Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
Так і не дачакалася цёця Уладзя адкрыцця музея ў новым будынку.
Другія пахароны Янкі Купалы
Маё прароцтва ў час майго апошняга спаткання з Янкам часткова спраўдзілася: як ні старалася, як ні дабівалася Владка перавезці урну з попелам Купалы з Масквы ў Менск, — не змагла дабіцца: Масква 20 год не аддавала урны, тлумачачы, што Купала лічыцца ўсесаюзным паэтам і таму яго урна павінна знаходзіцца ў Маскве.
У канцы чэрвеня 1962 г. я атрымала ад Ядзі Раманоўскай паштоўку, у якой коратка піша: «Калі здароўе дазволіць, прыязджайце ў Мінск 1-га ліпеня». Чаго? Пашто там спатрэбілася? Нічога пра гэта не піша. У гэтыя дні ўсюды адбываліся вечары, прысвечаныя 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Пэўна, мяне думаюпь высунуць куды з успамінамі. А я ўжо дала згоду выступіць на такім вечары 1-га ліпеня ў Маладзечне і не думала ехаць у Менск.
На гэты вечар прыехалі ў Маладзечна купалаўцы з пастаноўкай 1-га акта «Паўлінкі». Ад Юркі Гаўрука я там даведалася, што заўтра, 2 ліпеня, будзе пахаванне урны Купалы ў Менску. Пасля выступленняў і спектакля я разам з артыстамі на машынах паехала ў Менск. Пераначавала ў кватэры Гаўрука. Ён сказаў, што будуць усе збірацца ў доме Саюза пісьменнікаў а гадзіне 10-й раніцы. Адтуль пойдзе працэсія з урнай на могілкі.
У 9.30 мы з Юркам былі ўжо на месцы. На двары Саюза ўжо сабралася чалавек 20. Сярод іх пабачыла Косцю Буйло. Прывіталіся. Народу ўсё прыбывала. Большасць для мяне незнаёмыя былі людзі. Усе маўчаць або ціхенька шэпчуцца. Дзе
ж стаіць урна? Чаму ўсе стаяць на дварэ, а не ў зале ля урны? Ніхто нічога не ведае. Уехала ў двор машына. У ёй відаць кветкі. Пэўна, урну прывезлі? Кінуліся да машыны. He! Прывезлі толькі адзін вянок. Можа, у музеі паставілі урну? Паціскаюць плячыма — ніхто нічога не ведае.
Каля гадзіны 11-й хтосьці з пісьменнікаў выйшаў з дзвярэй будынка і з верхняй прыступкі голасна прамовіў:
— Таварышы! Хто хоча, якім транспартам едзьце ці пешшу ідзіце і збірайцеся ля брамы могілак на Даўгабродскай431.
Усе замітусіліся ў недаўменні, пераглядваліся, але ніхто першы не крануўся да выхада. Дасталі з машыны вянок, і ўсе, хто быў, не змаўляючыся, пастроіліся па чатырох у рады і пасунуліся моўчкі за вянком наперадзе. Панура ідзем. На перакрэстку вуліцы Янкі Купалы і Ленінскага праспекта стаіць невялічкая групка супрацоўнікаў музея з вянком. Далучыліся да нас і далей ідзем.
Два вянкі і чалавек не болын 50 у сумнай працэсіі. За сабой чую чыйсьці ціхі голас:
— Пушкіна хавалі ў сакрэце, і цяпер вось Янку Купалу.
На плошчы Перамогі якіясь замежныя турысты, стоячы ля абеліска, пстрыкаюць фотаапаратамі, фатаграфуючы нашу ўбогую працэсію. Пэўна ж, пытаюцца, куды і чаго ідзе невялічкая група людзей з двума жалобнымі вянкамі. Сорамна! Балюча!
Доўга стаім перад закрытай брамай могілак. За агароджай стаяць медныя трубы вайсковага аркестра. А народ усё прыбывае. I выпадковыя прахожыя затрымліваюцца, і групы дэлегацый з вянкамі. Уся вуліца запружана народам. А урна? Няма яе.
I нарэшце, разразаючы гудком густы натоўп, прысунулася белая машына. Над галовамі пачала ўзнімацца прыбраная ў кветкі урна. Музыканты схапіліся за трубы. Раскрыліся вароты. I пад гукі шапенаўскага жалобнага марша пасунулася працэсія па галоўнай алеі могілак.
Слёзы, слёзы, плач наўзрыд...
Вось калі, Яначка, вяртаешся ты ва ўлонне зямелькі роднай! Даравала табе яна за тваё вялікае цярпенне, за гарачую любоў тваю да яе.
