• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

    Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 612с.
    Мінск 2018
    123.36 МБ
    Нічога не ведаючы пра адносіны Анны Пятроўны да мяне, а мае да Янкі, ён у прысутнасці шпітальнай службы расказаў наступнае.
    Столік дзяжурнай па калідоры стаіць на развілцы двух калідораў, і дзяжурная са свайго месца бачыць навылёт абодва калідоры. Каля гадзіны 11 -й вечара яна бачыла, як Янка Купала сядзеў на поручнях з нейкай жанчынай. Дзяжурная на хвіліну адышла ад свайго месца па сваіх справах, а калі вярнулася
    нікога ўжо не было на поручнях, а ўнізе чула трывожны шум. Хто была гэта жанчына і куды яна знікла — не ведала.
    Дык што ж гэта было? Чыя версія праўдзівая?
    Калі прыняць пад увагу, што Янка заўсёды быў праўдамоўны, не зважаючы на высокае становішча свайго субяседніка, гаварыў тое, што думаў; калі прыняць пад увагу яго настрой, у якім ён быў пры нашым апошнім спатканні і калі ён такія думкі выказваў не толькі перада мной, то з такім настроем і думкамі такому чалавеку, як Янка Купала, у гэты жудасны час культу нельга было жыць, а зрабіць з ім тое, што сталася з Цішкам Гартным, Чаротам і іншымі, таксама было нельга — занадта вялікі шум падняўся б за мяжой.
    I так, тайна засталася тайнай...
    Зноў пра Владку — цёцю Уладзю Луцэвіч
    У часе вайны аж да вызвалення Менска ад акупантаў Владка жыла ў гасцініцы «Якар» на вуліцы Горкага; там жа жылі Алеся Александровіч і іншыя бежанцы з Беларусі. Владка атрымлівала літарную прадуктовую картачку па літары А. У яе заўсёды былі ў запасе масла, розныя сыры і каўбасы, зярністая ікра, хлеба і булак удосталь, чаго мы, звычайныя жыхары Масквы, праз усю вайну ў вочы не бачылі, а, часта бывала, галадалі. Час ад часу я наведвала Владку і карысталася яе гасціннасцю.
    Владка ў гэты час шукала, дзе магла, і збірала матэрыялы для будучага музея імя Я. Купалы. Яна ў якасці дырэктара музея мела доступ да закрытых фондаў Дзяржбібліятэкі імя Ул. Леніна.
    Аднойчы паказала мне выразкі з газет «Наша доля» і «Наша Ніва» з вершамі Купалы, газетнымі фота.
    — Скуль ты раздабыла? — пытаю.
    — Ловкость рук н ніікакого мошенства, — адказвае, і паказала мне лязо брытвачкі, зашчэпленай паміж пальцамі ў кулаку.
    — Слухай, — кажу здзіўлена, — за такія справы даюць 10 год, калі агледзяцца.
    — А хто там глядзець будзе, правяраць? He баюся гэтага.
    Да мяне на кватэру Владка ніколі не прыходзіла. Аж аднаго разу вечарам з’явілася. Я зразумела, што не проста адведаць мяне прыйшла, а пэўна з нейкім інтарэсам. I не памылілася. Пагаварыўшы аб тым-сім, яна спытала, якія ў мяне ёсць памяткі аб Янку. Я паказала, што яшчэ захавалася ў мяне — кніжкі, фота з яго надпісам для мяне, фота на сцэне пасля першай пастаноўкі «Паўлінкі» ў Піцеры, маё фота, лісты і інш. Яна адабрала ўсё патрэбнае для музея, паклала перада мной друкаваны бланк.
    — Пішы рахунак!
    — Які рахунак? Ты здурэла, ці што? Я ў музей Янкі аддаю гэта і буду браць грошы? Прадаваць памяткі ад яго?
    — А табе што, муляцца будзе ў кішэні якісь лішні рубель? Глядзі вось, як абнасілася ўся. Я не свае грошы трачу на гэта — дзяржава дае. He дурніся і пішы! Мне патрэбны апраўдальныя дакументы на матэрыялы для музея.
    — Ды я не ведаю, што і як пісаць.
    I пад яе дыктоўку я напісала рахунак на 850 руб. і падпісала: «Получнла сполна налнчнымн».
    — Як атрымаю па гэтаму рахунку грошы, зараз жа табе аддам, — сказала, хаваючы ў сумачку рахунак.
    «Якраз як пані Хадасевіч у Царыцыне», — падумалася мне. I не памылілася. <.„>
    Як бы там ні было, але ніхто іншы не змог бы стварыць такую памяць аб Янку Купале, як сучасны музей яго імя. За гэта ёй чэсць і слава!
