Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
123.36 МБ
Марыя Шутовіч расказала мне, што савецкія ўлады абяцалі яму поўную недатыкальнасць, абяцалі прабоства ў катэдральным касцёле або ў Вострай браме, толькі з умовай, што ён не будзе прызнаваць рымскага папу, а створыць новы народны касцёл, незалежны ад Рыма. Кс. Адам не мог прыняць такой умовы, бо гэта ўжо будзе не Рымска-каталіцкі касцёл, а якісь іншы, і веруючыя каталікі не прызнаюць яго. Пасля такой адмовы кс. Адама арыштавалі і цяпер сядзіць на Лукішках434, куды п. Марыя носіць яму перадачы. Аднойчы яго прывялі з праважатым на яго кватэру, дзе ён забраў са свайго архіву якіясь
дакументы, паперы. Дазволілі не толькі памыцца ў сваёй ванне, але нават і пераначаваць з праважатым. Назаўтра раніцай вярнуўся ў турму, забраўшы патрэбныя матэрыялы.
Праз колькі гадоў я даведалася, што кс. Адам памёр у турме ад сэрца.
Але вярнуся да нашай гутаркі пры апошнім спатканні.
Цікавую гісторыю ён мне расказаў пра Лявона Дубяйкоўскага, з якім я пазнаёмілася ў 1920 г. у Варшаве пасля майго вызвалення з Вронак. Архітэктар Дубяйкоўскі, стары кавалер, быў у той час старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта ў Варшаве. Пазней жыўу Вільні і ажаніўся з маладой паненкай Мэнке.
Антон Луцкевіч быў галавой (ці магістрам — як там у іх называлася) масонскай арганізацыі на Беларусі і пачаў вербаваць у масоны Лявона Дубяйкоўскага. Ён даў сваю згоду. I вось распачалася цырымонія ўступу ў гэту арганізацыю.
— Трэба сказаць, — апавядае кс. Адам, — што гэта арганізацыя строга тайная, і за хоць маленькую здраду гэтай тайны каму-небудзь на вінавайцу накладаюць суровыя санкцыі. I вось, калі Дубяйкоўскі стаяў на каленях перад вялікім крыжам з запаленымі па баках свечкамі і паўтараў словы прысягі, пры словах, што нікому нельга прагаварыцца пра гэту арганізацыю: ні бацьку, матцы, ні брату і сястры, ні жонцы... Дубяйкоўскі прыўзняўся з аднаго калена і здзіўлена спытаў: «Як? Нават жонцы не магу сказаць? (Ён нядаўна ажаніўся.) Не-э-э, я так не магу!» — і ўжо на абедзве нагі ўстаў, адмовіўшыся закончыць прысягу. Цырымонія была перарвана.
Адразу ж пачаліся санкцыі. 3 рук Антона Луцкевіча пасыпаліся ў газетах артыкулы, у якіх на ўсялякія лады шальмавалася імя Дубяйкоўскага. Які толькі бруд не выліваўся на бедную галаву Дубяйкоўскага. Проста гэта быў грамадскі расстрэл яго. Дубяйкоўскі так быў прыгнечаны ўсімі нападкамі, у такі ўпаў адчай, што блізкі быў да самагубства. Тады кс. Адам параіў яму падаць у грамадскі суд на Антона Луцкевіча. Абаронцам Дубяйкоўскага быў вядомы ў Вільні стары адвакат Врублеўскі, а кс. Адам сведкам з боку Дубяйкоўскага. Грамадскі суд ачысціў з гразі Дубяйкоўскага.
Гэта гісторыя дала мне повад расказаць пра Івана Ігнатавіча Краскоўскага.
Да 1-й імперыялістычнай вайны Краскоўскі жыў у Вільні, быў выкладчыкам гісторыі і рускай мовы ў аднэй з мужчынскіх гімназій. Блізкі сябра Даніловіча, сустракаўся з братамі Луцкевічамі і, як паведамляла газета «Наша Ніва», з’яўляўся членам Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Аднак я ніколі яго не бачыла ні ў рэдакцыі «Нашай Нівы», ні ў кнігарні, ні на нашых амаль штодзённых спатканнях у «Зялёнага Штраля», ні на беларускіх вечарынах.
Першы раз я з ім пазнаёмілася ў Петраградзе, калі ён прыехаў у Беларускі камітэт дапамогі бежанцам. У гады вайны ён быў упаўнаважаным Саюза гарадоў па справах бежанцаў у Кіеве.
У 1916—1917 гг. у Кіеве было шмат студэнтаў-беларусаў, якія арганізаваліся ў зямляцтвы, наладзілі агульны сход усіх беларусаў, на якім выступалі з дакладамі аб гісторыі, літаратуры Беларусі, аб культурным адраджэнні Беларусі. (Кіеўскі беларускі гурток «Зорка» налічваў 150 членаў. Арганізатарамі гуртка былі Фарботка і Забела.)
