Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
«О, не! — думаю сабе. — Тут нешта нейкае, што хочуць скрыць ад мяне».
Нарэшце сабралася пэўная колькасць выбаршчыкаў, і Паўлаў адкрыў сход.
— Нам трэба выбраць кандыдата ў дэпутаты сельскага савета.
Людзі заварушыліся, пачалі між сабой здзіўлена пераглядацца.
— Дык мы ж даўно ўжо выбралі Паўліну Вікенцьеўну, — азваўся адзін. Сэрца маё затахтала, пачуўшы нешта нядобрае.
— Паўліна Вікенцьеўна не можа быць кандыдатам у дэпутаты, таму што яна з’яўляецца сакратаром акругі па выбарах у абласны савет.
Я добра ведала палажэнне аб выбарах, згодна якому я, будучы сакратаром акругі па выбарах у абласны савет, не магла вылучацца кандыдатам у абласны савет, але ніхто не пазбаўляў мяне права быць вылучанай кандыдатам у сельскі савет. Аднак выкрываць гэты фальш я не захацела, ведаючы, што тут іншая прычына. Паўлаў запрапанаваў вылучыць кандыдатам у дэпутаты сельсавета гэтага фізрука, вядомага дурня і горкага п ’яніцу. Усе ў недаўменні маўкліва прагаласавалі і ў прыгнечаным настроі разышліся. He так было б крыўдна, каб хоць знайшлі разумнейшага, больш вартага кандыдата, як гэты фізрук, раз ужо я непрыгодна.
Аднойчы пасля шостага ўрока Паўлаў, спаткаўшы мяне пры выхадзе з класа, прапануе зайсці ў яго кабінет, дзе чакае мяне хтосьці з райкама партыі. Заходжу туды. Разваліўшыся нядбайна ў пляцёных крэслах, сядзяць сакратар райкама па
прапагандзе і агітацыі Краўчынскі і другі, незнаёмы мне. На маё прывітанне ніхто з іх не адказаў.
— Мы прыехалі, каб з вамі «побеседовать».
— Калі ласка, — адказваю і аглядаюся, дзе б прысесці. — Во, — кажу далей, — у кабінеце дырэктара і прысесці няма на чым.
Няўжо мне стаяць перад імі навыцяжку з журналам і сшыткамі ў руках? Адчыніла дзверы ў калідор і, убачыўшы там аднаго вучня, папрасіла прынесці з настаўніцкай табурэцік. Заўважыла, што начальству не спадабалася мая незалежнасць. Пачаліся пытанні:
— Якія газеты выпісваеце?
Я адказала, што выпісваю 6 газет і часопісаў.
— I вы іх чытаеце?
— Выбачайце, але на пэўны свой ужытак гэта для мяне замнога.
— Хто такі Сталін?
Я не магла стрымаць усмешкі.
— Я такое пытанне задаю сваім вучням і дзіўлюся, што вы пра гэты пытаеце ў настаўнікаў.
— А бывае, што і настаўнікі не могуць на гэта адказаць правільна.
— Калі так, то гэта не робіць гонару ні райана, ні вам.
— Як вы павышаеце свой палітычны ўзровень?
— У маскоўскіх школах, як звычайна, вывучалі гісторыю ленінізму пры маскоўскім Доме вучыцеля. Скончыла 2-і курс, але з пачатку вайны заняткі перарваліся, і я не закончыла ўніверсітэта.
— Вы вучыліся ў універсітэце марксізму-ленінізму? — здзіўлена пытаюць. — Ну, дык скажыце што аб Феербаху. Зрэшты, не трэба пра Феербаха, а пра Гегеля. Што гэта ў яго было за такое «рацыянальнае зярно»?
Пра Гегеля я добра ведала і адказала на пытанне.
Пасля сыпаліся пытанні, у якім годзе былі якія з’езды партыі.
— Даруйце, але ў мяне крыху аслабела памяць на даты, пры гэтым пасля шасці ўрокаў галава стамілася, і я магу памыліцца. Давайце больш істотныя пытанні.
Як пазней я сябе праверыла, я два разы памылілася ў датах на 2—3 гады.
А праз пару дзён у раённай газеце Краўчынскі змясціў допіс пра гутарку са мной. У допісе сказана, што я ніякіх газет не чытаю, не павышаю сваёй палітычнай адукацыі, не вяду з вучнямі антырэлігійнай прапаганды, «бо, відаць, сама нядаўна перастала хадзіць у касцёл». (Паміж іншым, падчас гэтай гутаркі са мной ні слова не было аб антырэлігійнай прапагандзе.)
