Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
У «амерыканцы» зноў здарыўся ў мяне глыбокі вобмарак ад сільнага болю, і я, прачнуўшыся на асфальтавай падлозе
ля дзвярэй камеры, ледзь дапаўзла да ложка. Следчы, бачучы мяне зусім знясіленую і хворую, прапанаваў прыносіць мне абеды з іх сталоўкі, але я адмовілася, бо не з’ядала і таго, што прысылаў мне ў перадачах Зыгмусь. Адно, што папрасіла следчага, дык гэта пасяліць на другі ложак у маёй камеры якуюсь жанчыну, каб мець якуюсь дапамогу на выпадак вобмаракаў, якія даволі часта сталі паўтарацца.
Неўзабаве перавялі да мяне з агульнай камеры маладую дзябёлую бландзінку ў летняй паркалёвай сукенцы з цыгейкавым паўфутэркам пад пахай. Вясёлым голасам пахвалілася, што за гэта лета ніводзін камар яе не ўкусіў, бо ўжо 8 месяцаў сядзіць тут. Пры далейшым знаёмстве яна расказала, што прыехала з Латвіі ў гасціну да сваіх сваякоў у Менску, прыехала з савецкай візай на замежным пашпарце, а праз якісь тыдзень яе арыштавалі без дай прычыны. Прозвішча яе Лаціс (імя забылася).
— Якое ж мелі права арыштаваць вас, латвійскую грамадзянку, калі прыехалі з савецкай візай? А вы напісалі пра гэта ў сваё пасольства?
— I я пісала, і мой муж пісаў у пасольства — і ніякага выніку.
— А хто ваш муж?
— Афіцэр генеральнага штаба, загадчык шыфравальнага аддзела.
Вось яно што!.. Знакам тым, якаясь прычына была твайго арышту! Яна часта пахвалялася сваім раскошным жыццём у Латвіі. У яе шмат багатых сукенак: і дамашніх, і на выхад, балёвых, на кожны сезон нават па два пальты, футры. А вось цыгейкавы поўкажушак — на чорны выхад.
— Чамужвы, едучыўгосці з ЛатвііўСавецкі Саюз, апрануліся як на чорны выхад, а не адзеліся ў свае багатыя ўборы?
— А так зручней на лыжах... — і... асеклася, прыкусіла язык.
Цяпер мне ўсё зразумела. Ніякай візы ў цябе не было. Муж — загадчык шыфравальнага аддзела Генеральнага штаба. Лыжы... Выявілася, што яна ведала сям’ю Булаўскіх. Брат і сястра Булаўскія былі вучнямі нашай гімназіі ў Дзвінску, а сям’я іх жыла пры паграніччы з Савецкім Саюзам. Яна сказала,
быццам і Булаўскага тут арыштавалі. Няўжо яна ўцягнула хлопца ў свае сеткі?
Мне падабаўся яе цыгейкавы поўкажушак. Яна ахвотна падаравала б мне яго на ўспамін аб супольным няшчасці, але тут, апрача яго, няма ў яе што апрануць. Але, як вернецца ў Латвію, яна яго мне прышле, калі я пасля свайго звальнення павядомлю свой адрас праз яе сяброўку — нейкую артыстку ў Ліепаі, і запісала для мяне адрас гэтай артысткі.
— Дзякую вельмі, але ж пошліна будзе каштаваць даражэй, чымся варты гэты поўкажушак. А ў мяне такіх сродкаў няма.
— He непакойцеся, — адказала, — вы атрымаеце яго без усякай пошліны і не па пошце.
Ну цябе да ліха з тваім поўкажушкам! Хочаш і мяне ў сваю сетку заблытаць? Неўзаметку ад яе парвала адрас гэтай артысткі і пастаралася забыцца нават прозвішча яе.
Нарэшце надаела ёй сядзець без надзеі на вызваленне, і яна аб’явіла галадоўку. Нешта з тыдзень яна не прымала ежы. Аднаго дня прыйшлі ў камеру двое нейкіх вышэйшых начальнікаў і пачалі яе ўгаварваць спыніць галадоўку.
— Усё роўна, — казалі ёй, — мы не дамо вам магчымасці памерці, будзем карміць прымусова. А калі вы паспытаеце гэтай прыемнасці, дык дзясятаму параіце не аб’яўляць галадоўкі.
На наступны дзень яна папрасіла выклікаць яе да следчага. Аж да вечара яна прабыла ў яго кабінеце, а вярнуўшыся, сказала:
— Чорт іх бяры! Напісала ім усё. Нашто я маю мучыць сябе і гінуць тут!