Але як ні прасілі Краскоўскага выступіць на такіх сходах, ён то адмаўляўся, то нібы даваў згоду, але ў апошні дзень «захворваў». Нам было ясна, што ён пазбягае выступаць ад імя беларусаў. Аднак паяўляўся ў Менску то як адзін з арганізатараў з’езда беларускіх арганізацый і дзеячаў таго першага з’езда, які захапіла ў свае рукі буржуазія на чале з Раманам Скірмунтам і Паўлюком Алексюком, то на з’ездзе вайсковых Заходняга фронту ў 1918 г., і заўсёды імкнуўся заняць кіруючую ролю, аднак гэта яму не ўдавалася. Абодва гэтыя з’езды прайшлі міма яго, і ён, пакрыўджаны няўвагамі да яго асобы, зноў вярнуўся ў Кіеў. Праз якісь час Скарападскі ад імя Украінскай рады паслаў Краскоўскага паслом у меншавіцкую Грузію. Пасля разгрому меншавікоў ён з сям’ёй уцёк з Грузіі і паявіўся ў 1921 г. у Каўнасе435.
Аднойчы, спаткаўшы мяне на вуліцы Каўнаса, запрасіў у кавярню для паважнай гутаркі. За шклянкай кавы ён сказаў мне, што існуе пэўная арганізацыя, якая ставіць сабе вызва-
ленчыя мэты. Члены гэтай арганізацыі ёсць у кожнай дзяржаве, дзе яны займаюць адказныя пасады. Ведаючы мяне, ён прапануе мне ўступіць у члены гэтай арганізацыі. Аднак гэта арганізацыя строга тайная, і аб ёй, і аб нашай гутарцы цяпер не павінен ніхто ведаць — ні бацька з маткай, ні брат з сястрой, ні муж і жонка. Краскоўскі просіць адразу не прымаць свайго рашэння, добра падумаць, і калі я згодна з такімі ўмовамі, то праз якісь час я яму скажу аб гэтым, а ён даложыць кіраўніцтву гэтай арганізацыі, якая прыме адпаведную пастанову аб прыняцці мяне ў іх рады.
— Я адразу магу вам адказаць, — кажу яму.
— He, не, не! Падумайце, пасля скажаце.
Прыйшоўшы дамоў, я адразу расказала аб гэтай гутарцы свайму мужу Тамашу Грыбу.
— Плюнь ты на іх, — адказаў ён, — гэта нейкая масонская арганізацыя. Бач ты іх! У кожнай дзяржаве свае людзі на адказных пасадах... А хто тут, у Літве, яго бліжэйшы сябра? Чарнасоценец, падлец Міхал Біржышка. Пэўна, аднаго поля ягады.
Пры наступным спатканні на вуліцы з Краскоўскім я, ведаючы, чым скончыцца мая кандыдатура ў члены гэтай тайнай арганізацыі, схітрыла:
— Ну, я магу вам адказаць на вашу прапанову. Я згодна, але муж будзе ведаць аб гэтым.
— Добра, я далажу кіраўніцтву.
Пасля гэтага ні разу не было мовы з ім пра гэту справу. Мне было ясна, я не прыгодна для іх, бо не ўмею трымаць язык за зубамі.
Аднак санкцыі супроць мяне сыпаліся з боку Краскоўскага, — калі ён хацеў вытурыць мяне з Дзвінскай беларускай гімназіі, а пасля ў сваіх паказаннях у часе арышту ў 30-м годзе хацеў разам з сабою ўтапіць і мяне.
— А што вы думаеце, — кажа кс. Адам, выслухаўшы гэту гісторыю. — Паглядзіце, хто яго самыя блізкія сябры — у Беларусі масон Антон Луцкевіч, у Літве — Міхал Біржышка, у Польшчы — Ромер міністрам быў.
— У Латвіі — адказны супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Оліньш, на Украіне — Дзмітро Дарашэнка, які хацеў пасадзіць на трон Васіля Вышыванага, — дапаўняю гэты спіс.
Краскоўскі ж, як толькі мы атрымалі ў Латвіі пастанову аб нашай высылцы з Латвіі, нейкім чынам атрымаў візу — мабыць, з дапамогай гэтага Оліньша — і махнуў у Чэхаславакію параіцца з Дарашэнкам, і той параіў яму ехаць у Савецкі Саюз і там рабіць сваю кар’еру і іх агульную справу. Краскоўскі настолькі быў упэўнены, што ў Савецкім Саюзе яго прымуць з раскрытымі абдымкамі, што, будучы 8 месяцаў без працы пасля звальнення нас як падсудных з гімназіі, у той час, як яго сям’я з 7 асоб амаль галадала, ён браў урокі ангельскай мовы, плацячы 20 рб. за гадзіну. Калі я спыталася ў яго, нашто гэта яму спатрэбіцца, ён адказаў, што па прыездзе ў Савецкі Саюз яго пашлюць паслом у Англію. Нават я, якая слаба разбіралася ў палітыцы, рассмяялася з яго наіўнасці.
