Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Янка заўсёды быў праўдамоўны, шчыры ў выказванні сваіх думак. He раз горкую праўду бязбоязна, проста ў вочы кідаў высокапастаўленым асобам.
Тыдні праз два я знайшла сабе прытулак у адных гаспадароў на тэй самай Правіянцкай вуліцы непадалёк ад Купалаў. Але і тады ніводзін вечар не абыходзіўся без мяне ў іх сям’і. Я была яшчэ вясёлая, умела пазабавіць гасцей, прачытаць верш, паспяваць і прытупнуць. Калі часам мяне не было ў іх доме, дык пасылалі знаёмага рамізніка па ўсім горадзе шукаць мяне.
Часта Купала прасіў мяне прачытаць яго вершы. А чытала я не так манатонна і распеўна, з ненатуральнай акцэнтацыяй, як і да гэтага часу чытае большасць паэтаў. Я чытала, укладаючы ўсю душу, перадаючы больш душы і горкі сарказм верша «Смейся!», «Цару неба і зямлі» альбо бадзёры, радасны покліч — «3 Новым годам!», «Арлянятам». Янка сядзеў, прыкрыўшы рукой твар, слухаў... А калі я канчала чытаць, ён, узрушаны, не адразу мог уключыцца ў агульную гутарку. Аднак з часам яго густ да мастацкага чытання чамусьці змяніўся. Праз 15 год, больш дакладна — у 1940 г., ён таксама папрасіў мяне прачытаць яго верш. I толькі я пачала, як на другой страфе ён абарваў мяне:
— А, не так ты чытаеш! Дай я сам прачытаю. — I пачаў чытаць нараспеў, манатонна, павышаючы голас на кожным трэцім радку ў страфе, як звычайна няўмела чытаюць дзеці. За такое чытанне я ў школе сваім вучням і тройкі шкадавала ставіць. Няўжо ён сам не чуе фальш, ненатуральнасць інтанацыі? Ён жа так любіць музыку — і не чуе свайго фальшывага голасу. Паддаўся новай модзе чытання сваіх вершаў выдатнымі паэтамі ў Маскве.
Частымі гасцямі ў Янкі былі Цішка Гартны, наркам асветы Баліцкі, Міхась Чарот, Чарнышэвіч, Зарэцкі, Ігнат Шыпіла і шмат, шмат іншых, якіх цяпер і цяжка ўспомніць. Літаратурная моладзь не так часта тут бывала. Частка з іх, такія як Ул. Дубоўка, Міхась Чарот, Андрэй Александровіч, трымала сябе незалежна, упэўнена, нават часам дзёрзка, высмейвала напрамкі і метады літаратурнай спадчыны, нават самога Купалу і Коласа, не кажучы ўжо пра старэйшых пісьменнікаў і паэтаў. Іншыя, такія як Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Зарэцкі, паводзілі сябе вельмі сціпла, уважна прыслухоўваючыся да поглядаў і парадаў Янкі, які праглядаў і выпраўляў іх першыя творы.
У 1925—1927 гг. сярод беларускіх культурнікаў быў звычай наладжваць так званыя суботнікі па чарзе ў кожным доме: у Купалаў, Лёсікаў, Некрашэвічаў, Грамыкаў і інш. Гэта былі звычайныя прыёмы без асаблівага зместу, апрача таго, што мог змясціць багата і смачна абстаўлены стол. Жонкі, тупаючы ад кухні да стала, памагалі гаспадыні і пры гэтым вялі гутаркі аб новых модах, крытычна аглядалі новыя сукенкі і туфлі адна аднэй, насмяхаліся з кагосьці, у каго на стале не хапала сурвэтак або талеркі былі рознага фасону. Мне было сумна слухаць такія гутаркі, адчувала сябе несамавіта ў іх кампаніі, і я выходзіла ў другі пакой, дзе гаманілі мужчыны. Там было цікавей. Там гаварылі аб выдавецкіх справах, літаратурных. Аднак часта мяне выправаджвалі адтуль: «Ідзі ты да жанчын, чаго табе тут стаяць, тут жа мужчыны, а ты як-ніяк жанчына». Часам, пакрыўджаная, я выходзіла, а часам наперакор садзілася воддаль і, нібы праглядаючы кнігі ці часопісы, прыслухоўвалася да іх гутарак.
У першыя дні майго прыезду з Латвіі мяне ўражала нейкае буржуазна-мяшчанскае, нават гандлярскае перараджэнне тых, якіх я раней ведала як самаадданых, безынтэрасоўных грамадскіх дзеячаў, якія не толькі не думалі аб сваёй карысці, выгадзе, але апошнія свае капейкі аддавалі на агульнаграмадскую справу. А цяпер?..
— Э-гэ-э! У цябе, брат, новая люстра? — дзівіцца Лёсік. — Колькі ж ты заплаціў за яе?
— А што? Спадабалася? — адказвае гаспадар. — Пяцьсот уляпіў.
— Ну, пачакай жа! У наступную суботу прыходзьце да мяне. У мяне яшчэ лепшая будзе!
Іншым разам зайшла гутарка аб розных курсах, тэхнікумах, інстытутах, дзе патрабаваліся выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры.
— Уявіце сабе, — кажа той самы Язэп Лёсік, — мне прапануюць аплату толькі па рублю за гадзіну. Якая нахабнасць! Не-е-е, няма дурняў трапаць свой язык за такі бясцэнак. Менш як па 5 рублёў не згаджуся.
I гэта той Лёсік, які ў 1917 годзе спаў у рэдакцыі на стале, падаслаўшы пад бок і пад галаву газеты, прыкрываючыся старэнькім палітоцікам, і не жаліўся на невыгоды.
A то раз наркам асветы Баліцкі прапануе Купалу перакласці на беларускую мову «Вірынею» Сейфулінай.
— А які ж вы ганарар дасце мне за гэта? — пытае Янка. — Менш як 500 рублёў я не вазьму.
Баліцкі не мог такія грошы плаціць. Пачаўся торг. Я са здзіўленнем слухала. Яшчэ ж, здаецца, так нядаўна ніколі не было гутаркі аб ганарары. Задавольваліся толькі тым, што верш, апавяданне ці які артыкул паявіцца на старонках «Нашай Нівы» або выйдзе ў свет зборнічак. Ці многа меў Янка ганарару ад сваёй «Жалейкі» ці «Шляхам жыцця»?388. 1 я не ўцерпела і ўткнула свае тры грошы ў іх спрэчку:
— «Не дае гуслярам сказу золата цвет...»389.
— А ты не лезь не ў свае справы! — агрызнуўся на мяне Янка. — Прайшлі тыя часы, калі мы і капейкі не атрымлівалі за свае творы. Цяпер, братка ты мой, нэп. Гані манету!
Нарэшце жанчыны запрашаюць да стала. Разліўное мора водак, розных він, адмысловых закусак. Жарты, смех, анекдоты...
Насміхаюцца над Міхасём Грамыкам. У яго вершы «Суніцы» ёсць такія радкі:
...I сонцам ужо перагрэта — Колькі тут дум і натхнення паэту!
Андрэй Александровіч смакуе такое словазлучэнне і паўтарае яго бясконца.
А Уладка расказвае, як дзеці ў прытулку, дзе яна працавала, спяваючы песеньку на словы Якуба Коласа, пры адных словах гэтай песні неяк з усмешкай пераглядаюцца паміж сабой і з асаблівым жарам пяюць. Яна пачала назіраць і прыслухоўвацца, каб разгадайь такія незвычайныя паводзіны дзяцей. Урэшце зразумела:
Уцякай, мароз сярдзіты, Годзе нас ужо пужаць...
Дзеці па-свойму зразумелі сэнс апошняга радка.
Цяпер пачалі ўжо дражніць Якуба Коласа. Пасля гэтага Колас змяніў словазлучэнне гэтага радка ў вершы.
Апрача суботнікаў, часта ўсёй кампаніяй хадзілі ў сталовую № 3. Фактычна гэта быў рэстаран. Там састаўлялі ў адзін доўгі рад сталы і пілі-елі да гадзіны 1—2-й ночы. Аднойчы, калі мы позняй ноччу вярталіся адтуль на Правіянцкую вуліцу, Уладка чагосьці была незадаволена ці мо залішне выпіла і ўсю дарогу то лаяла Янку, то да мяне чаплялася. А з ёй гаварыць у такім настроі было вельмі цяжка. Ніяк ёй не патрапіш. Згаджаешся з ёй — не добра: «Дурная ты, нічога не разумееш!». А скажы што насупроць — яшчэ горш. I вось, не памятаю, што я адказала ёй, як яна схапіла мяне за каўнер і пачала дубасіць кулаком па маёй спіне. Гэта было якраз на мосце праз Свіслач. Прахожыя людзі спыняліся і здзіўлена глядзелі на гэту сцэну. Янка прабаваў яе стрымаць, але куды там! Яна не выпушчала мяне са сваіх рук і лупіла з усёй сілы, пакуль сама не стамілася.
