Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
— А што там было ў партфелі?
— Дык вы ж самі добра ведаеце, бо партфель у вас.
— Як гэта ў нас?
— А каму ён больш патрэбен? Ваша права і абавязак правяраць мяне, бо нядаўна вярнулася з-за граніцы. Трэба ж ведаць, што я за птушка. I я нісколечкі не крыўдую на вас за гэта. Там быў даўно ўжо пратэрмінаваны сертыфікат, так званы пашпарт, выданы літоўскім урадам, пару асабістых пісем, — усё гэта мне
не патрэбна. Вось толькі папрашу, калі можна, вярнуць мне адмысловы камертон, які я хацела падараваць Тэраўскаму.
— Што гэта за камертон?
— А такая невялічкая трубачка, у якой змяшчаецца 12 трохгалосых акордаў — мажорных і мінорных. Такі камертон прызначаны спецыяльна для хору.
— Шкада, — усміхнуўся начальнік, — але ў нас вашага партфеля няма. Вы памыляецеся.
— Ну, няма, дык няма! Такой бяды! Другі будзе.
— А скажыце, чаму ў вронкаўскай турме вам аказвалі прывілеі такія, якіх не мелі іншыя зняволеныя? — перамяніў тэму начальнік. — Вам дазвалялі курыць у камеры, прыносілі са сталовай абед.
— Абед атрымлівала за свае грошы з дазволу нашага турэмнага камітэта, у які ўваходзілі член ЦК КПП тав. КашуцкаКостшэва і Грасэрова. Яны, як я чула, цяпер знаходзяцца ў Маскве. Можаце праверыць. Гэтымі абедамі я дзялілася з хворай жонкай камуніста Стэфаніяй Кот. А папяросы я зарабляла тым, што «варажыла» на картах дурніцам-наглядчыцам.
I расказала, як гэта было. Афіцэры — іх было двое ці трое — пасмяяліся з такой прыгоды і зноў пытаюць:
— Вы ведаеце грамадзянку N...? (Забылася яе прозвішча.)
— Я не памятаю яе ў менскай турме, але ў варшаўскай «Сербіі» і ў Вронках бачыла яе.
— У якіх вы былі адносінах з ёй?
— Hi ў якіх. Мы ні разу з ёй не гутарылі, мне толькі паказалі яе на прагулцы, назвалі яе прозвішча і сказалі, што яна мянчанка.
На гэтым наша гутарка скончылася, і мяне адпусцілі на працу.
3 гэтай гутаркі я зразумела, што данос на мяне зрабіла гэта гр-ка N..., прыгожая жыдоўка, якую пасля варшаўскай і вронкаўскай вязніцы адзін раз нядаўна спаткала на вуліцы Менска. Аднак, не будучы знаёмымі, мы не прывіталіся.
Праз месяц партфель знайшлі засунутым за ўнітаз у туалеце, але ён ужо амаль згніў і быў пусты.
Эх, шкада камертона, бо такога я ўжо нідзе не магла знайсці.
У выдавецтве адбыліся змены. Заместа Івана Цвікевіча дырэктарам назначылі Строгіна, якога адны празвалі «Бэф Строганавым», іншыя — «Бей Строгіна». Першым чынам ён заняўся чысткай апарату выдавецтва, звальняючы старых супрацоўнікаў-беларусаў і падбіраючы сабе сваіх сяброў. Выселіў ён і мяне ў друкарню, у пакой карэктараў, зменшыўшы мне зарплату. У мой абавязак уваходзіла ставіць сваю візу для друку пасля апошняй карэктуры, калі набор быў ужо на машыне.
У час абедзеннага перапынку ўсе карэктары разам з начальнікам друкарскага цэха хадзілі абедаць у сталоўку. Я і пара дзяўчат-падчытчыц заставаліся на сваім месцы і перакусвалі прынесенымі з сабой бутэрбродамі.
Хутка з боку начальніка друкарскага цэха пачаліся да мяне розныя прыдзіркі. А нарэшце здарылася надзвычай непрыемная падзея, якая пагражала не толькі звальненнем з працы, а бадай і горшым.
Прыбягае раз’юшаны начальнік цэха і паказвае адбітак аркуша чытанкі для 4-га класа, у якім пасля маёй візы да друку была дапушчана грубая памылка ў буйным загалоўку «Ад веку мы спалі». У апошнім слове заместа літары «п» стаяла літара «р». Я струпянела. Аднак хутка апамяталася.
— He можа быць, каб я гэтага не заўважыла! Пакажыце аркуш з маім подпісам!
Начальнік пачаў выкручвацца:
— Нашто гэта? I так усё ясна відаць.
