Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
На 21 лістапада 1926 г. прызначана ўрачыстае адкрыццё 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Софія Сяргееўна і мне дала запрашэнне ад арганізацыйнай камісіі на гэту ўрачыстасць. У двух вагонах адправілася дэлегацыя з Менска ў Віцебск. Два дні мы там прабылі, аглядалі горад са старажытнымі помнікамі, музеі, установы, а ўвечары пасля ўрачыстага паседжання праглядзелі народную трагедыю Іллі Бэна «У мінулы час», а на другі дзень — «Сон у летнюю ноч» Шэкспіра. Надзвычай моцнае ўражанне рабіла ігра маладых актораў, асабліва Косці Саннікава і Стэфы Станюты. Мне цяжка цяпер знайсці слоў, каб выказаць сваё захапленне. Гэта запраўды быў чароўны сон. Божа мілы! Ці ж магла падумаць там, за мяжой, як быстра ўзнімаецца наша нацыянальная культура?! Усе, усе асабістыя цяжкія перажыванні можна дараваць за гэта! Але і я ўжо не адчуваю сябе непатрэбнай трэскай,
выкінутай на бераг паўнаводнай ракі. Перайшла на працу ў рэдакцыйны аддзел Інбелкульта і паступова ўключылася ў грамадскую працу. Душой аздаравела.
У 1926 г. ліквідаваўся ў Літве эмігранцкі ўрад БНР, і ў Менск вярнуліся некаторыя яго члены: Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Лявон Заяц, Пракулевіч і інш.392. Адны з іх заняліся навуковай працай у Інбелкульце, іншыя — у розных установах і арганізацыях. Пра Аляксандра Цвікевіча бытавала такая эпіграма:
Hoc кручком, акуляры, міна экстра-дыпламаты, ён прыхільнік поўнай чары, звод вялікі на дзяўчаты.
Хутка пасля іх прыезду была склікана ў Менску Канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу393 . 3 Латвіі на канферэнцыю прыехалі Ян Райніс, Кастусь Езавітаў. 3 Польшчы — праф. Галомбек, і не памятаю ўжо, хто яшчэ і з якіх краін папрыязджалі. Чакалі прыезду Браніслава Тарашкевіча, каму-каму, а яму ж, аўтару першай беларускай граматыкі, вучонамуфілолагу, абавязкова трэ было прысутнічаць, але пры пераездзе яго праз польскі «калідор» палякі яго затрымалі і арыштавалі. I якое ж было здзіўленне, калі без запрашэння прыехаў з Польшчы Францішак Аляхновіч, які ніколі не меў ніякага дачынення да мовазнаўства.
Аляхновіча я ведала з віленскіх часоў. У 1912-1914 гг. Аляхновіч у музычна-драматычным гуртку ставіў спектаклі «Паўлінку», «Хама» Э. Ажэшкі і інш. Гэта пад яго ўжо кіраўніцтвам я ў другі раз выступала ў ролі Паўлінкі, а ўслед за гэтым, па яго настойлівасці, і ў ролі Пронкі ў «Хаме», пра што я пісала ў 1-й кнізе сваіх «Сцежак».
У 1918 г. ён паявіўся ў Менску. 3 яго прыездам Беларускі тэатр раскалоўся на два тэатры: Беларускі нацыянальны тэатр пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча і Беларускі народны тэатр пад кіраўніцтвам Фр. Аляхновіча.
У гэтыя гады Аляхновіч страшэнна піў і да таго, што не раз знаходзілі яго на вуліцы ў якойсь канаве бяспросыпу п’яным.
Аднак у гэты час ён напісаў шмат п’ес. Яго аўтарству належаць такія сцэнічныя творы, як «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Страхі жыцця» і інш. Некаторыя з іх і вельмі добрыя («На Антокалі» — з жыцця віленскага мяшчанства, «Калісь» — з падзей рэвалюцыі 1905 г., «Бутрым Няміра» — часта ставіліся ў Вільні, Менску, Гродне, Дзвінску). Без ведама і згоды Янкі Купалы Аляхновіч дапісаў 3-і акт купалаўскай «Паўлінкі», з чаго Купала быў страшэнна абураны і горача пратэставаў проці такога ўчынку Аляхновіча.
