Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
— Пазнаёмцеся, калі ласка. Гэта Анна Валяр’янаўна Куршэўская, а гэта наш лектар на настаўніцкіх курсах, — і, ужо звяртаючыся да свайго начальніка, дадаў: — Вось дзве асобы, якія, як відаць, нічога супольнага паміж сабой не маюць.
— А можа, што і знойдзецца супольнага, — адказала я з усмешкай, падаючы руку.
Анна Валяр’янаўна моцна паціснула маю руку, моўчкі паставіла адну нагу на табурэтку, апіраючыся локцем рукі, у якой трымала папяросу, і ўпілася сваімі шэрымі выпуклымі вачыма ў мяне, быццам заглядаючы ў самую глыб душы. Я вы-
трымала яе доўгі позірк, ледзь стрымліваю ўсмешку. Зняўшы з табурэткі нагу, яна, яшчэ раз моўчкі паціснуўшы да болю маю руку, выйшла.
Пазней я ўжо ведала гэту яе звычку пранікліва глядзець у вочы незнаёмаму чалавеку, і, калі той не вытрымліваў і хаваў свае вочы, яна лічыла, што гэта няшчыры, фальшывы чалавек. Так, у далейшым я павяла яе ў Менску да Купалы. Прывітаўшыся сваім звычаем з Уладкай, яна тут жа ў калідоры шапнула мне: «Сволач, не глядзіць у вочы». Аднак пра Янку так не азвалася.
Абедаць мы з братам хадзілі ў сталоўку. Праходзячы міма акрздрава, часта праз адкрытае вакно ў кабінеце д-ра Куршэўскай бачыла яе галаву, і часамі, калі нашы позіркі сустракаліся, ветліва раскланьваліся. Аднойчы я адна ішла міма акрздрава. Раптам Анна Валяр’янаўна высунулася да паловы з вакна.
— Што вы шляецеся тут міма вакна, маць вашу за ўсе чатыры нагі, і не заходзіце?! — раздаўся яе нізкі, грудны, з хрыпаткой голас.
Я аслупянела на момант.
— Ну, ведаеце... На такое мілае запрашэнне ніяк нельга не зайсці, — адказала я і адразу павярнула ў акрздраў.
Прывітаўшыся, адразу мы сталі пра нешта перабрэхвацца. Яна пазнаёміла мяне са сваім намеснікам д-рам Кукесам.
— Вы даўно ўжо знаёмы? — пытае д-р Кукес.
— Другі раз спатыкаемся і першы раз гаворым, — адказвае д-р Куршэўская.
— Што вы кажаце? — здзівіўся Кукес. — Судзячы па вашай гутарцы, я думаў, што вы год дзесяць ужо знаёмы.
— Такім, як мы, — кажа Анна Валяр’янаўна, — многа не трэба: пабачыш — і або «пойдн сюда», або «убнрайся к чертовой матерн»!
Яна заўсёды і з усімі гаварыла на чыста народнай беларускай мове, ведала творы Фр. Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, аднак з літаратурай нашаніўцаў мала была знаёма. Паходзіла яна з засцянковай шляхты Мсціслаўшчыны.
Анну Валяр’янаўну выклікалі ў канцылярыю.
— Харошы наш начальнік, вельмі харошы, — азваўся д-р Кукес, — але надта ж ужо моцна лаецца.
— А калі яна лаецца, дык гэта значыць, што яна добра да вас адносіцца, — кажу яму. — Але калі яна пачне з вамі гаварыць ветлівым, па-еўрапейску далікоўным тонам, дык тады сцеражыцеся, бо не к дабру вам такі тон.
— А скуль вы ведаеце гэту рысу майго характару? — паказаўшыся ў дзвярах і пачуўшы нашу гутарку, пытае Анна Валяр’янаўна.
— Я думаю, што не памыляюся ў гэтым, — адказала я.
Вось так адбылося наша першае знаёмства з гэтай арыгінальнай і цікавай асобай, знаёмства, якое перайшло ў даўгалетнюю дружбу. «Ах ты, мая сволач дарагая!» — так заўсёды яна мяне вітала пазней.
Пасля гэтага я часта заглядвала ў акрздраў і назірала за працай яго загадчыцы. Аднойчы ў яе кабінет зайшло некалькі сялянак у беднай неахайнай вопратцы. У некаторых з іх твар быў пакрыты нейкімі гнойна-жоўтымі струпамі, а ў той, што трымала загорнутае ў лахмаццё грудное дзіця, вакол заняпаўшага ўжо носа такія самыя струпы. Яшчэ не ведаючы, што азначаюць такія «кветкі» на тварах жанчын, я з недаўменным страхам глядзела на іх. Анна Валяр’янаўна дала ім накіраванне на лячэнне і адправіла іх.