Мяне падтрымалі і карэктары, бо гэта ж і іх датычыць. Патрабавалі кантрольны аркуш з маім подпісам. Доўга яго ўсюды нібы шукалі, але ён знік, як у печцы з агнём. А тым часам я падняла ўсе карэктуры ад першай гранкі да апошняй, і ўсюды ў гэтым загалоўку не было такой памылкі. Стала ясна, што чыясь правакатарская рука ўжо на машыне выняла з набору літару «п» і ўставіла «р». Карэктурныя адбіткі мяне выратавалі.
Пасля гэтага здарэння старшы карэктар Ламака, каб пазбавіць мяне ад несправядлівых прыдзірак і правакацый, параіў мне рабіць так, як яны ўсе рабілі. Карэктары па чарзе кожны
дзень заказвалі абед з выпіўкай для ўсіх, запрашаючы з сабой начальніка і яго памочніка. Такі абед для ўсіх каштаваў амаль палову месячнай зарплаты. Я паспрабавала прымаць удзел у такім «мерапрыемстве». 3 таго часу злагаднеў начальнік, і я магла спакойна працаваць.
Але да дабра мяне гэта не вяло. Кожны дзень за абедам чарка-другая, а вечарамі ў доме Купалы нельга было не падтрымаць кампаніі. Жыццё пустое, бесталковае, нікому не патрэбнае. Трэба як вырвацца з гэтай багемы. Але куды і як?
Прасіла загадчыка школьнага аддзела Наркамасветы Некрашэвіча, каб даў мне працу ў школе.
— He магу, — адказаў. — Трэба цябе яшчэ праверыць з ідэалагічнага боку, што ты за чалавек.
— А дзе і як ты мяне правяраць будзеш? За чаркай у Купалы ці на вашых суботніках?
Пайшла з Наркамасветы з нічым.
Я рвалася да грамадскай працы, а на гэта п’янчужка Пятро Ілючонак, махаючы мне пад нос пальцам, выкрыкваў:
— He лезь, куды цябе не просяць! He суй свайго носа! He забывайся, што ты жонка Грыба, і не суйся, калі не хочаш, каб мы цябе пасадзілі. Вось лепш пі з намі гарэлку і будзь гэтым задаволена!
Жыццё цякло паўнаводнай ракой, а я, як якаясь трэска, выкінутая на бераг, нікому не патрэбная, гляджу на гэта паўнакроўнае жыццё і не магу ўключыцца ў яго жыватворны паток.
Часам я заходзіла да Краскоўскіх, жонку якога Валянціну Сямёнаўну я вельмі паважала і любіла, а таксама і яе цётку, сівенькую старушку. Абедзве гэтыя жанчыны-ўкраінкі былі мілыя, ласкавыя, з імі я адпачывала душой. Яны не цікавіліся модамі, не прымалі гасцей і самі нікуды не хадзілі. Перад Валянцінай Сямёнаўнай я не скрывала горкага незадаволення са свайго пустога жыцця.
— Каб у вас было дзіця, — кажа яна мне, — вам было б дзеля каго жыць, гэта вас выратавала б. А ведаеце што, — памаўчаўшы крыху, прадаўжае: — Пастарайцеся пазнаёміцца з Шамардзіной, жонкай старшыні Саўнаркама Язэпа Адамовіча.
Я чула, што яна высокакультурны, разумны і харошы чалавек. Я ўпэўнена, што яна вам дапаможа вырвацца з гэтай ціны і выведзе на прастор. Усе аб ёй вельмі добра адзываюцца.
Як жа з ёй пазнаёміцца? Успомніла свайго стрыечнага брата Яся Васілевіча, які ў той час быў ужо 2-м сакратаром ЦК КПБ. Пагавару з ім. Няўжо ён не дапаможа мне, сваёй сястры? Ён часта бываў у Купалы, але там як пагаварыць з ім? Пайшла да яго на кватэру. Выліла ўвесь боль сваёй душы.
— Ці не бачыш, што я качуся па пахілай плошчы? Чаму вы не даеце мне такую працу, якая захапіла б мяне, каб я прыносіла якуюсь карысць грамадству?
— Бачу, ведаю ўсё, — адказвае, — але так будзе яшчэ гады два. Пацярпі.
— Гады два?.. Пакуль я не захлынуся ў гэтай ціне, пакуль не зламлюся зусім? Чаму гады два?
— Так трэба...
Вось і ўвесь сказ! Вось і дапамога ад высокапастаўленага брата!
— Слухай, пазнаём ты мяне з Шамардзіной. Я чула ад людзей, што яна вельмі цікавы чалавек.
— Калі-небудзь сабяромся тут у мяне, тады накажу табе.
Аднак праходзілі тыдні, месяцы, а наказу мне не было.
Аднаго разу пайшлі мы з Янкам і Уладкай у тэатр. У часе антракту мы стаім у вестыбюлі ўнізе, гляджу, а наверсе, ля балюстрады, стаіць якаясь прыгожая жанчына ў сціплай, але густоўнай сукенцы, на галаве павязаная шаўковая чырвоная касынка. Гутарыць з якімсь мужчынам. Якісь час я не магла вачэй адарваць ад гэтай постаці, быццам уражаная нейкім незразумелым токам.
— Уладка, паглядзі. Гэта часам не Шамардзіна вось там стаіць?
— Ага, яна.
Чаму я, ні разу нідзе не бачыўшы яе, цяпер спаміж шматлікай публікі адразу здагадалася, спазнала?
— Пойдзем туды, пазнаёміш мяне з ёй.
— Што ты! У тэатры не выпадае гэта.
— Чаму? Што ж тут такога? Ты з ёй знаёма, падыдзеш да яе, прывітаешся, а тут і я падыду, вось і пазнаёміш.
— Адчапіся ты ад мяне, не дуры галавы! Калі-небудзь яна прыйдзе да нас, тады і пазнаёмішся.
— Ну, дык я і без тваёй ласкі абыдуся. Пайду і сама пазнаёмлюся.
— He рабі глупства! — крыкнула Уладка, ужо калі я падымалася па сходах.
Улучыўшы момант, калі ў субяседнікаў перарвалася гутарка, я падышла да Шамардзіной.
— Выбачайце, калі ласка. Я прасіла Уладку Купаліху пазнаёміць мяне з вамі, але яна сказала, што ў тэатры не выпадае гэтага рабіць. Дык я сама прыйшла вам пакланіцца. Я Паўліна Мядзёлка, сястра Яся Васілевіча.
— А чаму ж гэта не выпадае? — засмяялася яна сваім нізкім, грудным смехам. — Вельмі прыемна. Я крыху чула пра вас і таксама хацела пазнаёміцца. Пойдзем паходзім крыху. — I, узяўшы мяне пад руку, павяла ў фае.
Так адбылося наша першае знаёмства, якое перайшло ў глыбокую, шчырую прывязанасць да яе на ўсё мае жыццё. Яна стала маім найдаражэйшым, найлепшым другам.
Язэпа Адамовіча бачыла я ў Клімавічах. Там у парку адбываўся мітынг. Я крыху спазнілася і прыйшла, калі на адкрытай эстрадзе выступаў нейкі чалавек у вайсковым шынялі без адзнак, з густымі вусамі на круглым дабрадушным твары. Гаварыў на чыстай беларускай мове на тэму адбудовы народнай гаспадаркі. На маё пытанне, хто гэты прамоўца, мне адказалі, што гэта сам Старшыня Саўнаркама БССР Язэп Адамовіч.
Неўзабаве пасля майго знаёмства ў тэатры з Софіяй Сяргееўнай Шамардзіной яны абое прышлі да Купалы. Цяпер я ўжо і з Язэпам Адамовічам пазнаёмілася. Да чаго ж ён харопіы, мілы чалавек! Прастадушны, вясёлы, да наіўнасці шчыры. Жаліўся на сваю залішнюю тучнасць: «Уявіце сабе, дзеці пры спатканні са мной на вуліцы буржуем мяне празываюць і ў сваёй нянавісці гатовы каменнямі ў мяне шпурляць». A то раз пахваліўся, што нядаўна даведаўся пра адну з’яву ў прыродзе,
пра што, дарэчы, ведаюць вучні 4—5-х класаў. «Гэта ж Зося мне сказала!» Ён не скрываў сваёй недастатковай адукацыі і таго, што жонка, Софія Сяргееўна, дапамагае яму набыць патрэбныя веды.
3 гэтага часу душа мая прылягла да іх назаўсёды. Часта мы сустракаліся і ў доме Купалы, і я бывала ў іх кватэры. He раз у нядзелі яны пад’язджалі на машыне да маёй кватэры, выклікалі мяне і забіралі з сабой на прагулку ў лес км за 50 ад Менска, а пасля прывозілі да сябе на абед.
Софія Сяргееўна ўзначальвала аддзел Галоўпалітасветы. Там яна склікала нараду па тэатральных справах і мяне пазвала на гэту нараду. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра тав. Дыла прапанаваў мне вярнуцца на тэатральную сцэну. Аднак, пабачыўшы, як вырас наш тэатр, якія выдатныя акторскія сілы ў ім, я зразумела, што я ўжо не здолею зраўняцца з імі, хоць пры Фларыяне Ждановічу мне давалі першыя ролі. Цяпер трэба мець прафесіянальную адукацыю. Каб крыху раней я трапіла ў Менск, дык, не задумваючыся, паступіла б вучыцца ў тэатральную студыю ў Маскве разам з групай актораў-аматараў 1 -га Беларускага таварыства драмы і камедыі, але цяпер ужо позна — студыйцы канчаюць сваю вучобу і прыязджаюць у Віцебск.