлі з пасольства!
— Як вы маглі раней за мяне падпісвацца! Вы мяне паставілі ў становішча дурня.
— А чаму гэта я павінна была аглядацца на вас? Я вам не падначалена ў такіх справах. Кожны з нас сам за сябе адказвае. Там ніводная фраза не супярэчыць маім поглядам, таму я з радасцю падпісала.
— Нам трэба было разам трымацца, а вам слухаць старэйшых і мудрэйшых.
— Для мяне гэта не абавязкова. Я раблю тое, што мне падказвае маё сумленне, а вашай палітыкі я не разумею.
Праз некалькідзён пасля гэтага, здаецца, 8 мая, Краскоўскі, Якубецкі і я атрымалі з Палітычнага ўпраўлення загад на працягу 12 дзён пакінуць межы Латвіі. На другі дзень Краскоўскі кудысьці знік. Як пазней я даведалася, ён памчаўся ў Прагу на нараду да сваіх сяброў. Якубецкі пачаў старацца атрымаць латвійскае грамадзянства, каб не быць высланым. А я зноў звярнулася ў Савецкае пасольства за парадай, што мне рабіць. Прызналася, што на руках у мяне ўжо пратэрмінаваны сертыфікат, і выказала трывогу, ці змагу я атрымаць візу з такім дакументам.
— Трэба зрабіць усё магчымае, — адказалі мне, — каб застацца працаваць у Латвіі. Ну, а калі не ўдасца, атрымаеце візу на працягу паўгадзіны.
Пачаліся старанні. Падала заяву, каб прадоўжылі мне тэрмін выезду. Адмовілі. Культурна-асветнае таварыства «Бацькаўшчына» прасіла пакінуць мяне ў Латвіі. Адмовілі. Бацькоўскі камітэт Дзвінскай гімназіі паслаў у Рыгу сваю дэлегацыю з такой жа просьбай. Адмовілі. Вучні выбралі па два дэлегаты ад кожнага класа, пабывалі ў Рызе ў Міністэрстве асветы, у міністра юстыцыі, у самога прэзідэнта.
— А вы ведаеце, што калектыўнае выступленне вучняў у нас забаронена, што за гэта мы можам вас выключыць з гімназіі?
— Ведаем, — адказвае дэлегацыя вучняў, — выключайце нас, але пакіньце ў гімназіі нашу настаўніцу.
Усюды адмова. Адзін з нашых былых вучняў, цяперашні студэнт, запрапанаваў мне фіктыўны шлюб з ім: тады, можа, як
жонку латвійскага грамадзяніна і пакінуць мяне ў спакоі, можа, і не вышлюць. Але ад гэтай прапановы цяпер і я адмовілася: нашто хлопцу звязваць свет, тым больш што няма ўпэўненасці, што гэта дапаможа.
Усе сродкі былі вычарпаны. Я зноў у пасольстве.
— He бядуйце, што нічога не выйшла з усіх старанняў пакінуць вас у Латвіі, — кажа мне супрацоўнік. — Зараз вам напішуць паперу, каб на граніцы аказалі вам усякае садзейнічанне, тады пойдзеце ў консульства і атрымаеце візу. А грошы вы маеце на дарогу?
Я збянтэжылася і адразу не ведала, што адказаць. У кішэні, рэч вядомая, было пуста, але прызнацца ў гэтым было сорамна.
— Ну, нічога. Нам вядома, у якіх умовах вы жывяце. Аляксандр Іванавіч!— звярнуўся ён да другога супрацоўніка. — Паклапаціцеся, калі ласка, аб гэтай справе.
Праз некалькі хвілін мне выдалі паперу да савецкай пагранічнай улады, 12 тысяч савецкіх рублёў, а праз гадзіну я ўжо мела візу на ўезд у СССР.
Вярнуўшыся ў Дзвінск, я запакавала свой невялікі набытак і раніцай 19 мая адправілася з братам на вакзал. Якое ж было маё здзіўленне, калі на пероне пабачыла ўвесь вучнёўскі калектыў. Усе класы пасля першага ўрока ўзняліся і, не пытаючыся дазволу дырэктара, прыйшлі мяне праводзіць. Прыйшлі і некаторыя бацькі вучняў. Больш за сотню чалавек на пероне. Усе мы былі так усхваляваны, што гаварыць не маглі, толькі паспявалі слёзы выціраць з вачэй.