— Што гэта за жанчыны? — пытаю. — Што з імі?
— Непадалёк адсюль, — кажа Анна Валяр’янаўна, — цэлая вёска заражана сіфілісам. Заразу прынеслі ваякі руска-нямецкай вайны.
— Дык як жа ім дазваляюць жаніцца, дзяцей радзіць?
— А хто і як ім забараніць можа? Вось змушаем іх лячыцца, лекцыі чытаем, каб папярэдзіць пашырэнне заразы. А што ж больш можам зрабіць?
Іншым разам паявілася 5—6 маладых дзяўчат, гадоў па 16—18.
— Ну, хадзіце, хадзіце, пташачкі! Раскажыце, як гэта ў вас здарылася, — паклікала іх Анна Валяр’янаўна ў асобны пакой. Пагутарыўшы з імі, вышла яна ўсхваляваная, расстроеная.
— Ну, што ж мне з імі рабіць? Прыйдзецца дазволіць ім аборт зрабіць. Шкада дзяўчат.
Аказваецца, у адной вёсцы адбывалася вечарынка. Разгарэўшыся ад танцаў і самагону, хлопцы пачалі прыставаць да дзяўчат, умаўляючы ім, што пасля рэвалюйыі захоўваць дзявоцтва — гэта буржуазныя забабоны, што калі яны не паддадуцца, то будуць глядзець на іх як на кулацкае адроддзе і не быць ім камсамолкамі. I вось усе гэтыя дзяўчаты ў адзін і той самы вечар і зацяжаралі.
— Пайду ў акружкам, — кажа Анна Валяр’янаўна. — Хай Алесь Адамовіч управіць мазгі гэтым хлопцам і дзяўчатам.
Пазней я даведалася, што адбыўся вялікі сход камсамольцаў, на якім Алесь «упраўляў мазгі» ім.
A то раз у прыёмны пакой Анны Валяр’янаўны ўвайшла яшчэ маладая жанчына. Раптам адтуль пачулася такая заборыстая лаянка, што аж вушы завялі ў мяне.
— Што гэта, так тваю ды разгэтак, не можаш радзіць? Сама маладая, здаровая, муж добра зарабляе, у хаце дастатак, а ты, такая ды гэтакая, хочаш парожняй гуляць? Любіш катацца, любі і саначкі вазіць! He дам дазволу! Вон пайшла адгэтуль!
Каб ужо больш не вяртацца да Анны Валяр’янаўны, скажу ўжо да канца пра яе.
Хіба адзіны недахоп у яе, дык тое, што яна прывыкла моцна піць. Бывала, усе мужчыны зваляцца з ног, а яна — хоць бы што! Толькі пачырванее ў твары, вочы становяцца больш выпуклымі, ходзіць па пакоі, залажыўшы ў кішэні рукі і нагой пінае ап’янелага да непрытомнасці мужчыну.
— He ўмееш піць, дык не пі, сукін сын!
Аднойчы я паехала да яе ў Оршу, дзе яна працавала хірургамгінеколагам у бальніцы. Чакаючы ў бальнічным калідоры, пакуль яна скончыць свой працоўны дзень, я гаварыла з хворымі. Яны проста-такі маліліся на яе. Калі яна прабягала з аднэй палаты ў другую, усе, хто быў на нагах, цугам за ёй беглі, з вялікім замілаваннем гледзячы на яе. Адтуль мы паехалі на дачу пад Дняпром да аднэй яе калегі. Па дарозе яна ўзяла яшчэ аднаго доктара і... цэлы яшчык віна. Вярнуліся мы аж а 4-й гадзіне ночы. Толькі ўлягліся спаць, як яе паднялі з пасцелі. Адзін селянін прывёз на калёсах жонку, якая была амаль пры смерці.
Патрабавалася тэрміновая аперацыя. Дзяжурны доктар адмовіўся рабіць небяспечную аперацыю і паслаў мужа па яе.
Я ж не магу аперыраваць. Я ж п’яная! — кажа яна сваёй цётцы. — He паеду!
Але мужык кінуўся ёй у ногі, просячы-молячы ратаваць яго жонку. Чартыхаючыся, лаючыся на чым свет стаіць, паехала ўсё ж такі.
Раніцай, прачнуўшыся, я бачыла праз адкрытыя дзверы і чула, як яна расказвала сваёй цётцы.
— Яшчэ гадзіна правалочкі, і бабе быў бы капут. Што мне рабіць? Баюся загубіць бабу — я ж п’яная. Але і чакаць нельга! Закасала рукі, вымыла, сунула руку — так тваю маць! Як тарганула — гляджу, а мая баба зусім ужо збялела і не дыхае. Тры гадзіны сядзела пры ёй, пакуль не ажывіла і не пераканалася, што будзе жыць.