He раз і Янка паспрабаваў яе кулакоў, нават пры людзях у сваім доме.
Я ўжо казала, што ўладкавалася на працу ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве, дырэктарам якога пасля Жылуновіча быў Іван Іванавіч Цвікевіч, з якім я працавала ў Берліне па выдавецтве беларускіх падручнікаў і іншай літаратуры. Такім чынам, з выдавецкай справай я ўжо была знаёма, а тут яшчэ і Янка на працягу некалькіх дзён уводзіў мяне ў курс тэхнічнай рэдакцыі. У асобным пакоі працавалі стыльрэдактары — Кузьма Чорны, Чаржынскі.
Аднаго разу зайшоў да іх прадстаўнік «Асаавіяхіма»390 і прасіў зрабіць пераклад на беларускую мову нешта каля 10 лістоў рукапісу. Хлопцы, ведаючы даволі цяжкае маё матар’яльнае становішча — за 8 месяцаў беспрацоўя ў Латвіі я здорава абнасілася, — параілі асаавіяхімаўцу звярнуцца да мяне ў справе перакладу. Праглядзеўшы бегла рукапіс, пабачыла, што змагу зрабіць гэта вечарамі. У вызначаны дзень гэты ягомасць прыйшоў забраць гатовы пераклад. Выцягваючы з бакавой кішэні партманецік з грашыма, папрасіў мяне напісаць рахунак.
— Дазвольце, — кажу, — як я мяркую з тэксту, дык гэта грамадская арганізацыя?
— Так, дабравольная, грамадская.
— Дык як жа вы можаце прапанаваць мне грошы за працу для грамадскай арганізацыі?
— Але ж мне трэба здаць у бухгалтэрыю рахунак! — здзіўлена адказвае.
— А мне якая справа да гэтага? Прапануючы грошы, вы толькі крыўдзіце мяне. Забірайце пераклад і бывайце здаровы!
Збянтэжаны ягомасць паціснуў плячамі, паглядзеў на маладых рэдактараў, якія моўчкі пераглядваліся, слухаючы наш дыялог, і, сунуўшы назад у кішэню грошы, выбег.
Як толькі за ім зачыніліся дзверы, хлопцы накінуліся на мяне:
— Што вы робіце?! Чаму адмовіліся ад платы за сваю працу? Мы самі з ахвотай маглі б зарабіць крыху на гэтым перакладзе. Але, ведаючы вашае становішча, далі магчымасць вам падмацавацца. Вы паставілі нас у глупае становішча, бо мы бяром і мусім браць аплату за сваю працу, не зважаючы на тое, якая
ўстанова ці арганізацыя дае нам заказ. He забывайцеся, што цяпер нэп391, і за ўсё трэба плаціць і браць грошы.
I зноў стукнулі мне па лобе гэтым нэпам. Яшчэ раз успомніла словы Уладкі, якімі ахалоджвала маё захапленне ў першыя дні майго прыезду ў Менск: «Пачакай, пачакай, агледзішся, дык не тое запяеш!». Але толькі ці гэта яна мела на ўвазе, бо сама, як бачна, не дрэнна сябе адчувала ў гэтым нэпе, а я ўсё не магла да яго прыстасавацца.
У першыя дні маёй працы ў выдавецтве адбылося даволі прыкрае здарэнне. Я збіралася пайсці ў друкарню і на хвіліну зайшла ў пакой стыльрэдакцыі забраць патрэбныя матэрыялы для друкарні. У маім пакоі не было ні душы. А як вярнулася туды — знік са стала мой партфель. На маю трывогу збегліся супрацоўнікі, абшукалі ўсе куткі — нідзе ні следу! Хто забег у пусты пакой, каму спатрэбіўся мой партфель — невядома. Пэўна ж, не дзеля грошы, бо ўсе ведалі, што іх у мяне кот наплакаў. Хлопцы ўпотай адзін перад другім шапталі мне, што гэта справа «сачкома» (так празывалі сакрэтных інфарматараў ГПУ).
Праз некалькі дзён мяне выклікалі ў ГПУ.
— Што ў вас там здарылася ў выдавецтве? — пытаюць.
— А нічога, — адказваю. — Усё ў парадку.
— Мы чулі, што ў вас укралі партфель. Каго вы западозрываеце ў гэтым?
— Я ж не рабіла заявы аб гэтай прапажы ні ў міліцыю, ні ў вашу ўстанову. Прапаў партфель і прапаў — такой бяды. А падазраваць я нікога не магу, бо яшчэ мала ведаю супрацоўнікаў выдавецтва.