He ведаю, калі ён знік з Менску і апынуўся зноў у Вільні. I вось цяпер прыбыў адтуль на навуковую канферэнцыю, на якую, рэч вядомая, яго не дапусцілі без запрашэння. Ён прыехаў, каб назаўсёды застацца ў Савецкай Беларусі і заняцца драматургіяй. Адразу падаў заяву з просьбай грамадзянства БССР. Надзіва хутка яго просьбу задаволілі, і, атрымаўшы пашпарт, ён выехаў у Віцебск і жыў там на кватэры дырэктара 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра Міколы Красінскага. Неўзабаве мы даведаліся, што Аляхновіч арыштаваны і высланы на Салаўкі.
Я значна пазней даведалася з пэўных крыніц, што нашай разведцы было ведама, з якой мэтай польская дэфензіва накіравала Аляхновіча ў БССР. He зразумелай для мяне была непрыгожая роля 2-га сакратара ЦК КПБ Яся Васілевіча. He мог жа ён не ведаць праўды аб мэце прыезду Аляхновіча. Аднак у доме Купалы, калі там былі Цішка Гартны і яшчэ хтосьці з пісьменнікаў, Васілевіч у маёй прысутнасці ўгаварваў іх напісаць калектыўную заяву з парукай за Аляхновіча і просьбай яго звольніць. «Пакуль я тут маю свой голас і сякую-такую ўладу, я вас падтрымаю і даб’юся яго звальнення», — казаў Васілевіч.
He ведаю, ці напісалі пісьменнікі такую заяву ў абарону Аляхновіча. Ну, але такое выслугоўванне Васілевіча не выратавала яго ад рэпрэсіі ў 1937 г.
У 1933 г. адбыўся абмен палітзняволенымі — Бр. Тарашкевіча з Польшчы на Аляхновіча з Салаўкоў. У Маскве Тарашкевіч працаваў у Камінтэрне394, якісь час жыў на кватэры свайго прыяцеля Алеся Ульянава («вялікага правакатара», як назваў
яго Янка Купала), а пазней у гасцініцы. У гэтыя гады я не раз заходзіла да Броніся Тарашкевіча. Аднойчы я папрасіла яго выступіць перад вучнямі школы, у якой я працавала, і расказаць пра жыццё беларускага народа ў Заходняй Беларусі.
— 3 прыемнасцю зрабіў бы гэта, — кажа Тарашкевіч, — але не маю права. Пры абмене я і Аляхновіч падпісалі абавязацельства, што не будзем ні ў друку, ні публічна выступаць на палітычныя тэмы395.
Тарашкевіч, здаецца, выконваў гэту ўмову, а Аляхновіч пасля зваротаў у Вільню выдаў сваю брашурку пад загалоўкам «У лапах ГПУ», а пасля быў рэдактарам якойсь антысавецкай газеты396.
У пачатку 50-х гг. у Вільні я спаткалася з кс. Адамам Станкевічам, і ён расказаў мне, які быў канец Аляхновіча.
За антысавецкую дзейнасць Віленская падпольная арганізацыя прысудзіла яго да кары смерцю. Неяк вечарам на кватэру Аляхновіча зайшоў якісь малады чалавек. Жонка прапусціла яго ў кабінет, а сама пайшла на кухню. Праз некалькі хвілін яна пачула два стрэлы. Калі яна выбегла з кухні, гэты незнаёмы выходзіў ужо з парадных дзвярэй, а Аляхновіч адну руку трымаў на трубцы тэлефона, а сам, канаючы ўжо, звіс з крэсла, не паспеўшы пазваніць у паліцыю.
Выканаўцы прысуду не знайшлі.
Нядоўга мне давялося працаваць у Інбелкульце. У студзені 1927 г. я атрымала прапанову заняць пасаду асістэнта кафедры беларусазнаўства Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Калі я першы раз ехала ў Клімавічы, у вагоне пазнаёмілася з жонкай прафесара Горацкай акадэміі пані Марыяй Перасвет-Солтан. Чамусьці я ёй прыглянулася яшчэ на вакзале. Яна зацікавілася мной і з таго часу не пакідала мяне сваёй увагай. Час ад часу прыязджаючы ў Менск, яна заўсёды знаходзіла мяне і запрашала да сябе на музыкальныя вечары. Затрымлівалася яна на кватэры сваіх прыяцелек, нейкіх дапатопных старушак тыпу прыжывалак багатых паноў. Пані Марыя, былая арыстакратка, сваячка графаў Пацаў з Гомеля, знаходзіла ў Менску нейкіх
паследышаў панскага роду, службоўцаў, наладжвала для іх багаты пачастунак, пасля якога пачынаўся канцэрт. Гаспадыністарушкі садзіліся за старэнькае фартэпіяна, а госці спявалі арыі, дуэты рускіх і заходніх кампазітараў-класікаў. У гэтай кампаніі я адчувала сябе, як у затхлай бочцы, смяротна нудзілася, нават слухаючы спеваў, дарэчы далёкіх ад добрага выканання, аднак не хапала ў мяне мужнасці даць адпор энергічнай настойлівасці былой арыстакраткі.