Назаўтра ёй пачалі прыносіць абед са сталоўкі. А праз пару дзён, вярнуўшыся зноў ад следчага, сказала, што яе пераводзяць на прыватную кватэру, дзе яна будзе жыць у нейкіх старычкоў, там жа будзе сталавацца, дадуць ёй належную вопратку, можа разам з гэтымі гаспадарамі хадзіць на шпацыр, а калі захоча, дык і ў тэатр, але з іх правадніком. Нарэшце яе забралі з камеры, а мяне праз некалькі дзён перавялі ў агульную камеру ў падвал.
У камеры паўзмрок. Увайшоўшы са святла, не адразу разгледзіш, куды сунуцца. Супроць кованых дзвярэй у столі два коміны, праз якія пранікае цьмянае святло з вуліцы. Калі заглянуць знізу ў гэтыя дзіркі, можна заўважыць ногі прахожых на ходніках міма адтулін. Толькі ў ясны дзень у самы поўдзень з гэтых комінаў падаюць на цэментовую падлогу два промні сонца, і то на якіясь пяць хвілін. Ля сцен нары з дошак, перагароджаныя вузкай дошкай на аднаго і на двух чалавек. Hi сеннікоў, ні падушак — голыя дошкі. На нарах можа змясціцца 20 асоб, рэшта — на падлозе. Паміж нарамі вузкі праход. Hi стала, ні шафкі — няма. Нават для парашы няма месца. Разы тры на дзень выпускаюць у туалет. Па меры таго як звальнялася месца на нарах, тыя, што спалі на падлозе, па чарзе займалі вольнае месца на нарах. Толькі праз 4 дні і мне дасталося месца на нарах.
У першыя гадзіны майго перасялення ў агульную камеру мяне аглушылі страшнай навіной: Янка Купала спрабаваў пакончыць самагубствам — два разы ўсадзіў востры нож у сваю печань. У цяжкім стане адвезлі яго ў бальніцу. Прычыны? Адны кажуць, што ў яго была хворая печань і, не сцярпеўшы невыноснага болю, рашыў такім чынам пазбавіцца ад цярпення. Іншыя тлумачаць тым, што гэта форма пратэсту супроць масавых арыштаў усёй беларускай інтэлігенцыі.
Першая версія, мабыць, афіцыйная. Больш праўдзівая — апошняя. А мне прыйшло на думку «чнстосердечное» прызнанне розных Краскоўскіх, Лёсікаў... Магчыма, яны і Янку заблыталі ў сваю ганебную хлусню... У пазнейшых маіх спатканнях з Янкам ён не хацеў гаварыць пра гэта. «Маўчы! I ніколі не ўспамінай мне» — вось і ўвесь яго адказ на мае пытанні.
Старастай камеры была маладая дзяўчына па прозвішчы Комар, камсамолка з Заходняй Беларусі. Ёй пагражаў арышт з боку польскай дэфензівы, і яна без узгаднення з адпаведнай падпольнай арганізацыяй самавольна перайшла граніцу, спадзеючыся, што ў Савецкай Беларусі яе прыхільна сустрэнуць. Аказваецца, усіх такіх самавольных перабежчыкаў з Заходняй Беларусі затрымліваюць у ГПУ на доўгія месяцы дзеля праверкі,
а пасля высылалі іх, як і гэтую Комар, за Урал. А некаторых, асабліва тых, якія давалі згоду супрацоўнічаць з органамі, пакідалі на Беларусі.
У нашай камеры, як у перасылцы, перабывала шмат раскулачаных сялянак, часамі з малымі дзяцьмі. Але яны доўга тут не заседжваліся — іх высылалі далей, за Урал ці на Поўнач.
Асабліва шмат перабывала ў гэтым будынку асоб-семітаў. Імі былі запоўнены ўсе камеры, калідоры ўсяго будынка, нават на лесвіцах сядзелі — і старыя, і маладыя, інтэлігенцыя і гандляры з Нізкага рынку, зубныя лекары і былыя купцы. Ад усіх іх вымагалі здаваць дзяржаве золата, якое было патрэбна для індустрыялізацыі Савецкай краіны. Аднойчы, чакаючы ў калідоры наверсе выкліку ў кабінет следчага, я наглядала за адным сівым ужо, але крэпкім семітам. Ён нервова хадзіў па калідоры, час ад часу адчыняў дзверы аднаго з кабінетаў і, усунуўшы праз дзверы толькі галаву, выкрыкваў: «Ну, пятнадцать хватат?» Адтуль даносіўся звонкі голас: «Вон!»; праз колькі хвілін зноў: «Ну, двадцать!» I зноў «Вон!». На якой суме старгаваліся, мне ўжо не давялося пачуць.