Распачаўся жалобны мітынг. Я стала воддаль ад магілы, не могучы стрымаць рыдання. А вянкі ўсё нясуць і нясуць, прабіваючыся праз натоўп да магілы.
Скончыўся мітынг. Устаўляюць урну ў падрыхтаваны склеп. Замуроўваюць.
У гэты час падыходзяць з вянком купалаўцы.
— Як гэта? Усё скончылася? — здзіўлена пытаецца Ржэцкая.
— А чаму вы так позна прыйшлі?
— Нам жа сказалі сабрацца ў тэатры на 12-ю гадзіну, а выхад a 1 -й.
Вяртаемся з могілак. Насустрач нам на Даўгабродскай спяшаецца Рыгор Шырма.
— Што, ужо ўсё? Разыходзіцеся? Я ж нічога не ведаў! Толькі некалькі хвілін таму мне пазваніў хтосьці. Што ж гэта такое?
Далей сустракаем Дзяругу з фотаапаратам. Таксама толькі што даведаўся і... спазніўся.
Паабедаўшы ў цёці Мані Аблачынскай, сабраліся зноў схадзіць на могілкі. Была гадзіна 5-я папалудні. А дэлегацыі з вянкамі ад фабрык і заводаў, ад розных устаноў і арганізацый усё яшчэ ішлі і ішлі на могілкі. Адным сказалі сабірацца ў 10 гадзін, другім — у 11, трэцім — у 12 і так аж да 6 гадзін вечара.
Калі я спыталася ў Ядзі Раманоўскай, чаму яна не напісала мне ў сваёй паштоўцы, з якой прычыны выклікала мяне ў Менск на 1 ліпеня, яна адказала, што да апошняй хвіліны не ведалі, аддадуць з Масквы урну ці не аддадуць. Амаль кожную гадзіну мяняліся пастановы ў гэтай справе.
— А чаму такое дзіўнае пахаванне урны адбылося? Чаму ўразброд праз увесь дзень ішлі людзі з вянкамі, а не разам у аднэй вялікай працэсіі?
— Бо баяліся, калі ўвесь народ разам збярэцца, дык маглі б усе могілкі патаптаць.
— А калі Владку хавалі і Якуба Коласа, не баяліся, што патопчуць могілкі?
— Гэтага я не ведаю. He ад мяне залежыць.
Пазней, у адказ на мой ліст Зосі Шамардзіной з апісаннем пахавання урны Янкі Купалы яна пісала мне: «Нз похорон
Владкн сделалм всенародное шествне, а Янку Купалу... Возмутнтельно...»
Калі ў Маскве ў 1942 г., уцякаючы ад народа, ашукаўшы аб гадзінах вынасу і крэмацыі, ціхачом пахавалі Купалу, я гатова была тлумачыць тым, што ў гэты час немцы кожны дзень бамбілі Маскву і арганізатары пахавання баяліся збіраць вялікую працэсію, каб не было ахвяр на выпадак бамбёжкі.
Ну а цяпер чаго баяліся???
Тэраўскі
Тэраўскі, Цераўскі, Тэрраўскі... Розныя напісанні гэтага прозвішча сустракала ў друку. А каторае з іх правільнае? Магчыма, паходзіць ад лацінскага слова terra — зямля?
Я пісала ўжо пра яго ў апошняй рэдакцыі сваіх «Сцежак» і паўтарацца не буду.
У 1965 ці то 1966 г. я наведалася да Веры Дрэйзін — дачкі музыказнаўцы Юліяна Дрэйзіна. У яе былі госці — якіясь жанчыны, прозвішчаў якіх, на жаль, не запамятавала.
Зайшла гутарка пра Тэраўскага. Адна з гэтых жанчын, аказалася, у 30-х гадах жыла на кватэры Тэраўскага. I вось што яна расказала.
Аднойчы Тэраўскі слухаў радыё. Перадавалі беларускія народныя песні і песні сучасных беларускіх кампазітараў. Раптам Тэраўскі ўскочыў, схапіўся рукамі за галаву і з перакошаным ад болю тварам закрычаў, бегаючы па пакоі.
— Гэта ж мая песня! Мая! Укралі ў мяне! Абакралі зусім! Mae песні перадаюць ад свайго імя. Вось кажуць, што гэта Любана песня, а гэта ж мая, мая! Часамі толькі дзе-нідзе зменяць пару тактаў, a то і без ніякіх змен падаюць за свае...
— Тры разы, — кажа гэта жанчына, — яго арыштоўвалі, дапрашвалі, а за трэцім разам ён ужо не вярнуўся дамоў. Розныя бязглуздыя даносы сыпаліся на яго галаву.