Краскоўскі быў не толькі вялікім самалюбцам і чэсталюбцам, але і помслівым чалавекам.
Так, праз дзясяткі год пасля 1930 г. я пазнаёмілася з Міколам Улашчыкам, тым самым Улашчыкам, з якім Краскоўскі запрог мяне ў сваім «чыстасардэчным» прызнанні ў адну калясніцу з У. Дубоўкам. Улашчыка я знаць і ведаць не ведала аж да 1966 г. Тады Мікола расказаў мне, што Краскоўскі ў Менску ў 1925-1930 гг., працуючы ў Дзяржплане, адначасова чытаў курс гісторыі ва ўніверсітэце і групе студэнтаў (у ліку якіх быў Улашчык) даваў заданне па зборы матэрыялаў, якія Краскоўскі выкарыстоўваў для сваёй навуковай працы, не спасылаючыся на тых, хто збіраў гэтыя матэрыялы. Даведаўшыся пра гэта, Мікола Улашчык адмовіўся працаваць на яго. Вось за гэта і да Міколы прыстасаваў сваю «санкцыю», набрахаўшы на яго ў сваіх паказаннях у ГПУ.
У Шарашэве
He ўстрымалася я, каб не расказаць кс. Адаму аб сваёй прыгодзе ў Шарашэве.
Уцякаючы з Мядзведзіч, мы з братам Казюком прайшлі пешшу аж да Пружан. Прамоклі ў дарозе аж да кашулі, нацёрлі да крыві ногі. Трэ было дзесьці затрымацца, каб абсушыцца і ногі падлячыць. Я ведала, што дзесьці ў Пружанскім павеце знаходзіцца наш стары знаёмы і зямляк кс. Франук Рамейка. У Пружанах даведалася, што непадалёк, у 2-х клм ад шашы Масква — Варшава, па якой мы ішлі, Рамейка з’яўляецца пробашчам касцёла ў Шарашэве. Рашылі завярнуць туды і перадыхнуць якіясь 3-4 дні.
Рамейку я ведала яшчэ клірыкам духоўнай семінарыі з 1907 г. Прыязджаючы ў Глыбокае, ён заўсёды прывозіў нам газеты «Наша Ніва», беларускія кніжкі, якія выдаваліся тады. Лічыў сябе беларусам і гаварыў заўсёды па-беларуску.
Спаткаў нас у Шарашэве вельмі радасна і гасцінна. Праз нейкіх пару дзён пасля нашага прыходу прыбягае ён у пакой, дзе я сядзела і чытала якуюсь кнігу, і, падаючы мне паперу, з непакоем на твары кажа:
— На, прачытай і скажы, што мне рабіць?
На афіцыйным бланку начальнік польскай паліцыі загадвае, каб у нядзелю 1 мая ў касцёле падчас самай урачыстай часткі імшы быў выкананы польскі гімн «Boze, cos Polsk^»436.
— Ну, і ты не ведаеш, што рабіць? — пытаю. — Хто тваё непасрэднае начальства — біскуп ці начальнік паліцыі?
— Вядома, што біскуп!
— Ад біскупа маеш такі загад?
He!
— Дык якое ж мае права начальнік паліцыі ўмешвацца ў касцельныя справы?
— Го! Ты разумная дзяўчына!
— А ты, дурань, ужо і спужаўся. Так і напішы яму, што 1) тваім непасрэдным начальствам з’яўляецца біскуп, ад якога няма такога загаду, і 2) аб чым ты лепш за мяне ведаеш, што падчас «podniesiennia» пры спяванні імшы дазваляецца спяваць толькі па-лаціне, а не па-польску.
Усцешыўшыся, Рамейка пабег у свой кабінет пісаць адказ начальніку паліцыі, аднак мне не паказаў свайго адказу. Гэта было ў канцы красавіка.
Рамейка дружыў з мясцовым папом, часта то ў аднаго, то ў другога збіраліся на прэферанс. Пацягнуў Рамейка і мяне з братам да папа. Мужчыны селі за прэферанс, а я падышла да фісгармоніі і пачала праглядаць ноты, якія там ляжалі. Сярод нот пабачыла знаёмую песню італьянскага кампазітара А. Страдэлі «Pieta signora» з рускім тэкстам, а я ведала польскі тэкст гэтай песні. Я ледзь не падскочыла з радасці. «Пачакайце ж, — падумала я. — Я ж вам зраблю неспадзеўку 1 Мая!»437. Тут жа, папрасіўшы аркуш паперы і аловак, я захінулася ад вачэй прысутных і пачала рабіць пераклад на беларускую мову. Назаўтра, у сакрэце перад Рамейкам, мы з братам пайшлі ў дом папа (балазе, што і яго не было дома) і папрасілі ў пападдзі дазволу прарэпеціраваць на фісгармоніі. Брат пахваліў маю задуму.