— Мы яшчэ спаткаемся, Паўліна Вінцэнтаўна! Мы яшчэ будзем разам працаваць! — здушаным голасам гаварылі мае flapa­ria вучні.
Мы з братам стаім ужо ў тамбуры вагона. Дзяўчаткі плачуць наўзрыд, хлопцы хмурацца. Доўгі свісток кандуктара. Ляснулі буферы вагонаў. Цягнік крануўся. У гэты момант падняўся крык на пероне. Надзя Мікалаева, наша найлепшая артыстка гімназійнай сцэны, самлела. Хлопцы, узняўшы ўгору рукі, крычаць. Гарачая хваля ўдарыла мне ў галаву. Я рванулася да іх і павісла на прыступках вагона: хтосьці
ззаду схапіў мяне за крысо жакета і ўтрымаў, каб я не сарвалася. Цягнік прыбаўляў ходу... Больш за гадзіну я не магла апамятацца пасля гэтага развітання з вучнямі, якім тры гады аддавала сваю душу, свае сілы.
20 мая 1925 г. я ўпершыню ступіла на савецкую зямлю. На паграніччы, чакаючы цягніка на Мінск, нам давялося пераначаваць у невялічкай гасцініцы. Надвячоркам выйшлі паглядзець на новае для нас жыццё. На шырокай лужайцы пабачылі шмат моладзі. Вось у адной групе чытаюць уголас газету, там нейкая дзяўчына з алоўкам у руках нешта чэрціць на паперы і тлумачыць хлопцам, далей гуляюць у валейбол... Дзе ж тая распушчанасць савецкай моладзі, аб якой трубяць у Латвіі? Сэрца радасна затрапятала: «Здравствуй, племя младое, незнакомое!»377.
КНІГАДРУГАЯ78
20 мая 1925 г. мы з братам Зыгмусем упершыню ступілі на савецкую зямлю. Пераначаваўшы на пагранічнай станцыі, рушылі далей. У Віцебску наш вагон стаяў 5 гадзін, і мы рашылі скарыстаць гэты час на агляд горада. У першую чаргу заглянулі ў кнігарню. Тое, што я там пабачыла, зацьміла ўсе іншыя ўражанні. Я ніколі не спадзявалася пабачыць столькі кніг на нашай роднай мове. Школьныя падручнікі, мастацкая літаратура, палітычная, навуковая... Слёзы радасці засцілалі вочы. Дзе ж той заняпад нацыянальнай кулыуры, пра які нам трубілі кожны дзень? Як апантаная, я кідалася ад адной паліцы да другой, не могучы стрымаць свайго захаплення. Прадавец здзіўлена глядзеў на нас.
У такім радасна-ўзбуджаным настроі прыехалі ў Менск. Ніхто нас не сустракаў, ніводнага адраса знаёмых не ведалі. Пакінуўшы рэчы на вакзале, пайшлі шукаць майго стрыечнага брата Васілевіча Яся. Ведалі з лістоў ад бацькоў, што ён у Менску. Аказалася, што ён з’яўляецца наркамам гандлю БССР. Знайшлі яго ў наркамаце. Ён уладкаваў нас да часу ў нумары гасцініцы «Еўропа». На другі дзень пабегла адведаць Янку Купалу, які жыў на Правіянцкай вуліцы379. Там жа, у адным з пакояў, жыў і Змітрок Бядуля. Прывітанне было цёплае, сардэчнае. Я захлыналася ад радасці, апавядаючы аб сваіх назіраннях у пагранічным мястэчку і ў віцебскай кнігарні.
— Пачакай, пачакай, як агледзішся, дык не тое запяеш, — ахаладзіла мой парыў радасці Уладка. Я зірнула на Янку, чакаючы, што ён на гэта скажа, але ён маўчаў, быццам не чуючы слоў Уладкі, і гэта збянтэжыла і насцярожыла мяне. Змяніўшы тэму гутаркі, я ўжо спакойным тонам пачала раіцца, дзе і як нам уладкавацца на працу. Янка абяцаў назаўтра пайсці са мной у Наркамасветы.