Дырэктар Паўлаў і завуч Фрыд нахапалі сабе па 30—32 гадзіны ўрокаў на тыдзень, і ім не хапала часу кантраляваць працу настаўнікаў. I вось аднаго разу наганяе мяне Фрыд у калідоры, адводзіць далей ад людскога вуха і шэпча:
— Нас змушаюць наведваць урокі настаўнікаў, а вы ж самі ведаеце, якая ў нас саміх нагрузка — няма калі сядзець на уроках другіх. Дык я вас папрашу: дайце мне 3—4 тэмы вашых урокаў і хоць кароценькі план да іх, а я напішу добры водзыў аб вашых уроках.
— Генадзі Майсеевіч, дзверы таго класа, у якім я вяду урок, для вас заўсёды адкрытыя. Прыходзьце, слухайце і давайце ацэнку маіх урокаў, на якую яны заслужылі. А ліпавай ацэнкі, хоць і найлепшай, я не хачу, — і я адмовілася ад такой прапановы.
Гэта было ў першае паўгоддзе маёй працы ў будслаўскай школе. У час зімовай раённай канферэнцыі настаўнікаў мне моцна занядужылася. Вярнуліся з канферэнцыі настаўнікі, пачаліся заняткі ў школе. Я пачала пытацца, што цікавага было на канферэнцыі, якія даклады, выступленні. Заўважыла, што настаўнікі пачалі між сабой пераглядвацца, падаваць адзін аднаму якіясь знакі і, хаваючы ад мяне вочы, мямлілі нехаця:
— Ат, нічога цікавага. Як заўсёды: адных хваляць, другіх ганяць.
Бачу выразна, што яны нешта тояць перада мной. Аднак у наступны дзень адна настаўніца расказала пра выступленне Фрыда. Змест яго выступлення прыблізна такі:
«Нам панасылалі ў школу старух — Навіцкую і Мядзёлку. Яны толькі дарма дзяржаўныя грошы атрымліваюць. Што з таго, што ў Мядзёлкі вялікі вопыт? Яна ці не можа, ці не хоча
выкарыстаць свой вопыт, бо на яе уроках пануе нуда, вучні спяць і нічога не ведаюць».
(А ён жа ні разочку не пабываў на маіх уроках.) У раённай газеце паявіўся рэпартаж аб канферэнцыі і скарочаны змест выступлення Фрыда з ганьбаваннем майго імя.
Я зусім пала духам. Бачыла, што ўсе яны паставілі сабе мэтай біць мяне, пакуль зусім не даб’юць. Ніна Канстанцінаўна параіла мне забраць з сабой усе характарыстыкі з маскоўскіх школ і паехаць у райкам партыі. Я так і зрабіла.
Прыняў мяне 2-і сакратар райкама тав. Кобыш. Я расказала яму пра выступленне Фрыда на канферэнцыі, паказала свае характарыстыкі.
— Як гэта магло здарыцца, што ў Маскве я лічылася «отлйчннцей» сярод настаўнікаў, рабіла даклады ў гарадскім метадкабінеце, дзе былі выстаўлены і мае работы, і маіх вучняў, а праз паўгода ў Будславе я раптам дэкваліфікавалася і зрабілася нікуды не годнай настаўніцай? Я прашу і патрабую назначыць аўтарытэтную камісію, якая б усебакова праверыла маю працу ў школе.
Сакратар уважна прачытаў усе характарыстыкі, здзіўлена пахістаў галавой і абяцаў прыслаць камісію.
Тры дні камісія правярала планы маіх урокаў, сшыткі вучняў, метадычныя даклады, якія рабіла я ў Маскве, самаробныя табліцы, графікі, пабывалі на маіх уроках. У канцы на педсавеце сказалі:
— У такіх настаўнікаў, як Навіцкая і Мядзёлка, вы павінны вучыцца, а не кляваць іх.
3 таго часу я пачала рабіць даклады па метадычных пытаннях на раённых сходах настаўнікаў, пасля мяне выклікалі на абласны сход і нарэшце вылучылі мяне з дакладам у навукова-даследчы інстытут у Менску. Пасля гэтага перасталі ганьбіць мяне як настаўніка, але цяпер зайшлі з другога боку цкаваць мяне. Ну, але пра гэта пазней скажу.
3 першых дзён сваёй працы ў Будславе я пазнаёмілася з мясцовай моладдзю і пабачыла, што можна арганізаваць харавы і драматычны гурток. Пачала вербаваць у харавы гурток.
— У нас ёсць арганісты пры касцёле, — кажа мне адзін хлопец, — ён можа кіраваць хорам.
— Ну, можа, я і не горш за яго змагу гэта рабіць.
Пачала падбіраць галасы, праводзіць спеўкі. Але дзе? Клуб з добрай залаю і сцэнай быў заўсёды на замку. Загадчык клуба быў нейкі малады хлюст, п’яніца і мне не давяраў. Прытым у клубе не было ніякага музычнага інструмента. Прыходзілася сабіраць харыстаў у сваёй хаце, дзе знаходзілася піяніна майго бацькі. Для асвятлення падчас спевак купляла ў спекулянтаў карасіну для лямпы на свае грошы, а сшыткі правярала пры капцілцы. (Настаўнікам выдавалі па 2 літры карасіны на месяц, і то неакуратна.) Сабіраліся харысты ў 9—10 гадзін вечара і разыходзіліся ў 12-й гадзіне ночы. Пасля спевак у хаце поўна смецця — лускі сланечнікаў, гароху, пяску... Мы з мамай адчынялі вокны і прыбіралі ў хаце. Адначасова пачала рэпетыцыі «Паўлінкі», і праз якісь час зрабілі пастаноўку ў клубе «Паўлінкі» і праспявалі хорам некалькі песень.
Як пачала наладжвацца праца з хорам, я сказала харыстам, што калі яны будуць акуратна хадзіць на спеўкі, то я ручаюся за два гады вывесці іх на Рэспубліканскі агляд самадзейнасці. А выйшла так, што мы туды трапілі праз паўгода.
Аднойчы падчас спеўкі зайшоў у маю хату дырэктар абласнога Дома народнай творчасці тав. Каган. Ціхенька седзячы, праслухаў усе нашы песні, а ў канцы сказаў, каб мы рыхтаваліся на абласны агляд. Неяк у канцы восені 1948 года нас выклікалі на абласны агляд самадзейнасці ў Маладзечна. А тут якраз падаспела вяселле: жанілася адна пара нашых харыстаў. Два дні і дзве ночы п’юць, гуляюць, а на трэцюю ноч выязджаем поездам. У хлопцаў у кожнай кішэні па бутэльцы. У вагоне працягваюць піць-гуляць. Я сяджу ля вакна ні жывая ні мёртвая. Утаймаваць іх не магу. Як жа яны спяваць будуць трое сутак без сну, з прапітымі глоткамі? Аж узмалілася да памяці бацькі: «Татачка родненькі, каб ты жыў, паспачуваў бы мне, бо і ты ж калісь вёў свой хор».
Прыехалі ў Дом народнай творчасці ў 9 гадзін раніцы. На сцяне вісіць расклад выступленняў на гэты дзень. Гляджу —
Крывіцкі раён410 (гэта мы) на апошнім 7-м месцы. Крыху лягчэй стала на душы: значыцца, выступаць будзем не раней вечара. За гэты час дадуць жа нейкі прытулак маім спевакам, адаспяцца, працверазяцца і, можа, як і праспяваюць не найгорш.
Тым часам у кабінеце дырэктара даведаліся, што мы прыехалі, і адтуль данеслася голасна каманда: «Будслаў, на сцэну!». Спалоханая, убягаю ў кабінет.
— Злітуйцеся, мы не можам адразу з дарогі выступаць: ноч правялі без сну. Трэба харыстам адпачыць.
(Я ўжо не прызнаюся, што тры ночы яны не спалі ды і перапітыя.)
— Нічога не паробіш, — адказваюць, — вы першыя прыехалі, першыя і выступайце. Нам няма часу другіх чакаць.
Як ні баранілася, нічога не памагло.
— Дык ці ёсць у вас кансультант па хоры? — пытаю. — Ці падрыхтавана сцэна, падстаўкі?
Пазвалі кансультанта.
— Павал Осіпавіч, знаёмцеся: кіраўнік Будслаўскага хору. Падыходзе высокі худы мужчына, цалуе мяне ў руку.
— Паўлінка? — пытае, заглядваючы ў вочы. — Ну, як жа вашы татка і мамка гадуюцца? Дзе Казюк, Стась?
Бацюхны мае! Усю маю блізкую радню ведае, а я яго не ведаю. Хто ж ён такі? Аказваецца, гэта кампазітар Павал Каруза родам з Ваўкалата. Памятаю, як ён, хлапчук гадоў 8, прыязджаў да нас у Глыбокае са сваім бацькам. 3 таго часу я яго не сустракала, але ведала ад мамы, што адзін сын старога Карузы скончыў Варшаўскую кансерваторыю, пазней быў выбраны ад беларусаў паслом у польскі Сойм, а ў газетах паявілася карыкатура: Павал Каруза з піяніна на плячах падымаецца па прыступках у польскі Сойм. Пасля 1939 г., як і ўсе былыя паслы-беларусы — Рак-Міхайлоўскі, Мятла і іншыя, быўсасланы ў Сібір. Пасля вызвалення з высылкі ўладзіўся кансультантам у абласны Дом народнай творчасці ў Маладзечне.