    He ведаю, што адбылося паміж ёй і К. Елісеевым, але ў 1950 г. У. Пігулеўскі ў Рызе паказваў мне ліст К. Елісеева, свайго старога сябра. У гэтым лісце цёця Уладзя абзывалася самымі непрыстойнымі словамі. Ці паміж імі быў асабісты канфлікт, ці мо Елісееў быў абураны яе адносінамі да Янкі?
    3 1947 г. пасля майго пераезду з Масквы ў Будслаў я не раз бывала ў Менску і па сваіх справах, і са сваім хорам на аглядах мастацкай самадзейнасці, і з дакладамі на педагагічных канферэнцыях, але да Владкі не заходзіла. У адзін з маіх прыездаў у Менск я рашыла наведацца ў музей. Пайшлі туды з маёй
    братавай Віцяй. Музей тады знаходзіўся на першым паверсе таго будынка, у якім цяпер месціцца Саюз пісьменнікаў429.
    Ці то мяне хто пазнаў і сказаў Владцы, што я аглядаю экспазіцыю музея, ці сама яна пабачыла мяне, але, убегшы ў тую залу, дзе я знаходзілася, кінулася да мяне на шыю і з плачам пачала папракаць мяне, што, бываючы ў Менску, я ні разу не наведалася да яе.
    — Мы ж з табой толькі двое засталіся з нашаніўцаў, яшчэ, праўда, і Косця Буйло ў Маскве. Дык чаго ж ты аддаляешся ад мяне, чаму не заходзіш? Заходзь, родненькая. У імя Янкі прашу, заходзь, не пакідай мяне!
    Я адчула шчырасць яе слоў і, забыўшыся пра ўсё благое, пачала з таго часу бываць у яе, як толькі прыязджала ў Мінск.
    He было таго дня, каб за сталом яе не было гасцей. Яна не магла сесці за стол без гасцей. Як толькі прыйдзе з працы і пачынае рыхтаваць па свайму густу абед, хаця ўсё неабходнае было падрыхтавана перш жонкай Цішкі Гартнага, якая вяла якісь час яе гаспадарку, а пасля цёцяй Маняй Аблачынскай, — Владка пачынала названіваць па тэлефоне, склікаць гасцей, пасылала за водкай і віном, і тады ад гадзіны пятай да поўначы пілі-елі... <...>
    Аднаго разу я застала ў яе Бэндэ, які некалькі дзён начаваў у яе кватэры, прыехаўшы па нейкіх справах у Менск. Владка, як дарагога госця, частавала яго, ласкава гаварыла яму ўсякія прыемныя словы. А ў адсутнасці казала мне пра яго:
    — Сачком, сволач, падлец!
    Бліжэйшымі яе сяброўкамі ў апошнія гады былі Марыя Барысаўна Осіпава, Марыя Канстанцінаўна Хайноўская. I заўсёды, седзячы разам з імі за сталом, Владка, падняўшы чарку, гаварыла тост у маю чэсць, выхваляючы мяне на ўсе лады. А я ў гэты час думала: вось выйду я з пакою, і яна са злобай у вачах будзе гаварыць пра мяне зусім адваротнае.
    Праўда, нешматлікія лісты яе да мяне (чамусьці пісала яна іх на рускай мове), пачынаючы з 1952 г., былі заўсёды цёплыя, заўсёды сардэчна запрашала мяне прыязджаць да яе. У апошнім лісце ад 27/ХІІ-59 г. жалілася на сваю хваробу і поўнае адзіноцтва.
    25 лютага 1960 г. вечарам я за сваім сталом чытала ўголас маме якуюсь кнігу. А ў галаве мільгала думка, што мне сёння трэба выехаць у Менск. Чаго? Каму я там патрэбна? Праганю гэту думку і прадаўжаю чытаць. I зноў: як жа мне дабрацца да станцыі? На дварэ сільная вея, гурбы снегу... Ну што за ліха! Нашто мне здаўся той Менск, чытаю далей. А што мне адзець? Што з сабой узяць? I да таго гэтыя назойлівыя думкі надакучылі, што не змагла далей чытаць. Каля 10 гадзін вечара заходзіць суседка, у якой дома ёсць тэлефон.
    — Паўліна Вікенцьеўна, званілі з пошты, прыйшла вам тэлеграма з Мінска.
    — Як жа я пайду на пошту ў такую завіруху? А не перадалі тэксту тэлеграмы?
    — Памерла Брані... Брані... вось забылася...
    — Уладыслава Францаўна? — ускрычала я.
    — Ага!
    Дык вось чаму мне трэба зараз жа сабірацца ў Менск!
    Нараніцу я была ўжо ў Менску. Цела цёці Уладзі было ў моргу. У яе пакоі было пуста. Ужо зняслі кудысьці гару кніг, якія ляжалі на падлозе, чамаданы, набітыя замежнымі выданнямі твораў Купалы, мноствам розных фота і іншых цікавых матэрыялаў, якія Владка не хацела здаваць у фонд музея. Часам яна мне паказвала некаторыя рэчы, але здалёк, не даючы ў рукі, каб бліжэй паглядзець.
    Два гады ўжо Владка была моцна хворая, але да апошняга дня не пакідала працы, хацела хутчэй закончыць будову новага музея і дачакацца яго адкрыцця. Усюды сама мусіла дагледзець, паклапаціцца, не давяраючы сваім памочнікам. I ў гэты апошні дзень свайго жыцця збіралася пайсці на працу. А гадзіне 10-й пайшла ў свой пакой апранацца да выезду, пачула сябе дрэнна, павалілася на падлогу ля свайго ложка і не змагла падняцца. Выкліканы шафёр на руках вынес яе ў машыну і павёз у медкамісію. Пасля 12-й гадзіны яна папрасіла доктара прынесці ёй паперы і аловак — хацела напісаць якоесь свае распараджэнне. А калі праз 10 хвілін доктар вярнуўся з паперай, Владка ўжо не жыла.
    Чакаючы ў вестыбюлі, пакуль збяруцца бліжэйшыя сяброўкі (Дзятлоўская, М. Б. Осіпава), каб разам пайсці ў морг, я пабачыла, што па сходах падымаецца пажылы чалавек. Сівыя валасы, падстрыжаныя бобрыкам, на шчацэ каля носа цёмная гарошына. Я падбегла да першай прыступкі.
    — Сушынскі? — пытаю.
    — Так, Сушынскі, — затрымаўся, пытліва ўглядаючыся ў мяне.
    — He пазнаеце мяне?
    — He пазнаю.
    — Вось да чаго я дачакалася! 47 гадоў таму мы з вамі ў першай пастаноўцы «Паўлінкі» ігралі на сцэне, а цяпер Паўлінкі не пазнаеце...
    — А мая ж вы родненькая, даражэнькая! — кінуўся рукі цалаваць. — Я ж усё пытаўся, дзе вас знайсці.
    Так амаль праз 50 гадоў сустрэлася са старым культурным дзеячам Язэпам Францавічам Сушынскім.
    У моргу цёця Уладзя ляжала на стале ўжо прыбраная ў чорную сукенку. Мы паклалі кветкі вакол яе і селі ў рад на крэслах.
    Мне не верылася, што яна ўжо не жыве. Твар спакойны, лёгкі румянец на шчоках. Вось, здаецца, сіняя жылка на скроні б’ецца... як быццам уздыхнула... Вось-вось зараз скажа: «Дурная ты, нічога не разумееш», «Ты, Паўліна, заўсёды была і засталася ідэалісткай, а я матэрыялістка, я практычны чалавек і рэальна гляджу на жыццё, а не праз ружовыя акуляры, як ты».
    He, гэта ад бяссоннай ночы мне мігціцца ўваччу і здаецца, што яна дыхае, што жылка б’ецца на скроні.
    Чакаем, калі кончыцца спектакль у Тэатры імя Янкі Купалы. Каля гадзіны 1 -й ноччу выносяць труну і ставяць на падрыхтаваны катафалк на сцэне тэатра.
    Назаўтра, ад гадзіны 10-й раніцы, поўны партэр тэатра народу. На сцэне па баках катафалка сядзяць бліжэйшыя — радня Янкі, сяброўкі Владкі. Кожныя 5 хвілін мяняецца ганаровая варта. Я стаю на варце з Ржэцкай і яшчэ кімсьці за намі.
    А гадзіне 1-й дня вынас на могілкі, што на Даўгабродскай вуліцы. Галава пахароннай працэсіі была ўжо на плошчы Перамогі, а канец яшчэ ля тэатра. Я налічыла 45 вянкоў, але было больш,
    якіх не змагла дагледзець. Наш вянок быў куплены ў складчыну: М. Б. Осіпава, Дзятлоўская, М. К. Хайноўская і я.
    За жалобныя сталы, састаўленыя ў літару П у зале дома на Омскім зав.430 садзіліся, мяняючыся па чарзе, 4 разы. I каго там ні было! Пісьменнікі, артысты тэатра, супрацоўнікі музея і проста выпадковыя асобы.