У нашу камеру пасялілі некалькі жанчын, якіх забралі па аднэй і той самай справе. Адна з іх апранута ў адзетак выяўнага замежнага паходжання. Гадоў каля 30 жанчына, энергічная, языкастая, тыповая мяшчанка. Яна расказала, што ў Полацку ў іх была канспіратыўная кватэра, у якой збіраліся з усіх бліжэйшых гарадоў для гульні ў карты. Бываў у гэтай кватэры і адзін супрацоўнік ЦК партыі, які прыязджаў туды з Менска. I вось якісь нягоднік выдаў іх, раскрылі гэту кватэру і ўсіх аматараў картачнай гульні арыштавалі. Разам з імі арыштаваны і гэты супрацоўнік ЦК. Адна з гэтай кампаніі, настаўніца школы з прымежнай з Латвіяй мясцовасці, з нейкай злобай адносілася да гэтай развязнай жанчыны, жалілася, што яе заблыталі ў нягодныя справы. 3 гутарак гэтай кампаніі жанчын відаць было, што гэта быў ланцужок, які ішоў ад мяжы з Латвіі да Полацка, Віцебска і Менска. Мне падумалася, што гэта латышка Лаціс выдала ўвесь гэты шпіёнскі канал.
Спаміж жанчын, якія насялялі нашу камеру, былі тры эпілептычкі. 1 кожны дзень то адна, то другая біліся ў эпілептычным прыпадку, а то і па два разы на дзень. У аднэй маладой азербайджанкі настолькі сільныя прыпадкі былі, што яна, як рыба на пяску, выгіналася, білася аб памост і тры-чатыры жанчыны не маглі ўтрымаць яе, каб не растаўкла галавы. На мяне так моцна дзейнічалі гэтыя прыпадкі, што, здавалася, і я зараз завыю дзікім голасам і заб’юся ў прыступе. Мне ўспомніўся малодшы брат маёй мамы, які ад нараджэння быў эпілептыкам і ў маладым веку памёр у няспынных прыпадках. Я з маленства памятала яго і баялася, каб у спадчыне і да мяне не прычапілася гэта хвароба. Лепш ужо смерць, чымся такое цярпенне. Усе нашы просьбы-заявы, каб забралі з нашай камеры гэтых жанчын у шпіталь, аставаліся без выніку. А мае нервы настолькі напружваліся, бо і ўночы не было спакою ад хворых, што вытрываць немагчыма было, я блізка была да вар’яцтва. Каб уратаваць сябе і іншых зняволеных жанчын і дзяцей, я абвясціла галадоўку. На другі ж дзень мяне выклікалі да следчага. Спытаў ён аб прычыне, па якой я абвясціла галадоўку. Я і расказала. Ад імя ўсёй камеры патрабавала забраць хворых у шпіталь. К вечару гэтага ж дня іх забралі ад нас, але куды — мы не ведалі. Я спыніла галадоўку.
У падвальнай агульнай камеры ў нас склаўся даволі добры жаночы вакальны ансамбль, і часта мы такія давалі канцэрты, што і ўся варта заслухвалася. I толькі калі паказвалася зверху начальства, грозна загадвалі: «Прекратнть пенне!» Спявалі мы на два і на тры галасы беларускія народныя песні: «Ах ты Нёман-рака», «Краю мой родны», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Венера», «Жыў на свеце Лявон», «Пад гоман вясёлы»402 і інш. Яшчэ седзячы ў «амерыканцы», я часам спявала, але там доўга не папяеш — забаранялі.
I вось амаль праз 40 год пасля гэтага я атрымала ліст з Саратава ад 88-гадовага Язэпа Дылы, у якім ён, паміж іншым, піша: «Я Вас добра памятаю яшчэ і таму, што калі мы сядзелі ў Менску ў так званай амерыканскай “ратондзе”, то зусім нечакана нечый дзявочы голас, які не мог быць у нас, а толькі ў галоўным
будынку, пачаў апяваць нас у такіх народных беларускіх плачах... Я меў месца на нарах побач з Дубоўкаю, і мы, слухаючы гэты голас, гадалі, хто ж з дзяўчат нашых мог так апяваць нашу долю і сумуе над ёю... Строілі ўсялякія здагадкі... і сталі запэўняць сябе, што магла б нас апяваць так адна толькі гераіня Купалы, толькі ўсім нам мілая Паўлінка...»