Зайшоўшы ў пакой да Бядулі, я спыталася ў яго, што значапь словы Уладкі.
— Ат, слухай ты яе! Усё ёй мала, усім незадаволена. А ці мы з табой думалі калісьці ў Вільні, што будзе такі росквіт беларускай літаратуры і культуры? Ну, сёе-тое, можа што, і не будзе табе падабацца тут.
Тады ж ён мне даў сваё фота з такім надпісам:
«Паўліне Мядзёлцы.
Ці памятаеш, як будзіла Беларусь шмат гадоў таму назад у нашаніўскую эпоху?
Твае мары-летуценні часткова спраўдзіліся ў жыцці.
Слава табе, Паўліна, за тваё гераічнае змаганне за лепшы лёс нашага народа, якому ты аддавала і аддаеш усе свае сілы і здольнасці.
3. Бядуля
25/V-25 г. Менск»380.
На наступны дзень Янка пазнаёміў мяне з загадчыкам школьнага аддзела Наркамасветы Сцяпанам Некрашэвічам, і неўзабаве я атрымала накіраванне ў якасці лектара беларускай літаратуры на курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў у Клімавічах.
У Інбелкульце, які знаходзіўся на Койданаўскай вуліцы (цяпер Інтэрнацыянальная), мяне пазнаёмілі з прыехаўшым у Менск сакратаром Калінінскага акружкама ў Клімавічах Алесем Адамовічам. Гэта быў малады, гадоў 25, сінявокі хлопец з прыемным выразам круглага твару, светлымі валасамі, энергічнымі рухамі і звонкім, цвёрдым і вясёлым голасам. Ён расказаў мне, што сабой уяўляе мястэчка Клімавічы381, якія там установы, людзі.
— Ёсць там адна жанчына-доктар, — закончыў ён сваё апавяданне, — загадчык акрздравам. Ох, і баявая жанчына! Яна прайшла ў якасці доктара ўсю Грамадзянскую вайну, а лаяцца ўмее лепш за любога салдата. Як пусціць са смакам «с четвёртого этажа», дык толькі трымайся! Аднак я думаю, што вы з ёй паладзіце. Харошая бабка!
Клімавічы — звычайнае беларускае мястэчка, у якім 4 ці то 5 вуліц з драўлянымі дамамі. Толькі ў цэнтры пара мураванак ды вялікі драўляны аднапавярховы Народны дом. Воддаль ад цэнтра двухпавярховы мураваны дом акружкама і Савета дэпутатаў. У адным з драўляных дамоў райана займала два пакоі — канцылярыя і кабінет загадчыка. Там жа ў кабінеце і стол інспектара.
У той час, калі мы з інспектарам абмяркоўвалі арганізацыю настаўніцкіх курсаў, ля стала загадчыка сядзела жанчына гадоў каля 30 з гладкапрычасанымі валасамі, у якіх блішчэлі срэбныя валасінкі. Сіні ангельскі касцюм спрытна аблягаў шырокія плечы і ўсю мужападобную постаць. 3 гутаркі яе з загадчыкам райана я зразумела, што справа ішла аб Народным доме, які патрэбен быў ёй для правядзення нейкай лекцыі. Загадчык патрабаваў аплаты за карыстанне залаю Народнага дома, а яна, даводзячы, што гэта лекцыя вельмі патрэбна для насельніцтва, дамагалася атрымаць залу без аплаты. Тон спрэчак на гэту тэму павышаўся.
— Эх, сказала б я табе... каб не было тут чужых, — кінуўшы пытлівы позірк на мяне, азвалася энергічная жанчына.
— Хто гэта такая? — шапнула я інспектару. — Ці не ваш доктар?
— Так, — адшапнуў інспектар, — загадчыца акрздравам. А вы яшчэ незнаёмы? Я вас пазнаёмлю з ёй. Цікавая асоба!
Калі яна, адыходзячы, падышла да інспекгара развітацца, той, устаўшы, сказаў: