Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка
Выдавец: Лімарыус
Памер: 612с.
Мінск 2018
I вось цяпер ён у Менску. Мне хацелася паехаць туды і паслухаць яго, але не магла пакінуць хворую маму. Я паслала на адрас
Р. Р. Шырмы прывітальную тэлеграму Забэйду-Суміцкаму, вітаючы беларускага салаўя на нашай Радзіме452.
Напісала пра гэта Ларысе Геніюш. А яна на гэта так адказала: «Што паслала прывітальную тэлеграму, гэта добра, але што не паехала пазнаёміцца з ім — гэта лепш, бо вы не Танк і не член Урада, і магло стацца, што ён не захацеў бы і гутарыць з вамі».
Наогул з яе ліста відаць было, што Ларыса не паважае яго як чалавека і непрыязна да яго адносіцца. Ён вельмі сквапны на грошы. Калі яго папрасілі паспяваць для беларускай калоніі ў Празе, ён адмовіўся бясплатна спяваць, а заплаціць тую суму, якую ён патрабаваў, галодныя эмігранты не маглі. Былі і яшчэ якіясь крыўды на яго. А ў часе майго прыезду ў Зэльву ў верасні 1968 г. і першага спаткання з Ларысай яна мне расказала наступнае.
У часе нямецкай акупацыі Чэхаславакіі гітлераўцы забралі яе мужа Янку і кудысьці вывезлі. Праз якісь час зайшоў на кватэру да Ларысы Забэйда-Суміцкі, урачыста прыадзеты, як да канцэртаў, і сказаў, што хоча пагутарыць з ёй па важнай справе. Ён ведае з пэўных крыніц, што яе Янка не вернецца больш. А таму ён прапануе ёй выйсці за яго замуж. Ён будзе спяваць на канцэртах, а яна пісаць вершы, і ім разам будзе забяспечана добрае жыццё. Абураная да глыбіні душы, Ларыса адчыніла дзверы і... «Вон! Вон з маёй хаты, каб мае вочы вас не бачылі болып!»
Вярнуўшыся з Зэльвы 20 верасня 1968 г., я адведала ў бальніцы хворага М. Танка. Паміж іншым у гутарцы Танк сказаў мне, што Вера Вярба і яшчэ хтосьці з ёй пачалі хлапатаць, каб дазволілі вярнуцца на Беларусь Забэйду-Суміцкаму.
Ім адказалі, што калі ён хоча вярнуцца, дык хай сам звернецца ў гэтай справе праз Савецкае пасольства ў Празе. Аднак Вярба дабівалася, каб наш урад яго запрасіў. Яе накіравалі ў МГБ, каб яна пазнаёмілася са справай Забэйды-Суміцкага. Там ёй паказалі якісь дакумент, які кампраметаваў Забэйду-Суміцкага і некаторых беларускіх эмігрантаў у Празе за іх удзел у Самапомачы пры нямецкай акупацыі. Цень ад гэтага паў і на Ларысу.
Яна мне расказвала (і пісала пра гэта Танку), што якісь прахвост-эмігрант, кіраўнік Самапомачы (забылася яго прозвішча), правакаваў іх на нягодны ўчынак453 — падпісаць якуюсь «вернападданую» тэлеграму. Але Ларыса клялася ўсімі багамі, сынам і ўнукамі, што ніхто, і яна ў тым ліку, не паддаўся на гэту правакацыю і ніякай тэлеграмы не падпісвалі. Яна патрабуе дапрасіць усіх, хто дзе жыў астаўся, і ўсе пацвердзяць яе словы. <...>
Гісторыя Будслаўскага касцёла
За аўтаром гэтага касцёла ў тайніку знаходзілася кніга, на пергаментных старонках якой запісана была гісторыя гэтага касцёла. Жыхарка Будслава, былая настаўніца Ядвіга Чэпелава, чытала гэту кнігу і пераказала мне яе змест.
На месцы сучаснага мястэчка Будслава была калісьці глухая Матыцкая пушча.
У нейкім далёкім кляштары ў XVI стагоддзі група манахаўдамініканцаў у чымсьці правінілася, і за кару загадалі ім пабудаваць у Матыцкай пушчы касцёл і пры ім новы кляштар дамініканцаў. Повадам для гэтага быў «цуд»: на адным дрэве ў пушчы з’явіўся цудоўны абразок Маткі Боскай з запаленымі перад ім свечкамі. Манахі сабралі людзей падзівіцца на гэты «цуд», пакланіцца цудоўнаму абразу, а заадно заклікалі іх да пабудовы касцёла.
Спачатку пабудавалі невялічкую каплічку, у якую і перанеслі да часу цудоўны абраз. Гэта каплічка і да гэтага часу існуе пад назвай «стары касцёлак». У ім знаходзіцца мастацкай работы аўтар з чорнага дубу і з 12 фігурамі апосталаў, выразаных з дрэва і пазалочаных. Вялікі касцёл пачаў будавацца ў канцы XVI ст., будаваўся 25 гадоў, і закончылася будаўніцтва ў пачатку XVII ст.
Баюся апісваць яго стыль, бо лічу сябе некампетэнтнай у гэтай справе. Вышыня яго 72 м, таўшчыня сцен, мабыць, метр ці больш. У вялікіх падвалах замураваны труны памершых манахаў. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі была створана
камісія (у склад яе ўваходзіў член партыі настаўнік Фрыд, які мне расказваў пра гэта). Гэта камісія агледзела ўсе закуткі касцёла, забрала са сховаў тоўстыя фаліянты кніг, скруткі пергаментных папер з лацінскім тэкстам і іншыя дакументы. А яшчэ пазней некаторыя жыхары мястэчка, у тым ліку і Донька Грышкевіч, лазілі ў скляпы, адкрывалі труны нябожчыкаў, шукалі там каштоўнасцей. Ці знайшлі што — мая маці, якая мне аб гэтым расказала, — не ведала.
У сярэдзіне на сценах намаляваны шэрай фарбай калюмны, сцэны розных «цудаў» будслаўскай Maui Боскай, і так гэта рэльефна, што на першы погляд і не спазнаеш, што гэта не праўдзівыя калюмны, а сцэны цудаў выглядаюць барэльефна. Што то за фарба такая, што з канца будаўніцтва касцёла за пяць вякоў фарба не патускнела, не сцерлася, і праз вякі ніводзін пэндзаль больш не дакрануўся да сцен.
Калісь на фэст 2 ліпеня з’язджаліся людзі454 за 100—150 кіламетраў. Увесь рынак перад касцёлам, усе вуліцы былі ашчэраны ўзнятымі ўгору аглоблямі, будкі гандляроў абразкамі, ружанцамі, медалікамі, цукеркамі, рознымі самаробнымі цацкамі, глінянымі свісцюлькамі, жалейкамі, пацеркамі, паркалямі, хусткамі, адлітымі з воску чалавечымі рукамі, нагамі, немаўлятамі. Гэтыя васковыя адліўкі куплялі і клалі на аўтар людзі — у каго рука, нага баліць, у каго дзіця хворае, ці мо зусім бяздзетныя, каб упрасіць Матку Боскую аб дапамозе. У якасці ахвяры на аўтар клалі масла, сыры, каўбасы, сала, сувоі палатна, у скарбонкі сыпаліся медзякі, срэбра. Усё гэта збіралася касцельнай службай з аўтароў у закрыстыю, а адтуль у ксяндзоўскую плябанію. Пасля фэсту ксёндз у мяшкі складваў падлічаныя грошы, а палатно, воск, нават каўбасы, масла, сала, што асталося ад ксяндзоўскай балёўкі, прадаваў гандлярам. Велізарныя сумы грошай пасля фэсту заставаліся ў ксяндзоў у мяшках.
На фэст зляталіся, здавалася, з усіх канцоў свету жабракі — старыя, маладыя, дзеці, розныя калекі з аголенымі кульцямі ног, паламанымі, выкручанымі рукамі, знявечанымі тварамі, сляпыя. Яны на розныя галасы гарланілі, спявалі старыя
быліны на старадаўняй беларускай мове, малітвы на польскай мове, недарэчна перакручваючы польскія словы, енчылі, стагналі... Здаралася, што ўпаломнікаўпрападалі дзеці. Казалі, што жабракі іх крадуць, калечаць, знявечваюць, а пасля прывозяць іх на фэсты, зарабляючы на іх ад літасцівых паломнікаў. Шмат дзясяткаў год таму — я была яшчэ зусім малая, — у аднэй жанчыны прапала дачка. Праз год пасля гэтага няшчасная маці, прыйшоўшы здалёк зноў на фэст у Будслаў, апазнала сваю дачушку сярод жабракоў. Але ўжо знявечаную. Так гэта ці не так, але ўзбуджаны народ учыніў страшэнны пагром жабракоў.
Пасля раз’езду фэставікоў мы, малыя дзеці, беглі на пляц перад касцёлам, дзе стаялі будкі з рознымі таварамі, капаліся, як парасяты, у пыле, паслякірмашовым брудзе і знаходзілі грошы, крыжыкі, медалікі, цукеркі, нават сякія-такія цацкі, пацеркі. Замурзаныя, запыленыя з ног да галавы, але шчаслівыя, няслі ў прыполках сваё багацце дахаты.