Дачуўшыся нейкім чынам, што я пераязджаю ў Горкі, пані Перасвет-Солтан з яшчэ аднэй жонкай прафесара паклапаціліся знайсці для мяне пакойчык, абсталяваць яго няхітрай мэбляй — жалезным ложкам, столікам і табурэткамі. Гэтыя клопаты аб маёй асобе, аб чым даведалася праз якісь час пасля прыезду, крыху пашкодзілі мне ў вачах малодшых навукоўцаў. Яны спачатку падумалі, што і я паходжу з нейкіх былых паноў. Але неўзабаве, калі пазнаёмілася з маладымі суседзямі па доме, ужо разам пасмейваліся з прафесарскіх арыстакратаў. А спаміж імі, апрача Перасвет-Солтана, былі і такія зубры, як праф. Рэнард — былы магнат Магілёўшчыны, праф. Шкацелаў — былы дырэктар дэпартамента сельскай гаспадаркі пры царызме і інш. Праўда, гэтая вялікасвецкая знаць была ў меншасці сярод навукоўцаў, аднак шкодзілі як маглі і паміж сабой адкрыта выказвалі сваю нянавісць да савецкай рэчаіснасці. Некаторым аспірантам, напрыклад, давалі для распрацоўкі тэмы, далёкія ад практычнага жыцця або такія, на якія толькі дарэмна траціўся час.
Аспірантка Груня М., з якой я пасябравала, купляла на рынку яйкі, на другі дзень хадзіла да знаёмых, абменьвала іх, на трэці — зноў абменьвала і так цэлы тыдзень.
— Што ты з імі робіш? — спытала ў яе.
— А вось прыходзь і паглядзі.
I я пайшла праз цікавасць. На падлозе рассцелена, бы посцілка, склееная з дзясяткаў аркушаў папера, разлінееная на клеткі, у якіх запісаны сотні лічбаў. На падлозе сядзіць Груня, ля яе стаіць кошык з яйкамі, невялічкія вагі, сантыметр. Кожнае яйка яна ўзважвае, пасля вымярае сантыметрам удоўж,
упоперак, наўскаскі і, поўзаючы па гэтай папяровай посцілцы, запісвае прымеры ў адпаведныя клетачкі. Аказваецца, гэта патрэбна, каб вывесці закон: з якога яйка вылупіцца пеўнік, а з якога — курачка. Я, ведама, невук у гэтай справе, але не магла не рассмяяцца, гледзячы на яе працу.
— Дык ты хутка будзеш угадваць, з якой каровы народзіцца бычок, а з якой — цялушка? А там дойдзеш і да таго, што загадзя будзеш ведаць, якая баба родзіць сына, а якая — дачку? Во як праславішся сваім адкрыццём! Няўжо кароў і баб будзеш так узважваць і з усіх бакоў мераць? I хто табе даў такую тэму для дысертацыі?
— Мой шэф — праф. N...
Я была ўпэўнена, што гэта дарэмная трата часу. I не памылілася. Два гады Груня патраціла на пустую справу, з якой нічога не атрымалася. Так яна і не ўзнялася на вышэйшую ступеньку навукоўца.
Аднаго разу жонка праф. Іванова, па паходжанні чэшка, даволі сімпатычная асоба, запрасіла мяне на шклянку гарбаты. Я не ведала, што ў іх сабяруцца прафесарскія зубры. Адчувала сябе вельмі няёмка ў гэтай паважнай кампаніі. Падтрымліваць гутарку з імі не магла. Сядзела за сталом, як дурніца, і толькі прыслухоўвалася да вучонай гутаркі.
— Вы чыталі, прафесар, работу аспіранта К...? — пытае адзін з іх у сівабародага праф. Шкацелава.
— А как же, чнтал.
— Ну н как?
— Полнейшая бездарность!
— Но про-фесс-сор! — ускочыў з месца праф. Рэнард. — Надеюсь, вы далн положнтельный отзыв?