Вочы яе блішчэлі вялікай радасцю, шчасцем. Яна была так цудоўна прыгожым Чалавекам у сваёй радасці, што выратавала жыццё, што я ў нямым захапленні глядзела на яе.
3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны д-р Куршэўская зноў была на фронце і вярнулася пасля вайны ў Оршу ў чыне палкоўніка медслужбы з нагародамі. Была прызначана начальнікам ваеннага шпіталя. Жыла адна, узяўшы на выхаванне сына сваёй пляменніцы, якую немцы расстралялі ў Оршы за сувязь з партызанамі.
Памерла яна ў Оршы, здаецца, у 1952 г. пасля інфаркту. Як мне казала адна медычка з вайсковага шпіталя, пахавалі яе вельмі ўрачыста і паставілі на яе магіле помнік.
...Нарэшце з’ехаліся настаўнікі на курсы перападрыхтоўкі. Пачаліся заняткі. На беларускую літаратуру было выдзелена 40 гадзін па 2 гадзіны ў дзень. 3 першых дзён я неяк дзіўна сябе адчувала перад настаўнікамі — не магла настроіцца на належны лад, не прыходзіла натхненне. Вось у вялікім зале сядзяць перада мной каля двухсот чалавек. Адны, не зводзячы вачэй з мяне, уважна слухаюць, іншыя, схіліўшы голаў, запісваюць у сшыткі. Здавалася б, пры такой аўдыторыі сэрца павінна зага-
рэцца і палымнянымі словамі запаліць слухачоў, як у Люцыне ў 1922 г. Аднак я не адчуваю ў сабе гэтага агеньчыка. Стараюся штучна раздзьмуць яго, але яшчэ горш выходзе, сама адчуваю нейкі фальш у сваім тоне і, адкінуўшы штучны пафас, зноў гавару спакойна, суха.
Вяртаючыся з лекцыі, незадаволеная з сябе, я з мукай у душы шукаю прычыны такога стану сваёй душы, такой бясстраснасці, халаднакроўя. Ці я перастала кахаць сваю родную мову, літаратуру? He, не гэта! Дык чаму ж?! Мо таму, што сярод гэтых настаўнікаў няма такога Хруцкага, які на першых маіх лекцыях у Люцыне выкрыкваў: «На ліха нам здалася ваша нейкая беларуская мова?». Няма ніякіх спрэчак, няма варожых адносін да ўсяго беларускага, не трэба перамагаць такія варожыя адносіны, не трэба пераконваць? Так, так! Мабыць, у гэтым крыецца прычына. Там я была змагаром за права на сваю родную мову, за развіццё нашай нацыянальнай культуры, а тут... я чыноўнік, які выконвае тое, чаго ўжо дабіўся наш народ, што ўзаконена савецкай уладай. Але ці гэта дае мне права на халодны рапыяналізм, на халодныя, хоць і сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў? Ой, нейкая блытаніна ў маіх мазгах і душы паўстала з пераходам у новыя абставіны жыцця. Трэба старацца перамагчы, прыстасавацца да новых умоў, зліцца з новым жыццём, пазнаць яго законы, новыя заданні і ўсёй істотай аддацца на іх выкананне з такім жа пылам-жарам, як і там, за мяжой.
Разгарнуўшы газету «Савецкая Беларусь», убачыла артыкул Ів. Ігн. Краскоўскага382. Цэлы падвал займаў гэты артыкул. Значыцца, ён ужо ў Менску? Дзе ж ён да гэтага часу быў? Бо як я выязджала з Дзвінска, яго ні там, ні ў Рызе не было. Цікава, што ж ён тут піша? Прачытала і поруч са здзіўленнем адчула паганы несмак у душы. Аказваецца, ён ледзь не з пялёнак быў у душы камуністам. Дык чаму ж ты адмаўляўся падпісаць дэкларацыю ў Савецкім пасольстве ў Рызе? Аказваецца, што ў Дзвінскай беларускай гімназіі ён стварыў вучнёўскую падпольную арганізацыю накшталт камсамола. Чаму ж я пра гэта
не ведала? Чаму ад мяне ён скрываў гэту арганізацыю, калі яна сапраўды была? Чаму гэтыя вучні, з якімі ў мяне былі самыя сардэчныя адносіны, нічога пра гэта мне не сказалі? Чаму Іван Ігнатавіч забараніў мне ў самым пачатку арганізаваць напаўлегальную Грамаду беларускай моладзі? Чаму забараняў на канцэртах нашага хору выконваць некаторыя песні толькі таму, што сама музыка гэтых песень баявая, рэвалюцыйная? Чаму забараніў пастаноўку з рэвалюцыйнага жыцця 1905 г.?