3 народнай медыцыны (Тое, што расказаў мне бацька і чаму я сама сведкам і ўдзельніцай)
Пры будслаўскім касцёле быў вялікі кляштар мніхаў-дамініканцаў, якія будавалі гэты касцёл. Пасля раздзелу Польшчы царскі ўрад ліквідаваў кляштар і разагнаў дамініканцаў. Адзін з мніхаў, які займаўся лячэннем яму вядомымі лекавымі сродкамі, перад ад’ездам з Будслава перадаў мясцовай памешчыцы Аскерчыне нейкі «камень», які вылечваў людзей ад укусаў шалёнай жывёлай. Аскерчына не мела ахвоты займацца такой справай і перадала гэты «камень» майму прыгоннаму прадзеду Тамашу Мядзёлка. Ад прадзеда «камень» перайшоў у спадчыне майму дзеду Зыгмусю. Дзед распілаваў яго на чатыры часткі. Адну з іх прадаў за 5 рб. золатам, калі спатрэбіліся грошы на будову дома пасля пажару ў 1902 г., другую даў у пасаг сваёй дачцэ Юзі, якая выйшла замуж у суседнюю вёску Курчына за Стэфана Яцыну; трэцяя і чацвёртая засталіся майму бацьку Вінцусю і дзядзьку Тому. Той, што быў у бацькі, быў памерам
каля 2 кв. см бронзавага колеру з пералівамі цёмна-жоўтым і зялёным. Безумоўна, гэта не камень быў, бо значна лягчэйшы ад такога ж памеру звычайнага каменя, але мы не ведалі, што гэта такое і называлі «каменем», які лечыць шаленства.
Бацька ніколі не займаўся гэтым лячэннем, як і ніхто з нашай радні.
Мне было, мабыць, гадоў 10—12 (1903 ці 1905 г.), калі прыехаў да нас адзін селянін з 14-гадовым сынам з нейкай далёкай вёскі. Хлопца ўкусіў за руку заведама шалёны сабака. Дачуўшыся ад кагосьці, што ў майго бацькі ёсць нейкі сродак лячэння шаляніны, прывёз да нас сына і прасіў-маліў паратунку. Бацька наадрэз адмаўляўся, бо не ведаў, што гэта за «камень» і ці запраўды ён вылечвае. Тым болып, што з газет ведаў аб выпрабаваных ужо пастэраўскіх ін’екцыях і раіў павезці хлопца на пэўнае ўжо лячэнне. У той час пастэраўскія ін’екцыі праводзіліся толькі ў двух далёкіх гарадах — добра не памятаю, але, здаецца, толькі ў Варшаве і Харкаве. Селянін быў шматсямейны бядняк. Скуль яму ўзяць грошы на лячэнне? Папрасіўся пераначаваць, а ноччу знік разам са сваім канём, пакінуўшы нам свайго хлопца — хай, моў, у вас ашалее і памрэ. Што было рабіць з гэтым падлеткам? I мой бацька хоцькі-няхоцькі ўзяўся за лячэнне. Як і што рабіць — ведаў ужо ад дзеда-прадзеда. А я была ў ролі асістэнта.
«Камень» меў уласцівасць прыліпаць да цела ў тым месцы, куды дайшоў ужо яд шаляніны. Трэба было папярэдзіць, каб яд не дайшоў да сэрца, бо тады ўжо не было б аніякага паратунку. Пачалі прыкладваць ад грудзей ля сэрца. «Камень» не прыліпаў. Паволі пасоўваў да пляча левай рукі (рана ад укусу была ля апошняга сустава вялікага пальца левай рукі). «Камень» злёгку прысмактаўся ніжэй пляча. Бацька абвязаў белым шматком «камень», каб часам, адваліўшыся, не згубіўся. Пад вечар адвязалі бінт, «камень» адваліўся і ўжо нідзе не прыліпаў. Тады бацька кідаў «камень» у рандэлічак з малаком і доўга выварваў яго. Пасля вываркі вымаў шчыпчыкамі «камень», малако выліваў у агонь у печцы, рандэлек ставіў высока на печы, шчыльна прыкрыўшы яго гаршком, каб ні мыш,
ні муха не дасталі яго. А «камень» зноў набываў уласцівасць прыліпаць. Такая працэдура паўтаралася па два-тры разы на дзень. 3 кожным разам «камень» усё ніжэй і ніжэй прыліпаў. Нарэшце затрымаўся ля самага месца ўкусу, хопь рана даўно ўжо загаілася. I тут ужо не прыліпаў. Прапускалі дзень, а пасля і два-тры дні і ўсё прабавалі. Калі злёгку прысмоктваўся, зноў абвязвалі, выварвалі ў малацэ. Мабыць, месяцы два прабыў гэты хлопец у нас, і карміць яго давялося, бо бацька яго і не паказваўся. Калі ўжо ўпэўніліся, што «камень» нідзе не прыліпае, лічылі, што лячэнне закончана, і хлопец пешшу адправіўся дамоў.