Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Фальш, фальш і фальш у кожным слове гэтага артыкула. Неўзабаве пасля паяўлення ў газеце артыкула Краскоўскага сакратар акружкама Алесь Адамовіч пры спатканні са мной параіў, каб і я напісала ў газету артыкул. «Трэба паказаць свой палітычны твар», — кажа ён.
— He, браток, не буду пісаць, — адказала яму. — Судзіце аба мне па маёй працы, па маёй дзейнасці, а не па словах. На словах можна ўсялякае сказаць, а ў душы хаваць зусім што іншае. У вас ёсць усе магчымасці правяраць мяне на кожным кроку. Я пабачыла ўжо маску аднаго чалавека. He хачу, каб хто падумаў, што і я надзяваю маску.
У гэты час — лета 1925 г. — яшчэ не паявіўся лозунг культурнай рэвалюцыі, і некаторыя з інтэлігенцыі апрошчваліся, падрабляліся пад рабочых, адзявалі маску пралетарыя.
Аднойчы ў сталоўцы, устаўшы з-за стала пасля абеду, брат падаў мне жакет і памог апрануць яго. У зале зарагаталі, паднялі нас на смех: «Бач ты, якія далікатныя панічы ў нас заявіліся!» Пад агульны здзеклівы смех мы, як праз пякучы дым, выбраліся са сталоўкі, а брат пасля гэтага ніколі больш не падаваў мне пры людзях верхняй вопраткі.
Пайшлі мы раз з братам на нейкі канцэрт самадзейнасці ў Народным доме. Спаткаўшыся там з д-рам Куршэўскай, я пазнаёміла яе з братам. Падаючы руку, Зыгмусь, паводле старога звычаю, схіліўся пацалаваць яе руку. Яна рэзка тарганула сваю руку ўніз.
— Ты што, хлопец, ашалеў такое рабіць на людзях! — спалохана зашыпела Анна Валяр’янаўна. Бедны мой Зыгмусь так
збянтэжыўся ў нязручным паклоне, дарэмна ловячы яе руку для пацалунка, што счырванеў, як печаны рак.
У першым радзе ў зале я пабачыла старога знаёмага Іванова, былога актора 1-га Беларускага таварыства драмы і камедыі, з якім не раз я выступала на сцэне. Але як жа ён змяніўся з таго часу! У брудным зношаным салдацкім шынялі, расхрыстаны, з зарослым чорным шчаціннем тварам смактаў махорачную самакрутку, пускаючы клубы смуроднага дыму, і густа, са смакам сплёўваў на падлогу.
— Што з вамі сталася? — пытаю яго пасля прывітання. — Чаму ў вас такі неахайны выгляд і такія некультурныя паводзіны ў тэатральнай зале?
— А цяпер не модна выглядаць інтэлігентам, — адказвае з іроніяй, — цяпер трэба падрабляцца пад пралетарыя.
— Глупства вы гаворыце! Ці на тое рэвалюцыя адбылася, каб пралетары вечна, як і раней, быў забітым, неахайным, некультурным? Як бачу, вы адзяваеце на сябе маску, каб пад ёй скрыць свае запраўднае нутро. Мне здаецца, у каго чыстая душа перад пралетарыятам, таму не патрэбна гэтакая маска.
Гм... Можа, напускная грубасць і частая непрыстойная лаянка Анны Валяр’янаўны — таксама маска, каб скрыць пад ёй сваё паходжанне і інтэлігенцыю? Ці мо толькі франтавая прывычка?
Трэба зазначыць, што гэта былі ўжо адзінкавыя з’явы такога «пралетарскага франтаўства». Апрача Клімавіч, я нідзе больш гэтага не заўважала.
Вялікім святам для Клімавіч з’явіўся прыезд 1-га Беларускага дзяржаўнага тэатра383. Я разам з іншымі прадстаўнікамі жыхароў Клімавіч з радасным нецярпеннем паімчалася на станцыю спатыкаць актораў. За кароткі час майго прабывання ў Менску я нікога з іх яшчэ не бачыла, бо ў летні час тэатр быў у гастрольных паездках па Беларусі. Якое ж радаснае, сардэчнае прывітанне было са старымі сябрамі па сцэне! Фларыян Ждановіч, Крыніца, Грыгоніс, Міронава, Ржэцкая... Аднак з большасцю актораў прышлося ўпершыню пазнаёміцца: Крыловіч, Пола, Платонаўі інш.
У першым спектаклі ішла п’еса Міровіча «Машэка». Народу ў зале паўнюсенька, аднак ніхто цяпер у зале не дыміць махорачнымі самакруткамі, не плюе на падлогу, а толькі ў фае і то ля ўваходных дзвярэй пакурваюць папяросы «К. П.» Нідзе не відаць Іванова. Чаму ж ён не прыйшоў прывітаць сваіх старых сяброў? Саромеецца ці мо чаго баіцца? Пазней я даведалася, што праўдападобнае гэта апошняе, бо старыя знаёмыя ведалі нешта несамавітае з апошніх часоў яго біяграфіі. Цяпер для мяне зразумела яго маскіроўка.
Трэці званок. Перад заслонай з беларускім арнаментам трое сляпых лірнікаў спяваюць быліну пра народнага героя Машэку. Ужо гэтыя лірнікі знаёмыя з цыкла фатаграфій Булгака «Беларускія тыпы», іх спеў на старажытны лад старцаў робіць надзвычайнае ўражанне. Знікаюць старцы, адкрываецца заслона. 3 затоеным дыханнем сочым за падзеямі на сцэне.
О, як жа вырас наш тэатр! Якія таленавітыя новыя акторы паявіліся ў ім! Ды і старых не пазнаць — так удасканалілася іх акторскае мастацтва! Я проста ап’янела ад пачуцця нязмернай радасці, шчасця за наш народ, за ўзрост нашай нацыянальнай культуры. Ці ж магло гэта быць да рэвалюцыі або пры польскапанскай акупацыі? Толькі пры ўмовах савецкай рэчаіснасці вызваліўся талент нашага народа і атрымаў магчымасць для росту, развіцця сваёй культуры.
Д-р Куршэўская рашыла адкрыць пры акрздраве 2-месячныя курсы беларускай мовы для медыкаў і запрасіла мяне на выкладчыка. Тры разы на тыдзень адбываліся заняткі, на якіх заўсёды прымала ўдзел і сама Анна Валяр’янаўна, хутчэй за ўсё, дзеля таго, каб даць прыклад для сваіх падначаленых.
Пасля васьмі месяцаў беспрацоўя і галадоўкі ў Латвіі арганізм мой быў знясілены настолькі, што ўсім гэта было відавочна. Магчыма, што гэта і была адна з прычын, што не знаходзіла ў сабе таго агеньчыка, якім гарэла я ў Латвіі. У канцы заняткаў на настаўніцкіх курсах і ў акрздраве па прапанове сакратара акружкама Алеся Ддамовіча мяне паслалі ў Дом адпачынку ў Бялынічах384.
Дом адпачынку размяшчаўся ў былым панскім палацы сярод сасновага бору над ракой Друць. Усюды чыста, прыгожа, а кармілі, як на ўбой, — пяць разоў на дзень. Усе елі столькі, колькі душа хоча. Усе стравы багатыя, смачныя. Адзін 16-гадовы хлопец-рабочы з’ядаў за раз па тры абеды з 4 страў і па 2 вячэры. Я сама раз з’ела за адзін прысест за сталом два поўныя абеды, аднак не ў каня корм — сыць мяне не надта брала. Я моцна дзівілася, што пасля так яшчэ нядаўняй Грамадзянскай вайны, пасля такога разбурэння краю цяпер былі ўжо магчымасці так багата і сытна карміць у дамах адпачынку, у якія накіроўваліся пераважна рабочыя. I я пісала пра гэта ў сваіх лістах да сваіх былых вучняў у Латвію. Хай ведаюць, хай не вераць усялякай брахні аб саветах, што з дня ў дзень лілася з буржуазных газет.
Закончыліся курсы ў Клімавічах, і я вярнулася ў Менск. Ясь Васілевіч параіў мне паехаць у Маскву і з яго пісьмом зайсці да ўпаўнаважанага прадстаўніка беларускага ўрада. Прадстаўнік прыняў мяне ветліва і запрапанаваў застацца на працы ў Маскве ў якасці загадчыцы Беларускім клубам, які змяшчаўся на Арбаце385. Апрача таго, патрэбен выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў Інстытуце чырвонай прафесуры386. He памятаю ўжо, якія яшчэ абавязкі ўскладаліся на мяне, але з алоўкам у руцэ прадстаўнік падлічыў, што ў месяц я буду атрымліваць даволі значную суму зарплаты, не менш за якога прафесара. Кватэрай буду забяспечана — ёсць вольны пакой у самым прадстаўніцтве, і я магу хоць зараз яго заняць.
Я не магу адразу даць сваю згоду: клубная дзейнасць была для мяне незнаёмай, баялася чытаць лекцыі ў такой важнай навуковай установе. Гэта ж там не настаўнікі будуць мяне слухаць! Ці хопіць на гэта маіх сіл і ведаў? Каб не сесці не ў свае сані... я вярнулася ў Менск, каб параіцца са старымі сябрамі.
I Янка, і Уладка, і Бядуля ў адзін голас адмаўлялі мяне ад гэтага кроку ў жыцці.
— Можа, ты і праўду кажаш, што ўсе гэтыя абавязкі не па тваіх сілах будуць, а галоўнае тое, што ты там адна будзеш,
усе людзі там для цябе чужыя. Калі што якое здарыцца... А тут усе свае, блізкія. Заставайся ў Менску і не думай больш пра Маскву.
Янка гэтым летам атрымаў ад урада годнасць народнага паэта БССР і персанальную пенсію, пакідаў працу ў Белдзяржвыдавецтве ў якасці тэхнічнага рэдактара і прапанаваў заняць яго месца ў выдавецтве. Я паслухала іх, і гэта была мая памылка ў жыцці. Магчыма, што Ясь прадбачыў, што ў далейшым магло быць, і хацеў адхіліць ад мяне пагрозу. А што датычыць «сваіх, блізкіх», дык праз пяць гадоў прыйшла чорная гадзіна, і ўсе «свае, блізкія» адвярнуліся ад мяне, пакінулі ў бядзе.
Уладкаваўшыся на працу ў Белдзяржвыдавецтве ў якасці тэхнічнага рэдактара, адправіла брата Зыгмуся вучыцца ў тэхнікуме ў Віцебск і пасялілася да часу, пакуль знайду сабе кватэру, у доме Купалаў на Правіянцкай вуліцы387.
Дом быў драўляны, аднапавярховы з невялічкім крытым ганачкам. Уваходзіш з яго ў доўгі і цёмны калідор. 3 левага боку гасціная, абстаўленая некалькімі мяккімі крэсламі, канапай, круглым сталом, пакрытым плюшавым настольнікам, на падлозе дыван — усё ў зялёных тонах. Ля сцяны электрапіяніна. За гасцінай — кабінет і заадно спальня з двума ложкамі. На пісьмовым стале, на прыпяколку, — антычныя два бронзавыя падсвечнікі са свечкамі, фарфоравыя вазачкі, вырабы з крышталю — усё набытае з антыквараў. Янка немалыя грошы траціў, сабіраючы калекцыю антыкварных рэчаў. За кабінетам-спальняй — пакой, у якім жыла матка Янкі цёця Бэнігда Луцэвіч.
Справа ад увахода ў калідор — пакой, які займаў Бядуля, а пасля яго малодшы брат Лёлек. Далей знаходзілася сталовая з доўгім сталом, за якім магло змясціцца больш як 20 асоб, а за ёй кухня і іншыя патрэбныя закутачкі. У канцы калідора быў так званы чорны выхад ва ўнутраны панадворак.
3 ранку да вечара дом Купалаў наведвалі госці, пачынаючы ад розных цётак і бабулек, якіх дом Купалаў заўсёды прывабліваў багатым пачастункам на кухні, да маладых і старэйшых пісь-
меннікаў, паэтаў, журналістаў і канчаючы наркамамі і сакратарамі ЦК партыі. Гэтых гасцей прынімалі ўжо ў гасцінай і сталовай з багата застаўленым бутэлькамі і закуссю сталом. Янка спатыкаў адных са стрыманай радасцю, другіх — проста ветліва, ласкава — гэта адносілася болыпай часткай да маладых пісьменнікаў, іншых — суха. Тады ён напамінаў мне майго бацьку: сустрэўшыся з чалавекам, якога ён не паважаў і не любіў, на панібрацкі «добры дзень» апошняга бацька, нядбайна кіўнуўшы галавой, упаўголасу мармытаў — «як сабе хочаш!».
Калі за сталом сабіралася кампанія, якая не цікавіла Янку, дык, выпіўшы для прыліку чарку-другую, ён, нават не перапрасіўшы гасцей, падымаўся ад стала, ішоў у сваю спальню і завальваўся на ложак. Спаў ён ці толькі прыкідваўся, але, як ні тармашыла яго Уладка, не падымаўся, пакуль не разыходзіліся госці.