I запраўды, куды ж запрапаў яго твор «На Купалле» на словы Чарота?432. «На Купалле», якое мела такі велізарны поспех у публікі ў 20-я гады. Загінула, і да сённяшняга дня не могуць
знайсці партытуры. А яна ж у кагосьці хаваецца! Пуроўскі, былы ўдзельнік хору Тэраўскага, спрабаваў па памяці аднавіць «На Купалле», але не закончыў гэтай працы пры жыцці. А некаторыя песні з «На Купалле» і да гэтага часу памятаюць старэйшыя людзі, і нават на радыё перадаюць, аднак без яго імя.
Кс. Адам Станкевіч
He памятаю, дзе і калі я з ім пазнаёмілася.
Пасля майго вызвалення да суда з гродзенскай турмы я прыехала ў Вільню. У Базыліянскіх мурах, дзе змяшчалася беларуская гімназія, беларускі музей і іншыя беларускія культурна-асветныя ўстановы, у гэты час адбываліся кароткачасовыя курсы для настаўнікаў беларускіх школ. Я заглянула туды акурат падчас якойсь лекцыі. Прысеўшы ў канцы залы, чакала перапынку, каб пабачыць каго са знаёмых. У часе перапынку хтосьці мяне заўважыў, абвясцілі прысутным, што я толькі што вызваленая з турмы і знаходжуся ў зале. Пацягнулі мяне на сцэну і наладзілі гарачую авацыю. У гэты час Адам Станкевіч падняўся на сцэну і паднёс мне свежы нумар «Кгупісу»433, надрукаваны залатымі літарамі з кароткім паведамленнем аб вызваленні з турмы і прыездзе ў Вільню.
Адам Станкевіч быў вядомы беларускі дзеяч у Вільні, рэдагаваў клерыкальную газету «Кгупіса», быў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі.
Наступнае і апошняе спатканне з ім адбылося ні то ў канцы 1940-х, нітоў 1950 гг.
Я паехала з Будслава адведаць маю любімую Вільню, дзе прайшлі мае юнацкія гады. Я ведала, што Адам Станкевіч знаходзіцца ў Вільні, але дзе яго шукаць? Зайшла ў адзін касцёл і там даведалася, што заўтра ў вялікую пятніцу (перад Вялікаднем) ён будзе служыць імшу ў касцёле Св. Міхала. Назаўтра пайшла туды і пабачыла яго пры аўтары. Як жа ён пастарэў! Сівенькі зусім. Дачакалася канца імшы і, не хочучы заходзіць да яго ў закрысы, на вуліцы чакала яго выхаду. А калі ён выйшаў з касцёла, я на пэўнай адлегласці пайшла за ім аж да дому на Зарэччы. Як толькі
ён увайшоў праз браму ў двор, я аклікнула яго. Аглянуўся і зноў пайшоў да дзвярэй свайго пад’езда.
— Вось і дачакалася, што мяне не хочуць пазнаць, — сказала голасна.
Зноў павярнуўся.
— О, цяпер пазнаю!
Прывіталіся і пайшлі да яго ў кватэру. Пазнаёміў са сваёй стрыечнай сястрой, пані Марыяй Шутовіч, якая жыла ў аднэй з ім кватэры з дачкой гадоў 10 і сястрой.
Даволі вялікі пакой, застаўлены шафамі і стэлажамі з кнігамі. На сцяне вялікі, ледзь не ў поўны рост партрэт (маслам) ЗабэйдыСуміцкага, якога я не ведала і пра якога мне там расказалі.
За снеданнем завязалася ажыўленая гутарка. Кожны з нас расказваў аб перажытым.
Пасля вызвалення Вільні Адам Станкевіч быў арыштаваны савецкімі органамі. Аднак за яго заступілася перш-наперш жыдоўскае грамадства, засведчыўшы, што ў часе нямецкай акупацыі кс. Адам хаваў у сябе жыдоўскіх жанчын і дзяцей. Пасля камсамольская арганізацыя (здаецца, г. Смаргоні — добра не памятаю) са сваёй заявы пацвердзіла, што, калі была арыштавана група камсамольцаў, дык кс. Адам даў такія паказанні, на аснове якіх камсамольцы былі вызвалены. Гэта і дапамагло, што і кс. Адама хутка вызвалілі з савецкай турмы.
Праз пару гадоў я зноў была ў Вільні і зайшла на кватэру Марыі Шутовіч, але кс. Адама ўжо там не было — яго ў другі раз арыштавалі.